МАНТРА СЁМАЯ

यस्मिन्सर्वाणि भूतान्यात्मैवाभूद्विजानतः।
तत्र को मोहः कः शोक एकत्वमनुपश्यतः॥७॥
yasmin sarvāṇi bhūtāny
ātmaivābhūd vijānataḥ
tatra ko mohaḥ kaḥ śoka
ekatvam anupaśyataḥ

Паслоўны пераклад

yasmin — у сітуацыі; sarvāṇi — усе; bhūtāni — жывыя істоты; ātmā — cit-kaṇa, духоўная іскра; eva — толькі; abhūt — існуе як; vijānataḥ — таго, хто ведае; tatra — там; kaḥ — што; mohaḥ — ілюзія; kaḥ — што; śokaḥ — трывога; ekatvam — якасна адзіныя; anupaśyataḥ — таго, хто глядзіць на рэчы вачамі аўтарытэтаў, ці таго, хто ўвесь час бачыць усё такім парадкам.

Пераклад

Той, хто заўсёды бачыць усе жывыя істоты як духоўныя іскры, якасна роўныя Госпаду, успрымае ўсё так, як яно ёсць. Што ж тады можа ўвесці ў зман ці патрывожыць такога чалавека?

Каментар

Ніхто, апроч мадх’яма-адхікары і ўттама-адхікары, пра якіх гаварылася вышэй, не здольны правільна зразумець духоўную прыроду жывой істоты. Жывыя істоты ў якасным дачыненні тоесныя Вярхоўнаму Госпаду, гэтак жа як іскры вогнішча ў якасным дачыненні не адрозніваюцца ад полымя вогнішча. Аднак у колькасным дачыненні іскры адрозніваюцца ад вогнішча, бо колькасцю цяпла і святла, што выпраменьваецца іскрамі, яны не роўныя. Маха-бхагавата, вялікі адданы, бачыць адзінства ўсяго існага – у тым сэнсе, што ён бачыць усё як энергію Вярхоўнага Госпада. Паміж энергіяй і крыніцай энергіі няма розніцы, і таму існуе паняцце адзінства. Хоць з аналітычнага пункту гледжання цяпло і святло адрозніваюцца ад агню, слова «агонь» без цяпла і святла страціла б сваё значэнне. Такім парадкам, у сінтэзе цяпло, святло і агонь – адно і тое ж.

 

У гэтай мантры словы ekatvam anupaśyataḥ паказваюць на тое, што мы павінны глядзець на адзінства ўсіх жывых істот з пункту гледжання богаадкрытых пісьмаў. Асобныя іскры найвышэйшага цэлага (Бога) надзеленыя амаль васьмюдзесяццю адсоткамі вядомых якасцяў цэлага, але не роўныя Вярхоўнаму Госпаду ў колькасным дачыненні. Мы валодаем гэтымі якасцямі, але ў мізэрнай колькасці, таму што жывая істота ёсць толькі маленькай часцінкай найвышэйшага цэлага. Гэта можна параўнаць з кропляй вады і акіянам: колькасць солі ў кроплі вады з акіяна непараўнаная з колькасцю солі ўва ўсім акіяне, але тым не менш соль у кроплі якасна, у хімічным складзе, не адрозніваецца ад солі ў акіяне. Калі б індывідуальная жывая істота была роўная Вярхоўнаму Госпаду і якасна, і колькасна, то яна не трапіла б пад уплыў матэрыяльнай энергіі. У папярэдніх мантрах ужо гаварылася, што ніякія жывыя істоты, нават самыя магутныя паўбагі, не могуць перасягнуць Вярхоўную Істоту. Таму слова экатвам не мае на ўвазе, што жывая істота ўва ўсіх дачыненнях роўная Вярхоўнаму Госпаду. Ужытае ў шырэйшым сэнсе, яно паказвае на адзінства інтарэсаў Бога і жывой істоты, накшталт сям’і, дзе інтарэсы ўсіх ейных чальцоў супадаюць, ці нацыі, нацыянальныя інтарэсы якой адзіныя, нягледзячы на тое, што яна складаецца з вялікае колькасці самых розных людзей. Усе жывыя істоты ёсць чальцамі адной найвышэйшай сям’і, таму іхныя інтарэсы супадаюць з інтарэсамі Вярхоўнай Істоты. Жывыя істоты – дзеці Вярхоўнай Істоты. Як паказана ў «Бхагавад-гіце» (7.5), усе жывыя істоты ў свеце, уключаючы птушак, паўзуноў, насельнікаў водаў, дрэвы і г. д., спароджаныя памежнай энергіяй Вярхоўнага Госпада. Таму ўсе яны належаць да адной сям’і, на чале якой стаіць Вярхоўная Істота. У духоўным жыцці не можа быць сутыкнення інтарэсаў.

