7. Тэксты: шастры, пураны і працы ачар’яў

img

Веды і ведыйская літаратура

 

Вялізарны збор старажытнаіндыйскіх святых тэкстаў традыцыйна падзяляецца на дзве групы – шруці («пачутае») і смрыці («запомненае»). Да шруці належаць чатыры Веды, якія складаюцца з Самхітаў («Рыг-веда», «Сама-веда», «Яджур-веда» і «Атхарва-веда»), а таксама прылеглых да іх Брахманаў, Араньякаў і Упанішадаў; да смрыці належаць «Махабхарата», Пураны і іншыя тэксты. Асаблівае становішча сярод святых тэкстаў займае «Веданта-сутра», кніга кароткіх афарызмаў (сутраў), у якіх у сціслай форме выяўлена іста Упанішадаў (веда-анта – «завяршэнне Ведаў»), а таксама «Рамаяна», якую называюць адзі-кав’яй («першай паэмай»).

 

Cярод даследнікаў пашырана думка пра тое, што да Ведаў варта адносіць толькі тэксты шруці. Аднак вайшнавы прытрымліваюцца ў гэтым пытанні іншай думкі. Мадхва, напрыклад, у сваіх каментарах да «Веданта-сутры» прыводзіць словы «Бхавіш’я-пураны»: «Рыг», «Яджур», «Сама» і «Атхарва», «Махабхарата», «Панчаратра», а таксама спрадвечная «Рамаяна» ёсць Ведамі. «Пураны» і дадаткі вайшнаваў – таксама Веды». «Чхандог’я-ўпанішад» (7.1.4) называе Пураны і Ітыхасы (гістарычныя тэксты, да якіх тычыцца «Махабхарата») «Пятай Ведай». Прыкладна тое ж самае гаворыцца і ў «Бхагавата-пуране» (1.4.20): «Ітыхасы і Пураны называюць Пятай Ведай». Згодна з гэтым вайшнаўскія мысляры прызнаюць аўтэнтычным і «ведыйскім» увесь комплекс шруці і смрыці.

 

Ведыйскія тэксты маюць адну крыніцу паходжання (лічыцца, што Веды сышлі з вуснаў Бога), а таксама ў іх адна мэта – прывесці чалавека да духоўнай дасканаласці, таму традыцыйна ўважаецца, што яны становяць сабой цэльнае адзінства, нават нягледзячы на тое, што вельмі моцна адрозніваюцца паводле формы і зместу. Усе святыя тэксты падзяляюцца на тры катэгорыі, што адпавядаюць розным этапам духоўнага шляху: карма-канда, джняна-канда і ўпасана-канда (такое дзяленне прызнаецца і ў іншых ведантыйскіх школах, аднак значэнне катэгорыям надаецца трохі іншае). Карма-канда, да якой належаць Самхіты, прызначана для тых, хто мае прыхільнасць да матэрыяльнага свету і схільны да рытуалізму. Джняна-канда, у якую ўваходзяць Упанішады і «Веданта-сутра», вучыць абыякавасці да свету і сканцэнтраваму пошуку адзінай Абсалютнай Праўды. Упасана-канда, да якой належаць перш за ўсё тэксты «Махабхараты», «Рамаяны» і Пуранаў, прызначана для тых, хто жадае прысвяціць сябе пакланенню і служэнню Богу.

 

«Бхагавата-пурана» і іншыя Бхакці-шастры

 

На думку бенгальскіх вайшнаваў, таму што тэксты ўпасана-канды (іх таксама называюць бхакці-шастрамі) адпавядаюць вышэйшаму этапу духоўнага жыцця, Пураны ў духоўным сэнсе нават больш каштоўныя за Самхіты і Упанішады. Сярод Пуранаў вайшнавы аддаюць перавагу «Бхагавата-пуране». Гэты твор, які налічвае каля 18 тысяч шлок (двухрадкоўяў), утрымлівае вялікую колькасць тэкстаў філасофскага і дыдактычнага зместу. Аўтарства і «Веданта-сутры» і «Бхагавата-пураны» належыць адной і той жа асобе – старажытнаму мудрацу В’ясу, таму згодна з традыцыяй «Бхагавата-пурана» ўважаецца за «натуральны каментар» да «Веданта-сутры». Значэнне «Бхагавата-пураны» для ўсёй вайшнаўскай рэлігійнай культуры цяжка пераацаніць. Яе называюць «вяршкамі» ўсёй ведыйскай літаратуры. Шры Чайтанья лічыў, што «Бхагавата-пурана» раскрывае найглыбокі сэнс «Веданта-сутры», які нялёгка спасцігнуць праз кароткасць гэтага твора. У самой «Бхагавата-пуране» (1.3.43) гаворыцца: «Калі Крышна вярнуўся ў Сваю сядзібу, забраўшы з Сабой веды і рэлігію, дзеля людзей, якія засталіся ў змроку, узышло сонца Пураны (г. зн. «Бхагавата-пураны»)». Гэты твор ёсць асновай усёй вайшнаўскай філасофіі і тэалогіі.

 

Наступны паводле важнасці сярод старажытных санскрыцкіх тэкстаў – знакамітая «Бхагавад-гіта». Гэту невялікую паводле аб’ёму гутарку Крышны і Арджуны, што адбылася перад бітвай на полі Курукшэтра, неаднаразова каментавалі прадстаўнікі розных кірункаў веданты. Для бенгальскіх вайшнаваў асабліва важнай ёсць развітая вайшнаўскімі мыслярамі навука «Гіты» пра боскую існасць Крышны і пра бхакці-ёгу.

 

Вялікае значэнне надаецца таксама тэкстам «Панчаратры», што тычацца да катэгорыі тантрыйскіх, і якія ёсць асновай абрадавай і малітоўнай практыкі вайшнаваў, а таксама ўтрымліваюць шэраг важных сцверджанняў, якія ўваходзяць у аснову тэалагічнай сістэмы. Паводле традыцыі да «Панчаратры» тычацца сто восем тэкстаў, галоўнымі з якіх уважаюцца чатырнаццаць – «Паўшкара-самхіта», «Вараха-самхіта», «Саттвата-самхіта» і інш. Шры Чайтанья асабліва цаніў «Брахма-самхіту», якая была знойдзена Ім падчас падарожжа па Паўднёвай Індыі ў бібліятэцы аднаго старажытнага храма. Як і «Веданта-сутра», некаторыя тэксты «Панчаратры» становяць сабой кароткія зборнікі афарызмаў – напрыклад, «Нарада-бхакці-сутра», якая таксама вельмі шануецца сярод вайшнаваў.

 

Каментатарская традыцыя і працы ачар’яў

 

Бенгальскія вайшнавы цэняць каментары ачар’яў, рэлігійных настаўнікаў і тэолагаў мінулага, амаль гэтак жа высока, як і старажытныя санскрыцкія тэксты. Часта такія каментары становяць сабой фундаментальныя шматтамовыя працы. Каментаванне ў вайшнаўскай традыцыі ўважаецца за асаблівы працэс, галоўная мэта якога – наблізіць змест святога тэксту беспасярэдне да тых рэаліяў, сярод якіх жыве слухач ці чытач, сучаснік каментатара. Так ствараецца «праводнае асяроддзе» паміж тэкстам і свядомасцю, што ўспрымае тэкст. Галоўная ўмова пры гэтым – захаванне спрадвечнага сэнсу, што забяспечваецца парампарай.

 

Каментары да галоўных санскрыцкіх тэкстаў, такіх як «Бхагавата-пурана», «Бхагавад-гіта», «Упанішады» і «Веданта-сутра» належаць Шрыдхару Свамі, Джыву Госвамі, Вішванатху Чакраварці, Баладэву Відз’ябхушану, Бхакцівіноду Тхакуру, выбітным вайшнаўскім мыслярам. Сучасныя каментары да «Бхагавад-гіцы» і «Бхагавата-пураны» былі напісаны на англійскай мове Бхакціведантам Свамі Прабхупадам ужо ў наш час.

 

Ня меней важныя і ўласныя творы шматлікіх вайшнаўскіх мысляроў. Апроч працаў з тэалогіі і філасофіі спадчына ачар’яў утрымлівае драматычныя творы (натакі), лірычныя паэмы (каўі), гімны і песні адданасці (пады). Аднак мы каротка ахарактарызуем толькі галоўныя філасофска-тэалагічныя працы, а менавіта тыя з іх, якія найболей поўна адлюстроўваюць асноўныя тэзы навукі Шры Чайтаньі.

 

Найбольш ранняя і фундаментальная праца на санскрыце, у якой сістэмна пададзена тэалогія бенгальскага вайшнавізму – «Шат-сандарбха» («Шэсць зборнікаў») Джывы Госвамі (16 ст). Кожная «Сандарбха» ўтрымлівае выклад аднаго з галоўных раздзелаў вучэння на аснове зборніка цытат, часцей за ўсё з «Бхагавата-пураны». Так, напрыклад, «Таттва-сандарбха» прысвечана тэорыі спазнання, «Бхагават-сандарбха» – прыродзе Абсалютнай рэальнасці, «Параматма-сандарбха» – прыродзе джывы (жывой істоты) і маі і г. д. Пазнейшы (18 ст.), але таксама вельмі важны санскрыцкі тэкст – «Говінда-бхаш’я» («Кніга Говінды») Баладэвы Відз’ябхушаны, падрабязны каментар да «Веданта-сутры», у якім разам з падрабязным выкладам дактрыны вядзецца палеміка з іншымі філасофскімі школамі. У бенгальскай паэме Крышнадаса Кавіраджы «Шры Чайтанья-чарытамрыта» («Нектар жыцця Шры Чайтаньі») (16 ст.) прыводзяцца шматлікія гутаркі Шры Чайтаньі з вучнямі, а таксама Ягоныя спрэчкі з апанентамі, выкладзеныя аўтарам паводле запісаў сведак.

 

Вучэнню бхакці, любові і адданасці Крышну, а таксама апісанню розных стадый духоўнага шляху прысвечана кніга Рупы Госвамі «Бхакці-расамрыта-сіндху» («Акіян нектару смакаў бхакці») (16 ст). Галоўная тэма кнігі – развіццё рэлігійных пачуццяў і духоўных эмоцый (вучэнне пра расы), таму можна сказаць, што гэта кніга паказвае менавіта рэлігійны бок вучэння. Важным зборнікам правіл абрадавай і малітоўнай практыкі, а таксама правіл этыкету, ёсць «Хары-бхакці-віласа» («Прыгажосць адданасці Хары (Крышну)») Санатаны Госвамі (16 ст.). І «Бхакці-расамрыта-сіндху» і «Хары-бхакці-віласа» напісаны на санскрыце.

 

Шэраг важных твораў бліжэйшага да нас перыяду (кан. 19 – пач. 20 ст.), прысвечаных розным аспектам навукі Шры Чайтаньі, належыць Бхакцівіноду Тхакуру. Найбольш важныя з іх – «Джайва-дхарма» («Прызначэнне жывой істоты») і «Чайтанья-шыкшамрыта» («Нектар настаўленняў Чайтаньі»), дзве грунтоўныя працы на бенгалі, а таксама паэма «Харынама-чынтамані» («Каштоўнасць імя Хары»), прысвечаная навуцы пра імя Бога.

 

Вялікае значэнне для разумення вайшнавізму маюць два невялікія творы на англійскай мове – «Бхагават. Філасофія, этыка і тэалогія» і «Вайшнавізм сапраўдны і ўяўны», першы з якіх належыць Бхакцівіноду Тхакуру, а другі – Бхакцісіддханту Сарасваці.

 

Для ўдзельнікаў руху свядомасці Крышны асноўнымі ёсць кнігі Бхакціведанты Свамі Прабхупады – ягоныя каментары да «Бхагавата-пураны» і «Бхагавад-гіты», а таксама каментары да «Шры Чайтанья-чарытамрыты», выклад «Бхакці-расамрыта-сіндху» Рупы Госвамі («Нектар настаўленняў») і інш.

 

На дадзены момант (лістапад, 2022) сіламі невялікай групы энтузіястаў зроблены некалькі перакладаў кніг Шрылы Прабхупады на беларускую мову. Гэта «Бхагавад-гіта як яна ёсць», «Шры Ішапанішад», «Нектар настаўленняў» і інш.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, лістапад 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: