4. Госпад Нрысімхадэў

– Няўдзячны дурань! Ты адважыўся прынізіць маю годнасць! Ты зайшоў занадта далёка. Так неабдумана паводзяць сябе толькі смяротнікі. Ты ўвесь час апісваеш нейкую ўяўную найвышэйшую істоту, адрозную ад мяне, найвышэйшую ўсёпранікальную істоту, што стаіць над усім і якая кіруе ўсім. Але дзе гэта істота? Калі Яна ўсюды, чаму тады Яна не паўстане перада мной? Зараз я знясу табе галаву. Хачу паглядзець, як твой даражэнькі Бог прыйдзе выратаваць цябе. Дзе Ён? Можа Ён у гэтай калоне?

 

Нібы апантаны, Хіраньякашыпу выхапіў меч і нанёс скрышальны ўдар па мармуровай калоне, якая падтрымлівала скляпенне залы сходаў. Стукнуўшы па ёй кулаком, ён раскалоў калону на кавалкі сваім моцным ударам. Знутры калоны данёсся жахлівы гук, які, здавалася, выходзіў з самага сэрца сусвету, адгукаючыся ўва ўсіх трох светах. Застыўшы ў здзіўленні, Хіраньякашыпу слухаў. Потым, як бы пацвярджаючы, што сказанае адданым Прахладам ёсць праўда – а менавіта, што Бог знаходзіцца паўсюль, нават у калоне залы сходаў – з калоны выйшаў Госпад Вішну ў абліччы, дагэтуль невядомым: у выглядзе магутнага Нрысімхадэвы.

img

Гэта была не форма чалавека і не форма льва, а жахлівая форма паўльва, паўчалавека. Ягоныя глыбокія вочы ззялі, нібы расплаўленае золата, а зіхатлівая грыва павялічвала Ягоны жудасны твар. Зубы Ягоныя блішчалі, як кінжалы, а язык, падобны на яшчарку, рухаўся так, нібыта гэта меч. Вушы Ягоныя нерухома стаялі тарчма, а ноздры і разяўленая пашча былі падобныя на пячоры ў старажытных гарах. Сківіцы Ягоныя былі драпежна разяўленыя, і з іх сцякала сліна, а абрысы цела губляліся высока ў небе. У Яго была вельмі кароткая, тоўстая шыя, грудзі шырокія, стан вузкі, а валаскі на целе ззялі беллю, нібы месяцовыя промні. Ягоныя шматлікія рукі рухаліся ўва ўсіх кірунках хутчэй, чым сам час. Госпад гучна і рэзка зарагатаў і рынуўся на Хіраньякашыпу. З хуткасцю нябёснага арла Хіраньякашыпу, заплюшчыўшы вочы ад жаху, узняўся ў неба, бо іншага выйсця не заставалася. Нрысімхадэў злавіў яго ў паветры, як звычайную асу, і паклаў дэмана на калені, падтрымліваючы яго Сваімі сцёгнамі. Хіраньякашыпу спрабаваў вызваліцца ад кіпцюроў Госпада, але дарэмна. Так, у дзвярным праёме залы сходаў, на стыку дня і ночы, Нрысімхадэва разарваў дэмана на часткі Сваімі вострымі кіпцюрамі. З’явіўшыся паўльвом, паўчалавекам – то бо не зверам і не чалавекам; здзейсніўшы Сваю справу ў злавесную гадзіну змроку – не ўдзень і не ўначы; перакінуўшы дэмана праз калені ў дзвярным праёме палаца – не ўнутры сцен і не па-за імі; трымаючы яго на сцёгнах – то бо не ў паветры і не на зямлі; скарыстаўшыся Сваімі вострымі, як брытва, пазногцямі – якія не жывыя і не мёртвыя; Госпад Нрысімха забіў Хіраньякашыпу, не парушыўшы абяцання, дадзенага Ягоным адданым, Брахмам, шмат гадоў назад. Рот і грыва Нрысімхадэвы былі запырсканы крывёй. Ягоны гнеўны погляд немажліва было вытрымаць. Аблізваючы вусны, з гірляндай з вантробаў Хіраньякашыпу на шыі, Ён напамінаў ільва, які толькі што забіў слана і цешыцца кожным імгненнем перамогі. У руцэ Ён трымаў сэрца Хіраньякашыпу, якое толькі што выдраў з ягоных грудзей, як чалавек падбірае з зямлі кветку.

img

Забіўшы Хіраньякашыпу, чалавекалеў, натхнёны перамогай, грацыёзна сеў на багата ўпрыгожаны трон, што стаяў у зале сходаў. Гэты трон належаў калісьці Хіраньякашыпу. Усеўшыся, Ён каралеўскім жэстам падклікаў адданых, каб яны падзялілі з Ім гэтае імгненне ўрачыстасці. Аднак паўбагі – Брахма, Шыва і іншыя, збаяўшыся страшнага выразу Ягонага твару, які выдаваў Ягоны гнеў і лютасць, не асмеліліся наблізіцца, і толькі ўзносілі малітвы здалёку. Нават Лакшмі, Ягоная ўласная жонка, не захацела набліжацца да Яго, пакуль Ён знаходзіцца ў такім ваяўнічым і жахлівым настроі. Аднак маленькі Прахлада адважна падышоў да Ягонага масіўнага трона і ўзнёс малітвы, якія прыведзены ў вершах Бхагават Пураны (7.9.8-50). Далікатныя словы Прахлады ўлагодзілі Госпада Нрысімху, і Ягоны настрой змяніўся. Глыбокая любоў Ягонага чыстага адданага ператварыла Яго ў любаснага Госпада, якога так добра ведалі ўсе прысутныя. З вялікай любоўю сабраныя адданыя выгукнулі:

 

– Джай Нрысімхадэва! Слава, слава Госпаду Нрысімху!

img

Смерць Хіраньякашыпу прынесла ўсім палёгку, як быццам спыніўся, нарэшце, сусветны жар. Калі жонкі паўбагоў на райскіх планетах убачылі яго зрынутым Вярхоўнай Асобай Бога, іхныя твары заквітнелі ад радасці. Неба напоўнілася боскімі паветранымі караблямі, паўбагі білі ў барабаны, райскія танцоркі і танцоры радасна пайшлі ў скокі, а гандхарвы спявалі прыгожыя песні, усхваляючы гераізм Нрысімхадэва. Паўсюль дажджом сыпаліся кветкі перамогі, дхарма была адноўлена Самім Госпадам, свет вызваліўся ад Хіраньякашыпу, і цяпер Прахлада вольна ўзносіў малітвы адданасці Госпаду свайго жыцця.

Навігацыя: