Веды апавядаюць пра чатыры мэты, якія можа ставіць перад сабою чалавек. Мэты гэтыя ўніверсальныя і важныя для кожнай супольнасці ў кожнай краіне і кожнай эпосе. На санскрыце яны называюцца дхарма, артха, кама і мокша – 1) выкананне рэлігійных абавязкаў; 2) эканамічны росквіт; 3) пачуццёвыя асалоды і 4) збавенне, ці вызваленне ад матэрыяльных кайданоў. Гэты пералік не выпадковы, дасягненне кожнае наступнае мэты залежыць ад таго, ці дасягнутая папярэдняя мэта. Вось як гэта паясняюць ачар’і, ведыйскія духоўныя настаўнікі.
Без рэлігіі чалавечае грамадства не можа існаваць. У прыродзе чалавека – пакланяцца каму-небудзь ці чаму-небудзь. І, калі нават афіцыйна дзяржава абвяшчаецца свецкаю, няцяжка заўважыць, што людзі ўсё адно пакланяюцца правадырам, дыктатарам, фюрэрам, розным старшыням ці прэзідэнтам. Таксама ў чалавечым грамадстве ўшаноўваюць вялікіх паэтаў, музыкаў ды іншых вядомых дзеячаў навукі і мастацтва. У ведыйскім грамадстве пакланяліся выключна Богу, аднак у розныя часы рабілі гэта па-рознаму.
Бог ёсць асновай усяго, уласна з Ягонай энергіі Брахма ствараў сусвет. Пра гэта ў дэталях расказвае другая песня «Шрымад-Бхагаватам». Там сказана, што Брахма быў народжаны на кветцы лотаса, што расла з пупка Госпада Вішну. А як сусвет тады быў пусты, Брахму нічога не заставалася, як скарыстацца часткамі сусветнага цела Бога, каб стварыць сусвет такім, якім ён быў дагэтуль. Такім парадкам, усё, што нас атачае, – гэта праяўленне сусветнай формы Усявышняга Госпада. Пакланяцца Госпаду – значыць выкарыстоўваць Ягоную энергію ў служэнні Яму. Гэта падобна да таго, як сын, атрымаўшы кішэнныя грошы ад бацькі, купляе бацьку падарунак. Грошы ўва ўсякім выпадку застаюцца энергіяй бацькі, аднак такі паступак сына прыносіць бацьку асалоду. Бог – асоба, і Ён здольны адчуваць задавальненне або засмучэнне. Душа вечна злучаная з Богам дачыненнямі слугі і гаспадара, вось чаму Крышну (Богу) падабаецца, калі мы спрабуем аднавіць гэтыя згубленыя стасункі, падносячы Яму тое, што Ён хоча. Богу не патрэбныя ніякія матэрыяльныя рэчы, аднак, каб мы маглі праявіць сваю любоў да Яго, Ён кажа, што прыме нават «кветку, плод, лісток ці ваду, калі гэта паднесена з любоўю» (Бхагавад-гіта 9.26). Крышна (Бог) прымае толькі любоў. У гэтым сэнс слова «рэлігія».
