10. Джыва. Жывая істота

img

Жывую істоту (джыватман ці проста джыва) адносяць да трэцяе катэгорыі шакці (татастха-шакці). Тата-стха азначае «які стаіць на беразе», г. зн. змешчаны на мяжы паміж двума станамі, што кажа пра дваістасць становішча джывы. Дваістасць гэтая палягае ў наступным: субстанцыйна джыва належыць да ўнутранай энергіі (антаранга-шакці), яна, як і іншыя шакці, сувечная Богу і таму таксама як і яны адносіцца да катэгорыі існасцяў сач-чыд-ананда (вечных, споўненых ведання і асалоды). Аднак, у адрозненне ад Бхагавана і вышэйшых шакці джыва колькасна і якасна абмежаваная і лакалізаваная ў прасторы, таму для яе заўсёды існуе небяспека трапіць у ілюзію і апынуцца пад уладаю матэрыяльнай энергіі. Усе джывы, якіх незлічонае мноства, і кожная з якіх валодае адзінкавай індывідуальнай свядомасцю ды самасцю (ахам-карай), спрадвечна ёсць насельнікамі Трансцэндэнтнага свету. Прызначэнне кожнай з іх – служыць Крышну сваім уласным непаўторным спосабам разам з іншымі джывамі і шакці. А як джыва абмежаваная, яна ніколі не бывае цалкам самастойнай і заўсёды знаходзіцца пад уладай адной з больш магутных шакці. Але служэнне Богу павінна адбывацца з пачуцця любові, а любоў немагчыма без свабоды. Джыва мае такую свабоду, але толькі ў пэўным сэнсе: ейная свабода – гэта магчымасць абіраць паміж бескарыслівасцю і эгаізмам, то бок, між тым, ці служыць Богу ды іншым істотам ці служыць толькі самой сабе. Джывы, якія абралі апошняе і з гэтае прычыны надужылі сваёй воляй, губляюць права на знаходжанне ў Трансцэндэнтным свеце і пераходзяць з пад улады антаранга-шакці пад уладу маі.

Джыва ў матэрыяльным свеце

Падзенне джывы ў матэрыяльны свет суправаджаецца стратаю духоўнага ведання. Там яна забывае пра ўсё, чым жыла ў Трансцэндэнтным свеце. Мая хавае жывую істоту ад яе самой, надаючы ёй матэрыяльнае цела і навязваючы ёй падманнае ўяўленне пра ейную самасць, якую з гэтага часу джыва пачынае атаясамліваць з уласным целам. У матэрыяльным свеце ў джывы з’яўляюцца іншыя ўяўленні пра прастору і час, іншае псіхалагічнае ўспрыманне свету. З гэтага часу яна бачыць свет у цалкам іншай каштоўнаснай перспектыве, дзе Бог адсутнічае. Разам з целам джыва знаходзіць цэлы комплекс уяўленняў, з якіх складаецца ейнае «падманнае эга» (ахам-кара). Сярод іх, калі мы кажам пра чалавечую форму жыцця, уяўленне пра сябе як пра істоту таго ці іншага полу, нацыянальнасці, веку, грамадскага і сямейнага стану, уяўленне пра сябе як пра гістарычную істоту і адпаведныя гэтаму ўяўленню памяць пра мінулае і бачанне будучыні.

 

Быццё джывы ў матэрыяльным свеце характарызуецца імкненнем знайсці шчасце (сукха) і пазбегнуць няшчасця (духкха), якія становяць сабою полюсы, што спараджаюць матэрыяльную актыўнасць жывой істоты сваім прыцягненнем і адштурхоўваннем. Але таму што ў матэрыяльным свеце шчасце і няшчасце непарыўна злучаныя між сабою, джыва ніколі не дасягае жаданага і змушаная бясконца гнацца за ілюзорным шчасцем, кожны раз натыкаючыся на ягоную процілегласць. Такая актыўнасць, якая нагадвае бег вавёркі ў коле, яшчэ глыбей занурае джыву ў ілюзію і робіць яе нявольніцай маі.

 

Структура гэтага нявольніцтва такая: у матэрыяльным свеце аб’екты пачуццёвага ўспрымання складаюцца з пяці грубых элементаў (панча-бхута): зямлі, вады, агню, паветра і эфіру. З тых жа самых элементаў складаецца і грубая целавая абалонка джывы. Часткаю гэтай абалонкі ёсць органы пачуццяў. Апроч грубай абалонкі, унутры яе, джыва мае і тонкае цела, якое складаецца з абалонак: манаса разам з індрыямі, буддхі і ахам-кары. Індрыі (пачуцці) з дапамогай органаў пачуццяў заўсёдна прывабліваюцца да сваіх аб’ектаў, якія становяць сабою розныя камбінацыі грубых матэрыяльных элементаў. Таму індрыі знаходзяцца ў залежнасці ад гэтых аб’ектаў. Манас (розум), які называюць таксама «шостым пачуццём», звязаны з індрыямі і цягнецца за імі, а буддхі (інтэлект) слабы, і таму праз тое, што ён не ў стане процістаяць манасу, ён «санкцыянуе» дзейнасць пачуццяў. Сама ж джыва пасіўна ідзе ўслед за буддхі, манасам і індрыямі, бо праз уплыў маі атаясамлівае сябе з імі (сам гэты прынцып уласнага атаясамлівання ёсць ахам-карай, «падманным эга»). Так, выкарыстоўваючы аб’екты матэрыяльнага свету, якія маюць перавагу над пачуццямі, розумам ды інтэлектам жывой істоты, мая пануе над джывай.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: