Запісана 11 траўня 1973 года
на беразе Ціхага акіяна ў наваколлі Лос-Анджэлесу.
Д-р Сінгх: Шрыла Прабхупада, у «Бхагавад-гіце» я сутыкнуўся са сцверджаннем пра тое, што ўсе 8 400 000 відаў жыцця створаныя адначасна. Ці так гэта?
Шрыла Прабхупада: Так.
Д-р Сінгх: Ці азначае гэта, што некаторыя жывыя істоты атрымалі чалавечую форму жыцця адразу, абыходзячы эвалюцыйны працэс?
Шрыла Прабхупада: Так. Жывыя істоты пераходзяць з адной формы цела ў іншую. Самі гэтыя формы ўжо існуюць. Жывая істота ўсяго толькі перасоўваецца, як чалавек, які пераязджае з адной кватэры ў іншую. Ёсць кватэры першага класа, ёсць другога, а ёсць і трэцяга. Дапусцім, чалавек пераязджае з кватэры ніжэйшага класа ў кватэру першага класа. Ён застаецца тым жа, кім быў, але зараз, адпаведна сваім сродкам, то бок кармай 13, ён атрымлівае мажлівасць заняць кватэру вышэйшага класа. Пад сапраўднай эвалюцыяй маецца на ўвазе не фізічнае развіццё, а развіццё свядомасці. Вам гэта зразумела?
Д-р Сінгх: Як быццам. Вы маеце на ўвазе, што той, хто дэградуе да ніжэйшага ўзроўню жыцця, потым павінен паступова эвалюцыянаваць да вышэйшага?
Шрыла Прабхупада: Так. Калі ў вас з’яўляюцца грошы, вы можаце пераехаць у лепшую кватэру. Аднак кватэра ўжо існуе. Гэта не значыць, што кватэра ніжэйшага класа ператвараецца ў кватэру вышэйшага класа. Тэорыя Дарвіна абсурдная. Ён сказаў бы, што старая кватэра сталася кватэраю вышэйшага класа. Сучасныя навукоўцы лічаць, што жыццё ўзнікае з матэрыі. Яны кажуць, што мільёны гадоў назад была адна матэрыя, а жыцця не існавала. Мы з гэтым не згодныя. Ёсць дзве энергіі – жыццё і матэрыя, і жыццё ёсць спрадвечнай, вышэйшай энергіяй, а матэрыя – ніжэйшай, вытворнай ад яе.
Д-р Сінгх: Яны існуюць адначасна?
Шрыла Прабхупада: Так, але дух незалежны, а матэрыя залежная. Напрыклад, я змог бы жыць без рук ці ног. Калі б іх ампутавалі, я б не памёр. Значыцца, я не залежу ад рук ці ног, але рукі і ногі залежаць ад мяне, духоўнае душы, што знаходзіцца ў целе.
Д-р Сінгх: Але жыццё і матэрыя ўзнікаюць адначасна, так?
Шрыла Прабхупада: Не. Яны зусім не «ўзнікаюць». Яны ўжо існуюць. Ідэя «ўзнікнення» існуе толькі ў нас у розуме, таму што мы жывём у гэтым абмежаваным свеце, і бачым, што ўсё тут мае пачатак. Таму мы думаем, што ўсё павінна «ўзнікаць». Але напраўду матэрыя і дух ужо існуюць. Калі я з’яўляюся на свет, я думаю, што з майго нараджэння пачынаецца свет. Але свет ужо існуе. Іншы прыклад – агонь. Калі вы запальваеце агонь, святло і цяпло з’яўляюцца пазней? Не. Як толькі загараецца агонь, адначасна з ім з’яўляюцца святло і цяпло. Але калі я думаю: «Агонь загарэўся, але мне трэба пачакаць, пакуль з’явяцца святло і цяпло», – хіба гэта не глупства?
Д-р Сінгх: Але агонь – жарало цяпла і святла.
Шрыла Прабхупада: Вядома, аднак цяпло і святло існуюць адначасова з агнём. Аналагічна, вечныя жывыя істоты маюць многа разнастайных вечных жаданняў. І ўся разнастайнасць відаў таксама існуе вечна, каб даць магчымасць жывой істоце задавальняць свае разнастайныя вечныя жаданні.
Д-р Сінгх: То бок жывыя істоты змушаныя знаходзіцца ў розных целах згодна з гэтымі жаданнямі?
Шрыла Прабхупада: Так. Напрыклад, урад будуе турму, таму што ведае, што злачынцы з’явяцца. І калі злачынца судзяць і прызнаюць вінаватым, турма ўжо існуе, нават да вынясення прысуду. Аналагічна гэтаму, пра Бога кажуць, што Ён сарва-г’я, або Той, каму ўсё вядома. Таму Ён ведае, што некаторыя жывыя істоты стануць злачынцамі і паўстануць супраць служэння Яму. Яму вядомыя розныя жаданні, якія ўзнікаюць у жывых істот у матэрыяльным свеце пад уплывам трох гун матэрыяльнае прыроды. Таму Ён стварае адразу ўсе віды жыцця, каб у іх знайшлі прыстанне ўсе абумоўленыя душы.
Тры гуны матэрыяльнае прыроды – гэта саттва (даброць), раджас (жарсць) і тамас (невуцтва). З гэтых трох якасцяў пабудаваная ўся разнастайнасць аб’ектаў матэрыяльнага свету. Гэта падобна да таго, як, змешваючы тры асноўныя колеры (сіні, чырвоны і жоўты), можна атрымаць мільёны розных адценняў. У прыродзе існуе найтанчэйшы механізм кіравання гэтай прыладай. Згодна з «Бхагавад-гітай» [3.27], prakṛteḥ kriyamāṇāni guṇaiḥ karmāṇi sarvaśaḥ – «Усе дзеянні робяцца гунамі матэрыяльнай прыроды». І гэтыя гуны праяўляюцца ў розных біялагічных відах, якія складаюцца з раслін, дрэў, насельнікаў вод, людзей, паўбагоў, катоў, сабак і шмат каго іншага, агульнай колькасцю 8 400 000.
Вярхоўны Госпад прымае форму Параматмы, Звышдушы, якая знаходзіцца ў сэрцы ўсіх жывых істот. Нягледзячы на тое, што Звышдуша знаходзіцца ў матэрыяльным целе, яна нематэрыяльная, хоць і ёсць спрадвечнай крыніцай матэрыяльнага цела. Цяпло і святло ёсць энергіямі сонца, таму сонцу ніколі не бывае «горача». Накшталт гэтага для Параматмы няма адрознення паміж духоўным і матэрыяльным, бо абедзве энергіі – і матэрыяльная, і духоўная – выходзяць з яе. Часам мы бачым, што аблокі засланяюць сонца, але, насамрэч, гэта праяўленне нашай недасканаласці. На гэтай планеце мы часам бачым сонечнае святло, а часам сонца засцілаюць аблокі, але на сонцы, хоць яно і можа ствараць аблокі, можна бачыць толькі сонечнае святло. Падобным парадкам, падзел на матэрыю і дух справядлівы для нас, а для Бога паміж імі няма розніцы. Ці сходзіць Ён у так званым матэрыяльным целе ці ў духоўным, Ён заўсёды духоўны. Для Яго няма розніцы паміж матэрыяй і духам, бо Ён – крыніца энергіі. Ён можа ператвараць матэрыю ў дух, а дух у матэрыю.
Д-р Сінгх: Хімікі ды ўвогуле навукоўцы думаюць, што пэўныя спалучэнні хімічных элементаў могуць даць пачатак жыццю. Гэтымі элементамі, як яны кажуць, ёсць вуглярод, вадарод, азот і кісларод – асноўныя элементы, з якіх пабудаваныя целы жывых істот. Наколькі я разумею, Веды вучаць таму, што для развіцця жывой істоты дух павінен спачатку ўвайсці ў гэтыя ўжо існыя хімічныя элементы. Правільна?
