Зварот

ॐ पूर्णमदः पूर्णमिदं पूर्णात् पूर्णमुदच्यते।
पूर्णस्य पूर्णमादाय पूर्णमेवावशिष्यते॥
oṁ pūrṇam adaḥ pūrṇam idaṁ
pūrṇāt pūrṇam udacyate
pūrṇasya pūrṇam ādāya
pūrṇam evāvaśiṣyate

Паслоўны пераклад

oṁ — Поўнае Цэлае; pūrṇam — дасканала поўнае; adaḥ — які; pūrṇam — дасканала поўны; idam — гэты праяўлены сьвет; pūrṇāt — з усёдасканалага; pūrṇam — закончаная адзінка; udacyate — паўстае; pūrṇasya — з Поўнага Цэлага; pūrṇam — цалкам, усе; ādāya — было выдзеленае; pūrṇam — дасканалая раўнавага; eva — нават калі; avaśiṣyate — застаецца.

Пераклад

Госпад, Вярхоўная Асоба, дасканалы і поўны. І, таму што Ён цалкам дасканалы, усе Ягоныя эманацыі, прынамсі гэты праяўлены сьвет, ідэальна надзеленыя ўсім, як поўныя цэлыя. Усё, што паўстае з Поўнага Цэлага, таксама ёсьць поўным само сабою. Бог ёсьць Поўным Цэлым, і нават калі зь Яго эмануе такое мноства закончаных адзінак, Ён застаецца ў дасканалай раўнавазе.

Камэнтар

Поўнае Цэлае, або Найвышэйшая Абсалютная Праўда, – гэта дасканалая Асоба Бога. Усьведамленьне Безасабовага Брахмана, таксама як і ўсьведамленьне Параматмы (Звышдушы), ёсьць няпоўным усьведамленьнем Абсалютнага Цэлага. Вярхоўная Асоба Бога – гэта sac-cid-ānanda-vigraha. Усьведамленьне безасабовага Брахмана – гэта ўсьведамленьне Ягонага аспэкту сат, аспэкту вечнасьці, а Параматма, усьведамленьне Звышдушы, – гэта ўсьведамленьне Ягоных аспэктаў сат і чыт, вечнасьці і веданьня. Але ўсьведамленьне Асобы Бога – гэта ўсьведамленьне ўсіх трансцэндэнтных якасьцяў, сат, чыт і ананды, або асалоды. Калі чалавек усьведамляе Асобу Бога, ён спасьцігае ўсе гэтыя аспэкты ўва ўсёй поўнасьці. Як мы ўжо казалі, Асоба Бога – гэта sac-cid-ānanda-vigraha. Віграха – значыць «форма». І таму Поўнае Цэлае ня ёсьць бясформавым. Калі б Яно было бясформавае, або калі б саступала ў чымсьці Свайму стварэньню, Яно б не магло быць поўным. Поўнае цэлае мае мець усё, як у межах нашага, так і за межамі нашага досьведу. Інакш Яно ня можа быць поўным.

Поўнае Цэлае, Асоба Бога, валодае бязьмежнымі энэргіямі, і ўсе яны такія ж дасканалыя, як і Сам Госпад. Менавіта таму гэты праяўлены сьвет таксама самадастатковы і дасканалы. Дваццаць чатыры элемэнты, часовай праявай якіх выступае гэты матэрыяльны сусьвет, цалкам прыстасаваныя для стварэньня ўсяго патрэбнага, для падтрыманьня ды існаваньня гэтага сусьвету. Каб падтрымоўваць ягонае існаваньне, не патрабуецца аніякіх староньніх намаганьняў звонку. На існаваньне гэтага сусьвету адведзены вызначаны час, абмежаваны энэргіяй Поўнага Цэлага. І калі гэты час мінае, гэтая часовая праява зьнішчаецца згодна з дасканалым плянам Поўнага Цэлага.

Маленькім паўнацэнным часьцінкам (жывым істотам) дадзеныя ўсе магчымасьці для ўсьведамленьня Поўнага Цэлага. Розныя недасканаласьці – вынік няпоўнасьці ведаў пра Поўнае Цэлае. Чалавечая форма жыцьця дае магчымасьць жывой істоце цалкам праявіць сваю сьвядомасьць. Жывая істота атрымоўвае яе ў працэсе эвалюцыі, пасьлядоўна праходзячы кожную з 8 400 000 формаў жыцьця. Калі, атрымаўшы гэтую форму, надзеленую дасканалай сьвядомасьцю, чалавек не ўсьведамляе свае дасканалае поўнасьці ў складзе Поўнага Цэлага, то ён губляе шанец рэалізаваць сваю дасканаласьць і, падпарадкоўваючыся законам матэрыяльнае прыроды, зноў трапляе ў эвалюцыйны цыкль.

Не разумеючы таго, што ў прыродзе ўжо існуе ўсё патрэбнае для падтрыманьня нашага існаваньня, мы намагаемся выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы для стварэньня так званага паўнавартаснага жыцьця, поўнага пачуцьцёвых асалодаў. Аднак гэтае зманлівае жыцьцё называецца ілюзіяй, таму што жывая істота ня можа атрымоўваць пачуцьцёвую асалоду, ня будучы зьвязанай з Поўным Цэлым. Напрыклад, рука ёсьць паўнацэннаю часткаю цэлага, пакуль яна прымацаваная да цела. Калі адсекчы руку, то яна будзе выглядаць як рука, але страціць усе ўласьцівасьці рукі. Падобна да гэтага, жывыя істоты ёсьць неад’емнымі паўнавартаснымі часткамі Поўнага Цэлага, і да таго часу, пакуль яны аддзеленыя ад Поўнага Цэлага, іхныя ілюзорныя ўяўленьні пра сваю дасканаласьць не прынясуць ім жаданага здавальненьня.

Поўнасьць чалавечага жыцьця можа быць рэалізаваная толькі тады, калі чалавечая форма жыцьця занятая служэньнем Поўнаму Цэламу. Усякае іншае служэньне ў гэтым сьвеце, будзь то сацыяльнае, палітычнае, грамадзкае, міжнароднае або нават міжплянэтнае, застанецца непаўнавартасным да тых часоў, пакуль яно ня будзе зьвязанае з Поўным Цэлым. І калі ўсё, што робяць жывыя істоты, паўнацэнныя часткі Поўнага Цэлага, так ці інакш будзе зьвязана зь Ім, яны таксама стануцца паўнацэннымі.

Навігацыя: