О мой Госпад, усёмагутны, як агонь, я зноў і зноў схіляюся перад Табой, прыпадаючы да Тваіх лотасавых стоп. О мой Госпад, вядзі мяне правільнай дарогай, каб я змог дасягнуць Цябе, і, як Ты ведаеш усё, што я зрабіў у мінулым, збаў мяне ад усіх наступстваў маіх грахоў, каб нішто не перашкаджала майму прагрэсу.
Калі адданы ўва ўсім залежыць ад Госпада і моліць Яго аб беспрычыннай ласцы, ён можа бесперашкодна ісці шляхам, які вядзе да дасканалай самарэалізацыі. У гэтай малітве, звернутай да Госпада, Яго параўноўваюць з агнём, таму што Ён здольны спаліць дашчэнту ўсё што заўгодна, у тым ліку і ўсе грахі адданай Яму душы. Як гаварылася ў папярэдніх мантрах, Асоба Бога ёсць сапраўдным, найвышэйшым аспектам Абсалюта, а Ягоная безасабовая праява, брахмадж’ёці, – гэта асляпляльнае ззянне, якое хавае аблічча Госпада. Кармічная дзейнасць, то бо шлях самарэалізацыі карма-канда, – ніжэйшая стадыя імкнення да самарэалізацыі. Як толькі чалавек, які ідзе гэтым шляхам, адхіляецца, хай нават нязначна, ад рэгулявальных прынцыпаў Ведаў, ягоная дзейнасць ператвараецца ў вікарму, гэта значыць у дзейнасць, скіраваную супраць ейнага выканаўцы. Уведзеная ў зман жывая істота ўчыняе такія дзеянні толькі дзеля задавальнення сваіх пачуццяў, і тым самым яны становяцца перашкодаю на шляху самарэалізацыі.
Самарэалізацыі можна дасягнуць толькі ў чалавечай форме жыцця. Існуе 8 400 000 відаў жыцця, з якіх толькі чалавек, выхаваны ў традыцыях брахманскае культуры, мае шанец спазнаць Трансцэндэнтнае. Брахманская культура нясе такія вартасці, як сумленнасць, валоданне сваімі пачуццямі, цярплівасць, прастата, поўнасць ведаў і непахіснасць веры ў Бога. Справа не ў тым, што чалавек проста ганарыцца сваім высокім паходжаннем. Як нараджэнне сынам уплывовага чалавека дае шанец стаць уплывовым чалавекам, гэтак і нараджэнне сынам брахмана дае шанец стаць брахманам. Але перавагі, якія атрымлівае чалавек, нарадзіўшыся ў сям’і брахмана, яшчэ не робяць яго брахманам. Каб стаць ім, ён павінен здабыць якасці брахмана. Калі сын брахмана ганарыцца сваім паходжаннем ды забывае пра тое, што павінен развіваць у сабе якасці сапраўднага брахмана, ён дэградуе, выпадаючы са шляху самарэалізацыі, і, значыцца, не спраўляецца з місіяй, ускладзенай на яго як на чалавека.
У «Бхагавад-гіце» (6.41-42) Госпад запэўнівае нас, што ёга-бхраштам, душам, якія сышлі са шляху самарэалізацыі, у наступным жыцці даецца шанец выправіцца дзякуючы нараджэнню ў сям’і пабожных брахманаў ці багатых гандляроў. Чалавек, які нараджаецца ў такіх сем’ях, мае больш магчымасцяў для самарэалізацыі. Але калі чалавек трапляе пад уплыў ілюзіі і няправільна выкарыстоўвае гэтыя перавагі, то ён губляе спрыяльныя магчымасці, якія дае яму чалавечая форма жыцця, дадзеная ўсёмагутным Госпадам.
Рэгулявальныя прынцыпы такія, што кожны, хто кіруецца імі, паднімаецца з узроўню кармічнае дзейнасці на узровень трансцэндэнтных ведаў. Пасля многіх і многіх жыццяў, прысвечаных вывучэнню трансцэндэнтнае мудрасці, чалавек дасягае дасканаласці і аддаецца Госпаду. Такі звычайны шлях. Але той, хто аддаецца адразу, пачаўшы адданае служэнне Госпаду, як рэкамендуецца ў гэтай мантры, пераскоквае цераз пачатковыя ступені развіцця. Як сказана ў «Бхагавад-гіце» (18.66), Госпад адразу бярэ такую адданую Яму душу пад Сваё заступніцтва і вызваляе яе ад усіх наступстваў ейных грахоў. Дзейнасць у рамках карма-канды спалучаная са шматлікімі грахоўнымі ўчынкамі, у той час як на шляху філасофскага развіцця (г’яна-канды) колькасць такіх дзеянняў скарачаецца. Але ў адданым служэнні Госпаду, на шляху бхакці, дзейнасць чалавека практычна не выклікае грахоўных наступстваў, таму што адданы Госпада набывае ўсе якасці Самога Госпада, не кажучы ўжо пра якасці брахмана. Адданы аўтаматычна набывае кваліфікацыю дасведчанага брахмана, які мае права здзяйсняць ахвярапрынашэнні, нават калі адданы не нарадзіўся ў сям’і брахмана. Такая ўсёмагутнасць Госпада. Ён можа звесці чалавека, народжанага ў сям’і брахмана, да прыніжанага ўзроўню сабакаеда, і Ён таксама можа ўзвысіць нізкароднага сабакаеда вышэй за кваліфікаванага брахмана проста дзякуючы адданаму служэнню.
Усёмагутны Госпад знаходзіцца ў сэрцы кожнага, таму Ён можа даваць настаўленні сваім шчырым адданым, пры дапамозе якіх яны знойдуць дакладны шлях. Госпад дае такія настаўленні толькі Сваім адданым, нават калі яны самі жадаюць чагосьці іншага. Што да астатніх, то Госпад дазваляе ім дзейнічаць на свой страх і рызыку, але Свайму адданаму Госпад не дазваляе рабіць памылкі. У «Шрымад-Бхагаватам» (11.5.42) сказана:
«Госпад такі добры да Свайго адданага, які знайшоў прытулак ля Ягоных лотасавых стоп, што, нават калі той часам заблытваецца ў сетках вікармы (дзейнасці, якая супярэчыць ведыйскім наказам), Госпад, які знаходзіцца ў сэрцы адданага, адразу ж выпраўляе ягоную памылку, бо адданыя вельмі дарагія Яму».
У гэтай мантры «Шры Ішапанішад» адданы моліць Госпада, каб Ён ачысціў ягонае сэрца. Чалавеку ўласціва памыляцца. Абумоўленая душа раз-пораз робіць памылкі, і адзіны спосаб засцерагчыся ад гэтых міжвольных грахоў – гэта аддацца лотасавым стопам Госпада, каб Ён Сам вёў абумоўленую душу па жыцці, дапамагаючы ёй унікнуць усіх пастак, расстаўленых на ейнай дарозе. Тых, хто непадзельна аддаецца Яму, Госпад бярэ пад Сваё заступніцтва. Адпаведна, проста аддаўшыся Госпаду і падпарадкоўваючыся Ягоным наказам, можна развязаць усе свае праблемы. Такія наказы шчыры адданы атрымлівае двума спосабамі: адзін – праз святых, пісьмы і духоўнага настаўніка, а другі – праз Самога Госпада, які знаходзіцца ў сэрцы кожнага. Такім парадкам, цалкам прасветлены ведыйскаю мудрасцю, адданы надзейна абаронены.
Ведыйская мудрасць трансцэндэнтная, яе немажліва атрымаць тымі спосабамі, якімі набываюць матэрыяльныя веды. Ведыйскія мантры можна зразумець толькі з ласкі Госпада і духоўнага настаўніка (yasya deve parā bhaktir yathā deve tathā gurau). Калі чалавек знайшоў сапраўднага духоўнага настаўніка, гэта значыць, што ён атрымаў ласку Госпада. Госпад прыходзіць да адданага ў вобразе духоўнага настаўніка. Напраўду, адданым кіруюць духоўны настаўнік, ведыйскія наказы і Сам Госпад знутры, таму адданаму не пагражае падзенне ў дрыгву матэрыяльнай ілюзіі. Тым самым, адданы надзейна абаронены, і яму гарантаванае дасягненне найвышэйшае дасканаласці. Дадзеная мантра толькі ўказвае на гэты працэс, а «Шрымад-Бхагаватам» (1.2.17-20) апісвае яго больш падрабязна: «Слуханне аповедаў пра веліч Госпада і апяванне Ягонае славы само сабой ёсць пабожнаю дзейнасцю. Госпад – зычлівец усіх жывых істот, таму Ён хоча, каб кожны слухаў пра Яго і праслаўляў Яго. Дзякуючы слуханню аповедаў пра веліч Госпада і апяванню Ягонае славы чалавек ачышчаецца ад усяго непажаданага, і ягоная адданасць Госпаду становіцца непахіснаю. На гэтай стадыі адданы развівае ў сабе брахманскія якасці і цалкам выходзіць з-пад уплыву ніжэйшых гун прыроды (жарсці і невуцтва). Дзякуючы адданаму служэнню ён атрымлівае дасканалыя веды, і гэтак яму адкрываецца шлях, які вядзе да Госпада, і разуменне таго, як ім ісці. І калі ўсе ягоныя сумневы рассейваюцца, ён становіцца чыстым адданым Госпада».
Так заканчваецца каментар Бхакціведанты да «Шры Ішапанішад», ведання, якое набліжае чалавека да Крышны, Вярхоўнай Асобы Бога.