Шрыла Прабхупада: Так. Напрыклад, зямля ўтрымлівае ўсё патрэбнае для развіцця расліны, але спачатку трэба пасадзіць у яе насенне. Падобным парадкам, ува ўлонні маці ёсць усё патрэбнае для стварэння іншага цела, але спачатку бацька павінен укласці семя ўва ўлонне маці, і тады ў ім пачне развівацца плод. Ад сабакі нараджаецца сабака, а ад чалавека – чалавек. Чаму? Таму што ў кожным целе ўжо ёсць усе патрэбныя кампаненты.
У маім целе ёсць пэўная колькасць хімічных рэчываў, у целе мурашкі іх менш, а ў целе слана больш. Таму, калі я магу стварыць значна больш хімічных рэчываў, чым мурашка, а слон нашмат больш, чым я, уявіце сабе, наколькі больш хімічных рэчываў можа стварыць Бог! Гэта і ёсць той асновай, на якую павінны абапірацца навукоўцы. Яны могуць выявіць, як вадарод і кісларод, злучаючыся, утвараюць ваду. Аднак гэта не дапаможа ім вызначыць крыніцу дадзеных рэчываў. Адкуль бярэцца такая велізарная колькасць вадароду ды кіслароду, патрэбная для стварэння акіянаў? Яны не ведаюць, як адказаць на гэтае пытанне. Але мы ведаем. Гэтыя рэчывы – вадарод і кісларод – утрымліваюцца ў вірат-рупе, сусветным целе Бога. Чаму навукоўцы не могуць зразумець такую простую ісціну? Вадарод і кісларод злучаюцца, каб стварыць ваду ў акіянах. Мы таксама прызнаем гэты факт. Але навукоўцы дзівяцца, калі чуюць, што крыніца такіх каласальных колькасцяў вадароду і кіслароду – ачынцья-шакці, то бок неспасціжная містычная сіла Госпада.
Д-р Сінгх: Я заўважыў, што ў навукоўцаў няма між сабою згоды наконт крытэрыю «жывога» і «нежывога». Некаторыя кажуць, што гэтым крытэрыем ёсць здольнасць да размнажэння. Гэта дае ім падставу сцвярджаць, што яны стварылі жыццё, бо буйныя малекулы ДНК 14, створаныя ў лабараторыі, валодаюць здольнасцю да рэплікацыі. Гэта значыць, што яны самі сабой могуць узнаўляць новыя малекулярныя ланцужкі. Адны навукоўцы сцвярджаюць, што гэтыя малекулы ДНК жывыя, а іншыя, што не.
Шрыла Прабхупада: Калі адны кажуць адно, а іншыя – другое, гэта значыць, што іх веды недасканалыя.
Д-р Сінгх: Ці можам мы вызначыць жывое як «тое, што валодае свядомасцю», а нежывое як «тое, што не валодае свядомасцю»?
Шрыла Прабхупада: Так, у гэтым і ёсць розніца паміж жывым і нежывым. Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце» [2.17]: avināśi tu tad viddhi yena sarvam idaṁ tatam – «Тое, што пранізвае ўсё цела, неразбуральнае». Кожны можа зразумець, пра што гаворка. Вядома, пра свядомасць. Форма цела, якое мы атрымліваем пасля смерці, вызначаецца нашай свядомасцю ў момант смерці. Калі вы маеце свядомасць сабакі, вы атрымаеце цела сабакі, а калі вы маеце боскую свядомасць, то цела паўбога 15.
Д-р Сінгх: Значыцца, душа атрымлівае цела ў адпаведнасці са сваімі жаданнямі?
Шрыла Прабхупада: Так. Крышна кожнаму даў мажлівасць атрымаць тое цела, якое ён хоча:
yānti deva-vratā devān
pitṝn yānti pitṛ-vratāḥ
bhūtāni yānti bhūtejyā
yānti mad-yājino ’pi mām
«Тыя, хто пакланяецца паўбагам, нараджаюцца сярод паўбагоў; тыя, хто пакланяецца духам, нараджаюцца сярод духаў; тыя, хто пакланяецца продкам, ідуць да продкаў, а тыя, хто пакланяецца Мне, будуць жыць са Мною» [Б.-г., 9.25].
Д-р Сінгх: Калі чалавек не дасягае вызвалення, ці мусіць ён нараджацца ўва ўсіх 8 400 000 відах жывых істот, перш як ізноў трапіць у чалавечае цела?
Шрыла Прабхупада: Не, паступовая эвалюцыя характэрная толькі для жывых істот, што належаць да ніжэйшых формаў жыцця: іх эвалюцыйнае развіццё падначальваецца законам прыроды. Але ў чалавечай форме жыцця жывая істота надзеленая развітой свядомасцю, гэта значыць валодае інтэлектам. Такім парадкам, калі яе свядомасць дастаткова развітая, яна не трапіць у цела сабакі ці ката – яна атрымае іншае чалавечае цела.
prāpya puṇya-kṛtāṁ lokān
uṣitvā śāśvatīḥ samāḥ
śucīnāṁ śrīmatāṁ gehe
yoga-bhraṣṭo ’bhijāyate 16
Словам ёга-бхраштах называюць таго, хто, прыступіўшы да практыкі ёгі, з той ці іншай прычыны не дамогся поўнага поспеху. Яму не пагражае эвалюцыя; яму зноў даецца чалавечае цела. Ён не атрымае цела ката ці сабакі. Тут таксама пасуе аналогія з кватэрамі, якую мы праводзілі: калі вы зможаце заплаціць больш, то атрымаеце лепшую кватэру. Вам не трэба ўсяляцца ў кватэру ніжэйшага класа.
Д-р Сінгх: Усё, што вы кажаце, цалкам супярэчыць тэорыі эвалюцыі Дарвіна.
Шрыла Прабхупада: Дарвін – махляр. Чаго вартая яго тэорыя? Мы адкідаем яго філасофію. Чым далей мы яе адшпурнём, тым больш прасунемся ў духоўнай свядомасці.
Д-р Сінгх: Многія навукоўцы сумняваюцца ў тэорыі Дарвіна. Але яго прыхільнікі сцвярджаюць, што жыццё пачалося з матэрыі і эвалюцыянавала ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў. Яны лічаць, што такія вышэйшыя біялагічныя віды, як жывёла і чалавек, не існавалі напачатку стварэння.
Шрыла Прабхупада: Дарвін і яго паслядоўнікі – махляры. Калі ў пачатку не было вышэйшых відаў, чаму яны ёсць цяпер? А таксама чаму ўсё яшчэ існуюць ніжэйшыя віды? Напрыклад, сёння можна сустрэць і інтэлектуала, і бязглуздага асла. Чаму абедзве гэтыя жывыя істоты жывуць адначасна? Чаму аслы не эвалюцыянавалі і не зніклі з паверхні зямлі? Чаму мы ніколі не бачылі, каб малпа нарадзіла чалавека? Уяўленне дарвіністаў пра тое, што чалавек паўстаў у вось такую і вось такую эпоху, абсурдныя. «Бхагавад-гіта» сцвярджае, што душа можа адразу перасяліцца ў той біялагічны від, у які захоча. Часам я езджу ў Амерыку, часам у Аўстралію, часам у Афрыку. Краіны ўжо ёсць. Я проста падарожнічаю па іх. Мой прыезд у Амерыку не азначае, што я стварыў Амерыку ці сам стаўся Амерыкай. І ёсць шмат краін, якіх я яшчэ не бачыў. Ці значыць гэта, што яны не існуюць? Навукоўцы, якія падтрымліваюць Дарвіна, – абсурдныя. «Бхагавад-гіта» ясна кажа, што ўсе біялагічныя віды існуюць адначасна, і што вы можаце абярнуцца ў тую жывую істоту, якая вам спадабаецца. Вы можаце нават трапіць ва ўладарства Бога, калі пажадаеце. Пра ўсё гэта Госпад Крышна расказвае ў «Бхагавад-гіце».