Дзеі Госпада Баларамы

Баларама забівае Дхэнукасуру

Баларама забівае Дхэнукасуру

Дхэнукасура быў магутным дэманам, які прыняў форму асла. Са сваімі сябрамі-дэманамі ён займаў Талавану, адзін з дванаццаці лясоў Врындавана. Са страху перад гэтымі дэманамі ніхто ня мог падысці да Талаваны і паласавацца шматлікімі пладамі ў лесе. Баларама, па просьбе сваіх сяброў-пастушкоў, увайшоў у лес, каб забіць дэманаў. Там Ён пачаў трэсці пладовыя дрэвы і моцна шумець. Дхэнука, раз’юшаны ўварваннем, напаў на Балараму, брыкаючыся сваімі заднімі нагамі. Але Баларама лёгка падхапіў яго за ногі і круціў вакол сябе, пакуль ён не памёр. Калі іншыя сябры-дэманы Дхэнукі кінуліся ў атаку, Крышна і Баларама падхапілі іх і закінулі на дрэвы, забіўшы іх. Неўзабаве лес быў вызвалены ад дэманаў.

Баларама забівае Праламбасуру

Баларама забівае Праламбасуру

Аднойчы, калі Крышна і Баларама гулялі з пастушкамі, сярод іх з’явіўся дэман на імя Праламба, прыняўшы форму пастушка. Разумеючы непераможную моц Крышны, ён замест Яго вырашыў выкрасці Балараму. Напрыканцы гульні ў якасці пацярпелых паразу ён павінен быў несці Балараму на плячах. Несучы Госпада на плячах, Праламба імкліва пабег, але Баларама, зразумеўшы сапраўдную сутнасць дэмана, пачаў станавіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Ня вытрымаўшы цяжару, дэман прыняў сваю першапачатковую форму, якая нагадвала велізарную цёмную хмару, бліскучую і з залатымі арнаментамі. Баларама стукнуў дэмана кулаком па галаве, раскалоўшы яе на дзве часткі, і так забіў яго.

Баларама, праслаўлены Крышнам

img

Як старэйшы брат Крышны, Баларама быў аб’ектам Ягонай любові і павагі. Аднойчы, ідучы па лесе Врындавана, Крышна ўбачыў, як дрэвы нахіліліся, нібы аддаючы паклоны. Ён праслаўляў лотасавыя стопы Баларамы як аб’ект адданасці нават напаўбагоў. Ён сказаў, што дрэвы, якія былі імперсаналістамі ў папярэдніх жыццях, стаўшы сведкамі асабістай формы Баларамы, цяпер моляцца, каб Госпад Баларама багаславіў іх. Іншым часам, калі Баларама стамляўся ад гульні, Ён клаўся на калені аднаго з хлопчыкаў-пастушкоў, і Крышна асабіста расціраў Яму ногі, абмахваў Яго веерам з пальмавага лісця і служыў Яму. Такая была пяшчотная ўзаемная любоў паміж Крышнам і Баларамам.

Пакаранне Ямуны Дэві

Пакараньне Ямуны Дэві

Аднойчы Госпад Баларама, які ў той час жыў у Дварацы, вярнуўся ў Врындаван, каб застацца тут на два месяцы. Ён атрымліваў задавальненне, бавіўшы час са сваімі сяброўкамі гопі (адрознымі ад гопі Крышны). Захапляючыся такім баўленнем на беразе Ямуны ў Рама-гхаце, Госпад паклікаў Ямуну, каб Ён мог ахалодзіцца ў ейных водах. Калі Ямуна Дэві не адказала Яму, Госпад Баларама ўзяў Сваю любімую зброю, плуг, і пачаў цягнуць Ямуну, барануючы яе сотнямі пратокаў. Усвядоміўшы становішча Баларамы, Ямуна Дэві асабіста з’явілася перад Госпадам і прынесла Яму свае паклоны і малітвы. Супакоены такім чынам Госпад увайшоў і выкупаўся ў водах ракі.

Пакаранне Каўраваў

Пакараньне Каўраваў

Самба, родны сын Джамбаваты і Крышны, выкраў Лакшману, дачку Дур’ёдханы, з цырымоніі, дзе яна павінна была абраць сабе мужа. Раз’юшаныя Каўравы, даслаўшы шасцярых сваіх найвялікшых воінаў, пасля працяглага бою нарэшце арыштавалі Самбу. Калі Ядавы пачулі пра гэта, яны падрыхтаваліся да бітвы, але Госпад Баларама супакоіў іх, аддаючы перавагу мірнаму вырашэнню спрэчкі. Аднак, калі Ён папрасіў Каўраваў вярнуць Самбу і Лакшману, Каўравы ў адказ абразілі Яго і дынастыю Ядаваў. Разумеючы іхнае глупства і ганарлівасць, Баларама ўзяў Свой плуг і пачаў цягнуць горад Хастынапур у Гангу. Напалоханыя Каўравы адразу прыпалі да лотасавых стопаў Баларамы, просячы Яго літасці. Яны неадкладна вярнулі Самбу з Лакшманай,  ажанілі іх  у адпаведнасці з усімі правіламі і надарылі мноствам багатых падарункаў.

Баларама жэніцца з Рэваці

Баларама жэніцца з Рэваці

У Сацья-югу жыў кароль на імя Райвата, ягоная дачка Рэваці была вельмі прыгожай і валодала цудоўнымі якасцямі.  Не знайшоўшы ёй годнай пары, кароль з дачкой накіраваўся да Брахмы, каб атрымаць нейкую параду ў гэтай справе. У чаканні сустрэчы з Брахмам прайшоў некаторы час. Кароль Райвата быў узрушаны, даведаўшыся, што за кароткі тэрмін, праведзены на Брахмалоцы, на Зямлі ўжо мінулі мільёны гадоў, і цяпер сканчалася Двапара-юга. Аднак Госпад Брахма паведаміў каралю Райвату, што ў гэты час на Зямлі прысутнічае Госпад Баларама, які найбольш падыходзіць для таго, каб быць мужам Рэваці.

Вярнуўшыся, кароль Райвата звярнуўся да Баларамы з прапановай прыняць Рэваці як жонку. Аднак Рэваці належала да больш ранняй югі, калі людзі фізічна былі значна вышэйшыя. Таму Госпад Баларама паклаў Свой плуг на ейную галаву, пакуль Рэваці ня зменшылася да адпаведнага памеру і потым ажаніўся з ёй.

Баларама і Махабхарата

img

Увогуле, Баларама сымпатызаваў як Пандавам, так і Каўравам. Ён прыняў і Дур’ёдхану, і Бхіму ў якасці Сваіх вучняў для навучання майстэрству валодання булавой. Як настаўнік, Ён цаніў выдатную тэхніку Дур’ёдханы ў адрозненне ад грубай сілы Бхімы. У часы Махабхараты Ён адмовіўся прыняць чыйсьці бок і замест гэтага адправіўся ў працяглае паломніцтва да святых месцаў. Пасля бітвы паміж Бхімам і Дур’ёдханам Ён раззлаваўся на Бхіму за тое, што той забіў Дур’ёдхану падманам, але Шры Крышна супакоіў Яго.

Забойства Рамахаршаны

Забойства Рамахаршаны

Напрыканцы Двапара-югі тысячы мудрацоў сабраліся на берагах Наймішараньі, каб выканаць тысячагадовую яг’ю (ахвярапрынашэнне) ў жаданні спыніць наступ Калі-югі. Яны прызначылі сваім правадыром Рамахаршану, аднаго з галоўных вучняў В’ясадэвы, які  прысутнічаў у той час, калі Шукадэва Гасвамі апавядаў  «Шрымад-Бхагаватам» каралю Парыкшыту.

Калі Госпад Баларама прыйшоў на сход, усе прысутныя падняліся, каб выказаць Яму павагу, бо ўбачылі ў Ім Вярхоўную Асобу Бога. Аднак Рамахаршана, які ганарыўся тым, што ачольваў гэты сход, не падняўся. Госпад Баларама зразумеў, што, нягледзячы на тое, што Рамахаршана быў дасведчаным ведантыстам, ён так і не зразумеў сутнасць гэтага вучэння. Палічыўшы Рамахаршану некваліфікаваным, каб весці цырымонію, Баларама дакрануўся да яго травінкай, у выніку чаго той памёр. Затым Ён прызначыў Суту, сына Рамахаршаны, кіраўніком сходу і працягнуў Сваё паломніцтва.

Навігацыя: