4. Абуджэнне духоўнага смаку

img

Духоўны смак на санскрыце мае назву ручы. Пад смакам да адданага служэння маецца на ўвазе неадольная цяга да святога імя Госпада, аповедаў пра Госпада і Ягоныя гульні. Дакладнаю пазнакаю з’яўлення духоўнага смаку ёсць адсутнасць стомленасці ад паўтарэння і слухання святых імёнаў Госпада. Такая стомленасць можа назірацца на папярэдніх стадыях духоўнага развіцця, аднак на стадыі ручы чалавек без стомы паўтарае святое імя Госпада. Вішванатха Чакраварці Тхакур у сваёй кнізе «Воблака Нектару» параўноўвае гэта з працэсам навучання, калі дзіцё, навучыўшыся чытаць, атрымлівае ад чытання ўсё больш і больш радасці.

 

Працэс здабыцця духоўнага смаку параўноўваецца з лячэннем ад жаўтухі. Хворая печань не дазваляе чалавеку цешыцца салодкім смакам мёду, аднак, згодна з аюрведыйскай медыцынай, мёд ёсць найлепшымі лекамі ад жаўтухі. Мёд салодкі заўсёды, аднак здольнасць адчуваць гэтую саладосць залежыць ад цяжкасці хваробы. Пагадзіўшыся на лячэнне, чалавек паступова ачуньвае і адначасова з гэтым пачынае адчуваць саладосць мёду. Гэтак жа сама і сэрца жывой істоты са спрадвечных часоў заражанае невуцтвам і іншымі клешамі (атрутамі). Пры дапамозе гаючага слухання аповедаў пра Госпада, паўтарэння святых імёнаў і далучэння да іншых відаў адданага служэння чалавек паступова аднаўляе смак да духоўнага жыцця.

 

Ручы бывае двух відаў: 1) абумоўлены вонкавай прывабнасцю таго ці іншага віду адданага служэння; 2) нічым не абумоўлены. У першым выпадку чалавек адчувае асалоду, калі звяртае больш увагу на форму таго ці іншага віду адданага служэння, не бачачы зместу. Напрыклад, яму падабаецца, калі нехта хораша спявае песні пра Госпада. У гэтым выпадку ён захапляецца больш музычным талентам спевака, чым услаўленнем Госпада. Такога чалавека часам параўноўваюць з госцем, у якога дрэнны апетыт, – сеўшы да стала з ежай, ён пытаецца, з чаго зробленая тая ці іншая страва. Прычына такога стаўлення крыецца, ізноў жа, у рэштках матэрыяльных жаданняў у сэрцы. Той жа, хто развіў у сабе ручы другога віду, адчувае чыстую асалоду ад займання адданым служэннем, няважна, у якой форме яно праяўляецца. Зрэшты, калі форма таксама дасканалая, сэрца такога чалавека перапаўняе радасць, і ён радуецца.

 

Вонкавай пазнакай ручы ёсць шкадаванне пра свае мінулыя злачынствы і грахі. Вось малітва адданага, у сэрцы якога абудзіўся духоўны смак: «Мой сябар (звяртаецца ён да сябе самога), навошта ты прамяняў салодкі нектар імя Госпада на бессэнсоўныя гутаркі пра сямейныя справы, матэрыяльны камфорт ды іншую мітусню? Зрэшты, я і сам не меней грэшны. Атрымаўшы з ласкі духоўнага настаўніка каштоўны дыямент адданага служэння, я, няшчасны, не здолеў зразумець ягоную каштоўнасць. Завязаўшы яго ў крысо свайго адзення, я адправіўся на пошукі аскепкаў перламутравае ракавіны, іскры прывіднага шчасця, што мігціць на беразе акіяна свецкага жыцця. Пакутуючы ў бясплоднай пустэльні, я дарма марнаваў гады свайго жыцця. Грэбуючы адданым служэннем, я проста паказваў сваю слабасць».

 

Так чалавек, знайшоўшы духоўны смак, успамінае свой ранейшы стан свядомасці. Хутка ён робіцца падобны да пчалы, якая смакуе нектар салодкага плода дрэва жаданняў – «Шрымад-Бхагаватам». Такі адданы не жадае ні на хвіліну пакідаць супольнасць вайшнаваў. Ён слухае і размаўляе з імі пра нектарныя гульні Госпада, атрымліваючы асалоду і нястомна славячы іх, забыўшыся пра ўсё астатняе. Ён прымае прыстанне святой дхамы і цалкам прысвячае сябе чыстаму служэнню Госпаду.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, лістапад 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: