Гэты артыкул быў напісаны ў 1956 годзе Шры Набінам Чандрам Чакраварці – вучнем Шрылы Бхакцісідханты Сарасваці Тхакура. Пераклад зроблены В’яннатам дасам Брахмачары. Артыкул утрымвае выклад чатырнаццатае часткі «Падма-пураны» (падзел «Крыя сагарасара»).
Аднойчы вялікі мудрэц Джайміні Рышы сказаў свайму духоўнаму настаўніку В’ясадэву: «О Гурудэў! У мінулым з беспрычыннае ласкі сваёй ты апісаў мне славу Гангі, расказаў пра вялікія выгоды, што здабываюцца пакланеннем Госпаду Вішну і ахвяраваннямі зерня і вады, паказаў веліч, якую набывае чалавек, калі п’е ваду, якой былі абмытыя стопы брахмана. О першы сярод мудрацоў, Шры Гурудэў! З вялікім натхненнем я прагну пачуць гісторыю з’яўлення Экадашы і даведацца пра міласць, якая даруецца таму, хто трымаў пост у гэты святы дзень, у экадашы».
Шрыла В’ясадэва, пачуўшы гэтую просьбу Джайміні Рышы, перапоўніўся асалодай і адказаў: «Святы брахман Джайміні, расказаць дакладна пра плёны выканання экадашы можа толькі Вярхоўны Госпад Нараяна. Толькі Ён здольны апісаць іх ва ўсёй поўнасці. Я ж у адказ на тваё пытанне дам зусім кароткае апісанне:
На заранку гэтага матэрыяльнага свету Вярхоўны Госпад ствараў рухомых і нерухомых жывых істот. Разам з тым, каб караць людзей за неразумнае надужыванне сваёй волі, Ён стварыў асобу, чыя форма была ўвасабленнем граху, і даў ёй імя Папа-пуруша. Розныя часткі цела Папа-пурушы сталіся адпаведнікамі самых агідных відаў грэшнае дзейнасці:
ягоная галава – грэх забойства брахмана (святара);
ягоныя вочы – грэх ап’янення;
страўнік – забойства блізкіх (маці, бацькі, сына, дачкі);
ягоны рот – крадзеж золата;
пупок – забойства падапечных;
вушы – сэкс з жонкай гуру;
талія – праслаўленне сябе, самахвальства;
нос – забойства сваёй жонкі;
сьцёгны – абразы гуру;
рукі – забойства каровы;
геніталіі – продаж сваёй дачкі;
шыя – крадзеж ашчадкаў;
ягадзіцы – выдаванне тайны;
грудзі – грэх аборту;
стопы – забойства бацькі;
рэбры – сэкс з чужой жонкай;
валасы – іншыя менш цяжкія грахі.
Так Госпад стварыў жудасную істоту, якая ўвасабляла ўсе грахі і распусту. Цела істоты было чорнага колеру, а вочы – жоўтыя. І мела яна сваё прызначэнне – лютаваць ды мучыць грэшнікаў.
Вярхоўная Асоба Бога, Госпад Вішну, убачыўшы гэтае ўвасабленне граху, падумаў так: «Я – крыніца шчасця і няшчасця жывых істот. Я – іхны валадар. Я стварыў гэтую асобу, якая будзе несці бяду і гора бязбожнікам, распуснікам, хлусам і ўсім грэшнікам, каб праз пакуты даць ім ачышчэнне ды паказаць слушны шлях духоўнага дасканалення. Аднак зараз Я павінен стварыць кагосьці, хто будзе кантраляваць дзеянні Папа-пурушы». Так быў створаны бог смерці, Ямарадж. І было даручана яму ўзначаліць пякельныя планетарныя сістэмы. «Усе, хто з уласнае волі грашыць і парушае наказаныя Мной абавязкі, – падумаў Госпад, – пасля фізічнае смерці будуць адасланыя да Ямараджа. Ён адправіць грэшнікаў на пакуты да Папа-пурушы ў розныя сферы пекла, адпаведна учыненым грахам. Так будзе выконвацца асноўны закон матэрыяльнага свету – закон справядлівасці».
Уладкаваўшы ўсё такім парадкам, Вярхоўны Госпад на Гарудзе адправіўся ў валадарства Ямараджа. Калі Госпад Вішну з’явіўся перад Ямараджам, той неадкладна абмыў Ягоныя стопы, прынёс шчодрыя паднашэнні і прапанаваў залаты сталец.
Раптам Госпад пачуў вельмі гучныя жахлівыя крыкі, што даносіліся з поўдня. Госпад спытаўся ў Ямараджа: «Хто так жудасна і гучна крычыць?!»
Ямарадж адказаў: «О Госпад, розныя жывыя істоты з зямных планетарных сістэм у выніку сваёй грэшнай дзейнасці ўпалі ў гэтыя сферы пекла. Праз свае благія ўчынкі ў мінулым яны адчуваюць жудасныя пакуты цяпер. Невыносныя варункі прымушаюць іх цяжка мучыцца ды крычаць».
Пачуўшы гэта, Вярхоўны Госпад адправіўся на поўдзень. Калі насельнікі пекла ўбачылі, Хто прыйшоў, яны пачалі крычаць яшчэ гучней. Сэрца Госпада напоўнілася вялікім спачуваннем. Ён падумаў: «Я стварыў усіх гэтых істот, стварыў матэрыяльны свет і ягоныя законы, заснаваныя на ўсёагульнай справядлівасці. Цяпер гэтыя грэшнікі цяжка пакутуюць на працягу прызначанага за іхныя грахі часу».
В’ясадэва працягваў: «Джайміні, толькі паслухай пра тое, што Вярхоўны Госпад зрабіў далей. Пасля таго, як літасцівы Госпад падумаў пра ўсё гэта, Ён тут жа праявіў Сваю асабістую форму Боскасці – Шры Экадашы. Шры Экадашы – гэта адзінаццаты дзень пасля маладзіка і адзінаццаты дзень пасля поўні.
Атрымаўшы такую спагаду, грэшныя жывыя істоты пачалі выконваць наказаны Шры Экадашы зарок. У выніку яны вельмі хутка ачышчаліся духоўна і ўзвышаліся да трансцэндэнтнае сядзібы – Вайкунтхі. Дзіцё маё, Джайміні, вялікі дзень Шры Экадашы – праяўленая форма Вярхоўнага Госпада Вішну і Звышдушы, якая знаходзіцца ў сэрцах усіх жывых істот. Выкананне Шры Экадашы ўважаецца за найвышэйшую пабожную дзейнасць і за лепшы сярод усіх зарокаў.
Пасля з’яўлення Шры Экадашы Папа-пуруша паступова ўсвядоміў на сабе ўплыў гэтага дня. З пакорлівым сэрцам ён наблізіўся да Госпада Вішну і ўзнёс Яму свае шчырыя малітвы, чым задаволіў Госпада. Потым Папа-пуруша папрасіў даць яму багаславенне. «Якое багаславенне ты хочаш?» – спытаў Госпад. Папа-пуруша адказаў: «Я быў створаны Табою, і Ты задумаў, каб праз мяне вялікія грэшнікі атрымлівалі пакуты. Але цяпер дзякуючы ўплыву Шры Экадашы я амаль зрынуты. О Госпад, пасля маёй смерці ўсе Твае неад’емныя часцінкі, якія прынялі матэрыяльныя целы, вызваляцца і вернуцца ў духоўны свет Вайкунтхі. Калі такое вызваленне ўсіх жывых істот адбудзецца, тады хто будзе падыгрываць Тваім дзеям у матэрыяльным свеце? Не застанецца нікога, хто будзе браць удзел у Тваіх гульнях на зямных планетарных сістэмах! Госпад Вішну, калі Ты хочаш, каб гэтыя гульні працягваліся, то, калі ласка, выратуй мяне ад Шры Экадашы. Усякія вынікі ўсякай іншай пабожнай дзейнасці не здольныя ўтаймаваць мяне. Ніхто, апроч дня Шры Экадашы, які ёсць Тваёй асабістай праяўленай формай, не можа перашкодзіць мне. Ад страху перад Шры Экадашы я ратаваўся ўцёкамі і прымаў прытулак у людзей, жывёлін ды казурак, у гор і дрэў, у рухомых ды нерухомых жывых істот; хаваўся ў рэках, акіянах і лясах, на райскіх, зямных і пякельных планетах, у жыхароў неба ды гандхарваў. Я не магу знайсці сабе месца, дзе б я быў вольны ад страху перад Шры Экадашы! Дарагі Госпад, я – Тваё стварэнне, таму, калі ласка, пакажы мне такое месца, дзе я мог бы жыць без страху».
Потым В’ясадэва сказаў Джайміні: «Прамовіўшы гэта, Папа-пуруша прыпаў да стоп Вярхоўнага Госпада і зарыдаў. Назіраючы за ім з усмешкай, Госпад Вішну сказаў: «Папа-пуруша, устань, не смуткуй больш. Паслухай, у дзень Шры Экадашы, які ёсць багаславеннем для ўсіх жывых істот трох светаў, ты можаш атрымаць прытулак у ежы, згатаванай са збожжавых. Цяпер больш няма прычыны тваім трывогам».
Таму той, хто сур’ёзна настроены ісці слушнай дарогай і знайсці канчатковую духоўную выгоду, ніколі не павінен ужываць у дзень экадашы прадукты, якія ўтрымліваюць збожжавыя. Паводле сцверджання Госпада Вішну ўсякі грэх, які можна знайсці ў матэрыяльным свеце, уваходзіць у той час у збожжавыя. Кожны, хто выконвае экадашы, вызваляецца ад усіх грахоў і ніколі не трапляе ў пекла. Калі ж чалавек з прычыны ілюзіі, недасведчанасці ці ганарыстасці не трымае экадашы, то ён – вялікі грэшнік, не зважаючы на розную ягоную дабрачынную дзейнасць. З кожным праглынутым кавалкам збожжавых у экадашы жыхар зямных планет набывае эфект забойства мільёнаў брахманаў. Я зноў і зноў голасна паўтараю:
«У экадашы не ешце збожжавых! не ешце збожжавых! не ешце збожжавых!»
Незалежна ад варны (чатыры прафесійныя класы людзей: брахманы – святары, навукоўцы; кшатрыі – ваяры, уладнікі; вайш’і – камерсанты, гандляры; шудры – працоўныя) і ашрама (чатыры духоўныя этапы ў жыцці чалавека) кожны павінен выконваць экадашы-врату. Робячы так, чалавек зможа дасягнуць мэтаў сваіх варны і ашрама (да якіх ён належыць у пэўны перыяд часу).
Нават калі зарок экадашы выконваўся выпадкова ці праз памылку або падман, грахі чалавека знішчаюцца, і чалавек лёгка дасягае найвышэйшае мэты – духоўнае сядзібы Вайкунтхі».