Адзінаццатая ранішняя прагулка

Запісана 15 траўня 1973 года

ў парку Чэвіят-Хілз, Лос-Анджэлес.

Шрылу Прабхупаду суправаджаюць доктар Сінгх і іншыя вучні.

Пошукі душы

Д-р Сінгх: На думку навукоўцаў, убачыць духоўную душу вельмі цяжка. Яны кажуць, што яе існаванне вельмі сумнеўнае.

Шрыла Прабхупада: Як яны могуць убачыць яе? Яна занадта малая, каб яе можна было ўбачыць. У каго такі востры зрок?

Д-р Сінгх: І ўсё ж яны хочуць неяк адчуць яе.

Шрыла Прабхупада: Зрабіць гэта нескладана. Кожны можа адчуць, што ў яго целе дзее свядомасць. Гэта і ёсць духоўнай душой, якая ёсць крыніцаю свядомасці. Напрыклад, калі чалавеку ўвесці адну сотую грана смяротнай атруты, ён імгненна памрэ. Ніхто не можа бачыць ні саму атруту, ні тое, як яна дзейнічае, але тым не менш атрута дзейнічае.

Д-р Сінгх: Калі б навукоўцы прызналі існаванне душы, гэта дапамагло б ім развязаць многа праблем.

Шрыла Прабхупада: Яны будуць вымушаныя прызнаць яе існаванне. Як растлумачыць тое, што ў целе ёсць жыццё і свядомасць? Навукоўцы не здольныя даць зразумелы адказ на гэтае пытанне. Дык чаму б ім не прызнаць існавання душы, назіраючы яе дзейнасць? У такіх выпадках пра наяўнасць чаго-небудзь мяркуюць з вонкавых праяў. Аvinasi tu tad viddhi yena sarvam idam tatam. У «Бхагавад-гіце» [2.17] заяўлена, што ўсё цела функцыянуе толькі дзякуючы маленькай часцінцы, якая называецца душою. Калі я ўшчыкну сябе, то адразу адчую гэта, таму што ўвесь скураны покрыў цела чуллівы. Але як толькі душа выходзіць з цела – калі маё цела памірае, – тую ж самую скуру можна рэзаць і крэмзаць, не баючыся нічыіх пратэстаў. Няўжо такую простую рэч так цяжка зразумець? Ці не сведчыць гэта пра наяўнасць душы?

Д-р Сінгх: Такім спосабам можна выявіць душу, а як наконт Бога?

Шрыла Прабхупада: Перш за ўсё трэба спасцігнуць душу. Душа – копія Бога. Калі вы зможаце зразумець копію, то здолееце зразумець і цэлае.

Сучасная навука: выгода ці шкода?

Д-р Сінгх: Навукоўцы распачынаюць спробы стварыць жыццё.

Шрыла Прабхупада: «Распачынаюць»! «Спробы»! Мы гэта адпрэчваем, мы не прызнаем гэтага. Жабрак кажа: «Я спрабую стаць мільянерам». Мы адказваем: «Спачатку станьце мільянерам, а потым кажыце. А цяпер вы варты жалю жабрак, і толькі».

Навукоўцы кажуць, што яны спрабуюць, але калі, напрыклад, я пытаю вас: «Хто вы?» Ці адкажаце вы на гэта: «Я спрабую стаць...»? Хто вы цяпер? Вось у чым пытанне. «Мы спрабуем», – нельга нават назваць адказам, не кажучы ўжо пра тое, каб называць гэта навуковым сцверджаннем.

Д-р Сінгх: Што ж, нягледзячы на тое, што да гэтага часу яны не змаглі стварыць жыццё, яны кажуць, што хутка здолеюць гэта зрабіць.

Шрыла Прабхупада: Кожны махляр можа так сказаць. Калі вы кажаце: «У прышласці я змагу зрабіць штосьці незвычайнае», – чаму я павінен вам верыць?

Д-р Сінгх: Ну, навукоўцы кажуць, што дамагліся шмат чаго ў мінулым і яшчэ больш зробяць у прышласці.

Шрыла Прабхупада: У мінулым людзі паміралі, і сёння яны працягваюць паміраць. Чаго ж дамагліся навукоўцы?

Д-р Сінгх: Яны дапамагалі людзям.

Шрыла Прабхупада: Навукоўцы дапамаглі скараціць працягласць жыцця! Калісьці людзі жылі сто гадоў. У наш час яны рэдка жывуць больш за шэсцьдзясят ці семдзесят гадоў. А яшчэ навукоўцы адкрылі атамную энергію. Цяпер яны могуць забіваць людзей мільёнамі. Так што яны дапамагаюць людзям толькі паміраць. Яны не дапамагаюць нам жыць, і ўсё ж у іх хапае адвагі заяўляць, што яны створаць жыццё.

Д-р Сінгх: Але цяпер мы маем самалёты і...

Шрыла Прабхупада: Навукоўцы не здольныя спыніць смерць, яны не могуць спыніць нараджэнне, яны не могуць спыніць хваробы і старасць. Так што ж яны зрабілі? Раней людзі старэлі і цяпер старэюць. Раней людзі хварэлі і цяпер хварэюць. Сёння сталася больш лекаў – і больш хвароб. Чаго ж яны дасягнулі? Навукоўцы не дапамаглі палепшыць сітуацыю ў свеце. Мы кінем выклік усім гэтым махлярам-навукоўцам, якія кажуць, што жыццё ўзнікае з матэрыі! Насамрэч матэрыя ўзнікае з жыцця.

Ілюзія прагрэсу

Шрыла Прабхупада: Як доўга можа навука дурыць людзей? Сто гадоў, дзвесце? Навукоўцы не змогуць рабіць гэта бясконца.

Д-р Сінгх: Падман у свеце існуе са спрадвечных часоў, таму яны, мажліва, думаюць, што змогуць хлусіць заўсёды.

Шрыла Прабхупада: Не са спрадвечных часоў! Навука ашуквае людзей толькі апошнія дзвесце ці трыста гадоў, не больш.

Д-р Сінгх: Напраўду?

Шрыла Прабхупада: Так. Яны прапаведуюць, што жыццё паўстала з матэрыі толькі на працягу апошніх двухсот гадоў, а не тысячагоддзяў. І з хлуснёй будзе скончана ў бліжэйшыя пяцьдзясят гадоў.

Д-р Сінгх: Так, цяпер шырыцца, умоўна кажучы, антыінтэлектуальны рух. Людзі паўстаюць супраць навукі і сучаснага прагрэсу.

Шрыла Прабхупада: А што гэта за навука? Гэта не навука! Гэта невуцтва. Невуцтва выдаюць за навуку, а бязвер’е – за рэлігію. Але гэты падман не можа цягнуцца доўга, таму што ў многіх людзей расплюшчваюцца вочы.

Д-р Сінгх: У «Ньюсуіку», адным з найбуйнейшых часопісаў ЗША, быў апублікаваны артыкул пра выраджэнне хрысціянства. Артыкул суправаджаўся карыкатурай, на якой быў адлюстраваны д’ябал, які выклікае землятрусы. Нядаўна ў Паўднёвай Амерыцы адбыўся вельмі вялікі землятрус, які загубіў тысячы людзей. Карыкатура прыпісвала падобныя з’явы д’яблу, а поруч з ім быў намаляваны Рычард Ніксан, які ўважае сябе за паслядоўніка Хрыста, і які бамбіць Паўднёва-Усходнюю Азію. На гэтай карыкатуры д’ябал, звяртаючыся да Ніксана, кажа: «Па-д’ябальску цяжка паспець за хрысціянамі».

Шрыла Прабхупада: Так, людзі будуць крытыкаваць. Яны робяцца больш адукаванымі. Колькі іх могуць вадзіць за нос так званая навука і так званая рэлігія? Калі спадар Ніксан любіць сваіх суайчыннікаў, то чаму ён не любіць кароў у сваёй краіне? Яны нараджаюцца ў той жа самай краіне і маюць такое ж права на жыццё, як і людзі. Чаму іх забіваюць? «Не забі». Аднак жывёлін забіваюць. Гэта не дасканаласць. Крышна абдымае і кароў, і Радхарані 18. Вось гэта дасканаласць. Крышна размаўляў нават з птушкамі. Аднойчы на беразе ракі Ямуны Ён гутарыў з птушкаю, бо Ён размаўляе нават на мовах птушак. Адна сталая жанчына ўбачыла гэта і была ўражаная: «Божа мой, Ён гаворыць з птушкаю!»

Д-р Сінгх: Вы хочаце сказаць, што Ён напраўду размаўляў на птушынай мове?

Шрыла Прабхупада: Так. Гэта адно з апісаных у Ведах якасцяў Крышны – Ён можа гаварыць на ўсякай мове. Ён бацька ўсіх жывых істот, а бацька можа разумець мову сваіх дзяцей.

Крышна – найвышэйшы шчаслівец. Фактычна, апроч тых, хто знаходзіцца ў свядомасці Крышны, ніхто не можа мець сапраўдных ведаў і не можа атрымліваць асалоду. Чалавек пакутуе, але прымае сваю пакуту за асалоду. Гэта называецца маяй, ілюзіяй. У Амерыцы людзі рупліва працуюць дні і ночы напралёт і думаюць: «Мы цешымся». Гэта мая. Абумоўленая душа нічым не можа цешыцца, яна толькі пакутуе, але думае, што цешыцца.

Таму ў «Шрымад-Бхагаватам» абумоўленую душу параўноўваюць з вярблюдам. Вярблюд вельмі любіць есці калючкі, якія рэжуць яго язык. Калі ён іх есць, з яго языка цячэ кроў і змешваецца з калючкамі. Гэта надае ім нейкі смак, і ён думае: «Ах, якія цудоўныя калючкі». Гэта называецца маяй. Мая азначае «тое, чаго няма». Ма азначае «не», а я – гэта. Такім парадкам, мая азначае «не гэта». Такое тлумачэнне маі, ілюзіі. Навукоўцы знаходзяцца ў маі, бо думаюць, што ўсё ўдасканаляць і стануць шчаслівымі. Але гэты свет разам з усім, што ў ім ёсць, урэшце будзе знішчаны, бо ён – мая. Ён не тое, за што мы яго прымаем. Як паясняецца ў «Шрымад-Бхагаватам», матэрыялісты думаюць, што атрымліваюць перамогу за перамогаю, але напраўду яны цярпяць паразу за паразай.

Навігацыя: