Шостая ранішняя прагулка

Запісана 7 траўня 1973 года

на беразе Ціхага акіяна ў наваколлі Лос-Анджэлесу.

Шрылу Прабхупаду суправаджаюць доктар Сінгх, Брахмананда Свамі і іншыя вучні.

Містычная сіла – крыніца матэрыі

Шрыла Прабхупада: Навукоўцы кажуць, што жыццё ўзнікае з хімічных злучэнняў. Але спачатку яны павінны адказаць на пытанне пра тое, адкуль з’явіліся гэтыя хімічныя злучэнні. Хімічныя рэчывы спараджае жыццё, і гэта азначае, што жыццю ўласцівая містычная сіла. Напрыклад, на апельсінавым дрэве шмат апельсінаў, і кожны з іх утрымлівае хімічныя рэчывы: лімонную кіслату і г. д. Адкуль з’явіліся гэтыя хімічныя рэчывы? Відавочна, іх спараджае жыццё, якое знаходзіцца ўнутры дрэва.

Навукоўцы выпускаюць з-пад увагі пытанне пра паходжанне хімічных рэчываў. Яны пачынаюць свае пошукі з хімічных рэчываў, але не могуць высветліць іх паходжанне. Хімічныя рэчывы спароджаныя найвышэйшым жыццём – Богам. Як цела жывога чалавека стварае мноства хімічных рэчываў, так і найвышэйшае жыццё (Вярхоўны Госпад) стварае ўсе хімічныя рэчывы, якія знаходзяцца ў атмасферы, у вадзе, у целах чалавека, жывёлін і ў зямлі. Гэта і называецца містычнаю сілаю. Не прызнаўшы існавання містычнае сілы Госпада, немагчыма адказаць на пытанне пра паходжанне жыцця.

Д-р Сінгх: Навукоўцы скажуць, што не могуць паверыць у містычную сілу.

Шрыла Прабхупада: Але тады яны павінны растлумачыць паходжанне хімічных рэчываў. Кожны бачыць, што звычайнае дрэва вырабляе мноства хімічных рэчываў. Але як яно гэта робіць? А раз навукоўцы не могуць адказаць на гэтае пытанне, яны павінны пагадзіцца з тым, што жыццю ўласцівая містычная сіла. Я не магу растлумачыць нават, як мой пазногаць расце з пальца – гэта вышэй за маё разуменне. Інакш кажучы, мой пазногаць расце дзякуючы неспасціжнай сіле, ачынцья-шакці. Значыцца, калі нават звычайны чалавек мае ачынцья-шакці, то ўявіце, якой ачынцья-шакці валодае Бог.

Розніца паміж Богам і мной у тым, што я валодаю тымі ж магчымасцямі, што і Бог, але толькі ў абмежаванай ступені. Я магу вырабляць толькі невялікую колькасць хімічных рэчываў, тады як Ён вырабляе іх у незлічоных колькасцях. Я магу стварыць толькі трохі вады ў выглядзе поту, але Бог можа ствараць акіяны. Дастаткова зрабіць аналіз адной кроплі марской вады, каб вызначыць якасны склад усяго мора. Накшталт гэтага жывая істота становіць сабою неад’емную частку Бога, таму, вывучаючы жывых істот, мы можам пачаць разумець Бога. Бог валодае велізарнай містычнай сілай. Яго містычная сіла дзейнічае імгненна, як электрычная машына. Некаторыя машыны працуюць пры дапамозе электрычнай энергіі і зробленыя так дасканала, што пачынаюць працаваць ад аднаго націску на кнопку. Падобна да гэтага, Бог сказаў: «Хай будзе свет», – і працэс стварэння пачаўся. Калі паглядзець на функцыянаванне прыроды ў такім кантэксце, то яе будзе зусім не цяжка зразумець. Бог валодае такімі дзіўнымі энергіямі, што як толькі Ён чагосьці загадае, адразу ж пачынаецца працэс стварэння.

Брахмананда: Некаторыя навукоўцы не прызнаюць ні Бога, ні ачынцья-шакці.

Шрыла Прабхупада: Гэта сведчыць пра іх несумленнасць. Бог ёсць, і Яго ачынцья-шакці таксама ёсць. Адкуль у птушак здольнасць лётаць? І вы, і птушка – жывыя істоты, але дзякуючы сваёй ачынцья-шакці птушка можа лётаць, а вы не. Возьмем іншы прыклад: семя выпрацоўваецца з крыві. Цела мужчыны надзеленае містычнай сілай, і таму, што ён мае сексуальныя жаданні, яго кроў ператвараецца ў семя. Як бы гэта магло быць, калі б у гэтым не ўдзельнічала нейкая містычная сіла? Жывыя істоты валодаюць многімі містычнымі сіламі. Карова есць траву і вырабляе малако. Гэта ўсім вядома, але калі даць вам пучок травы, ці з’явіцца ў вас малако? Такім парадкам, карова валодае містычнай сілай. З’еўшы траву, карова можа ператварыць яе ў малако. У аснове сваёй мужчыны і жанчыны створаныя аднолькава, але мужчына не можа, з’еўшы ежу, ператварыць яе ў малако, а жанчына можа. Усё гэта містычныя сілы.

Д-р Сінгх: Навукоўцы запярэчаць на гэта, што ў розных целах выпрацоўваюцца розныя ферменты, і гэтым тлумачыцца тое, што карова дае малако.

Шрыла Прабхупада: Так, але хто стварыў гэтыя ферменты і гэты механізм? Гэта было зроблена пры дапамозе містычнае сілы. Вы не здольныя стварыць гэтыя ферменты і гэты механізм. Вы не можаце атрымаць малако з сена ў вашай лабараторыі. У сваім целе пры дапамозе містычнае сілы вы можаце ператвараць ежу ў кроў і тканкі, але ў лабараторыі без містычнае сілы вы не здолееце нават ператварыць траву ў малако. Таму вы павінны прызнаць існаванне містычнае сілы.

Вытокі містычнае сілы

Д-р Сінгх: Ці ёсць адрозненне паміж ачынцья-шакці і містычнымі сіламі, якія развіваюцца падчас практыкі містычнай ёгі?

Шрыла Прабхупада: Не. Містычныя сілы – гэта і ёсць ачынцья-шакці. Яны становяць сабою здольнасці, зародкі якіх мае кожны. Іх можна развіць. Ёгі ў асноўным занятыя развіццём у сабе розных містычных сіл. Ёг можа хадзіць па вадзе і не тануць. Ён не падначальваецца закону гравітацыі. Гэтая містычная сіла называецца лагхімай. Гэтае слова азначае, што чалавек можа стаць лягчэй пуху і парушаць закон гравітацыі. Сістэма ёгі толькі развівае неспасціжную сілу, якая ўжо ёсць у тым, хто займаецца гэтай практыкай. Гэтыя дзеці плаваюць (паказвае на тых, хто купаецца ў хвалях прыбою), а я не ўмею плаваць. Аднак здольнасць плаваць патэнцыйна закладзеная ўва мне. Патрэбная толькі практыка. Такім парадкам, калі чалавек валодае такімі ёгаўскімі сіламі, падумайце, якой жа ёгаўскаю сілаю валодае Бог. Таму ў Ведах Яго называюць Ёгешварам, «валадаром усіх містычных сіл». У «Бхагавад-гіце» [10.8] Крышна кажа: ahaṁ sarvasya prabhavo mattaḥ sarvaṁ pravartate – «Я крыніца ўсіх духоўных і матэрыяльных светаў. Усё выходзіць з Мяне». Пакуль мы не пагодзімся з гэтым сцверджаннем Госпада, мы не зможам паслядоўна растлумачыць паходжанне матэрыяльнае прыроды. Бога немагчыма зразумець, не прызнаўшы існавання містычнае сілы, але калі вы прыйдзеце да навуковага разумення Бога, тады вы зразумееце ўсё.

Д-р Сінгх: То бок вы хочаце сказаць, што навука пачынае свае даследаванні з прамежкавай ступені, а не з зыходнага пункта?

Шрыла Прабхупада: Так, уласна так. Яны не ведаюць крыніцы ўсяго існага. Навукоўцы прымаюць нешта за пункт адліку, але адкуль бярэцца гэты пункт? Гэтага яны не ведаюць, нягледзячы на шырокія даследаванні. Варта прызнаць, што пачатковая крыніца ўсяго існага – гэта Бог, які валодае містычнымі сіламі, і з якога ўсё ўзнікае. Ён Сам кажа ў «Бхагавад-гіце» ahaṁ sarvasya prabhavo mattaḥ sarvaṁ pravartate – «Я крыніца ўсіх духоўных і матэрыяльных светаў. Усё выходзіць з Мяне». Нашыя высновы не заснаваныя на сляпой веры – яны асабліва навуковыя. Матэрыю спараджае жыццё. Жыццё – крыніца – валодае неабмежаванымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Гэта вялікая таямніца стварэння.

Калі выпусціць іголку, яна адразу ўпадзе, але птушка вагою ў некалькі фунтаў можа лунаць у паветры. Мы павінны вызначыць крыніцу яе здольнасці лётаць. Вывучаючы прыроду, можна выявіць, што кожная жывая істота валодае тою ці іншаю містычнаю сілаю. Чалавек не можа жыць у вадзе больш за некалькіх гадзін, а рыба жыве ў ёй увесь час. Хіба гэта не містычная здольнасць?

Д-р Сінгх: Гэта містычная здольнасць, але для мяне, а не для рыбы.

Шрыла Прабхупада: Так. Гэта таму, што містычныя здольнасці размяркоўваюцца не пароўну. Але Бог, крыніца ўсяго існага, валодае ўсімі містычнымі сіламі. Трохі Яго містычнае сілы дастаецца мне, трохі вам, дастаецца свая доля і птушкам. Але скарбніцай містычных сіл ёсць Бог.

Існуе восем асноўных відаў містычных сіл. Вось некаторыя з іх: лагхіма (пры дапамозе якой можна стаць лягчэй за пёрка), махіма (пры дапамозе якой можна стаць больш за гару), прапці (якая дазваляе ўзяць усё, што хочаш) і ішытва (пры дапамозе якой можна цалкам падначаліць сабе іншую істоту і кіраваць ёй). Іншым відам містычнае сілы валодае сонца, таму што з сонечнага святла невытлумачальным спосабам узнікае мноства рэчаў. Не прызнаўшы існавання містычнае сілы, навукоўцы не змогуць растлумачыць гэтыя з’явы. Яны проста віляюць ды разводзяць філасофію.

Д-р Сінгх: Крутлявыя навукоўцы, каб абгрунтаваць свой пункт погляду, могуць сказаць усё што хочаш, не прыводзячы ніякіх довадаў. Але сапраўдны навуковец павінен спасцігнуць найвышэйшую спрадвечную прычыну – то бок зрабіць вычарпальны аналіз.

Шрыла Прабхупада: Так, пакуль ён не выявіць найвышэйшае прычыны, нельга лічыць, што ён займаецца навукай.

Д-р Сінгх: Ці мае на ўвазе пазнанне містычных сіл разуменне таго факта, што нашае цела памірае з кожным днём?

Шрыла Прабхупада: Так.

Д-р Сінгх: Але звычайны чалавек не думае, што памірае.

Шрыла Прабхупада: Гэта вынік яго глупства. Ён памірае з кожным імгненнем, але думае: «Я буду жыць вечна». У існасці, смерць пачынаецца з самога нараджэння. Мы бачым гэтую праблему так: раз людзі паміраюць, мы павінны спыніць смерць. Аднак так званыя навукоўцы не толькі набліжаюць смерць, яны таксама адмаўляюцца ад слушных парад, каб выправіць сябе.

Навігацыя: