МАНТРА СЁМАЯ

यस्मिन्सर्वाणि भूतान्यात्मैवाभूद्विजानतः।
तत्र को मोहः कः शोक एकत्वमनुपश्यतः॥७॥
yasmin sarvāṇi bhūtāny
ātmaivābhūd vijānataḥ
tatra ko mohaḥ kaḥ śoka
ekatvam anupaśyataḥ

Паслоўны пераклад

yasmin — у сытуацыі; sarvāṇi — усе; bhūtāni — жывыя істоты; ātmā — cit-kaṇa, духоўная іскра; eva — толькі; abhūt — існуе як; vijānataḥ — таго, хто ведае; tatra — там; kaḥ — што; mohaḥ — ілюзія; kaḥ — што; śokaḥ — трывога; ekatvam — якасна адзіныя; anupaśyataḥ — таго, хто глядзіць на рэчы вачыма аўтарытэтаў, ці таго, хто ўвесь час бачыць усё такім парадкам.

Пераклад

Той, хто заўсёды бачыць усе жывыя істоты як духоўныя іскры, якасна роўныя Госпаду, успрымае ўсё так, як яно ёсьць. Што ж тады можа ўвесьці ў зман ці патрывожыць такога чалавека?

Камэнтар

Ніхто, апроч мадх’яма-адхікары і ўттама-адхікары, пра якіх гаварылася вышэй, ня здольны правільна зразумець духоўную прыроду жывой істоты. Жывыя істоты ў якасным дачыненьні тоесныя Вярхоўнаму Госпаду, гэтак жа як іскры агнішча ў якасным дачыненьні не адрозьніваюцца ад полымя агнішча. Аднак у колькасным дачыненьні іскры адрозьніваюцца ад агнішча, бо колькасьцю цяпла і сьвятла, што выпраменьваецца іскрамі, яны ня роўныя. Маха-бхагавата, вялікі адданы, бачыць адзінства ўсяго існага – у тым сэнсе, што ён бачыць усё як энэргію Вярхоўнага Госпада. Паміж энэргіяй і жаралом энэргіі няма розьніцы, і таму існуе паняцьце адзінства. Хоць з аналітычнага пункту гледжаньня цяпло і сьвятло адрозьніваюцца ад агню, слова «агонь» безь цяпла і сьвятла страціла б сваё значэньне. Такім парадкам, у сынтэзе цяпло, сьвятло й агонь – адно і тое ж.

У гэтай мантры словы ekatvam anupaśyataḥ паказваюць на тое, што мы павінны глядзець на адзінства ўсіх жывых істотаў з пункту гледжаньня богаадкрытых пісьмаў. Асобныя іскры найвышэйшага цэлага (Бога) надзеленыя амаль васьмюдзесяцьцю адсоткамі вядомых якасьцяў цэлага, але ня роўныя Вярхоўнаму Госпаду ў колькасным дачыненьні. Мы валодаем гэтымі якасьцямі, але ў мізэрнай колькасьці, таму што жывая істота ёсьць толькі маленькай часьцінкай найвышэйшага цэлага. Гэта можна параўнаць з кропляй вады і акіянам: колькасьць солі ў кроплі вады з акіяну непараўнаная з колькасьцю солі ўва ўсім акіяне, але тым ня менш соль у кроплі якасна, у хімічным складзе, не адрозьніваецца ад солі ў акіяне. Калі б індывідуальная жывая істота была роўная Вярхоўнаму Госпаду і якасна, і колькасна, то яна ня трапіла б пад уплыў матэрыяльнай энэргіі. У папярэдніх мантрах ужо паясьнялася, што ніякія жывыя істоты, нават самыя магутныя паўбагі, ня могуць перасягнуць Вярхоўную Істоту. Таму слова экатвам ня мае на ўвазе, што жывая істота ўва ўсіх дачыненьнях роўная Вярхоўнаму Госпаду. Ужытае ў шырэйшым сэнсе, яно паказвае на адзінства інтарэсаў Бога і жывой істоты, накшталт сям’і, дзе інтарэсы ўсіх ейных чальцоў супадаюць, ці нацыі, нацыянальныя інтарэсы якой адзіныя, нягледзячы на тое, што яна складаецца зь вялікае колькасьці самых розных людзей. Усе жывыя істоты ёсьць чальцамі адной найвышэйшай сям’і, таму іхныя інтарэсы супадаюць з інтарэсамі Вярхоўнай Істоты. Жывыя істоты – дзеці Вярхоўнай Істоты. Як заяўлена ў «Бхагавад-гіце» (7.5), усе жывыя істоты ў сьвеце, улучаючы птушак, паўзуноў, насельнікаў водаў, дрэвы і г. д., спароджаныя памежнай энэргіяй Вярхоўнага Госпада. Таму ўсе яны належаць да адной сям’і, на чале якой стаіць Вярхоўная Істота. У духоўным жыцьці ня можа быць сутыкненьня інтарэсаў.

У «Веданта-сутры» (1.1.12) сказана: ānanda-mayo 'bhyāsāt – духоўныя істоты створаныя дзеля асалоды. З сваёй прыроды і канстытуцыі кожная жывая істота, улучаючы Вярхоўнага Госпада і кожную Ягоную часьцінку, створаная дзеля вечнай асалоды. Жывыя істоты, зьмешчаныя ў матэрыяльную абалонку, увесь час шукаюць асалодаў, але яны шукаюць іх у неадпаведным для гэтага месцы. Апроч матэрыяльнага, існуе духоўны сьвет, дзе Вярхоўная Істота цешыцца з Сваімі незьлічонымі спадарожнікамі. На гэтым роўні няма нават сьледу матэрыяльных якасьцяў, таму ён мае назву ніргуна. На роўні ніргуны не бывае канфліктаў праз аб’екты асалоды. Тут, у матэрыяльным сьвеце, увесь час адбываюцца сутыкненьні паміж рознымі істотамі, бо ў ім няма сапраўднага цэнтра асалоды. Сапраўдным цэнтрам асалоды ёсьць Вярхоўны Госпад, цэнтар узьнёслага і духоўнага танцу раса. Мы ўсе створаныя дзеля таго, каб далучыцца да Госпада і цешыцца жыцьцём без канфліктаў, прысьвечаным адной трансцэндэнтнай мэце. Гэта найвышэйшы ровень духоўных памкненьняў, і, як толькі мы ўсьвядомім гэтую дасканалую форму адзінства, мы назаўжды пазбавімся ілюзіі (мохі) і смутку (шокі).

Бязбожная цывілізацыя ўзьнікае з ілюзіі і спараджае толькі смутак. Людзі бязбожнай цывілізацыі, якую падтрымоўваюць сучасныя палітыкі, увесь час знаходзяцца ў трывозе, бо ведаюць, што ў кожны момант ёй можа прыйсьці канец. Такі закон прыроды. І, як сказана ў «Бхагавад-гіце» (7.14), выйсьці з-пад улады суровых законаў прыроды можа толькі той, хто аддаўся лотасавым стопам Вярхоўнага Госпада. Значыцца, калі мы хочам пазбавіцца ўсіх зманаў і трывогаў і прывесьці да адзінага складніку ўсе разнастайныя інтарэсы, мы павінны паставіць Бога ў цэнтар усёй нашай дзейнасьці.

Плёны нашых дзеяньняў павінны выкарыстоўвацца толькі дзеля служэньня Госпаду і ні для якой іншай мэты, таму што, толькі служачы інтарэсам Госпада, мы можам адчуць інтарэс атма-бхута, пра які гаворыцца ў гэтай мантры. Інтарэс атма-бхута і інтарэс брахма-бхута, які згадваецца ў «Бхагавад-гіце» (18.54), ёсьць адным і тым жа. Вярхоўная атма, душа, – гэта Сам Госпад, а драбнюткая атма – гэта жывая істота. Вярхоўная атма, ці Параматма, адна падтрымоўвае існаваньне ўсіх бясконца малых індывідуальных істотаў, таму што Вярхоўны Госпад хоча атрымаць задавальненьне ад іхнае любові. Бацька пашырае сябе ў форме сваіх дзяцей і клапоціцца пра іх, каб атрымоўваць задавальненьне. Калі дзеці выконваюць волю бацькі, справы ў сям’і ідуць гладка, інтарэсы ўсіх ейных чальцоў супадаюць, і ў сям’і ствараецца спрыяльная атмасфэра. Менавіта такая трансцэндэнтная гармонія пануе ў абсалютнай сям’і Парабрахмана, Вярхоўнага Духа.

Парабрахман ёсьць такой жа асобаю, як і жывыя істоты. Ні Госпад, ні жывыя істоты не безасабовыя. Гэтыя трансцэндэнтныя асобы споўненыя трансцэндэнтнай асалоды, веданьня і вечнага жыцьця. Такая прырода духоўнага быцьця, і, калі чалавек цалкам усьведамляе гэтую трансцэндэнтную прыроду, ён адразу ж аддаецца лотасавым стопам Вярхоўнай Істоты, Шры Крышны. Але такія махатмы, вялікія душы, сустракаюцца вельмі рэдка, таму што такое трансцэндэнтнае бачаньне можна атрымаць толькі пасьля многіх жыцьцяў. Аднак для таго, хто аднойчы знайшоў яго, больш не існуе ні ілюзіі, ні смутку, ні нарадзінаў, ні сьмерці, ні іншых мук матэрыяльнага існаваньня, якія ўсе мы адчуваем у нашым цяперашнім жыцьці. Такі сэнс гэтае мантры «Шры Ішапанішад».

Навігацыя: