Найвялікшы сярод дэманаў Хіраньякашыпу ўзяў свой трызуб і звярнуўся да свайго войска дэманаў:
– О лепшыя сярод дэманаў свету! Выслухайце мяне ўважліва і неадкладна выканайце тое, што я скажу. Мае нікчэмныя ворагі, паўбагі, разам забілі майго дарагога брата Хіраньякшу. Хоць лічыцца, што Вішну аднолькава ставіцца да ўсіх – то бок да паўбагоў і дэманаў – насамрэч Ён прыняў бок дабрадзеяў і дапамог ім забіць Хіраньякшу. Ён прыняў аблічча вепрука, проста каб прынесці задавальненне Сваім адданым, нібы няўрымслівае дзіцё, якое бавіцца цацкамі. Таму я маю намер сваім трызубам адлучыць галаву Вішну ад Ягонага цела, і тым задаволіць майго брата Хіраньякшу, які так любіў кроў.
– Калі корань дрэва падсечаны, – працягваў Хіраньякашыпу, – дрэва высыхае, падае, і ягоныя галіны і парасткі гінуць самі сабой. Падобным чынам, калі я знішчу Вішну, паўбагі, якія жывуць толькі дзеля Яго, страцяць крыніцу свайго жыцця і загінуць. Пакуль я буду займацца знішчэннем Вішну, вы адпраўляйцеся марадзёрстваваць туды, дзе брахманы праводзяць ахвярапрынашэнні, і святыя здзяйсняюць свае аскезы. Разрабуйце і зруйнуйце ўсе месцы, дзе адданыя вывучаюць Веды і выконваюць запаведныя зарокі, і дзе набожныя людзі чыняць справы міласэрнасці. Забіце іх усіх! Ідзіце туды, дзе каровы знаходзяцца пад абаронай. Спаліце гэтыя месцы і ссячыце ўсе дрэвы, якія толькі ўбачыце.
Дэманам заўсёды падабаецца займацца разбуральнай дзейнасцю. Таму паслугачы Хіраньякашыпу з радасцю ў сэрцы прынялі ягоны загад і, перш як пайсці, выказалі яму сваю глыбокую павагу. У адпаведнасці з ягонымі ўказаннямі яны пачалі рабіць агідныя справы, каб прынесці гора ўсім жывым істотам. Яны падпальвалі гарады, вёскі, пашы, сады, палі і лясы. Яны палілі абіцелі пустэльнікаў, спусташалі рудні, дзе здабываліся каштоўныя металы, бурылі хаты і падворкі, рабавалі ўрадавыя будынкі. Некаторыя з дэманаў узялі крышаны і рыдлёўкі і пачалі бурыць масты, сцены і брамы. Іншыя, узброіўшыся сякерамі, секлі манга, джэкфруты і іншыя пладовыя дрэвы. Паслугачы Хіраньякашыпу сеялі паўсюль хаос і разбурэнне і паступова вымусілі людзей Зямлі адмовіцца ад дзейнасці ў рамках ведычнай культуры.
Ганарысты нораў Хіраньякашыпу быў усім вядомы: кароль дэманаў хацеў стаць бессмяротным, вызваліцца ад старасці і смерці. Ён хацеў нястрымна, бясконца і бесперапынку цешыцца. Нават само імя Хіраньякашыпу паказвае на схільнасць да золата і мяккай пасцелі, то бок на жаданне цешыцца багаццем і мець зносіны з процілеглым полам. Ён хацеў атрымаць усе містычныя сілы ёгі, скінуць паўбагоў і стаць уладаром усяго сусвету. Для гэтай мэты ён узяўся выконваць аскезы ў даліне ўзгорка Мандара. Ён стаяў на мысках, узняўшы рукі і выцягнуўшыся. Такое становішча вельмі нязручнае, але ён цярпеў, каб дамагчыся свайго. Год за годам ён працягваў стаяць у тым жа становішчы, не прамаўляючы ні слова і не прымаючы ані каліва ежы. Кажуць, ён здзяйсняў гэтыя аскезы трыццаць шэсць тысячаў гадоў.
Пасля гэтага незвычайнага змярцвення плоці, знясілены Хіраньякашыпу, здавалася, наблізіўся да мэты. Праз аскезу ён атрымаў непараўнальную містычную сілу. З ягонай галавы палаў агонь, які ззяў, нібы сонечныя промні ў час разбурэння сусвету, і языкі полымя і дым засланялі неба. Ягоны аскетычны вычын усхваляваў рэкі і акіяны. Паверхня зямнога шара, з усімі гарамі і выспамі, задрыжэла, а зоркі і планеты сышлі са сваіх арбітаў. Усё вакол палала, Хіраньякашыпу дасягнуў у ёзе небывалага поспеху.
Абпаленыя і змучаныя суровым аскетычным вычынам Хіраньякашыпу, паўбагі паспяшаліся да Брахмы.
– Стваральнік сусвету! Выслухай нашае маленне! – сказалі яны. – Здзейсніўшы найсуровыя аскезы, Хіраньякашыпу так парушыў касмічны парадак, што мы былі змушаны пакінуць свае дамы! О, найвялікшы сярод паўбагоў, спыні гэты хаос, калі ты лічыш гэта неабходным, і выратуй сваіх пакорлівых слугаў перш, чым яны будуць знішчаны!
– Хіраньякашыпу заявіў пра свае намеры, – працягвалі паўбагі. – Ён сказаў: «Самая важная асоба ў гэтым сусвеце, Брахма, заняў гэтае становішча, здзяйсняючы суровыя аскезы. Цяпер яго лічаць самым вялікім сярод жывых істотаў. Таму, каб заняць становішча Брахмы, я буду здзяйсняць свае аскезы столькі, колькі запатрабуецца, з жыцця ў жыццё, бо я, душа, вечны, і час таксама вечны. Атрымаўшы новую сілу, я ператвару рэлігію ў бязбожнасць і назаўжды скончу з любой праявай святасці».
Відавочна, што Хіраньякашыпу быў незвычайнай асобай. Звяртаючыся да Госпада Брахмы, паўбагі працягвалі:
– Ты ўладар трох светаў. Калі ласка, зрабі тое, што ты палічыш карысным.
Падахвочаны такім чынам да дзеяння, Брахма вырашыў сустрэцца з Хіраньякашыпу, для чаго ўзяў з сабой іншых мудрацоў. Сеўшы ў свой паветраны карабель у выглядзе лебедзя, Брахма стаў шукаць месца, дзе здзяйсняў свае аскезы дэман. Спачатку ён ня мог яго адшукаць, таму што цела Хіраньякашыпу было цалкам пагружана ў мурашнік, які зарос травой і быў амаль што незаўважны пад бамбукавымі стваламі. З цягам часу мурашкі паступова з’елі скуру, тлушч і кроў Хіраньякашыпу, так што ад ягонага цела засталіся адныя парэшткі. Нарэшце, Брахма заўважыў мурашнік, ад якога ішоў моцны жар і які быў падобны на сонца ў смузе аблокаў, і зразумеў, што рашучасць Хіраньякашыпу была такая вялікая, што ён нават схітраўся нейкім чынам падтрымліваць цыркуляцыю жыццёвага паветра ў костках.
Асцярожна наблізіўшыся да дэмана, Брахма з усмешкай звярнуўся да яго:
– Ачуйся, о сын Каш’япы! Твая трываласць прывяла мяне ў здзіўленне. Нягледзячы на тое, што тваё цела ядуць і кусаюць чарвякі і мурашкі, нягледзячы на тое, што ад яго засталіся адны косткі, ты і ў ім працягваеш падтрымліваць жыццё. Гэта неверагодна! Ніхто ніколі не распачынаў такіх аскезаў, і ніхто ніколі не вырашыцца на такое. Хто ўва ўсіх трох светах можа вытрымаць сто гадоў, не прымаючы ні кроплі вады? Ты зрабіў тое, на што не былі здольныя нават вялікія мудрацы. Паколькі ты дасягнуў дасканаласці ў аскезе, ты можаш папрасіць мяне пра што заўгодна, і я выканаю тваё жаданне, бо належу да нябеснага свету паўбагоў, якія не паміраюць як чалавечыя істоты.
Тут магутны Брахма дастаў свой збан і апырскаў парэшткі Хіраньякашыпу духоўнай вадой. Як толькі кроплі вады крануліся костак, да цела Хіраньякашыпу вярнулася былая сіла, і ён выйшаў з мурашніка. Калі ўвасобленае зло і Брахма зірнулі адзін на аднаго, яны абодва зразумелі, што свет змяніўся назаўжды.