Дхарма, рэлігійныя абавязкі, часам выконваюцца машынальна, без любові да Бога. Тым не менш, нават такія дзеянні маюць свае вынікі. Чалавечае грамадства, якое належным парадкам выконвае свае абавязкі ў рамках сістэмы варнашрамы, трэба ўважаць за грамадства, якое ідзе шляхам сапраўднае рэлігіі. «Дрэва спазнаецца праз плады», аналагічна даведацца, ці напраўду людзі ідуць рэлігійным шляхам, можна з росквіту эканомікі. У кантэксце Ведаў эканамічны росквіт не азначаў масавай вытворчасці спажывецкіх тавараў; таксама нідзе ў Ведах не сустракаецца наказаў штучна пашыраць патрэбы чалавека. Сучасная індустрыя, праз якую людзі страцілі свежае паветра і чыстыя вадаёмы, не ўважалася ў ведыйскай культуры за пазнаку эканамічнага росквіту. Знакам эканамічнага росквіту выступала карова. Карова ўспрымалася як маці, бо чалавек п’е ейнае малако. З малака гатуецца топленае масла, вельмі важнае пры агнявых ахвярапрынашэннях. Вось чаму ў ведыйскім сэнсе эканамічнае развіццё – гэта развіццё сельскай гаспадаркі, асабліва развядзенне кароў. Масавае забойства кароў – прыкмета бязбожнага грамадства. Такое грамадства не будзе ведаць міру. Усе ў такім грамадстве будуць гыркаць адно на аднаго, быццам каты з сабакамі, і доляю такога грамадства будуць войны ды галеча. Ніхто ў такім грамадстве не можа разлічваць на дасягненне трэцяй мэты – пачуццёвай асалоды. Цэнтрам пачуццёвае дзейнасці ёсць розум. Розум – гэта тонкая энергія нашае псіхікі, якая вызначае наш настрой і нават планы на будучыню. Дэпрэсіі, што ўзраслі да маштабаў нацыянальных бедстваў, ёсць на сённяшні дзень другою праблемаю пасля СНІДу. Ніхто не ведае, што такое супакой і шчасце. Людзі ўвесь час знаходзяцца ў трывозе. У пагоні за міражом матэрыяльнага поспеху людзі, не задумваючыся, робяць адзін грэх за другім, і глупства за глупствам. У «Шрымад-Бхагаватам» сказана, што ўдзень такія людзі цяжка працуюць, а ўначы або спяць, або займаюцца сэксам. Законы матэрыяльнае прыроды нязменныя, у адрозненне ад законаў, што прымаюцца ў заканадаўчых сходах свецкіх палітыкаў. Чым больш чалавек забывае пра сваю духоўную прыроду, тым больш матэрыяльная прырода прымушае яго цяжка працаваць. Часам, каб хоць неяк прыхарашыць сваё непрагляднае існаванне, людзі ўзводзяць такую быдлячую працу на пастамент вышэйшых чалавечых каштоўнасцяў. Аднак практыка паказвае, што, як толькі чалавеку выпадае магчымасць, ён перастае працаваць. Значыцца, без рэчаіснага развіцця эканомікі, асновай якой мае быць духоўнае развіццё (дхарма), чалавек не здольны задаволіць свае пачуцці і розум.
Нездаволеныя людзі ўвесь час варагуюць адно з адным, называючы сваю варожасць дбаннем пра нацыянальныя інтарэсы ці неяк яшчэ, аднак рэчаісная прычына такой варожасці – у нездаволеных патрэбах. Жыццё чалавека ў ведыйскай цывілізацыі было простае, але мысленне было ўзнёслым. Сапраўдныя веды ўтрымліваюцца ў найстаражытнейшых святых пісьмах свету – Ведах. Чалавек заўсёды імкнецца да ведаў, аднак сённяшні «адукаваны» скептык праз неабдуманасць адпрэчвае аўтарытэтныя пісьмы Ведаў і прыдумляе свае дарогі да шчасця. У выніку ў людзей фармуецца няправільнае ўяўленне пра чацвёртую мэту жыцця – збавенне.
Збавенне, ці вызваленне, заўсёды было ўлюбёнай тэмай абмеркавання ў колах філосафаў ды багасловаў. У наш час гэтых мудрых людзей замянілі навукоўцы, якія ўжо шмат гадоў б’юцца над стварэннем славутае таблеткі ад смерці. Але, калі азірнуцца назад, мы ўбачым, што ўсё, што стварылі навукоўцы за апошнія некалькі стагоддзяў, – гэта толькі яшчэ больш смяротныя віды зброі, прызначаныя не аддаляць, а набліжаць смерць. Вялікая хлусня, якою частуюць людзей ужо не першы год – прычына роспачы ў сучаснай моладзі, якая страціла арыенціры і не здольная адэкватна ўспрымаць рэальнасць. З нешматлікімі выняткамі, амаль уся сучасная моладзь перажывае востры крызіс, які палягае ў тым, што ў жыцці ў людзей няма мэты, апроч нажывы, і калі гэта мэта ўяўляецца недасяжнаю, у чалавека зусім знікае жаданне жыць. Чацвёртая мэта жыцця, паводле Ведаў – вызваленне ад кайданоў ілюзіі, спазнанне свайго праўдзівага «я», несмяротнага, вечна шчаслівага і споўненага ведання. Уласна Веды могуць дапамагчы сучаснаму чалавеку змяніць свой погляд на будучнасць, знайсці сябе і ў матэрыяльным, і ў духоўным плане, і зрабіць нас напраўду шчаслівымі.