 

У «Веданта-сутры» (1.1.12) сказана: ānanda-mayo 'bhyāsāt – духоўныя істоты створаныя дзеля асалоды. З сваёй прыроды і канстытуцыі кожная жывая істота, уключаючы Вярхоўнага Госпада і кожную Ягоную часцінку, створаная дзеля вечнай асалоды. Жывыя істоты, змешчаныя ў матэрыяльную абалонку, увесь час шукаюць асалод, але яны шукаюць іх у неадпаведным для гэтага месцы. Апроч матэрыяльнага, існуе духоўны свет, дзе Вярхоўная Істота цешыцца са Сваімі незлічонымі спадарожнікамі. На гэтым узроўні няма нават следу матэрыяльных якасцяў, таму ён мае назву ніргуна. На ўзроўні ніргуны не бывае канфліктаў праз аб’екты асалоды. Тут, у матэрыяльным свеце, увесь час адбываюцца сутыкненні паміж рознымі істотамі, бо ў ім няма сапраўднага цэнтра асалоды. Сапраўдным цэнтрам асалоды ёсць Вярхоўны Госпад, цэнтр узнёслага і духоўнага танцу раса. Мы ўсе створаныя дзеля таго, каб далучыцца да Госпада і цешыцца жыццём без канфліктаў, прысвечаным адной трансцэндэнтнай мэце. Гэта найвышэйшы ўзровень духоўных памкненняў, і, як толькі мы ўсвядомім гэтую дасканалую форму адзінства, мы назаўжды пазбавімся ілюзіі (мохі) і смутку (шокі).

 

Бязбожная цывілізацыя ўзнікае з ілюзіі і спараджае толькі смутак. Людзі бязбожнай цывілізацыі, якую падтрымліваюць сучасныя палітыкі, увесь час знаходзяцца ў трывозе, бо ведаюць, што ў кожны момант ёй можа прыйсці канец. Такі закон прыроды. І, як сказана ў «Бхагавад-гіце» (7.14), выйсці з-пад улады суровых законаў прыроды можа толькі той, хто аддаўся лотасавым стопам Вярхоўнага Госпада. Значыцца, калі мы хочам пазбавіцца ўсіх зманаў і трывог і прывесці да адзінага складніка ўсе разнастайныя інтарэсы, мы павінны паставіць Бога ў цэнтр усёй нашай дзейнасці.

 

Плёны нашых дзеянняў павінны выкарыстоўвацца толькі дзеля служэння Госпаду і ні для якой іншай мэты, таму што, толькі служачы інтарэсам Госпада, мы можам адчуць інтарэс атма-бхута, пра які гаворыцца ў гэтай мантры. Інтарэс атма-бхута і інтарэс брахма-бхута, які згадваецца ў «Бхагавад-гіце» (18.54), ёсць адным і тым жа. Вярхоўная атма, душа, – гэта Сам Госпад, а драбнюткая атма – гэта жывая істота. Вярхоўная атма, ці Параматма, адна падтрымлівае існаванне ўсіх бясконца малых індывідуальных істот, таму што Вярхоўны Госпад хоча атрымаць задавальненне ад іхнае любові. Бацька пашырае сябе ў форме сваіх дзяцей і клапоціцца пра іх, каб атрымліваць задавальненне. Калі дзеці выконваюць волю бацькі, справы ў сям’і ідуць гладка, інтарэсы ўсіх ейных чальцоў супадаюць, і ў сям’і ствараецца спрыяльная атмасфера. Менавіта такая трансцэндэнтная гармонія пануе ў абсалютнай сям’і Парабрахмана, Вярхоўнага Духа.

 

Парабрахман ёсць такой жа асобаю, як і жывыя істоты. Ні Госпад, ні жывыя істоты не безасабовыя. Гэтыя трансцэндэнтныя асобы споўненыя трансцэндэнтнай асалоды, ведання і вечнага жыцця. Такая прырода духоўнага быцця, і, калі чалавек цалкам усведамляе гэтую трансцэндэнтную прыроду, ён адразу ж аддаецца лотасавым стопам Вярхоўнай Істоты, Шры Крышны. Але такія махатмы, вялікія душы, сустракаюцца вельмі рэдка, таму што такое трансцэндэнтнае бачанне можна атрымаць толькі пасля многіх жыццяў. Аднак для таго, хто аднойчы знайшоў яго, больш не існуе ні ілюзіі, ні смутку, ні нарадзінаў, ні смерці, ні іншых мук матэрыяльнага існавання, якія ўсе мы адчуваем у нашым цяперашнім жыцці. Такі сэнс гэтае мантры «Шры Ішапанішад».

Навігацыя: