У Врындаване ўсе чыстыя адданыя моляць аб літасці Шрымаці Радхарані, энэргіі асалоды Госпада Крышны. Шрымаці Радхарані – гэта другі, мяккасардэчны жаночы бок поўнага цэлага, дасканаласць і само ўвасабленне жаноцкасці. Таму Радхарані заўсёды ахвотна адорвае Сваёй ласкай шчырых адданых, і калі Яна зверне ўвагу Госпада Крышны на такога адданага, Госпад неадкладна прыме яго ў Сваё атачэнне.
Уся слава Радхарані! Яна вельмі дарагая Крышну. Усе хочуць любіць Крышну, але Крышна хоча любіць толькі Радху. Толькі ўявіце сабе ўсю Ейную веліч! Крышна-прэма такая бясцэнная, але Крышна ідзе ўслед за Радхарані. Паспрабуйце зразумець Радхарані. Яна такая вялікая. Мы павінны ўшаноўваць Яе. Радха – найпрыгажэйшая з усіх дзяўчын. Яна заўсёды так цудоўна апранаецца, што прываблівае Дамадару Сваім хараством. Калі вы паедзеце ў Врындаван, то ўбачыце, што ўсе пакланяюцца Радхарані. Усе адданыя Врындавана пакланяюцца Радхарані. Чыстыя адданыя моляцца Радхарані: «О Радхарані, Ты такая літасцівая. Я прашу Тваёй літасці».
Радхарані – Хары-прыя, вельмі дарагая Крышну. Калі вы звяртаецеся да Крышны праз Радхарані, па Ейнай літасці гэта стане вельмі лёгкім. Калі Радхарані парэкамендуе вас: «Гэта добры адданы», тады Крышна неадкладна пагодзіцца прыняць вас, нават калі вы самы апошні дурань. Таму ў Врындаване ўсе адданыя больш паўтараюць імя Радхарані, чым імя Крышны. Куды б вы не адправіліся ў Врындаване, паўсюль вы знойдзеце адданых, якія вітаюць адзін аднаго: «Джая Радхе!» Яны славяць Радхарані. Яны больш зацікаўлены ў пакланенні Радхарані. Якім бы ні быў я палым, калі так ці інакш я задаволю Радхарані, я лёгка магу зразумець Крышну.
Выконваць адданае служэнне азначае ісці па стапах Радхарані, і адданы ў Врындаване, для таго, каб дасягнуць дасканаласці ў адданым служэнні, аддае сябе пад апеку Радхарані. Іншымі словамі, адданае служэнне ня ёсць дзейнасцю гэтага матэрыяльнага свету, яно знаходзіцца наўпроста пад кантролем Радхарані.
На караблі «Джаладута» Шрыла Прабхупада напісаў Малітву лотасавым стапам Госпада Крышны. Прыпеў гэтага бхаджана гучыць так: «О браты! Сапраўды кажу вам: Госпад Крышна разліе на вас Сваю літасць толькі тады, калі Шрымаці Радхарані будзе задаволена вамі».
У «Гітавалі» Бхакцівінода Тхакура ёсць такія словы: «Ці здолее той, хто ня можа пакланяцца лотасавым стопам Шры Радхікі, абіцелі ўсяго спрыяльнага; той, хто ня можа знайсці прыстанку ў трансцэндэнтнай абіцелі Врындавана, упрыгожанай лотасападобным імем Радхі; той, хто ня мае зносінаў з адданымі Радхікі, сэрцы якіх споўнены мудрасці і любові Радхікі, калі-небудзь нацешыцца акіянам асалоды густаў адданага служэння Госпаду Ш’ямасундару?»
Паспрабуйце зразумець, што Шры Радхіка – гэта настаўніца мадхур’я-расы (густу шлюбнай любові). Мадхур’я-прэма Радха-Мадхавы прызначана для абмеркавання і медытацыі. Той, хто цешыцца лотасавымі стопамі Шрымаці Радхарані, знаходзіць лотасавыя стопы Мадхавы, бясцэннага скарбу сярод усіх скарбаў. Не прыняўшы прыстанку лотасавых стопаў Радхі, адданы ніколі не сустрэне Крышну. Ведычныя пісанні сцвярджаюць, што Крышна належыць прыслужніцам Шры Радхі. Пакінь жонку, сыноў, сяброў, багацце, паслядоўнікаў, спекулятыўныя веды і матэрыялістычную дзейнасць. Проста засяродзься на салодкім служэнні лотасавым стопам Шрымаці Радхарані. Такая адзіная просьба Бхакцівіноды.