Гісторыя Экадашы – самага магутнага дня

Гісторыя Экадашы – цудоўны аповед пра тое, як дзень экадашы стаўся самым магутным і спрыяльным днём.

Хто паведаў гісторыю Экадашы і раскрыў ейную магутнасць

Гісторыя Экадашы пачынаецца з пытання Арджуны да Госпада Шры Крышны: «О Госпад, Ты казаў, што нават тысяча ведыйскіх яг’яў не роўныя посту ў экадашы. Як гэта мажліва? Як дзень экадашы стаўся найбольш значным за ўсе іншыя дні?» Госпад Шры Крышна адказаў: «Я раскажу табе гісторыю Экадашы, з якой ты даведаешся як экадашы стаўся самым ачышчальным з усіх дзён.

Некалі ў Сацья-югу жыў надзвычай магутны дэман Мура. Заўсёдна шалёны, заўсёдна ў гневе, ён увесь час трымаў у страху ўсіх паўбагоў. Ягоная моц была такой вялікай, што ён перамог ды падначаліў сабе: Індру – караля нябёсаў, Вівасвана – бога Сонца, васьмярых Васу, Госпада Брахму, Ваю – бога ветру, Агні – бога агню. У Індры заставалася адзіная надзея – знайсці абарону ў больш магутных асоб сусвету.

Перадгісторыя дня Экадашы

Спачатку Індра звярнуўся па дапамогу да Госпада Шывы: «О Госпад, дэман Мура выгнаў усіх паўбагоў і мяне з нашых планет, і цяпер мы няшчасныя туляемся па Зямлі. Будзь літасцівы да нас, падкажы, як знайсці збавенне ад гэтае бяды і чаго нам чакаць наперадзе?»

Уважліва выслухаўшы праблемы паўбагоў, Госпад Шыва прамовіў: «О Індра, лепшы з паўбагоў, толькі Госпад Вішну, які сядзіць на Гарудзе, можа дапамагчы табе пазбавіцца ад тваіх пакут і даць усе адказы на твае пытанні. Ён – Джаганнатха, валадар і прыстанне ўсіх сусветаў. Ён бароніць усе душы, што аддаліся Яму».

Тады бог Індра і ўсе паўбагі адправіліся да Госпада Джаганнатхі да водаў Першаснага акіяна, акіяна вечнасці. Там яны ўбачылі Госпада, які спачываў, лежачы на ложы з кольцаў гіганцкага змея Шэшы.

img

Індра разам з усімі паўбагамі ціхмяна склалі далоні і ўзнеслі малітвы: «О Вярхоўная Асоба Бога, прымі нашыя пакорлівыя паклоны. О Бог багоў, о лотасавокі вораг дэманаў, о Госпад Мадхусудана (які забіў дэмана Мадху), калі ласка, абарані нас ад непераможнага жахлівага дэмана Муры. Толькі Ты можаш даць нам ратунак. О Джаганнатха, Ты творца ўсяго, Ты – маці і бацька ўсяго сусвету. Ты ствараеш, падтрымліваеш і разбураеш усё. О Найвышэйшы памочнік усіх, толькі Ты можаш прынесці нам мір. Толькі Ты ёсць зямлёй, небам ды дабрадзеем для ўсіх. Нішто ў гэтых трох светах, як рухомае, так і нерухомае, не можа існаваць незалежна ад Цябе. О Усявышні Госпад, Ты прыстанне тых, хто баіцца і абаронца тых, хто аддаліся Табе, калі ласка, выратуй і абарані нас. Мы, паўбагі, былі зрынутыя дэманамі з райскіх сфер. О Госпад, страціўшы свой стан, мы цяпер блукаем па Зямлі і не можам у поўнай меры выконваць свае абавязкі, каб кіраваць сусветам».

Выслухаўшы словы Індры ды іншых паўбагоў, Шры Вішну, Вярхоўная Асоба Бога, са здзіўленнем спытаў: «Які ж дэман валодае гэткай вялікай сілай, што змог перамагчы ўсіх паўбагоў? Якое ў яго імя, і дзе ён жыве? І як атрымаў ён сваю сілу і непераможнасць? Раскажы мне, Індра, пра ўсё падрабязна».

Госпад Індра пачаў свой расказ: «О Вярхоўная Асоба Бога. О Бог багоў. О той, хто перамагае страх у сэрцах Сваіх чыстых адданых. О літасцівы да Сваіх пакорлівых слуг. Быў некалі ў дынастыі брахманаў магутны дэман на імя Надыджанга. Гэты грозны дэман цалкам прысвяціў сябе вайне з паўбагамі. Ён спарадзіў сына, якога назвалі Мура і які атрымаў ганебную слыннасць. Вялікім стольным горадам Муры быў Чандраваці. Адтуль, нязмерна злы і моцны дэман Мура заваяваў увесь свет і перамог усіх паўбагоў. Выгнаўшы іх з нябёснага каралеўства, ён узяў на сябе ролю Індры – караля нябёсаў, Агні – бога агню, Ямы – бога смерці, Ваю – бога ветру, Ішы – Госпада Шывы, Сомы – бога Месяца, Найррыці – бога кірункаў, Пашы-Варуны – бога вады. Больш за тое, ён стаў выпраменьваць святло замест бога Сонца, а таксама пашырыў сябе ў аблокі. О Госпад Вішну, паўбагі не мелі сілы нават спыніць яго, не кажучы ўжо пра перамогу над ім. О Усёмагутны, калі ласка, забяры жыццё гэтага дэмана і вярні былыя парадкі». Слухаючы аповед Індры, Госпад Джанардана вельмі ўгневаўся паступкамі Муры: «О вялікія паўбагі, зараз вы ўсе можаце рушыць на сталіцу Муры – Чандраваці».

Натхнёныя гэтымі словамі, усе паўбагі, на чале з Госпадам Хары, скіраваліся на Чандраваці. Мура, правадыр дэманаў, убачыўшы спробу зрынутых паўбагоў адваяваць страчаныя пазіцыі, голасна зарагатаў. Разам з ім зарагаталі незлічоныя тысячы іншых дэманаў. Дэманы, моцная зброя якіх зіхацела дыяментамі, паспяхова адбілі напад паўбагоў. І тыя, не маючы сілы супрацьстаяць ім, сталі пакідаць поле бітвы, уцякаючы на ўсе дзесяць кірункаў.

І тады з’явіўся Усявышні Госпад Хрышыкеша. Убачыўшы на полі бою валадара пачуццяў, лютыя дэманы накінуліся на Яго з усёй зброяй, якую мелі ў сваіх руках. Як толькі яны атакавалі Госпада, які трымаў меч, дыск і булаву, Ён імгненна працяў іх Сваімі вострымі, напоўненымі атрутаю, стрэламі. Так былі знішчаныя ўсе «шараговыя» дэманы. Бітва працягвалася.

Праява Шры Экадашы

Урэшце чарга ў бітве дайшла і да правадыра дэманаў – Муры. Мура адметна карыстаўся сваёй магічнай сілай, ён абясшкоджваў усякую зброю, выпушчаную Усявышнім Госпадам Хрышыкешам. Удары зброі Госпада здаваліся дэману ўсяго толькі дотыкамі кветак. Госпад, скарыстаўшы ўсе віды зброі, стаў ваяваць голымі рукамі, такімі ж цвёрдымі, як абітыя жалезам булавы. Але і ў гэтым выпадку двубой хутка не скончыўся. Госпад змагаўся з Мурам цэлую тысячу нябёсных гадоў, а потым, быццам прытаміўшыся, адправіўся ў Бадарыкашрам. Там дзеля адпачынку Ён увайшоў у даволі маляўнічую пячору Хімаваці.

О Дхананджая, заваёўнік багацця, гэтая пячора была памерам у 96 міль і мела толькі адзін невялікі ўваход. Я зайшоў туды, каб адпачыць ды добра выспацца. Дэман не здаваўся. Ён пераследаваў Мяне і рушыў услед за Мною ў пячору. Надосталь, ён заспеў Мяне сонным. Карыстаючыся сітуацыяй, ён надумаў Мяне забіць і тым самым адпомсціць за ўсіх дэманаў (сярод дэманаў Госпад Хары вядомы як найвялікшы іхны забойца, а помста для іх вельмі салодкая). Але ў той час пакуль зламысны Мура збіраўся гэта зрабіць, з Майго цела вышла асляпляльна зіхатлівая, надзвычай прыгожая юная дзяўчына. Мура – вялікі ваяр, адразу адзначыў ейную адмысловую чароўную зброю, а таксама ейную рашучасць да бітвы. Так яно і адбылося: яна адразу ж выклікала дэмана на бой.

Як жа моцна здзівіўся Мура, калі пачаў ваяваць з дзяўчынай: яна, такая далікатная і пяшчотная, ваявала з ім на роўных, на роўных з тым, хто перамог усіх паўбагоў. Збянтэжаны гэтым фактам, кароль дэманаў насцярожыўся: «Хто ж стварыў гэтую грозную дзяўчыну, магутную, умелую, спрытную, як пошуг маланкі?» Аднак ён так і не здагадаўся, што ўжо зусім не мае часу. Прамяністая багіня імгненна дашчэнту пабіла ўсю зброю Муры і разбіла ягоную калясніцу. Спроба Муры адолець суперніцу ў рукапашную таксама пацярпела паразу: дзяўчына ў той жа момант знесла яму галаву. Пераможаны дэман зваліўся на зямлю і адправіўся ў валадарства Ямараджа, Паталу – падземную сферу, дзе знаходзяць прыстанне ворагі Госпада – тыя, хто нёс страх ды няшчасці.

img

Прачнуўшыся, Усявышні Госпад убачыў зрынутага дэмана і поруч з Сабою цудоўную дзяўчыну, якая, склаўшы далоні, пакорліва схілілася перад Ім. Ён вельмі ўразіўся гэтым: «Хто ж забіў гэтага магутнага зласлівага дэмана? Ён з лёгкасцю перамог усіх паўбагоў, гандхарваў, нават самога Індру разам з ягонымі спадарожнікамі – марутамі, а таксама нагаў (змеяў), валадароў ніжэйшых планет. Ён нават амаль перамог Мяне, прымусіўшы схавацца ад бітвы ў гэтай пячоры. Хто ж так літасціва абараніў Мяне, пакуль Я спачываў?»

Дзяўчына адказала: «Гэта я забіла дэмана, з’явіўшыся з Твайго трансцэндэнтнага цела. О Госпад Хары, знайшоўшы Цябе сонным, ён, вядома ж, захацеў забіць Цябе. Разумеючы подлыя намеры гэтае назолы трох светаў, я забіла зласлівага нягодніка, пазбавіўшы ад страху ўсіх паўбагоў і вызваліўшы тры светы. О Госпад, калі ласка, скажы, чаму Ты здзівіўся, убачыўшы забітым гэтага дэмана? Бо я – Твая вялікая маха-шакці, Твая ўнутраная энергія, што спараджае страх у сэрцах Тваіх ворагаў».

На што Усявышні адказаў: «О бязгрэшная, Я вельмі задаволены тваёй перамогай над каралём дэманаў. Усім паўбагам у трох светах ты прынесла шчасце, росквіт і выгоддзе. О шаноўная, прасі ў Мяне ўсё, што хочаш. Несумненна, Я дам табе гэта».

Міласць Шры Экадашы

Дзяўчына сказала: «О Госпад, калі Ты задаволены мной і хочаш мяне ўзнагародзіць, дай мне сілу вызваляць ад цяжкіх грахоў тых, хто посціць у гэты дзень. Дазволь, каб палову ўсёй выгоды ад посту атрымлівалі тыя, хто прымае вегетарыянскую ежу адзін раз у гэты дзень увечар ці апоўдні, унікаючы страў з зерневых і бабовых культур.

Дазволь таксама, каб той, хто кантралюе свае пачуцці і строга трымае поўны пост у дзень майго з’яўлення, вярнуўся ў Тваю сядзібу, паспытаўшы ў гэтым свеце ўсе віды асалод. Такое дабраславенне я хачу атрымаць з Твае ласкі, мой Госпад.

О Госпад Джанардана, калі ласка, даруй тым, хто трымае поўны пост, а таксама тым, хто прымае ежу толькі адзін раз увечар ці апоўдні, духоўнае развіццё, матэрыяльны росквіт і, канец канцоў, вызваленне з путаў матэрыяльнага свету».

img

Усявышні Госпад адказаў: «О самая годная сярод жанчын, няхай будзе так. У гэтым свеце ўсе Мае адданыя будуць пасціць у твой дзень, уславіўшыся гэтым у трох светах, і, урэшце, прыйдуць да Мяне і застануцца ў Маёй сядзібе. А як ты, Мая трансцэндэнтная энергія, з’явілася на адзінаццаты дзень сходу месяца (падчас ветаха), цябе будуць зваць Экадашы. І калі нехта будзе пасціць у экадашы, Я спалю ўсе ягоныя грахі і дарую яму Сваё трансцэндэнтнае прыстанне».

Дараваўшы дзяўчыне Сваё блаславенне, Усявышні Госпад знік. З таго часу дзень экадашы стаўся самым магутным, спрыяльным і славутым днём ва ўсім сусвеце. Вось такая цудоўная гісторыя Экадашы».

Абяцанні Госпада таму, хто строга трымае экадашы

«Я прадухілю ўсе перашкоды са шляху духоўнай дасканаласці таго, хто хоць якім з наказаных спосабаў праводзіць гэты вялікі дзень, і дарую яму дасканаласць жыцця».

 

«Я несумнеўна дарую яму Вышэйшае прыстанне».

Такім парадкам, магутнасць Экадашы палягае ў тым, што Экадашы можа знішчыць усе грахі. Таму экадашы самы магутны і спрыяльны дзень для ачышчэння ад грахоў ды правінаў. І ўсё гэта дзякуючы спагадзе адной вялікай адданай Госпада Шры Крышны, якая кожнай жывой істоце ў гэтым сусвеце даравала здольнасць знайсці дасканаласць, трымаючы пост у дзень экадашы.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, лістапад 2022
Навігацыя: