Той, хто сістэматычна бачыць усё ў звязку з Вярхоўным Госпадам, хто бачыць усе істоты як Ягоныя неад’емныя часцінкі і Вярхоўнага Госпада ўва ўсім, ніколі ні да кога і ні да чога не адчувае нянавісці.
Гэтая мантра апісвае маха-бхагавату, вялікую асобу, якая бачыць усё ў звязку з Вярхоўнай Асобай Бога. Існуе тры стадыі ўсведамлення бытнасці Вярхоўнага Госпада. Каніштха-адхікары – гэта чалавек, які знаходзіцца на ніжэйшай стадыі ўсведамлення Госпада. Ён прыходзіць у месца пакланення, такое як храм, царква/касцёл або мячэць, у залежнасці ад тыпу рэлігіі, якую ён вызнае, і служыць там згодна з настаўленнямі святых пісьмаў. Такія адданыя лічаць, што Госпад знаходзіцца толькі ў месцах пакланення і нідзе больш. Яны не здольныя вызначыць, якое становішча мае той ці іншы чалавек у адданым служэнні, таксама як і не могуць сказаць, хто ўсвядоміў Вярхоўнага Госпада, а хто не. Такія каніштха-адхікары (неафіты) прытрымліваюцца шаблонных наказаў і часам сварацца паміж сабой, лічачы адзін тып пакланення Богу лепшы за іншы. Такіх каніштха-адхікары, якія знаходзяцца на ніжэйшай стадыі адданага служэння, называюць матэрыялістычнымі адданымі, таму што яны яшчэ толькі спрабуюць вызваліцца ад ланцугоў матэрыяльных прыхільнасцяў, каб дасягнуць духоўнага роўню.
Тых, хто дасягнуў другой стадыі адданага служэння, называюць мадх’яма-адхікары. Гэтыя адданыя бачаць розніцу паміж чатырма тыпамі жывых істот:
1. Вярхоўным Госпадам.
2. Адданымі Госпада.
3. Нявіннымі людзьмі, якія нічога не ведаюць пра Бога.
4. Атэістамі, якія не вераць у Госпада і ненавідзяць тых, хто занятыя служэннем Яму.
Мадх’яма-адхікары па-рознаму ставіцца да гэтых чатырох тыпаў жывых істот. Ён пакланяецца Госпаду, лічачы Яго аб’ектам любові, і сябруе з тымі, хто занятыя адданым служэннем. Ён спрабуе абудзіць любоў да Бога, якая дрэмле ў сэрцах нявінных людзей, але ён пазбягае атэістаў, якія высмейваюць само Імя Госпада.
Вышэй за мадх’яма-адхікары стаіць уттама-адхікары, які бачыць усё ў звязку з Вярхоўным Госпадам. Ён не робіць ніякага асаблівага адрознення паміж атэістам і вернікам, але бачыць у кожным з іх неад’емную часцінку Бога. Ён ведае, што няма ніякай розніцы паміж высокаадукаваным брахманам і вулічным сабакам, так як і першы, і другі ёсць неад’емнымі часцінкамі Госпада, але знаходзяцца ў розных целах, атрыманых у выніку іхнай якасна рознай матэрыяльнай дзейнасці. Часцінка Госпада ў форме брахмана не надужывала сваёй незалежнасці, дадзенай ёй Госпадам, а часцінка Госпада, якая знаходзіцца ў целе сабакі, памылкова выкарыстоўвала сваю незалежнасць і таму пакараная законамі прыроды, апынуўшыся ў целе сабакі. Не звяртаючы ўвагу на розніцу ў дзеяннях брахмана і сабакі, уттама-адхікары намагаецца рабіць дабро абодвум. Такога адукаванага адданага Госпада не ўводзяць у зман матэрыяльныя целы, яго вабіць духоўная іскра ўнутры цела.
Тыя, хто імітуюць уттама-адхікары, абвяшчаючы ідэі ўсеагульнага адзінства і братэрства, але ў сваіх учынках кіруюцца целавымі дачыненнямі, ёсць ілжывымі філантропамі. Таму канцэпцыю ўсеагульнага братэрства варта вывучаць ад уттама-адхікары, а не ад неразумных людзей, якія не бачаць ні індывідуальную душу, ні Звышдушу – поўную экспансію Вярхоўнага Госпада, якая ўваходзіць ува ўсё існае.
У гэтай шостай мантры «Шры Ішапанішад» ясна згадваецца, што трэба «назіраць» або сістэматычна бачыць. Гэта азначае, што патрэбна ісці за папярэднімі ачар’ямі, дасканалымі настаўнікамі. У сувязі з гэтым выкарыстоўваецца санскрыцкае слова – анупаш’яці. Ану – азначае «прытрымлівацца», а паш’яці – «назіраць». Такім парадкам, анупаш’яці значыць, што нельга ўспрымаць свет такім, якім ён успрымаецца наўпрост, а трэба прытрымлівацца папярэдніх ачар’яў. Матэрыяльныя недасканаласці не даюць успрымаць грубым вокам праўдзівую карціну свету. Не выслухаўшы высокіх аўтарытэтаў, немагчыма атрымаць сапраўднае бачанне. Найвышэйшая аўтарытэтная крыніца – ведыйская мудрасць, якая была расказана Самім Госпадам. Ведыйская ісціна перадаецца праз ланцуг вучнёўскай пераемнасці ад Госпада, які расказаў яе Брахму, Брахма – Нараду, Нарада – В’ясу, а В’яса – сваім шматлікім вучням. Раней не было неабходнасці запісваць Веды, таму што людзі ў тыя старажытныя часы былі больш разумныя і мелі больш дасканалую памяць. Ім дастаткова было аднойчы пачуць сапраўднага духоўнага настаўніка, каб потым дасканала выконваць ягоныя загады.
У цяперашні час існуе мноства каментараў да святых пісьмаў, але большасць каментатараў не належыць да ланцуга вучнёўскай пераемнасці, якая ідзе ад Шрылы В’ясадэвы, першага складальніка ведыйскага канону. Апошні, самы дасканалы і ўзвышаны твор Шрылы В’ясадэвы – гэта «Шрымад-Бхагватам», натуральны каментар да «Веданта-сутры». Акрамя таго, ёсць яшчэ і «Бхагават-гіта», расказаная Самім Госпадам і таксама запісаная В’ясадэвам. Гэта найважнейшыя святыя пісьмы, і ўсякі каментар, які не адпавядае прынцыпам «Бхагават-гіты» ці «Шрымад-Бхагаватам», ёсць неаўтарытэтным. Усе святыя пісьмы – Упанішады, «Веданта-сутра», Веды, «Бхагават-гіта» і «Шрымад-Бхагаватам» – цалкам адпавядаюць адно аднаму. Таму ніхто не мае рабіць якія-кольвек высновы наконт Ведаў, не атрымаўшы настаўленняў ад прадстаўнікоў вучнёўскай пераемнасці В’ясадэвы, якія вераць у Асобу Бога і Ягоныя разнастайныя энергіі, як гэта тлумачацца ў «Шры Ішапанішад».
Згодна з «Бхагавад-гітай» (18.54), толькі той, хто дасягнуў стадыі вызвалення (брахма-бхуты), можа стаць уттама-адхікары і ў кожнай жывой істоце бачыць свайго брата. Такога бачання не можа быць у палітыкаў, якія заўсёды шукаюць нейкай матэрыяльнай выгады. Той, хто імітуе адзнакі ўттама-адхікары, займаецца служэннем матэрыяльным целам іншых людзей (дзеля славы ці ў разліку на якую-колечы ўзнагароду), але ён не здольны служыць духоўнай душы. Такія імітатары нічога не ведаюць пра духоўны свет. Але ўттама-адхікары бачыць душу жывой істоты і служыць ёй як духу, што аўтаматычна прадугледжвае служэнне і матэрыяльнаму аспекту.