Сістэма пры дапамозе якой перадаюцца духоўныя веды і забяспечваецца іхная захаванасць ёсць найважнейшай умовай існавання рэлігійнае традыцыі. Такой сістэмай у вайшнаўскай традыцыі выступае духоўная пераемнасць – парампара.
Парампара (літар. «ад аднаго да другога») – разгортка традыцыі ў часе. Гэта ланцужок, што ідзе з глыбіні стагоддзяў, звёнамі якога служаць рэлігійныя настаўнікі, якія жылі адзін пасля аднаго. Кожны наступны ў гэтым ланцугу быў вучнем папярэдняга, такім парадкам, праз звязак настаўнік-вучань і перадаваліся веды. Пра значэнне парампары сказана ў «Бхагавад-гіце» (4.2): «так здабытае праз парампару гэтае (веданне) спасцігалі святыя каралі». Гэтая сістэма дазваляе захоўваць спрадвечнае разуменне святых тэкстаў, не зважаючы на велізарныя прамежкі часу, якія раздзяляюць нас ад іхнага ўзнікнення. Парампара забяспечвае дыяхроннае адзінства традыцыі, а таксама ейную «пазачасавасць» адносна сітуацыі навакольнага свету, якая заўсёдна змяняецца. Для таго, каб вымкнуць мажлівасць скажэнняў, трэба, каб усе звёны парампары, г. зн. носьбіты і перадатнікі ведаў, валодалі духоўнай дасканаласцю і ўзнёслымі маральнымі якасцямі.
Іншае важнае паняцце, якое мае дачыненне да традыцыі і якое ахоплівае яе ў дыяхронна-сінхронным адзінстве – сампрадая. Сампрадая – гэта лучнасць дактрыны, культу і духоўных практык, якія маюць адзін выток, а таксама іхных носьбітаў. Сампрадая ёсць адзінствам гэтых элементаў, якое ўвабрала ў сябе ўсю мінулую традыцыю і прэзентуе яе ў сучаснасці. У паняцце сампрадаі ўваходзіць ейная суаднесенасць з іншымі рэлігійнымі і філасофскімі школамі, а таксама здольнасць, застаючыся «па-за часам», заўсёды быць жывою крыніцаю духоўнага ведання і прыстаннем для шукальнікаў Праўды.
Вайшнаўская сампрадая як духоўная пераемнасць павінна мець свайго заснавальніка, а таксама мула-ачар’ю – аўтара дактрыны, распрацаванае паводле прынцыпаў веданты (аднаго з шасці галоўных кірункаў індыйскае думкі, у аснове якога ляжыць навука Упанішадаў, «Веданта-сутры» і «Гіты»). Існуе чатыры вайшнаўскія сампрадаі, якія адпавядаюць гэтым патрабаванням – Шры-сампрадая, Брахма-сампрадая, Рудра-сампрадая і Кумара-сампрадая. Назвы сампрадай утрымліваюць імёны звышнатуральных істот, якіх традыцыя ўважае за іхных заснавальнікаў. Першая носіць імя багіні Шры (Лакшмі), другая – Брахмы, трэцяя – Рудры (Шывы), чацвёртая – братоў-мудрацоў Кумараў. Сампрадаі таксама называюць паводле імёнаў мула-ачар’яў (адпаведна, Рамануджа-сампрадая, Мадхва-сампрадая, Вішнусвамі-сампрадая і Німбарка-сампрадая). Хоць гэтыя школы пагаджаюцца ў сваіх галоўных палажэннях, і хоць кожная з іх прызнае аўтэнтычнасць іншых, яны маюць шэраг разыходжанняў наконт дактрынальных пытанняў, апроч таго, ёсць адрозненні ў абрадавай ды малітоўнай практыцы. Аднак ува ўсіх сампрадаях адным спрадвечным Богам прызнаецца Вішну (Крышна), а шляхам, што вядзе да Бога – бхакці.
Бенгальскі вайшнавізм мае дачыненне да школы, заснавальнікам якой ёсць Брахма, а мула-ачар’ем – Мадхва, таму ейная поўная назва – Брахма-мадхва-гаўдыя-сампрадая (гаўдыя – ад Гаўда – старая назва Бенгаліі), ці проста Гаўдыя-сампрадая. Заснавальнік Гаўдыя-сампрадаі Шры Чайтанья, захаваўшы асноўныя палажэнні навукі Мадхвы, развіў некаторыя галоўныя ейныя аспекты і надаў ім асаблівае гучанне, што спрыяла велізарнаму поспеху Ягонае навукі і хуткаму распаўсюджванню заснаванага Ім руху ў Індыі. Найважнейшы ўнёсак Шры Чайтаньі ў вайшнаўскую тэалогію – уласна крышнаізм, то бок прызнанне Крышны вярхоўнай іпастассю Бога, навука пра неспасціжнае адзінства і адрозненне (ачынцья-бхеда-абхеда-вада), навука пра расы («густы, або тыпы» ўзаемных стасункаў з Богам); у культавую практыку – пакланенне Боскай пары (Радхарані і Крышну); агульныя спевы імёнаў Бога (санкіртана); у сацыяльную практыку – пропаведзь роўнасці людзей перад Богам, масавыя святы і частаванне людзей асвячонай ежай.
Пераемнікам руху Шры Чайтаньі ёсць Таварыства (рух) свядомасці Крышны. Нягледзячы на цалкам сучасную арганізацыйную структуру, яно між іншым захавала ўсе рысы руху Шры Чайтаньі і дзякуючы гэтаму арганічна звязанае з агульным дрэвам Брахма-мадхва-гаўдыя-сампрадаі, галіной якога яно выступае. Таварыства свядомасці Крышны спалучае галоўныя элементы вайшнавізму, уключаючы тэалогію, філасофію, абраднасць, духоўную практыку і этыкет. Вядома, для таго, каб традыцыя, якая прыйшла з Індыі, магла існаваць на новай для яе заходняй глебе, запатрабаваліся і некаторыя ўвядзенні, аднак гэта не закранула самой ейнай істы.