19. Гуру. Духоўны настаўнік

img

Кожнаму, хто сур’ёзна імкнецца да духоўнай дасканаласці, рэкамендуецца прыняць сабе ў якасці настаўніка (гуру) аднаго з дасведчаных старэйшых вайшнаваў і атрымаць ад яго асаблівае духоўнае пасвячэнне (дыкшу). Прыняць сваім гуру можна толькі таго, хто ёсць прадстаўніком парампары, хто валодае духоўнымі ведамі, хто развіў у сабе любоў да Бога, і хто, дзякуючы ўсяму гэтаму, навучыўся валодаць сваім розумам, мовай, паступкамі і быць вышэй за ўсякія пачуццёвыя жаданні.

 

Спачатку мусім выпрабоўваць духоўнага настаўніка пытаннямі, каб пераканацца ў тым, што ён напраўду адпавядае свайму стану. Сур’ёзны вучань заўсёды павінен быць упэўнены, што словы і ўчынкі ягонага гуру знаходзяцца ў строгай адпаведнасці са словамі і ўчынкамі папярэдніх настаўнікаў, а таксама з настаўленнямі святых тэкстаў. Сапраўдны гуру вучыць асабістым прыкладам і паказвае ўзор ува ўсім, што датычыць бхакці. Насуперак пашыранай думцы, ад вучня не патрабуецца сляпога падпарадкавання духоўнаму настаўніку, аднак ён павінен прызнаваць аўтарытэт свайго гуру ў духоўных пытаннях і прымаць ягоныя настаўленні. Традыцыя параўноўвае сапраўднага духоўнага настаўніка з капітанам, які ведае курс да берага духоўных ведаў у бурлівым акіяне матэрыяльнага быцця і здольны паспяхова прывесці да яго карабель свайго вучня.

 

Гуру бярэ на сябе кіраўніцтва духоўным жыццём вучня. Гэта дапамагае вучню пераадолець перашкоды і ўнікнуць тых памылак, якія непазбежны для тых, хто рызыкуе адпраўляцца ў дарогу без духоўнага настаўніка. Гуру дапамагае вучню разабрацца ў шматлікіх правілах і настаўленнях, якія тычацца практычнага адданага служэння Крышну. Напрыклад, ягонае кіраўніцтва дае вучню магчымасць унікнуць той сур’ёзнай перашкоды, якую Рупа Госвамі ў сваёй кнізе «Шры Упадэшамрыта» («Нектар настаўленняў») вызначае як ніямаграха. Ніямаграха – слова, якое можна разумець амбівалентна, бо санскрыцкая граматыка дапускае тут два спосабы чытання: ніяма-граха і ніяма-аграха і, адпаведна, два процілеглыя значэнні: «прыхільнасць да правіл» і «грэбаванне правіламі». Лічыцца, што і тое і другое можа нанесці істотную шкоду духоўнаму жыццю вайшнава, таму тут трэба выбраць аптымальны для сябе варыянт. А як бхакта-пачатковец толькі пачынае духоўнае жыццё і яшчэ не валодае для гэтага дастатковым досведам, то яму патрабуецца кіраўніцтва гуру, які патлумачыць яму, як трымацца правіл настолькі, наколькі гэта напраўду можа дапамагчы яму ачысціць сваё сэрца і абудзіць у ім крышна-прэму.

Дыкша

Вонкава духоўнае пасвячэнне становіць сабой абрад, падчас якога вучань прамаўляе перад духоўным настаўнікам зарокі, а потым атрымлівае ад яго цоткі для паўтарэння маха-мантры і духоўнае імя, пасля чаго праводзіцца ачышчальны абрад (агні-хотра). Бхакцівінода Тхакур у працы «Панча-самскара» апісвае пяць асноўных элементаў дыкшы: тапа – нанясенне вучнем на цела аздабленняў з сандалавай пасты ў выглядзе розных знакаў Вішну; пундра – нанясенне на лоб, грудзіну, рукі і спіну асаблівых вертыкальных знакаў; нама – атрыманне вучнем ад гуру свайго новага духоўнага імя, а таксама імёнаў Крышны, якія вучань павінен штодня паўтараць на цотках; мантра – атрыманне адмысловай малітвы, з якой вучань звяртаецца да Бога; яга – дазвол пакланяцца Боству. Аднак гэта толькі фармальная частка, якой, вядома, справа не вычэрпваецца. Бхакцівінода паясняе, што ўсе элементы дыкшы валодаюць глыбокім унутраным сэнсам, без разумення якога іхны вонкавы бок не можа прынесці рэальнай карысці. Так, тапа, апроч аздабленняў на целе, азначае ўсведамленне вучнем грэшнасці жыцця, якім ён жыў у мінулым, і пакаянне; пундра – утаймоўванне пажадлівасці, гневу і прагнасці, гатовасць прынесці ў гэтым зарокі перад гуру; нама – гатовасць не толькі насіць новае імя, але і ўсведамляць сябе з гэтага часу вечным слугой Крышны, а таксама заўсёды помніць пра Яго, паўтараючы Ягонае імя; мантра – усведамленне сваіх згубленых некалі стасункаў з Крышнам і цвёрдасць аднавіць гэтыя стасункі; яга – гатовасць прысвячаць свой час служэнню Боству, выкарыстоўваючы дзеля гэтага аб’екты матэрыяльнай энергіі і такім спосабам адухаўляючы яе.

Зарокі

У час абраду дыкшы вучань абяцае гуру штодня паўтараць маха-мантру на цотках, якія ён ад яго атрымаў, прытым не менш чым 16 кругоў штодня (вайшнаўскія цоткі складаюцца з 108 пацерак, адна пацерка адпавядае цалкам вымаўленай маха-мантры). Далей, вучань абавязваецца з гэтага часу не здзяйсняць забароненых дзеянняў, якія лічацца несумяшчальнымі з духоўнай практыкай, гэта тычыцца: 1) ужывання ў ежу мяса, рыбы, яек і любой іншай ежы, атрыманне якой звязана з забойствам жывёлы; 2) ужывання наркотыкаў, алкаголю і іншых ачмуральных рэчываў (апроч тых выпадкаў, калі гэта патрэбна выключна ў медычных мэтах – напрыклад, наркоз); 3) плоцевых дачыненняў па-за шлюбам; 4) азартных гульняў. Лічыцца, што гэтыя чатыры віды забароненых дзеянняў знішчаюць у чалавеку рэлігійнасць, міласэрнасць, чысціню і праўдзівасць – чатыры дабрачыннасці, без якіх немажліва атрымаць крышна-прэму. Апроч гэтага вучань дае абяцанне з гэтага часу сур’ёзна вывучаць філасофію, тэалогію і духоўную практыку вайшнаваў, браць удзел у жыцці грамады, наведваць духоўныя праграмы і святы і г. д.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: