Гнасеалогія – важнейшы падзел вайшнаўскай веданты, як, зрэшты, і іншых школ індыйскай філасофіі. Вайшнавы добра разумелі, што перш як прыступаць да метафізікі, трэба разабрацца спачатку з тым, што і як чалавек у стане спазнаваць, і адкуль увогуле бяруцца веды. Галоўная частка тэорыі спазнання ў вайшнавізме – вучэнне пра крыніцы ведаў ці праманы (ад санскр. дзеяслоўнага кораня ма – мераць).
У розных даршанах – школах індыйскай думкі – налічваецца розная колькасць праманаў – ньяя, напрыклад, прызнае працьякшу (успрыманне, досвед), ануману (меркаванне, выснову), упаману (аналогію) і шабду (аўтарытэтнае сведчанне), вайшэшыка – працьякшу і ануману, пурва-міманса апроч працьякшы, ануманы, упаманы і шабды прызнае таксама артхапацці (імплікацыю) і анупалабдхі (не-ўспрыманне).
Бенгальскія мысляры, гэтаксама як і наяікі, прызнаюць тры крыніцы ведаў – працьякшу, ануману і шабду (наўпростае ўспрыманне, лагічную выснову і аўтарытэтнае сведчанне) і лічаць, што іншыя крыніцы, якія згадваюцца ў розных школах, можна звесці да гэтых трох. Аналізуючы іх, яны прыходзяць да высновы што, хоць у штодзённым жыцці чалавеку і не абысціся без працьякшы і ануманы, усё ж адзінай крыніцай, якая прыносіць беспамылковыя веды пра прыроду свету, Бога, жывой істоты і спосабах дасягнення дасканаласці ёсць шабда-прамана. Чаму? Наўпростае ўспрыманне і досвед заўсёды адносныя – чалавек ніколі не можа быць абсалютна ўпэўнены ў тым, што пачуцці не падманваюць яго. Не прыводзіць да сапраўднага ведання і меркаванне, бо, нават калі дапусціць справядлівасць фармальнай логікі, змест лагічнай высновы заўсёды бярэцца з пачуццёва дадзенага. Апроч гэтага, чалавечая свядомасць у цэлым недасканалая, бо мае чатыры фундаментальныя заганы: бхрама (схільнасць прымаць адну рэч за іншую), прамада (няўважлівасць ці бестурботнасць), віпраліпса (схільнасць да падману) і карана-патава (абмежаванасць пачуццёвага ўспрымання).
Шабда, ці аўтарытэтнае сведчанне, у адрозненне ад першых дзвюх праманаў, мае цалкам іншую прыроду. Шабда прыходзіць са сферы трансцэндэнтнага, яна боганатхнёная (апаўрушэя) і таму не мае заган працьякшы і ануманы. Нехта, напэўна, можа ўсумніцца ў дакладнасці шабды і ўвогуле ў патрэбнасці такой крыніцы ведаў. На першае (на сумнеў у дакладнасці) можна адказаць, што дакладнасць ейная пацвярджаецца мноствам прыкладаў з мінулага, калі людзі, карыстаючыся шабда-праманай, атрымлівалі веды і дасягалі духоўнай дасканаласці, і іхнае жыццё найлепшы таму довад. На другое (на сумнеў у патрэбнасці) можна адказаць, што патрэбнасць шабды паўстае з ейнай непазбежнасці, бо шчыры чалавек, які расчараваўся ў спробах атрымаць сапраўдныя веды з першых дзвюх крыніц, стаіць перад выбарам – або стаць агностыкам і зусім адмовіцца ад пошукаў праўды, або пайсці на некаторую рызыку і адважыцца ўспрыняць веды, якія для яго не пацверджаны пакуль ніякім досведам і могуць нават супярэчыць цвярозаму розуму (у рэчаіснасці шабда, як гэта будзе відаць, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівым, духоўным досведзе, які мае свае заканамернасці, што паступова адкрываюцца таму, хто ўстаў на гэты шлях).
Тут трэба адзначыць, што ўспрыманне і меркаванне не адпрэчваюцца цалкам і не замяняюцца адным толькі сляпым падпарадкаваннем аўтарытэтам. Успрыманне, напрыклад, бывае двух відаў: успрыманне звычайнага чалавека (авайдуша) і ўспрыманне таго, хто дасягнуў духоўнай дасканаласці (вайдуша). Першае схільнае да ўсіх памянёных заган, другое – ачышчана духоўнай практыкай і праведным жыццём, і таму можа прынесці чалавеку сапраўдныя веды. Вайдуша – гэта містычны досвед, у якім адкрываецца Трансцэндэнтнае, таму дасканалае ўспрыманне мудраца можа служыць крыніцай сапраўдных ведаў для іншых, што можна бачыць на прыкладзе вайшнаўскіх святых. Што да ануманы, змеркавання, то мудрэц таксама думае, але змест ягонага мыслення якасна іншы, чым у звычайнага чалавека. Мудрэц здольны думаць і казаць пра Трансцэндэнтнае, вербальна перадаючы іншым змест містычнага досведу. Досвед мудраца, святога – аснова экзэгезы і тэалогіі.
Урэшце, у той сферы жыцця, дзе не трэба звяртацца да метафізічнай праўды, разам з аўтарытэтным сведчаннем могуць быць скарыстаны звычайны досвед і цвярозы розум.
На самй рэчы, сапраўднае веданне можа быць узята толькі са сферы Трансцэндэнтнага, галоўным парадкам у выглядзе аўтарытэтнага сведчання (шабда), хоць важную ролю тут грае таксама духоўны досвед (вайдуша-працьякша). Такое веданне служыць асновай лагічнага дыскурсу, з якога складаецца філасофска-тэалагічная дактрына.
Што ўваходзіць у паняцце шабда-праманы? Статус аўтарытэтнага сведчання для вайшнава маюць святы тэкст (шастра), выказванні святых і мудрацоў мінулага (садху), зафіксаваныя ў іхных уласных працах і каментарах, а таксама настаўленні, атрыманыя ад сапраўднага духоўнага настаўніка (гуру). І хаця патрэбныя ўсе тры элементы, самым важным ёсць традыцыйны святы тэкст.
Прызнаюцца тры ўзроўні разумення тэксту: 1) даслоўнае разуменне (мукх’я); 2) усе віды паясненняў, уключаючы алегорыю (лакшана) і 3) сімвалічнае разуменне – схаванае, невыказнае (маўна). Гэтым тром узроўням адпавядаюць тры сэнсавыя пласты тэксту. Першы пласт уключае ўсе беспасярэдне ўспрыманыя значэнні – калі тэкст і так ясны, даслоўнага разумення дастаткова. Паясненне дапускаецца ў тых выпадках, калі сэнс тэксту незразумелы. Паясненне незразумелага месца зазвычай робіцца шляхам суаднесення зьместу гэтага месца з блізкім ці шырокім кантэкстам. Дзеля раскрыцця гэтага другога сэнсавага пласта, які ўключае розныя віды значэнняў, трэба строга прытрымлівацца каментатарскай традыцыі і сіддханты (агульных заключных палажэнняў ведыйскай літаратуры). Трэці пласт, глыбінны і невыказны, даступны толькі тым, хто дасягнуў высокага духоўнага ўзроўню, і спасцігаецца як адкрыццё.
Галоўным святым тэкстам для бенгальскіх вайшнаваў як ужо гаварылася, ёсць «Бхагавата-пурана». У Першай Скандхсе (Песні) «Бхагавата-пураны» сцвярджаецца, што яе аўтар, мудрэц В’яса, якога традыцыя ўважае за аўтара Пуранаў, вырашыў напісаць яе, бо быў нездаволены іншымі ведыйскімі тэкстамі праз тое, што ў іх неставала падрабязнай навукі пра бхакці. Апроч гэтага ён адчуваў патрэбу выказаць у адной кнізе патаемную істу ўсіх Ведаў. Значэнне «Бхагавата-пураны» нагэтулькі вялікае, што ні Шры Чайтанья, ні Ягоныя паслядоўнікі не лічылі за патрэбнае адумысля пісаць каментары да «Веданта-сутры» і іншых тэкстаў «патройнай асновы» – прастхана-траі – Упанішадам і «Бхагавад-гіце», як гэта было прынята ў ведантыйскіх школах. Сама «Бхагавата-пурана» і была для іх каментаром да «Веданта-сутры», прытым «натуральным» каментаром. Аднак напачатку XVIII ст., калі паслядоўнікамі некаторых іншых школ аўтэнтычнасць бенгальскіх вайшнаваў была пастаўлена пад сумнеў, Баладэва Відзьябхушана напісаў «Говінда-бхаш’ю» – падрабязны каментар да «Веданта-сутры», а таксама каментары да «Бхагавад-гіты» і галоўных Упанішадаў, дзякуючы чаму школа паслядоўнікаў Шры Чайтаньі была канчаткова прызнана ведантыйскай. Пасля гэтага на аснове «Говінда-бхаш’і» Баладэва напісаў невялікі твор «Прамэя-ратнавалі», у якім абгрунтаваў Дзевяць прамэяў, ці асноўных дагматычных палажэнняў:
1) Вішну ёсць найвышэйшая рэальнасць;
2) пра Вішну гаворыцца ва ўсіх Ведах;
3) свет рэальны;
4) свет і Бог не ёсць адно і тое ж;
5) жывыя істоты (джывы) рэальныя;
6) жывыя істоты знаходзяцца на розных узроўнях у служэнні Богу;
7) вызваленне (мукці) ёсць здабыццём прыстання ля стопаў Бога;
8) вызваленне дасягаецца бескарыслівым адданым служэннем (амала-бхакці) Богу;
9) ёсць тры крыніцы ведаў – працьякша, анумана і шабда.
Працамі Баладэвы Відзьябхушаны скончылася фармаванне тэалагічнай дактрыны бенгальскага вайшнавізму, што дазволіла паслядоўнікам Шры Чайтаньі канчаткова вызначыць сваю пазіцыю ў стаўленні да іншых філасофска-рэлігійных вучэнняў.
Галоўны аб’ект палемікі, якую Баладэва вядзе ў сваіх працах – адвайта-веданта Шанкары і ягоных паслядоўнікаў, якая традыцыйна мела шматлікіх прыхільнікаў у Індыі. Гэтаксама як і папярэднія вайшнаўскія настаўнікі, Баладэва аспрэчвае тыя палажэнні вучэння Шанкары, у якіх сцвярджаецца ілюзорнасць свету і тоеснасць індывідуальнага «я» жывой істоты (атмана) з бяз’якасным і безасабовым Абсалютам-Брахманам. Паводле Шанкары, у Брахмане няма ніякіх адрозненняў, няма прычын і вынікаў. Меркаванне пра свет як пра рэальнасць, уяўленні пра Творцу суствету, успрыманне множнасці і адрознасці жывых істот узнікаюць толькі пад уздзеяннем маі (ілюзіі). Дзеля пацверджання гэтых палажэнняў Шанкара выкарыстоўвае тэксты «Веданта-сутры» і Упанішадаў. Аднак Баладэва шляхам аналізу гэтых тэкстаў і параўнання іх між сабой даказвае памылковасць высноў Шанкары, бо ні Упанішады, ні «Веданта-сутра» не даюць ніякіх падстаў сцвярджаць абсалютны манізм. На самай рэчы Упанішады і іншыя святыя тэксты ўтрымліваюць сцверджанні рознага характару. Адны з іх напраўду можна разглядаць як пацверджанне абсалютнага адзінства Бога, жывой істоты і свету, але іншыя зусім недвухсэнсоўна паказваюць на адрозненні паміж імі. Услед за Джывам Госвамі, Вішванатхам Чакраварці і іншымі сваімі папярэднікамі, Баладэва Відзьябхушана робіць выснову: правільныя і тыя і другія сцверджанні. А гэта значыць, што Бог, свет і істоты адначасна і адзіныя і адрозныя між сабой. Унікаючы супярэчнасці, Шанкара грунтаваў сваю навуку толькі на адным з бакоў гэтага проціпастаўлення (адзінства – адрозненне), адкінуўшы другі. Але калі прызнаваць, што шабда-прамана, святыя тэксты – гэта дасканалая крыніца ведаў пра Трансцэндэнтнае, то належыць прыняць абодва бакі. Гэта вызваляе ад апорый, якіх няўхільна спараджае дактрына абсалютнага манізму.
Абсалют падзельны (бхеда) і непадзельны (а-бхеда) у адзін і той жа час. Для чалавечага розуму гэта неспасціжнае (ачынцья). Развязаць гэтую супярэчнасць можна толькі ў сферы Трансцэндэнтнага. Таму ў строгім сэнсе вучэнне Шры Чайтаньі і Ягоных паслядоўнікаў ёсць вучэннем пра неспасціжна адзіную і адначасова множную існасць (ачынцья-бхеда-абхеда-таттва-вада). Гэту Вышэйшую існасць паводле «Бхагавата-пураны» разумеюць у трох аспектах: 1) як безасабовую духоўную субстанцыю (Брахман); 2) як усёпранікальную Звышдушу (Параматму) і 3) як Вярхоўную Асобу (Бхагавана). Бхагаван (Бог) складаецца з Параматмы і Брахмана і ёсць найвышэйшым аспектам Абсалюта. Гэтыя тры гнасеалагічныя аспекты адпавядаюць тром анталагічным узроўням Вышэйшай рэальнасці: сат (Быццё), чыт (Веданне) і ананда (Асалода), якія адкрываюцца шукальніку ў залежнасці ад характару ягоных імкненняў. Знайсці іх мажліва рознымі шляхамі: джняні, філосафы, якія імкнуцца спасцігнуць Брахман, знаходзяць вечнае быццё (сат), ёгі, якія спрабуюць сканцэнтравацца на Параматме ў сваім сэрцы, дасягаюць дасканалага ведання (чыт), а бхакты, г. зн. тыя, хто прысвячае сябе любоўнаму адданаму служэнню Вярхоўнай Асобе (Бхагавану), атрымліваюць асалоду (ананду).