Якую выгоду мае ў сабе дзень Экадашы?

« ... мне сам Усявышні казаў, што той, хто трымае экадашы, дасягне ўсяго, бо яны валодаюць адмысловай магутнасцю ачышчаць свядомасць і надзяляць асаблівай пабожнасцю».

 

Ведыйскі мудрэц Пуласцья Муні

img

Экадашы – самы ўлюбёны дзень Бога

Чаму ж менавіта дзень экадашы Госпад так любіць? Няўжо ў гэты дзень Ён атрымлівае штосьці каштоўнае і надзвычай важнае для Яго? Для многіх з нас улюбёны дзень – гэта дзень, які мае нейкую каштоўнасць ці нешта нам дорыць. Звычайна – гэта святочныя і выхадныя дні, г. зн. дні, калі мы забываем пра цяжкасці працоўных будняў, атрымліваем падарункі і цешымся.

Аднак гэта не пра Бога. Бог ёсць Вышэйшай Асобай ува ўсіх аспектах. Ягонае сэрца перапоўнена дабрынёй і любоўю, якімі Ён імкнецца надарыць кожную жывую істоту. І дні экадашы вельмі каштоўныя для Бога менавіта таму, што іншыя жывыя істоты маюць унікальную мажлівасць атрымаць вялікую выгоду. І гэтую асаблівую выгоду ніякім іншым спосабам атрымаць немажліва. Найбольш гэта тычыцца нашай эпохі, у якой мы жывём – Калі-югі.

Якую выгоду мае ў сабе дзень экадашы?

Усвядоміць незвычайную і рэдкую каштоўнасць дня экадашы дазваляюць святыя пісьмы. Вось некаторыя фрагменты з іх, якія апісваюць выгоду дня экадашы:

 

– Ні выгоду, якую можна атрымаць ад амавення ў святым месцы паломніцтва Шанкхад’ёхара (дзе Госпад забіў дэмана Шанкхасуру), ні карысць ад наўпроставага сузірання Госпада Гададхары, немажліва параўнаць з шаснаццаццю ўзнагародамі за выкананне посту ў экадашы.

 

– Той, хто дае міласціну ў першы дзень поўні, атрымлівае ўзнагароду ў 100 000 разоў большую, чым узнагарода ад абыклага ахвяравання. Той жа, хто дае міласціну ў дзень санкранці (раўнадзення), атрымлівае выгоду ў 400 000 разоў большую, чым выгода ад ахвяравання ў звычайны дзень. Аднак жа, проста трымаючы пост у экадашы, чалавек дасягае ўсіх гэтых добрых плёнаў, таксама як і плёну ад наведвання Курукшэтры падчас сонечнага ці месяцовага зацьмення!

 

– Адданая душа, што трымае поўны пост у экадашы, дасягае выгоды ў 100 разоў большай, чым выгода, якую ў мінулыя часы можна было атрымаць праз здзяйсненне надзвычай складанай яг’іашвамэдха-яг’і. Здзейсніць такую яг’ю ў наш век – немажліва!

 

– Той, хто хоць адзін раз дасканалым спосабам пасціў у дзень экадашы, атрымлівае тую ж выгоду, як і той, хто карміў тысячу жабракоў кожны дзень на працягу 60 000 гадоў! Або, у сучасным эквіваленце, – накарміў кожнага цяперашняга жыхара Зямлі (8 млрд. чалавек) 2,74 разы пышным абедам, не менш як з 5-ці страў! І плён гэтага вялікага намагання, які цяпер не пад сілу нікому з жыхароў Зямлі, атрымлівае той, хто проста посціць у дзень экадашы!

 

– Чалавек, які адзін раз правільна выканаў экадашы, атрымлівае выгоду, якая ў 10 разоў перавышае выгоду ад раздачы тысячы кароў дасведчаным брахманам. Аднак у цяперашнія часы знайсці хаця б аднаго такога брахмана практычна немажліва. Дый калі б і ўдалося знайсці такога брахмана, то хто ў сучасным грамадстве мае такую колькасць кароў?

 

– Чалавеку, які накарміў аднаго брахмачары, вяртаецца ў 10 разоў больш, чым таму, хто накарміў у сваёй хаце дзесяць годных брахманаў. Але той, хто дорыць зямлю беднаму і пабожнаму брахману, дасягае ў 1000 разоў большага, чым той, хто накарміў брахмачары. І ў 1000 разоў большая за гэта – выгода ад выдачы чыстай дзяўчыны замуж за маладога, добра адукаванага, прыстойнага мужчыну. Яшчэ ў 10 разоў большая за апошняе – выгода ад правільнага выхавання дзяцей і настаўлення іх на духоўным шляху, без чакання якой-колечы ўзнагароды. Але і яшчэ ў 10 разоў большая выгода – даваць (ахвяраваць) хлеб галоднаму (менавіта хлеб (ежу), а не грошы, нават, калі і на хлеб, як бедны можа сцвярджаць).

Вядома, даваць міласціну таму, хто ў ёй мае патрэбу, гэта вельмі добра: няма і не будзе найлепшага ахвяравання. Усе продкі і паўбагі на нябёсах вельмі радуюцца, калі чалавек раздае хлеб з міласэрнасці. Але выгода ад выканання поўнага посту ў дзень экадашы нагэтулькі неверагодная і бязмерная, што яе проста немажліва ацаніць. Таму ўсе спробы параўнаць выгоду ад посту ў дзень экадашы застаюцца марнымі. Гаворыцца, што: знаходжанне ў месцы паломніцтва; раздача міласціны; здзяйсненне вогненных ахвярапрынашэнняў маюць значэнне толькі датуль, пакуль не надыйшоў экадашы. Вось чаму кожны, хто жадае ўнікнуць пакут матэрыяльнага свету, павінен трымаць пост у дзень экадашы.

Дзень экадашы – унікальны шанец у жыцці кожнай жывой істоты

Цягам тысяч жыццяў усе вялікія і магутныя асобы мінулага імкнуліся да здабыцця духоўнай выгоды і поспеху. І з усяго вышэй пералічанага, што жывая істота можа зрабіць дзеля гэтага, самае простае – трымаць пост у дзень экадашы, улюбёны дзень Вярхоўнага Госпада.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, лістапад 2022
Навігацыя: