8. Энергія Абсалюта

img

Анталагічную структуру, якая апісвае прыроду Абсалюта – «у-сабе-і-дзеля-сябе», мы знаходзім у канцэпцыі шакці-парынама-вады, вучэнні пра змену формаў Боскай энергіі.

 

Крышна – шакціман, «той, хто валодае шакці» (сілай, энергіяй, патэнцыяй). Шакці – гэта адначасна і здольнасць Крышны, застаючыся нязменным, трансфармаваць Сябе ў разнастайныя формы наяўнага быцця, і сама гэтая наяўнасць. У адрозненне ад аватараў, якія пры ўсёй іхнай шматстайнасці ёсць ні чым іншым, як Самім Крышнам, які нібыта апранае на Сябе розныя маскі, шакці ёсць існасцямі іншага парадку, якія маюць сваю аснову ў Крышне, непарыўна злучанымі з Ім, але адрознымі ад Яго і адносна самастойнымі. У якасці аналогіі прыводзіцца повязь сонца і ягоных промняў, якія выходзяць з сонца, залежаць ад яго, але разам з тым ёсць чымсьці адрозным ад свяціла. Не зважаючы на тое, што сонца выпраменьвае велізарную энергію, яно заўсёды застаецца роўным самому сабе. Таксама і Крышна заўсёды поўны і нічога не губляе, хоць і ператварае Сябе пры дапамозе Сваёй шакці ў мноства формаў. Паслядоўнікі Шанкары не прызнаюць шакці-парынама-ваду, бо лічаць, што дапускаючы змену формаў, мы немінуча мусім прызнаць, што Брахман нешта страчвае, а тады Ён не ёсць Адзіным (не адвая), што немажліва. З гэтае прычыны, усякая змена ёсць ілюзіяй. Аднак такая думка не дазваляе ім растлумачыць паходжанне шматстайнасці формаў наяўнага быцця, да таго ж тут шанкарыты разыходзяцца з аўтарытэтным сведчаннем, бо шакці-парынама-ваду пацвярджае вядомае выслоўе Упанішадаў: «калі з цэлага (Абсалюта) адымаецца цэлае, пачатнае цэлае застаецца цэлым» (pūrṇasya pūrṇam ādāya pūrṇam evāvaśiṣyate. Шры Ішапанішад, Зварот).

Унутраная энергія Бога. Радха

Існуе тры віды шакці: антаранга-шакці (унутраная энергія), бахіранга-шакці (вонкавая энергія) і татастха-шакці (памежная энергія). Антаранга-шакці надзяляе Бога ўсёмагутнасцю і вызначае трансцэндэнтны свет («у-сабе-і-дзеля-сябе»), які самадастатковы і існуе па-за часам. Як і Бхагаван, антаранга-шакці апісваецца прэдыкатамі сат-чыт-ананда (вечнаісная, споўненая свядомасці і асалоды). Згодна з гэтымі прэдыкатамі ў ёй вылучаюцца тры ўзроўні: сандхіні, самвіт і хладзіні.

 

Сандхіні-шакці – субстрат трансцэндэнтнае рэальнасці, з дапамогаю сандхіні-шакці Бхагаван падтрымлівае ўласнае быццё і быццё іншых істот, якія бяруць у Ім пачатак.

 

Самвіт-шакці – здольнасць валодаць абсалютным веданнем і сіла гэтага ведання. Дзякуючы ёй Крышна ведае Сябе Самога, трансцэндэнтны і матэрыяльны свет, а таксама жывых істот, яна ж дае магчымасць жывым істотам спасцігнуць Бога.

 

Хладзіні-шакці – здольнасць Крышны атрымліваць найвышэйшую духоўную асалоду Самому і надзяляць асалодай іншых. Існасць хладзіні-шакці – Боская любоў (прэма), якая выяўляецца ў адданым служэнні (бхакці). За ўвасабленне хладзіні-шакці ўважаецца Радха, вечная жонка Крышны. Крышна – пурна-шакціман («які валодае ўсімі шакці»), а Радха – пурна-шакці («поўная шакці»), г. зн. найвышэйшая, якая ахоплівае ўсе іншыя. Гэтаксама як Крышна ёсць крыніцай усіх аватараў, Радха ёсць крыніцай усіх шакці.

 

Радха і Крышна «непадзельныя і нязлучныя», іх быццё належыць да катэгорыі ачынцья-бхеда-абхеда. Аднак Крышна становіць Сабою мужчынскі пачатак, а Радха – жаночы, таму Крышна заўсёды грае дамінантную ролю, а Радха – падначаленую. Стасункі Боскае пары апісваюцца ў традыцыйнай вайшнаўскай літаратуры эзатэрычнай мовай эротыкі.

Вонкавая энергія. Матэрыяльны свет

Бахіранга-шакці, вонкавая ці матэрыяльная энергія, у адрозненне ад антаранга-шакці, складае «іншае» Бога. Яшчэ адна ейная назва – мая-шакці. Яна ёсць субстратам матэрыяльнае прыроды. Як і ўсе іншыя шакці, мая-шакці падначаленая Бхагавану і ў Ім бярэ пачатак, аднак дачыненні яе і Крышны істотна іншыя, чым дачыненні Крышны і Ягонай унутранай энергіі. Пануючы над маяй, Бхагаван ніколі не сутыкаецца з ёй і цалкам вольны ад ейнага ўплыву. Джыва Госвамі, каментуючы «Бхагавата-пурану», паясняе гэта так («Бхагавата-сандарбха» 17): «Мая – тое, чаго няма там, дзе бытую Я (Бхагаван), але тое, што з’яўляецца там, дзе Мяне няма. Іншымі словамі, мая выходзіць з Мяне, але існуе па-за Мною, як сонечны блік на паверхні сажалкі, які, знаходзячыся ўдалечыні ад сонца, непарыўна злучаны з ім, сваёю прычынаю. Як адлюстраванне сонца не кранаецца сонца, хоць і не можа існаваць без яго, гэтак і мая не кранаецца Бхагавана, хоць цалкам ад Яго залежыць».

 

У адрозненне ад Шанкары, які лічыў, што рэальны толькі Брахман, а матэрыяльны свет цалкам ілюзорны (брахма сацьям джаган мітх’я), вайшнаўскія мысляры прызнаюць рэальнасць матэрыяльнае прыроды, хоць яна апісваецца ў іх негатыўнымі прэдыкатамі а-сат, а-чыт, нір-ананда (тленная, несвядомая, пакутлівая) у адрозненне ад трансцэндэнтнае прыроды. Свет рэальны, але мінучы (ашашвата). Усё, да чаго прывязваецца ў матэрыяльным свеце жывая істота, павінна знікнуць, таму для таго, хто патрапіў у палон матэрыяльнага існавання гэты свет прыстанне смутку (духкха-алая). Свет злучаецца з паняццем ілюзіі, бо жывая істота лічыць яго за тое, чым ён на самай рэчы не ёсць, то бок месцам, дзе мажлівае шчасце.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: