Госпад, Вярхоўная Асоба, дасканалы і поўны. І, таму што Ён цалкам дасканалы, усе Ягоныя эманацыі, прынамсі гэты праяўлены свет, ідэальна надзеленыя ўсім, як поўныя цэлыя. Усё, што паўстае з Поўнага Цэлага, таксама ёсць поўным само па сабе. Бог ёсць Поўным Цэлым, і нават калі з Яго эмануе такое мноства закончаных адзінак, Ён застаецца ў дасканалай раўнавазе.
Поўнае Цэлае, або Найвышэйшая Абсалютная Праўда, – гэта дасканалая Асоба Бога. Усведамленне Безасабовага Брахмана, таксама як і ўсведамленне Параматмы (Звышдушы), ёсць няпоўным усведамленнем Абсалютнага Цэлага. Вярхоўная Асоба Бога – гэта sac-cid-ānanda-vigraha. Усведамленне безасабовага Брахмана – гэта ўсведамленне Ягонага аспекту сат, аспекту вечнасці, а Параматма, усведамленне Звышдушы, – гэта ўсведамленне Ягоных аспектаў сат і чыт, вечнасці і ведання. Але ўсведамленне Асобы Бога – гэта ўсведамленне ўсіх трансцэндэнтных якасцяў, сат, чыт і ананды, або асалоды. Калі чалавек усведамляе Асобу Бога, ён спасцігае ўсе гэтыя аспекты ўва ўсёй поўнасці. Як мы ўжо казалі, Асоба Бога – гэта sac-cid-ānanda-vigraha. Віграха – значыць «форма». І таму Поўнае Цэлае не ёсць бясформавым. Калі б Яно было бясформавае, або калі б саступала ў чымсьці Свайму стварэнню, Яно б не магло быць поўным. Поўнае цэлае мае мець усё, як у межах нашага, так і за межамі нашага досведу. Інакш Яно не можа быць поўным.
Поўнае Цэлае, Асоба Бога, валодае бязмежнымі энергіямі, і ўсе яны такія ж дасканалыя, як і Сам Госпад. Менавіта таму гэты праяўлены свет таксама самадастатковы і дасканалы. Дваццаць чатыры элементы, часовай праявай якіх выступае гэты матэрыяльны сусвет, цалкам прыстасаваныя для стварэння ўсяго патрэбнага, для падтрымання ды існавання гэтага сусвету. Каб падтрымліваць ягонае існаванне, не патрабуецца аніякіх старонніх намаганняў звонку. На існаванне гэтага сусвету адведзены вызначаны час, абмежаваны энергіяй Поўнага Цэлага. І калі гэты час мінае, гэтая часовая праява знішчаецца згодна з дасканалым планам Поўнага Цэлага.
Маленькім паўнацэнным часцінкам (жывым істотам) дадзеныя ўсе магчымасці для ўсведамлення Поўнага Цэлага. Розныя недасканаласці – вынік няпоўнасці ведаў пра Поўнае Цэлае. Чалавечая форма жыцця дае магчымасць жывой істоце цалкам праявіць сваю свядомасць. Жывая істота атрымлівае яе ў працэсе эвалюцыі, паслядоўна праходзячы кожную з 8 400 000 формаў жыцця. Калі, атрымаўшы гэтую форму, надзеленую дасканалай свядомасцю, чалавек не ўсведамляе свае дасканалае поўнасці ў складзе Поўнага Цэлага, то ён губляе шанец рэалізаваць сваю дасканаласць і, падпарадкоўваючыся законам матэрыяльнае прыроды, зноў трапляе ў эвалюцыйны цыкл.
Не разумеючы таго, што ў прыродзе ўжо існуе ўсё патрэбнае для падтрымання нашага існавання, мы намагаемся выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы для стварэння так званага паўнавартаснага жыцця, поўнага пачуццёвых асалод. Аднак гэтае зманлівае жыццё называецца ілюзіяй, таму што жывая істота не можа атрымліваць пачуццёвую асалоду, не будучы звязанай з Поўным Цэлым. Напрыклад, рука ёсць паўнацэннаю часткаю цэлага, пакуль яна прымацаваная да цела. Калі адсекчы руку, то яна будзе выглядаць як рука, але страціць усе ўласцівасці рукі. Падобна да гэтага, жывыя істоты ёсць неад’емнымі паўнавартаснымі часткамі Поўнага Цэлага, і да таго часу, пакуль яны аддзеленыя ад Поўнага Цэлага, іхныя ілюзорныя ўяўленні пра сваю дасканаласць не прынясуць ім жаданага здавальнення.
Поўнасць чалавечага жыцця можа быць рэалізаваная толькі тады, калі чалавечая форма жыцця занятая служэннем Поўнаму Цэламу. Усякае іншае служэнне ў гэтым свеце, будзь то сацыяльнае, палітычнае, грамадскае, міжнароднае або нават міжпланетнае, застанецца непаўнавартасным да тых часоў, пакуль яно не будзе звязанае з Поўным Цэлым. І калі ўсё, што робяць жывыя істоты, паўнацэнныя часткі Поўнага Цэлага, так ці інакш будзе звязана з Ім, яны таксама стануцца паўнацэннымі.