Дванаццатая ранішняя прагулка

Запісана 17 траўня 1973 года

імглістай раніцай у парку Чэвіят-Хілз, Лос-Анджэлес.

Шрылу Прабхупаду суправаджаюць доктар Сінгх, Карандхара дас адхікары, Крышнаканці дас адхікары і іншыя вучні.

Ёгаўская зброя

Шрыла Прабхупада (паказваючы на ранішні туман): Вось вам прыклад праяўлення ачынцья-шакці. Вы не можаце зрабіць так, каб гэты туман знік. Навукоўцы тлумачаць гэтую з’яву толькі нейкімі моўнымі выкрутамі, кажучы, што туман складаецца з пэўных хімічных рэчываў. (Смяецца.) Але яны не маюць сілы, каб рассеяць яго.

Д-р Сінгх: Яны могуць растлумачыць, як утвараецца туман.

Шрыла Прабхупада: Яны могуць тлумачыць, і я магу, але гэта не вялікае дасягненне. Калі вы сапраўды ведаеце, як ён утвараецца, то павінны ўмець супраціўляцца яму.

Д-р Сінгх: Мы ведаем, як ён утвараецца.

Шрыла Прабхупада: Тады знайдзіце спосаб супраціўляцца яму. Калісьці, у часе ведыйскіх войнаў, выкарыстоўвалася атамная зброя брахмастра 3. І каб абараніцца ад яе, войска суперніка карысталася зброяй, што ператварала яе ў ваду. Але дзе вы знойдзеце гэтую навуку ў нашыя дні?

Д-р Сінгх: Туман – гэта нешта накшталт малака. Малако толькі здаецца белым, сапраўды ж гэта калоідная завісь пэўных бялковых малекул. Туман таксама калоідная завісь кропелек вады.

Шрыла Прабхупада: Таму, калі б вы змаглі запаліць агонь пэўнага віду, туман адразу рассеяўся б. Але вы на гэта не здольныя. Калі вы падарвяце бомбу, вылучыцца цяпло, і туман рассеецца.

Карандхара: Ад гэтага можа пацярпець цэлы горад.

Шрыла Прабхупада: Усім вядома, што агонь можа нейтралізаваць дзеянне вады, але вы не можаце рассеяць туман, не забіўшы людзей ці не прычыніўшы разбурэнняў. Але паводле законаў прыроды, як толькі ўзыходзіць сонца, туман рассейваецца. Магутнасць сонца перасягае вашую (магутнасць). Вы праводзіце даследаванні, і гэтак вы прызнаеце, што чагосьці не ведаеце. Вакол столькі розных містычных сіл, і вы не ведаеце, згодна з якім прынцыпам яны дзеюць. Таму вы павінны прызнаць існаванне неспасціжнае сілы.

Якасці Бога

Шрыла Прабхупада: Не прызнаўшы існавання неспасціжнае сілы, ніхто не зможа зразумець Бога. Бог не такі просты, каб кожны так званы ёг мог стаць Богам. Такія псеўдабагі добрыя махлярам ды дурням. Тыя, хто маюць розум, правераць, ці валодае такая асоба неспасціжнай сілай ці не. Мы называем Крышну Богам таму, што Ён усім прадэманстраваў Сваю неспасціжную сілу. Калі Ён быў дзіцём, Ён падняў вялікі ўзгорак. А Госпад Рама, увасабленне Крышны, пабудаваў мост без апор, прымусіўшы камяні трымацца на вадзе. Таму нікога не трэба прызнаваць Богам без сур’ёзных на тое падстаў. У нашыя дні з’яўляецца якісь махляр і заяўляе: «Я – увасабленне Бога», а іншы махляр прызнае яго. Але Госпад Рама і Госпад Крышна на справе прадэманстравалі Сваю неспасціжную сілу. А раз людзі ў большасці сваёй не прызнаюць існавання неспасціжнае сілы, яны кажуць, што аповеды пра Іх дзеі – казкі або міфы. Але гэтыя творы былі напісаныя Валмікі 20, В’ясадэвам і іншымі ачар’ямі, якія былі вялікімі мудрацамі і валодалі шырокімі пазнаннямі.

Дзеля чаго гэтыя вялікія мудрацы сталі б марнаваць час на складанне міфаў? Яны ніколі не казалі, што гэта міфалогія. Яны лічылі ўсе гэтыя аповеды апісаннямі сапраўдных падзей. Напрыклад, у Дзясятай песні «Шрымад-Бхагаватам» В’ясадэва расказвае пра пажар, які здарыўся ў Врындаване. Пастушкі, сябры Крышны, устрывожыліся і глядзелі на Крышну ў чаканні дапамогі. І тады Ён проста праглынуў увесь агонь. Такая неспасціжная містычная сіла. Такі Бог. А як мы ёсць маленькімі падабенствамі Бога, Крышны, то таксама валодаем містычнаю сілаю, але толькі ў вельмі малой колькасці. У нашым целе ўвесь час ідуць нейкія працэсы, якія мы не можам растлумачыць. Напрыклад, мае пазногці растуць і заўсёды прымаюць адну і тую ж форму. Я магу зламаць свой пазногаць, але ён ізноў вырасце і будзе такім жа, як і калісьці. Мне не вядомы механізм росту пазногцяў, так што гэта таксама можна лічыць за праяву містычнае сілы. Ніхто не можа растлумачыць прыроду гэтых з’яў.

Навуковыя веды паходзяць ад Крышны

Крышнаканці: Вось чаму лекараў уражвае складаная прырода чалавечага мозгу.

Шрыла Прабхупада: Так, але не мозг прымушае цела дзейнічаць, а духоўная душа. Хіба камп’ютар працуе сам сабою? Не, яго прыводзіць у дзеянне чалавек. Ён націскае на кнопку, і толькі тады нешта адбываецца. Без гэтага машына нічога не вартая. Машына можа стаяць тысячы гадоў, але яна не запрацуе, пакуль не падыдзе чалавек і не націсне на кнопку. Але хто дзейнічае – машына ці чалавек? Чалавечы мозг – таксама машына, і ён дзейнічае пад кіраваннем Параматмы, экспансіі Бога, якая знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты.

Навукоўцы павінны прызнаць Бога і Яго містычную сілу. Калі яны гэтага не зробяць, іх трэба ўважаць за неразумнікаў. Абапіраючыся на гэтыя трансцэндэнтныя веды, мы кідаем выклік многім буйным навукоўцам і філосафам. Надоечы вы прыводзілі гэтага хіміка, і я сказаў яму: «Вы дурань», – але ён не раззлаваўся. Ён прызнаў гэта, і я аспрэчыў усе яго аргументы. Вы памятаеце?

Д-р Сінгх: Так, сапраўды, ён прызнаў, што, відавочна, Крышна не раскрыў яму цалкам методыкі, патрэбнай для правядзення яго эксперыментаў.

Шрыла Прабхупада: Ён супраць Крышны, дык з якой ласкі Крышна павінен даваць яму нейкія мажлівасці? Калі вы супраць Крышны і хочаце дасягнуць чагосьці без Крышны, то пацерпіце паразу. Найперш трэба быць вельмі пакорлівым, і тады Крышна дасць вам усе мажлівасці. Мы гатовыя сустрэцца з кожным навукоўцам ці філосафам і кінуць яму выклік. Якім парадкам? Дзякуючы Крышну. Я ведаю, што калі буду размаўляць з імі, Крышна дасць мне розум, патрэбны дзеля таго, каб перамагчы іх. У астатнім жа, з пункту гледжання навуковай падрыхтоўкі, яны больш кваліфікаваныя за нас. У параўнанні з імі я прафан. Але мы ведаем Крышну, а Крышна ведае ўсё. Таму мы можам кінуць выклік хоць якім навукоўцам, гэтак жа, як маленькае дзіця можа адважна спрачацца з усякім дарослым, бо ведае: «Мой бацька побач». Ён моцна трымаецца за руку бацькі, які клапоціцца пра тое, каб яго ніхто не пакрыўдзіў.

Д-р Сінгх: Тыя, хто не спрабуе зразумець свядомасць Крышны, дарма жывуць сваё чалавечае жыццё?

Шрыла Прабхупада: Так. Людзі, якія не спрабуюць усвядоміць свае стасункі з Богам, паміраюць як жывёліны – каты і сабакі. Яны нараджаюцца, ядуць, спяць, нараджаюць нашчадкаў і паміраюць. Такі вынік іх чалавечага жыцця. Гэтыя паршыўцы думаюць: «Мы – цела». Яны нічога не ведаюць пра атму. Слова атма азначае «я», то бок індывідуальная душа. «Шрымад-Бхагаватам» і «Бхагавад-гіта» даюць нам веды пра атму, але людзям нічога не вядома пра гэта.

Людзі не маюць паняцця пра веды, прызначаныя дзеля чалавечага грамадства, якія выкладзеныя ў ведыйскай літаратуры. Напрыклад, Веды паведамляюць нам, што каровін гной чысты. Асабліва тут, у Амерыцы, людзі выводзяць сваіх сабак на двор, каб тыя маглі зладзіць сваю патрэбу. Сабачы кал, вядома, вельмі нячысты – гэта ідэальнае пажыўнае асяроддзе бактэрыям. Але людзі такія паршыўцы, што зусім не лічацца з гэтым, так што на кожным кроку можна наткнуцца на сабачы кал. А вось каровінага гною нідзе не відаць, не зважаючы на тое што Веды кажуць, што ён чысты. Вось надпіс: «Насмечваць забараняецца». Але сабачы кал пакідаць можна. Толькі падумайце, наколькі людзі неразумныя. Кідаць паперу на траву забаронена, але ваш сабака можа на ёй гадзіць колькі хочаш. Улады не дазволяць вам вывезці з іншай краіны нават адзін-адзінюткі плод манга, але вашаму сабаку яны дазволяць пакідаць свой кал дзе хочаш, хоць гэтыя экскрэменты – прычына ўсялякае заразы.

Касмічная праграма: пустое марнаванне часу і сродкаў

Д-р Сінгх: Калі астранаўты вярнуліся з Месяца на Зямлю, навукоўцы, занятыя ў касмічнай праграме, паставіліся да гэтага з асцярогаю. Яны меркавалі, што астранаўты маглі прынесці невядомыя віды бактэрый, таму пасадзілі іх на некалькі дзён на карантын, каб пераканацца, што...

Шрыла Прабхупада: Перш за ўсё трэба высветліць, ці сапраўды яны лёталі на Месяц. Я не вельмі ў гэтым упэўнены. Шаснаццаць гадоў назад, калі я пісаў кнігу «Лёгкае падарожжа да іншых планет», я адзначыў, што ў сваіх спробах даследаваць пазаземную прастору навукоўцы падобныя да дзяцей і ніколі не дамогуцца поспеху. Шмат гадоў апасля, калі я прыехаў у Сан-Францыска, адзін рэпарцёр спытаў мяне: «Што вы думаеце пра палёт на Месяц?» Я адказаў: «Гэта пустое марнаванне часу і грошай, больш нічога».

Крышнаканці: Нядаўна касмічная праграма зазнала яшчэ адну няўдачу.

Шрыла Прабхупада: Гэта адбываецца ўвесь час. Што здарылася гэтым разам?

Крышнаканці: Яны адправілі касмічны апарат на арбіту Зямлі, каб зрабіць яго касмічным фарпостам, але гэта не атрымалася. Гэта абышлося ў два мільярды долараў.

Шрыла Прабхупада: Чаму яны так шпурляюцца сваімі грашамі і марнуюць на гэта час?

Крышнаканці: Іх крытыкавалі ў газетах.

Шрыла Прабхупада: Яны проста інфантыльныя неразумнікі. Чаго яны дамагліся за апошнія... колькі гадоў? Колькі гадоў яны імкнуліся трапіць на Месяц?

Д-р Сінгх: Больш за дзесяць. У 1957 годзе Расія пачала са спадарожніка.

Шрыла Прабхупада: Але рыхтавацца да гэтага яны пачалі нашмат раней. Так што, дапусцім, яны займаюцца гэтым дваццаць пяць гадоў. Яны нічога не здабылі апроч пылу, але спроб сваіх не пакідаюць. Якая ўпартасць! Касмічная праграма ніколі не завершыцца поспехам.

Д-р Сінгх: Яны кажуць, што ў прышласці хочуць адправіцца на Марс.

Шрыла Прабхупада: Усе яны робяцца «вялікімі людзьмі», увесь час тлумачачы пра будучыню.

Д-р Сінгх: Яны кажуць, што гэта адбудзецца прыкладна праз дзесяць гадоў.

Шрыла Прабхупада: Нават калі б яны сказалі: «Праз год», – што з таго? Яны могуць сказаць «дзесяць гадоў» ці «год», але мы не прымаем такіх заяў. Мы хочам убачыць, што яны робяць цяпер.

Д-р Сінгх: Яны ўдасканальваюць сваю тэхналогію на невялікіх мадэлях.

Шрыла Прабхупада: Яны проста дзеці. У дзяцінстве я любіў назіраць, як трамваі ходзяць па рэйках. Аднойчы мне прыйшло ў галаву: «Вазьму і я палку, дакрануся ёй да проваду і таксама паеду па рэйках». Навукоўцы са сваімі планамі такія ж дзеці. Яны марнуюць так шмат часу і сродкаў, але дзеля чаго? Іх высілкі дарэмныя, таму што напраўду яны не ведаюць мэты жыцця. Навукоўцы выдаткоўваюць велізарныя сродкі, а палітыкі фінансуюць іх, але вынік іх дзейнасці роўны нулю. Яны падобныя да лекара, які, не здолеўшы толкам паставіць дыягназ, усё ж кажа пацыенту: «Добра, паспрабуйце спачатку гэтыя лекі, а калі яны не дапамогуць, вось гэтыя». Такі лекар ніколі не прызнаецца, што не ведае, чым можна вылечыць гэтую хваробу. Навукоўцы проста бляфуюць і ашукваюць. Яны не могуць развязаць сапраўдных праблем жыцця: праблем нараджэння, смерці, старасці і хвароб, а таму ўсе іх праграмы ўтапічныя. На санскрыце гэта называецца акаша-пушпа, што азначае «кветка з неба». Усе іх спробы спазнаць праўду пры дапамозе даследаванняў космасу падобныя да спроб дастаць кветку з неба.

У якасці іншага прыкладу навукоўцаў можна прыраўняць да неразумных чапляў. У Індыі часам можна бачыць, як чапля цэлы дзень ходзіць за быком. Яна думае, што бычыная машонка – гэта рыба. У Індыі гэта звычайная карціна. Ідзе бык, а за ім чапля, якая не адрывае вачэй ад гэтай «вялікай рыбы», думаючы: «Калі яна зваліцца, я яе з’ем».

Навігацыя: