МАНТРА ЧАЦВЁРТАЯ

अनेजदेकं मनसो जवीयो नैनद्देवा आप्नुवन्पूर्वमर्षत्।
तद्धावतोऽन्यानत्येति तिष्ठत्तस्मिन्नपो मातरिश्वा दधाति॥४॥
anejad ekaṁ manaso javīyo
nainad devā āpnuvan pūrvam arṣat
tad dhāvato ’nyān atyeti tiṣṭhat
tasminn apo mātariśvā dadhāti

Паслоўны пераклад

anejat — нерухомы; ekam — адзін; manasaḥ — чым розум; javīyaḥ — хутчэй; na — не; enat — гэты Вярхоўны Госпад; devāḥ — паўбагі, такія, як Індра і іншыя; āpnuvan — могуць наблізіцца; pūrvam — наперадзе; arṣat — хутка рухаючыся; tat — Ён; dhāvataḥ — якія бягуць; anyān — іншых; atyeti — перасягае; tiṣṭhat — які застаецца на адным месцы; tasmin — у Ім; apaḥ — дождж; mātariśvā — багі, якія кіруюць ветрам і дажджом; dadhāti — забяспечваюць.

Пераклад

Хоць Вярхоўны Бог-Асоба заўсёды застаецца ў Сваёй сядзібе, Ён хутчэй за розум і можа адолець усіх, хто бяжыць. Магутныя паўбагі не могуць наблізіцца да Яго. Знаходзячыся ў адным месцы, Ён у той жа час кіруе тымі, хто забяспечвае паветрам і дажджом. Ён перасягае ўсіх у дасканаласці.

Каментар

Вярхоўны Госпад, які ёсць Абсалютнай Асобай Бога, неспасціжны нават для найвялікшых філосафаў, якія спрабуюць спазнаць Яго з дапамогай свайго розуму. Яго могуць спазнаць толькі Ягоныя адданыя, да якіх Ён выказвае асаблівую ласку. У «Брахма-самхіце» (5.34) гаворыцца, што філосаф, які не ёсць адданым Госпада, можа падарожнічаць у космасе з хуткасцю думкі або паветра на працягу сотняў мільёнаў гадоў, але нягледзячы на гэта Абсалютная Праўда ўсё адно будзе бясконца далёка ад яго. Далей у «Брахма-самхіце» (5.37) гаворыцца, што Вярхоўны Госпад, Абсалютная Асоба Бога, вечна знаходзіцца ў трансцэндэнтным свеце ў Сваёй сядзібе, якая называецца Галокай, дзе Ён атрымлівае асалоду ад Сваіх гульняў. Але дзякуючы Сваёй неспасціжнай магутнасці Ён можа адначасова знаходзіцца ў кожнай частцы Сваёй стваральнай энергіі. У «Вішну-пуране» энергіі Госпада параўноўваюцца са святлом і цяплом, якія вылучаюцца агнём. Агонь можа распаўсюджваць сваё святло і цяпло, знаходзячыся на адным месцы. Таксама і Абсалютная Асоба Бога распаўсюджвае Свае розныя энергіі паўсюль, знаходзячыся ў Сваёй трансцэндэнтнай сядзібе.

 

Энергій Госпада бясконцая колькасць, але ўсе яны падзяляюцца на тры катэгорыі: унутраная, памежная і вонкавая энергіі. Кожная з гэтых катэгорый мае мільёны падвідаў. Паўбагі, надзеленыя ўладай кіраваць прыроднымі стыхіямі і з’явамі (паветрам, святлом, дажджом і г. д.), адносяцца да катэгорыі памежнай энергіі Абсалютнай Асобы. Жывыя істоты, якія знаходзяцца на больш ніжэйшым узроўні развіцця, у тым ліку і людзі, таксама адносяцца да памежнай энергіі Госпада. Матэрыяльны свет – гэта стварэнне вонкавай энергіі Госпада, а духоўнае неба, то бо валадарства Бога, ёсць праявай Ягонай унутранай энергіі.

 

Такім парадкам, розныя энергіі Бога бытуюць паўсюль. Хоць паміж Ім і Ягонымі энергіямі няма ніякай розніцы, гэта яшчэ не значыць, што мы маем прымаць гэтыя энергіі за Найвышэйшую Праўду. З гэтага таксама не трэба рабіць памылковую выснову, што калі Госпад распаўсюджвае Сябе паўсюль у форме Сваіх энергій, Ён робіцца безасабовым і страчвае Сваю індывідуальнасць. Людзі прывыклі рабіць высновы толькі ў адпаведнасці са сваёй здольнасцю разумець, але Вярхоўны Госпад не падпарадкоўваецца абмежаваным здольнасцям нашага інтэлекту. Менавіта з гэтай прычыны Ўпанішады папярэджваюць нас, што ніхто не можа наблізіцца да Госпада, разлічваючы на свой уласны абмежаваны патэнцыял.

 

У «Бхагавад-гіце» (10.2) Госпад кажа, што ніхто, нават вялікія рышы і суры, не могуць спасцігнуць Яго. Дык што ж тады можна сказаць пра асураў, для якіх шляхі Госпада застаюцца схаванай таямніцай? У гэтай чацвёртай мантры недвухсэнсоўна гаворыцца, што Абсалютная Праўда ў выніку ёсць Абсалютнай Асобай. Іначай не было б патрэбы згадваць гэтулькі разнастайных аргументаў, каб пацвердзіць тое, што Госпад валодае якасцямі асобы.

 

Асобныя цэласныя адзінкі энергій Бога, хоць і валодаюць усімі прыкметамі Самога Госпада, маюць абмежаваныя сферы дзейнасці, і таму ўсе яны – абмежаваныя. Часткі ніколі не параўнаюцца з цэлым, таму яны ніколі не змогуць спасцігнуць усе магчымасці Госпада. Пад уплывам матэрыяльнай прыроды неразумныя жывыя істоты, якія ёсць усяго толькі неад’емнымі часцінкамі Госпада, спрабуюць уявіць сабе трансцэндэнтнае становішча Госпада. «Шры Ішапанішад» папярэджвае іх пра дарэмнасць спроб спасцігнуць Госпада спосабам спекулятыўных разважанняў. Трэба старацца спасцігнуць Трансцэндэнтнае з найвышэйшай крыніцы – Ведаў, якія ўжо ўтрымліваюць усю інфармацыю пра Трансцэндэнтнае.

 

Кожная часцінка Поўнага Цэлага надзелена пэўнай асаблівай энергіяй, каб дзейнічаць адпаведна волі Госпада. Калі неад’емная часцінка, жывая істота, забывае пра сваю асаблівую дзейнасць паводле волі Госпада, гэта азначае, што яна знаходзіцца ў маі (ілюзіі). Таму «Шры Ішапанішад» з самага пачатку папярэджвае нас, што мы павінны старацца выконваць тую ролю, якая адведзена нам Госпадам. Але гэта не азначае, што індывідуальная душа не можа праяўляць незалежнасць дзеянняў. Як неад’емная часцінка Госпада душа мае валодаць і незалежнасцю дзеянняў, уласцівай Госпаду. Правільнае прыкладанне сваёй ініцыятывы, то бо здольнасць дзейнічаць з разуменнем таго, што ўсё ёсць энергіяй Госпада, можа дапамагчы чалавеку адрадзіць у сабе спрадвечную свядомасць, якая была страчана праз сутык з маяй, вонкавай энергіяй.

 

Усю сваю энергію мы атрымліваем ад Госпада, таму яе трэба выкарыстоўваць толькі дзеля выканання волі Госпада і ні на што іншае. Госпада можа спазнаць толькі той, хто скарыўся Яму. Дасканалае веданне азначае спазнанне Госпада ўва ўсіх Ягоных аспектах, спазнанне Ягоных энергій і таго, як яны дзеюць, падпарадкоўваючыся Ягонай волі. Гэта падрабязна апісваецца ў «Бхагавад-гіце», якая ёсць квінтэсенцыяй усіх Упанішадаў.

Навігацыя: