Хоць Вярхоўны Бог-Асоба заўсёды застаецца ў Сваёй сядзібе, Ён хутчэй за розум і можа адолець усіх, хто бяжыць. Магутныя паўбагі ня могуць наблізіцца да Яго. Знаходзячыся ў адным месцы, Ён у той жа час кіруе тымі, хто забясьпечвае паветрам і дажджом. Ён перасягае ўсіх у дасканаласьці.
Вярхоўны Госпад, які ёсьць Абсалютнай Асобай Бога, неспасьціжны нават для найвялікшых філёзафаў, якія спрабуюць спазнаць Яго пры дапамозе свайго розуму. Яго могуць спазнаць толькі Ягоныя адданыя, да якіх Ён выказвае асаблівую ласку. У «Брахма-самхіце» (5.34) сказана, што філёзаф, які ня ёсьць адданым Госпада, можа вандраваць у космасе з хуткасьцю думкі або паветра на працягу сотняў мільёнаў гадоў, але нягледзячы на гэта Абсалютная Праўда ўсё адно будзе бясконца далёкай ад яго. Далей у «Брахма-самхіце» (5.37) сказана, што Вярхоўны Госпад, Абсалютная Асоба Бога, вечна знаходзіцца ў трансцэндэнтным сьвеце ў Сваёй сядзібе, якая называецца Галокай, дзе Ён атрымоўвае асалоду ад Сваіх гульняў. Але дзякуючы Сваёй неспасьціжнай магутнасьці Ён можа адначасова знаходзіцца ў кожнай частцы Сваёй стваральнай энэргіі. У «Вішну-пуране» энэргіі Госпада параўноўваюцца зь сьвятлом і цяплом, якія вылучаюцца агнём. Агонь можа распаўсюджваць сваё сьвятло і цяпло, знаходзячыся на адным месцы. Таксама й Абсалютная Асоба Бога распаўсюджвае Свае розныя энэргіі паўсюль, знаходзячыся ў Сваёй трансцэндэнтнай сядзібе.
Энэргіяў Госпада бясконцая колькасьць, але ўсе яны падзяляюцца на тры катэгорыі: унутраная, памежная і вонкавая энэргіі. Кожная з гэтых катэгорыяў мае мільёны падвідаў. Паўбагі, надзеленыя ўладаю кіраваць прыроднымі стыхіямі і зьявамі (паветрам, сьвятлом, дажджом і г. д.), тычацца да катэгорыі памежнай энэргіі Абсалютнай Асобы. Жывыя істоты, якія знаходзяцца на больш ніжэйшым роўні разьвіцьця, у тым ліку і людзі, таксама тычацца да памежнай энэргіі Госпада. Матэрыяльны сьвет – гэта стварэньне вонкавай энэргіі Госпада, а духоўнае неба, то бо валадарства Бога, ёсьць праявай Ягонай унутранай энэргіі.
Такім парадкам, розныя энэргіі Бога бытуюць паўсюль. Хоць паміж Ім і Ягонымі энэргіямі няма ніякае розьніцы, гэта яшчэ ня значыць, што мы маем прымаць гэтыя энэргіі за Найвышэйшую Праўду. З гэтага таксама ня трэба рабіць памылковую выснову, што калі Госпад распаўсюджвае Сябе паўсюль у форме Сваіх энэргіяў, Ён робіцца безасабовым і страчвае Сваю індывідуальнасьць. Людзі прывыклі рабіць высновы толькі згодна з сваёй здольнасьцю разумець, але Вярхоўны Госпад не падпарадкоўваецца абмежаваным здольнасьцям нашага інтэлекту. Менавіта з гэтае прычыны Ўпанішады папярэджваюць нас, што ніхто ня можа наблізіцца да Госпада, разьлічваючы на свой уласны абмежаваны патэнцыял.
У «Бхагавад-гіце» (10.2) Госпад кажа, што ніхто, нават вялікія рышы і суры, ня могуць спасьцігнуць Яго. Дык што ж тады можна сказаць пра асураў, для якіх шляхі Госпада застаюцца схаванай таямніцай? У гэтай чацьвёртай мантры недвухсэнсоўна заяўлена, што Абсалютная Праўда ў выніку ёсьць Абсалютнай Асобай. Іначай не было б патрэбы згадваць гэтулькі разнастайных аргумэнтаў, каб пацьвердзіць тое, што Госпад валодае якасьцямі асобы.
Асобныя цэласныя адзінкі энэргіяў Бога, хоць і валодаюць усімі прыкметамі Самога Госпада, маюць абмежаваныя сфэры дзейнасьці, і таму ўсе яны – абмежаваныя. Часткі ніколі не параўнаюцца з цэлым, таму яны ніколі ня змогуць спасьцігнуць усе магчымасьці Госпада. Пад уплывам матэрыяльнае прыроды неразумныя жывыя істоты, якія ёсьць усяго толькі неад’емнымі часьцінкамі Госпада, спрабуюць уявіць сабе трансцэндэнтнае становішча Госпада. «Шры Ішапанішад» папярэджвае іх пра дарэмнасьць спробаў спасьцігнуць Госпада спосабам спэкулятыўных разважаньняў. Трэба старацца спасьцігнуць Трансцэндэнтнае з найвышэйшае крыніцы – Ведаў, якія ўжо ўтрымоўваюць усю інфармацыю пра Трансцэндэнтнае.
Кожная часьцінка Поўнага Цэлага надзеленая пэўнай асаблівай энэргіяй, каб дзеяць адпаведна волі Госпада. Калі неад’емная часьцінка, жывая істота, забывае пра сваю асаблівую дзейнасьць паводле волі Госпада, гэта азначае, што яна знаходзіцца ў маі (ілюзіі). Таму «Шры Ішапанішад» з самага пачатку папярэджвае нас, што мы павінны старацца выконваць тую ролю, якая адведзеная нам Госпадам. Але гэта не азначае, што індывідуальная душа ня можа праяўляць незалежнасьць дзеяньняў. Як неад’емная часьцінка Госпада душа мае валодаць і незалежнасьцю дзеяньняў, уласьцівай Госпаду. Правільнае прыкладаньне сваёй ініцыятывы, то бо здольнасьць дзеяць з разуменьнем таго, што ўсё ёсьць энэргіяй Госпада, можа дапамагчы чалавеку адрадзіць у сабе спрадвечную сьвядомасьць, якая была страчаная праз сутык з маяй, вонкавай энэргіяй.
Усю сваю энэргію мы атрымоўваем ад Госпада, таму яе трэба выкарыстоўваць толькі дзеля выкананьня волі Госпада і ні на што іншае. Госпада можа спазнаць толькі той, хто скарыўся Яму. Дасканалае веданьне азначае спазнаньне Госпада ўва ўсіх Ягоных аспэктах, спазнаньне Ягоных энэргіяў і таго, як яны дзеюць, падпарадкоўваючыся Ягонай волі. Гэта падрабязна апісваецца ў «Бхагавад-гіце», якая ёсьць квінтэсэнцыяй усіх Упанішадаў.