МАНТРА ПЯТАЯ

तदेजति तन्नैजति तद्दूरे तद्वन्तिके।
तदन्तरस्य सर्वस्य तदु सर्वस्यास्य बाह्यतः॥५॥
tad ejati tan naijati
tad dūre tad v antike
tad antar asya sarvasya
tad u sarvasyāsya bāhyataḥ

Паслоўны пераклад

tat — гэты Вярхоўны Госпад; ejati — ходзіць; tat — Ён; na — не; ejati — ходзіць; tat — Ён; dūre — далёка адсюль; tat — Ён; u — таксама; antike — вельмі блізка; tat — Ён; antaḥ — унутры; asya — гэтага; sarvasya — усяго; tat — Ён; u — таксама; sarvasya — усяго; asya — гэтага; bāhyataḥ — па-за.

Пераклад

Вярхоўны Госпад і ходзіць, і не ходзіць. Ён далёка, і ў той жа час вельмі блізка. Ён знаходзіцца ўнутры ўсяго, і аднак Ён па-за ўсім.

Каментар

Тут апісваюцца некаторыя з трансцэндэнтных дзеяў Вярхоўнага Госпада, якія здзяйсняюцца Ягонымі неспасціжнымі энергіямі. Гэтыя супярэчлівыя сцверджанні даводзяць неспасціжнасць энергій Госпада. Ён ходзіць і не ходзіць. Гэтыя дзве фразы супярэчаць адна адной. Калі хтосьці можа хадзіць, то нелагічна казаць, што ён не можа хадзіць. Гэтыя супярэчнасці паказваюць неспасціжную ўсёмагутнасць Госпада. Абмежаванасць нашых ведаў не дазваляе нам пагадніць такія супярэчнасці, таму нашыя ўяўленні пра Госпада абмежаваныя сціслымі рамкамі розуму. Напрыклад, філосафы-імперсаналісты школы маявады прызнаюць толькі тыя дзеі Госпада, у якіх не праяўляюцца Ягоныя асабовыя якасці, і адпрэчваюць Ягоны асабовы аспект. Але школа бхагаваты, баронячы дасканалыя ўяўленні пра Госпада, гаворыць пра існаванне Ягоных неспасціжных энергій, якія дазваляюць Яму адначасова валодаць асабовымі і безасабовымі якасцямі. Бхагаваты ведаюць, што калі мы не прызнаем існаванне неспасціжных энергій, то сам выраз «Вярхоўны Госпад» страчвае сэнс.

 

Калі мы не бачым Госпада сваімі вачыма, гэта не азначае, што Госпада не існуе як асобы. Каб запярэчыць такім аргументам, «Шры Ішапанішад» сцвярджае, што Госпад далёка ад нас, але Ён таксама вельмі блізка да нас. Сядзіба Госпада знаходзіцца за межамі матэрыяльнага неба, межы якога нам невядомы. І мы не маем мажлівасцяў вызначыць памеры матэрыяльнага неба. Калі матэрыяльнае неба распасціраецца так далёка, то што казаць пра духоўнае неба, якое ўвогуле знаходзіцца за ягонымі межамі? Тое, што духоўнае неба змяшчаецца вельмі далёка ад матэрыяльнага сусвету, пацвярджаецца ў «Бхагавад-гіце» (15.6). Але, нягледзячы на тое, што Госпад знаходзіцца далёка ад нас, Ён можа адразу ж, менш чым за імгненне, з’явіцца перад намі з хуткасцю большай за хуткасць думкі ці ветру. Ён можа хадзіць так хутка, што ніхто не можа перагнаць Яго. Гэты факт ужо быў апісаны ў папярэднім вершы.

 

Аднак, калі Вярхоўны Госпад з’яўляецца перад намі, мы грэбуем Ім. Госпад асуджае такое грэбаванне ў «Бхагавад-гіце» (9.11), кажучы, што невукі кпяць з Яго, прымаючы Яго за адну са смяротных істот. Але Ён не ёсць смяротнай істотай і не паўстае перад намі ў целе, створаным матэрыяльнай прыродай. Шматлікія так званыя навукоўцы сцвярджаюць, што калі Госпад сходзіць у гэты матэрыяльны свет, Ён атрымлівае матэрыяльнае цела, падобнае да звычайных жывых істот. Такія неразумныя людзі прыпадабняюць Госпада да звычайнага чалавека, не ведаючы Ягоных неспасціжных здольнасцяў.

 

Госпад поўны неспасціжных энергій, таму Ён можа прыняць нашае служэнне ў кожнай форме і валодае мажлівасцю пераўтвараць Свае разнастайныя энергіі згодна са Сваёй уласнай воляй. Бязверцы сцвярджаюць, што Госпад не можа ўвасобіцца ў матэрыяльным свеце, або калі нават Ён і ўвасабляецца, то з’яўляецца ў целе, створаным з матэрыяльнай энергіі. Гэтыя аргументы губляюць моц, калі мы прымаем існаванне Ягоных неспасціжных энергій. Нават калі Госпад паўстае перад намі ў нейкай форме, створанай матэрыяльнай энергіяй, то для Яго цалкам магчыма пераўтварыць гэту матэрыяльную энергію ў духоўную. Усе энергіі падуладныя Ягонай волі, бо яны выходзяць з адной і той жа крыніцы. Напрыклад, Госпад можа з’яўляцца ў выглядзе арча-віграхі, або Боства, зробленага з зямлі, дрэва або каменю. Аднак гэтыя формы, створаныя з дрэва, каменю або ўсякага іншага матэрыялу, не ёсць стодамі, як лічаць іконаборцы.

 

Недасканалае бачанне, уласцівае ўсім, хто вядзе недасканалае матэрыяльнае існаванне, перашкаджае нам убачыць Вярхоўнага Госпада. Але, праяўляючы Сваю зычлівасць да адданых, якія жадаюць убачыць Яго матэрыяльнымі вачыма, Госпад з’яўляецца ў так званай матэрыяльнай форме, каб прымаць іхнае служэнне. Гэта не азначае, што такія адданыя, якія знаходзяцца на ніжэйшай ступені адданага служэння, пакланяюцца стоду. На самай рэчы яны пакланяюцца Госпаду, які пагадзіўся паўстаць перад імі ў даступным для іх выглядзе. Форма арча не ёсць формай, створанай на жаданне ці з прыхамаці вернікаў, а існуе заўжды, з усімі сваімі атрыбутамі. Гэта напраўду можа адчуць толькі шчыры адданы, але не атэіст.

 

У «Бхагавад-гіце» (4.11) Госпад кажа, што Ягоныя стасункі з адданым залежаць ад глыбіні любові і адданасці. Ён пакідае за Сабой права не выстаўляць Сябе напаказ нікому, акрамя тых, хто цалкам аддаецца Яму. Таму для адданай душы Госпад заўсёды дасягальны, а для неадданага Ён бясконца далёкі, і да Яго нельга наблізіцца.

 

Шастры звяртаюць увагу на два словы, якія часта ўжываюцца для характарыстыкі Госпада: сагуна (з якасцямі) і ніргуна (без якасцяў). Слова сагуна не азначае, што калі Госпад прыходзіць у матэрыяльны свет, Ён робіцца падуладным законам матэрыяльнай прыроды, хаця Ён і валодае якасцямі і з’яўляецца ў матэрыяльнай форме. Для Госпада няма розніцы паміж матэрыяльнай і духоўнай энергіяй, таму што Ён – крыніца ўсіх энергій, і таму, у адрозненне ад нас, Ён ніколі не падпадае пад іхны ўплыў. Матэрыяльная энергія падуладная Госпаду, таму Ён можа выкарыстоўваць яе ў Сваіх мэтах, не падпадаючы пад уплыў якасцяў гэтай энергіі. Гэта, аднак, не азначае, што Госпад ёсць чымсьці бясформавым. Урэшце Ён – вечная форма, спрадвечны Госпад. А Ягоны безасабовы аспект, ззянне Брахмана, – гэта ззянне, якое эмануе з Ягонай Асобы, аналагічна таму, як сонечныя прамяні ёсць ззяннем бога Сонца.

 

Калі Прахлада Махараджа, хлопчык-святы, стаяў перад сваім бацькам-атэістам, той спытаўся ў яго: «Дзе твой Бог?» Прахлада адказаў, што Бог знаходзіцца паўсюль. Раззлаваўшыся, бацька злосна спытаў, ці знаходзіцца ягоны Бог унутры калоны палацу, і дзіця адказала: «Так». Кароль-атэіст адразу ж разбіў калону, якая знаходзілася перад ім, на кавалкі, пасля чаго ў тое ж імгненне Госпад з’явіўся з калоны ў выглядзе Нрысімхі (паўчалавека-паўльва) і забіў караля-атэіста. Гэта азначае, што Госпад знаходзіцца ўнутры ўсяго, што створана Ягонымі рознымі энергіямі. Дзякуючы Сваёй неспасціжнай энергіі Ён можа з’явіцца ў кожным месцы, каб надарыць ласкаю Свайго шчырага адданага. Госпад Нрысімха з’явіўся з калоны не на загад караля-атэіста, а паводле жадання Свайго адданага Прахлады. Атэіст не можа загадаць Госпаду з’явіцца, але каб праявіць ласку да Свайго адданага, Госпад можа з’явіцца ў хоць якім месцы.

 

«Бхагавад-гіта» (4.8) таксама сцвярджае, што Госпад з’яўляецца ў гэтым свеце, каб знішчыць зладзеяў і абараніць Сваіх адданых. Вядома, што дзеля знішчэння бязбожнікаў Госпад мае шмат розных энергій і памочнікаў, якія і без Яго здольныя выканаць гэтую задачу. Але клопат пра Сваіх адданых прыносіць задавальненне Госпаду, і таму Ён асабіста ўвасабляецца ў матэрыяльным свеце. Напраўду Ён прыходзіць толькі дзеля таго, каб явіць ласку Сваім адданым, а не з якой-небудзь іншай мэтай.

 

У «Брахма-самхіце» (5.35) гаворыцца, што Говінда, спрадвечны Госпад, у вобразе Сваёй поўнай часткі пранізвае ўсё існае. Ён уваходзіць у сусвет і ў кожны ягоны атам. Ён знаходзіцца па-за ўсім у Сваёй форме вірат і ўнутры ўсяго як антар’ямі. Як антар’ямі Ён ёсць сведкам усіх нашых учынкаў і ўзнагароджвае нас плёнамі нашай дзейнасці (карма-пхала). Самі мы можам забыцца, што рабілі ў папярэднім жыцці, але Госпад – сведка нашых учынкаў, таму вынікі нашых дзеянняў ніколі не знікаюць, і мы будзем вымушаныя адчуваць на сабе іхныя наступствы.

 

Сапраўды, як звонку, так і ўнутры ўсяго няма нічога акрамя Госпада. Усё праяўляецца з Ягоных розных энергій, аналагічна як цяпло і святло выходзяць з агню. У гэтым сэнсе Ягоныя разнастайныя энергіі тоесныя адна адной. Але, нягледзячы на гэтую тоеснасць, Госпад у Сваёй асабовай форме атрымлівае асалоду ад усяго, што прыносіць асалоду пачуццям Ягоных маленькіх неад’емных часцінак – жывых істот.

Навігацыя: