У «Бхагавад-гіце» Госпад кажа: «Чым бы ты ні займаўся, што б ты ні еў, якія б ні прыносіў дары, што б ні аддаваў і якую б тапасью ні здзяйсняў, рабі гэта, о сын Куньці, як паднашэнне Мне». (Б.-г., 9.27). Адначасова Крышна зазначае, што чалавек павінен есці толькі тое, што было спачатку прапанавана Яму. Такім чынам, прапанаванне ежы Крышну – неад’емная частка сістэмы бхакці-ёгі.
Госпад таксама апісвае віды паднашэнняў, якія Ён прымае: «Калі чалавек прапануе Мне з любоўю і адданасцю лісток, кветку, плод ці ваду, Я прыму гэта» (Б.-г., 9.26). Крышна наўмысна не ўключае ў гэты пералік мяса, рыбу і яйкі, таму адданы Крышны не прапануе Яму падобную ежу. Ён прапануе толькі самую лепшую, самую чыстую ежу. Само сабою зразумела, што гнілая плоць забітых на бойні жывёлаў ці зародкі курыцы да яе не адносяцца.
У свядомасці Крышны адданы прапануе Крышну ежу, і так выказвае сваю любоў да Яго. Нават у звычайным жыцці чалавек гатуе ежу для іншага ў знак любові і прыхільнасці да яго, і той шануе ня толькі саму ежу, але і любоў, з якой яна прыгатавана. Гэтак жа і з прапановай ежы Крышну – гэты працэс дапаможа нам развіць сваю любоў да Яго і адданасць Яму.
Вядома, цяжка любіць таго, каго мы ніколі ня бачылі, але ўнікальныя ведычныя пісанні дэталёва апісваюць асобавыя рысы Бога. У святых пісаннях іншых асноўных рэлігіяў свету пра Бога гаворыцца як пра Вярхоўнага Бацьку, але пра Ягоную асобу прыводзіцца на здзіўленне мала звестак. Хрыстос казаў пра сябе як пра сына Бога, Магамет быў Ягоным прарокам, але хто ж тады Сам Бог? Ён толькі ўскосна праяўляе Сябе – то як голас нябесны, то як запалены куст і гэтак далей.
Аднак, калі мы прызнаем, што Бог стварыў нас, мы можам зрабіць лагічную выснову, што і Сам Ён валодае атрыбутамі асобы – целам, індывідуальнасцю і ўсімі магчымасцямі і здольнасцямі розных пачуццяў і ворганаў. Калі зыходзіць з меркавання, што мы валодаем пэўнай формай і характарам, а ў Бога іх няма, то, такім чынам, у гэтым дачыненні мы пераўзыходзім Яго. Але нелагічна лічыць, што стварэнне можа ў нечым перасягнуць свайго Творцу. Такім чынам, калі мы валодаем якасцямі асобы, то і Бог з’яўляецца асобай, якая, валодаючы бязмежна магутнай духоўнай формай, тым ня менш застаецца асобай. Урэшце, гаворыцца ж, што мы створаны па вобразу і падабенству Бога.
На падставе ўласнага ўяўлення, заходнія мастакі звычайна малююць Бога магутным старцам з барадой. Але ў ведычнай літаратуры прыводзіцца дакладнае апісанне выгляду і асобавых рысаў Бога, прытым пісанні старажытнай Індыі – адзіная крыніца звестак такога роду. Перш за ўсё – Бог вечна юны. Акрамя таго, Ён валодае незвычайнымі якасцямі, якія прывабліваюць сэрцы і вумы нават вызваленых душаў. Ён дзівосна красамоўны і бязмежна мудры, вясёлы і адрачоны. Да таго ж, Ён увесь час цешыцца непаўторнымі трансцэндэнтнымі гульнямі са Сваімі вечнымі спадарожнікамі. У Ведах гаворыцца пра бясконцыя апісанні прывабных рысаў і якасцяў Вярхоўнай Асобы Бога. Таму Яго называюць «Крышна», ці «ўсепрывабны». Калі мы зразумеем асобу Бога, нам будзе значна лягчэй засяроджваць на Ім свае думкі, асабліва калі мы прапануем Яму ежу.
Паколькі Крышна валодае вярхоўнай магутнасцю і абсалютна духоўны, усё, што прыходзіць у судотык з Ім, таксама робіцца абсалютна чыстым і духоўным. Нават у матэрыяльнай прыродзе некаторыя аб’екты валодаюць ачышчальнай здольнасцю. Так, напрыклад, сонца сваімі магутнымі промнямі можа выпарваць чыстую, свежую ваду з забруджанага возера. Калі сонцу – матэрыяльнаму аб’екту – уласцівая такая здольнасць, то мы ня можам нават уявіць сабе ачышчальную сілу Вярхоўнай Асобы Бога, Крышны, Які без усякіх намаганняў стварае мільёны сонцаў.
З дапамогай Сваіх трансцэндэнтных энэргіяў Крышна можа ператварыць матэрыю ў дух. Калі мы пакладзем у агонь жалезны прут, неўзабаве ён распаліцца дачырвана і набудзе ўсе асноўныя якасці агню. Таксама і ежа – матэрыяльная субстанцыя, – калі яе прапанаваць Крышну, робіцца цалкам духоўнай. Такая ежа ператвараецца ў прасад, што на санскрыце азначае «міласць Бога».
Прасад у практыцы бхакці-ёгі мае вельмі вялікае значэнне. У іншых сістэмах ёгі чалавек павінен штучна стрымліваць свае пачуцці, тады як бхакці-ёга дае магчымасць займаць іх разнастайнай духоўнай дзейнасцю, якая прыносіць надзвычайнае задавальненне. Дзякуючы такой дзейнасці, пачуцці паступова адухаўляюцца і пачынаюць цягнуцца да духоўных асалодаў, якія намнога пераўзыходзяць тыя, што даступныя нам у матэрыяльным жыцці.
У ведычнай літаратуры ўтрымліваецца мноства апісанняў прасада і ягонага ўздзеяння на чалавека. Госпад Чайтанья, увасабленне Вярхоўнай Асобы Бога, які з’явіўся ў Індыі пяцьсот гадоў таму назад, так казаў пра прасад: «Кожнаму раней даводзілася есці гэтыя матэрыяльныя стравы, аднак цяпер яны набылі незвычайны смак і дзіўны водар, якія прыцягваюць вум і прымушаюць чалавека забыцца пра ўсе іншыя ласункі, таму што духоўны нектар з вуснаў Крышны дакрануўся да гэтай звычайнай ежы, і ёй перадаліся ўсе Ягоныя духоўныя якасці».
Разуменне вышэйшай мэты вегетарыянства вызначае перадусім выбар прадуктаў, якія мы збіраемся прапанаваць Крышну. У «Бхагавад-гіце» Госпад кажа, што ежу можна падзяліць на тры катэгорыі, у залежнасці ад гунаў матэрыяльнай прыроды – даброці, жарсці і невуцтва. Малочныя прадукты, цукар, гародніна, садавіна і арэхі – гэта ежа, якая адносіцца да гуны даброці, і яе можна прапанаваць Крышну. Зазвычай, ежу, якая адносіцца да гунаў жарсці і невуцтва, не прапануюць Крышну, які Сам кажа ў «Бхагавад-гіце» (17.9–10), што такая ежа «выклікае пакуты, няшчасці і хваробы» і што яна «нясмачная, гнілая і дрэнна пахне». Як няцяжка здагадацца, мяса, рыба і яйкі – гэта ежа, якая адносіцца да ніжэйшых гунаў матэрыяльнай прыроды, таксама як і часнок, цыбуля і грыбы. Іх ня трэба прапаноўваць Крышну.
Кава і гарбата, якія ўтрымліваюць кафеін, уяўляюць сабою наркатычныя сродкі, і іх таксама нельга прапаноўваць Крышну. Замест гэтага можна збіраць ці купляць травы і заварваць гарбату з іх.
Калі мы купляем прадукты, вельмі важна памятаць, што мяса, рыба і яйкі могуць уваходзіць у склад іншых прадуктаў, таму неабходна ўважліва вывучаць этыкеткі і ў сумнеўных выпадках пытаць прадаўца ці звяртацца на фабрыку. Напрыклад, некаторыя гатункі кісламалочных прадуктаў і смятаны ўтрымліваюць жэлацін, які вырабляецца з рагоў, капытоў і костак забітых на бойні жывёлаў. Трэба таксама пераканацца, што сыр, які вы купляеце, не ўтрымлівае сычуга – ферменту, які здабываецца з тканак цялячага страўніка.
Трэба таксама пазбягаць ежы (асабліва з зернебабовых), якую згатавалі неадданыя. У адпаведнасці з тонкімі законамі прыроды, свядомасць кухара ўплывае на ежу ня толькі на фізічным узроўні, але і на тонкім. Такая ежа робіцца правадніком няўлоўнага ўплыву на нашу свядомасць. Напрыклад, карціна, – гэта ня проста набор мазкоў на палатне, але і адлюстраванне настрою мастака, які перадаецца таму, хто на яе глядзіць. Такім чынам, калі мы ўжываем ежу, згатаваную людзьмі, якія ня маюць духоўнага ўсведамлення (напрыклад, работнікі якой-небудзь фабрыкі), мы, безумоўна, паглынаем пэўную дозу іхнай матэрыялістычнай свядомасці. Акрамя таго, наколькі магчыма, трэба ўжываць толькі свежыя натуральныя прадукты.
Калі мы гатуем ежу, незвычайна важна захоўваць чысціню, бо ахайнасць і праведнасць – родныя сёстры. Крышну нельга прапаноўваць нічога нячыстага, так што старайцеся трымаць кухню ў чысціні. Перш чым гатаваць, абавязкова памыйце рукі. Калі гатуеце, не каштуйце ежу. Гатаванне – гэта частка медытацыйнага працэсу, бо вы гатуеце ежу ня проста для сябе, але для таго, каб даставіць задавальненне Крышну, які павінен быць першым, хто скаштуе яе і нацешыцца ёю. Гатуйце паводле выпрабаваных рэцэптаў, і тады ў вас усё атрымаецца. Скончыўшы гатаванне ежы, вы можаце прапанаваць яе Крышну.
Добра мець талерку і іншыя сталовыя прылады, прызначаныя вылучна для Крышны. У ідэале яны павінны быць новымі, каб ніхто іншы імі не карыстаўся. Калі ежа гатова, можна пакласці на гэтую асобную талерку патроху ад кожнай стравы. Самы просты спосаб прапановы – проста сказаць: «Дарагі Госпад Крышна, калі ласка, прымі гэту ежу». Трэба памятаць, што сапраўдная мэта такога рытуалу – выказаць нашу адданасць і ўдзячнасць Госпаду, таму імкніцеся ўкласці ў гатаванне ежы для Крышны ўсю вашу любоў да Яго, і Ён абавязкова прыме вашае паднашэнне. Бог самадастатковы. Яму нічога ня трэба, так што гэтае паднашэнне – спосаб выказаць Яму нашую любоў і адданасць. Прапанаваўшы Крышну ежу, трэба на працягу некалькіх хвілінаў паўтараць мантру Харэ Крышна: Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна Крышна, Харэ Харэ / Харэ Рама, Харэ Рама, Рама Рама, Харэ Харэ. Потым прасад, што даслоўна азначае «міласць Госпада», можна падаваць да стала. Уся прыгатаваная ежа цяпер лічыцца прапанаванай Крышну, але тая, што непасрэдна знаходзілася на талерцы Крышны, асабліва шануецца і называецца маха-прасадам. Кожны павінен атрымаць хаця б маленькі кавалачак маха-прасаду. Паспрабуйце ацаніць духоўныя якасці прасаду і памятайце, што ён вызваляе нас ад уплыву кармы. Але, перадусім, цешцеся ім!
З часам вы, магчыма, захочаце прапаноўваць Госпаду ежу па ўсіх правілах, усталяваных для тых, хто практыкуе свядомасць Крышны ў сябе дома. Для гэтага вам неабходна зрабіць просты алтар з выявамі Госпада Крышны, Госпада Чайтаньі і Шрылы Прабхупады, духоўнага настаўніка руху Харэ Крышна. Розніца паміж спрошчаным рытуалам прапанавання ежы і поўным складаецца яшчэ і ў малітвах, якія трэба прамаўляць. Падчас прапанавання па ўсіх правілах тры разы чытаюць услых прыведзеныя ніжэй малітвы, схіліўшыся перад алтаром, на які вы паставілі паднос з паднашэннем для Крышны.
«У глыбокай пашане я схіляюся перад Шры Шрымад А.Ч. Бхакціведантам Свамі Прабхупадам, які вельмі дарагі Госпаду Крышну, бо знайшоў прыстанак у Ягоных лотасавых стопаў».
«О духоўны настаўнік, слуга Сарасваці Госвамі, я паважна схіляюся перад табой. Ты міласціва прапаведуеш навуку Госпада Чайтаньядэвы і нясеш вызваленне краінам Захаду, заражаным імперсаналізмам і філасофіяй пустэчы».
«О самае літасцівае ўвасабленне Госпада! Ты – Сам Госпад Крышна, Які з’явіўся як Шры Чайтанья Махапрабху. Цела Тваё залацістага колеру, як у Шрымаці Радхарані, і Ты шчодра раздаеш чыстую любоў да Крышны. Я выказваю Табе сваю пашану».
«Я выказваю сваю пашану Госпаду Крышну, Якому пакланяюцца ўсе брахманы. Ён – абаронца кароваў і брахманаў, вечны дабрадзей усяго свету. Я зноў і зноў у пашане схіляюся перад Вярхоўным Госпадам, Якога называюць Крышнам і Говіндам».
Пасля таго як вы прачыталі ўсе малітвы, ежа павінна заставацца на алтары дзесяць-пятнаццаць хвілінаў, пакуль Госпад каштуе яе. Гэты час вы можаце прысвяціць кіртану.