Запісана 2 снежня 1973 года
на беразе Ціхага акіяна ў наваколлі Лос-Анджэлесу.
Шрыла Прабхупада: Хто ведае, у чым розніца паміж кармі, г’яні, ёгам і бхактам?
Хрыдаянанда дас Госвамі: Кармі хоча задавальняць свае грубыя пачуцці, г’яні хоча атрымліваць асалоду ад тонкага розуму – аддавацца філасофскім разважанням, а ёг хоча кіраваць сусветам пры дапамозе містычных сіл.
Шрыла Прабхупада: Усё гэта матэрыяльныя здольнасці.
Хрыдаянанда дас Госвамі: А ў бхакты няма матэрыяльных жаданняў.
Шрыла Прабхупада: Слушна. І той, хто яшчэ не вызваліўся цалкам ад жаданняў, не можа быць шчаслівым. У кармі, г’яні і ёгаў многа жаданняў, таму яны няшчасныя. Кармі – самыя няшчасныя з іх, г’яні трохі меней няшчасныя, а ў самым лепшым становішчы знаходзіцца ёг. Але бхакта, ці адданы, абсалютна шчаслівы. Некаторыя ёгі валодаюць містычнаю сілаю, што дазваляе ім імгненна дастаць усякую рэч, якая знаходзіцца за тысячы міль ад іх, напрыклад, гранаты з Кабула. Іншыя здольныя кожнага занурыць у гіпноз. Тады яны паказваюць на якогась чалавека і кажуць: «Гэта Бог», – і іх ахвяры ім вераць. Мне самому даводзілася бачыць падобнае магічнае глупства. А трэція могуць лётаць без дапамогі самалёта. Напрыклад, аднойчы магутны ёг, імя якому было Дурваса Муні, без дапамогі механічных прыстасаванняў дасягнуў планеты, на якой жыве Госпад Вішну. Ён нанёс цяжкую абразу чыстаму адданаму Госпада Амбарышу Махараджу і пабег да Вішну ў надзеі, што Госпад выратуе яго ад кары. Аднак Вішну, Вярхоўны Госпад, у адказ на яго просьбу сказаў: «Я не магу абараніць цябе. Ты павінен вярнуцца да Амбарышы Махараджы і папрасіць у яго прабачэння. Калі ён прабачыць табе, ты будзеш выратаваны». Тады гэты магутны ёг прыпаў да стоп Амбарышы Махараджы, молячы яго аб прабачэнні. Амбарыша быў чыстым адданым Госпада і таму адразу ж прабачыў яму.
Крышнаканці: Ці значыць гэта, што чысты адданы больш літасцівы за Самога Крышну?
Шрыла Прабхупада: Так. Сапраўдны вайшнаў, сапраўдны адданы нават больш літасцівы за Крышну. Вазьміце, напрыклад, Госпада Ісуса Хрыста. Сказана, што Госпад Ісус прыняў на сябе грахі ўсіх людзей, і ўсё ж быў распяты. У наш час нягоднікі думаюць: «Мы будзем грашыць па-ранейшаму. Хрыстос узяў на сябе абавязанне пакутаваць за нас». (Ідзе доўгае маўчанне.)
Д-р Сінгх: Навукоўцы кажуць, што дрэвы таксама маюць свядомасць.
Шрыла Прабхупада: Так, гэта праўда, але свядомасць дрэва адрозніваецца ад маёй. У мяне больш развітая свядомасць. Калі маё цела ўшчыкнуць, я адразу пачну пратэставаць. Але калі вы возьмецеся пілаваць дрэва, яно не будзе пярэчыць. Папраўдзе ўсё на свеце мае свядомасць. Пытанне толькі – у якой ступені. Чым у большай ступені свядомасць пакрытая матэрыяй, тым больш матэрыяльнай яна лічыцца. І чым больш развітая свядомасць, тым больш яна лічыцца духоўнай. У гэтым розніца паміж матэрыяй і духам.
Хрыдаянанда дас Госвамі: У адным з вершаў «Бхагавад-гіты» заяўлена, што душы ёсць усюды.
Шрыла Прабхупада: Так. Nityaḥ sarva-gataḥ sthāṇur: «Душа вечная, усюдыісная і нязменная» [Б.-г., 2.24]. Духоўныя душы ёсць усюды. Яны імкнуцца выйсці на святло з зямлі (паказвае на траву). Як толькі ім падаецца мажлівасць, яны праяўляюць сваю свядомасць. Душы, што сходзяць з больш высокіх планет на нашую, трапляюць на зямлю разам з кроплямі дажджу. Потым яны робяцца травой і паступова развіваюцца да больш высокіх формаў жыцця.
Д-р Сінгх: Але гэта жудасна.
Шрыла Прабхупада: Так. А-brahma-bhuvanāl lokāḥ punar āvartino ’rjuna. «Усе планеты матэрыяльнага свету, ад найвышэйшай і да найніжэйшай, ёсць месцам пакут, дзе паўтараюцца нараджэнне і смерць» [Б.-г., 8.16] Так дзеюць тонкія законы. Што пра гэта ведаюць навукоўцы? Мая, ілюзія, адняла ў іх веды, а яны думаюць: «О, я вельмі вялікі навуковец».
Д-р Сінгх: Шрыла Прабхупада, што вы можаце сказаць пра перасадку сэрца? Мы ведаем, што духоўная душа знаходзіцца ў сэрцы. Але цяпер лекары могуць замяніць старое сэрца новым. Што адбываецца з духоўнай душой у тым і іншым сэрцы? Ці змяняецца індывідуальнасць чалавека, якому перасаджанае новае сэрца?
Шрыла Прабхупада: Не.
Д-р Сінгх: Чаму?
Шрыла Прабхупада: Дапусцім, я ўстаю са свайго крэсла і сядаю ў іншае. Ці змяняецца пры гэтым мая індывідуальнасць? Я магу памяняць месца, але ці азначае гэта, што змяніўся я сам?
Д-р Сінгх: Але ж сэрца змяняецца, а духоўная душа знаходзіцца ў ім.
Шрыла Прабхупада: У Ведах сэрца называюць сядзеннем душы. Таму падчас перасадкі сэрца лекары толькі змяняюць месца, на якім паважліва сядзіць душа. Душа застаецца той жа, што і была. Калі б навукоўцы маглі даказаць, што, замяніўшы сэрца, яны павялічылі працягласць жыцця пацыента, гэта было б довадам таго, што яны авалодалі духоўнай душой. Але яны не могуць павялічыць працягласць жыцця, таму што людзі атрымліваюць свае целы ў адпаведнасці з найвышэйшай воляй. У вас ёсць гэтае цела, і вы мусіце пражыць у ім пэўны тэрмін. Калі вы проста заменіце адну з частак цела, гэта не дапаможа вам падоўжыць жыццё. Гэта немагчыма. Лекары мяркуюць, што, замяніўшы сэрца, павялічаць працягласць жыцця чалавека, але гэта немагчыма.
Д-р Сінгх: Такім парадкам, перасадка сэрца – гэта адмысловае штучнае перасяленне душы са старога сэрца ў новае?
Шрыла Прабхупада: Так, нешта накшталт гэтага. Крышна паясняе ў «Бхагавад-гіце», што душа ўвесь час змяняе целы нават на працягу аднаго жыцця: з цела немаўляці яна пераходзіць у цела дзіцяці, потым у цела маладзёна і г. д. Душа ўвесь час пераходзіць з аднаго цела ў іншае, і перасадка сэрца – гэта проста замена матэрыяльных органаў цела. Сэрца не ёсць сапраўдным жаралом жыцця, таму змена сэрца не павялічвае працягласці жыцця.
Д-р Сінгх: Так. Большасць пацыентаў, якія перанеслі перасадку сэрца, пасля аперацыі жывуць не вельмі працяглы тэрмін. Ці мажліва ўвогуле перасадзіць душу з аднаго цела ў іншае?
Шрыла Прабхупада: Часам некаторым ёгам гэта ўдаецца. Яны могуць знайсці лепшае цела і перасяліцца ў яго.
Д-р Сінгх: Калі лекары праводзяць аперацыю па перасадцы сэрца, яны бяруць сэрца ў чалавека, які толькі што памёр, і перасаджваюць яго замест хворага сэрца ў чыім-небудзь целе. Ці змяняюцца душы месцамі: у мёртвым целе і ў хворым сэрцы?
Шрыла Прабхупада: Не. Душа ўжо пакінула мёртвае сэрца. Не можа быць і гаворкі пра тое, што яны пераносяць у цела іншую душу.
Д-р Сінгх: Я хачу пераканацца, ці правільна я вас зразумеў. Калі лекары бяруць сэрца ў чалавека, які толькі што памёр, яго душа ўжо пакінула гэтае сэрца. Потым, калі яны перасаджваюць яго мёртвае сэрца ў цела пацыента, душа пацыента ўваходзіць у перасаджанае сэрца.
Шрыла Прабхупада: Так. Душы прызначана жыць у дадзеным пэўным целе пэўную колькасць гадоў. Вы можаце замяніць кожную частку цела, але не ў вашых сілах змяніць працягласць яго жыцця.
Д-р Сінгх: Значыць, сэрца – гэта машына, прылада?
Шрыла Прабхупада: Так. Гэта месца знаходжання душы.
Д-р Сінгх: Шрыла Прабхупада, біёлагі кажуць, што многія віды жывых істот могуць размнажацца без дапамогі палавога акта. Ці адпавядае гэтае сцверджанне Ведам?
Шрыла Прабхупада: О, так.
Д-р Сінгх: Так што мы не можам абмежаваць іх размнажэнне?
Шрыла Прабхупада: Не. Якім спосабам? Жывых істот, якія прыйшлі ў гэты матэрыяльны свет цешыцца жыццём, вельмі шмат, таму працэс размнажэння будзе працягвацца. Гэты матэрыяльны свет параўноўваецца з турмою. Вы не можаце адмяніць турмы. Як толькі адзін чалавек выходзіць з турмы, у той жа час іншы ўжо гатоў увайсці туды. Гэтую ж тэму абмяркоўваў Госпад Чайтанья Махапрабху 21. Адзін з Яго адданых, Васудэва Датта, сказаў: «Калі ласка, вызвалі з матэрыяльнага нявольніцтва ўсіх жывых істот гэтага сусвету. Калі ж Ты лічыш, што яны занадта грэшныя, каб іх можна было выправіць, тады проста перакладзі на мяне ўсе іх грахі».
Аднак Чайтанья Махапрабху адказаў: «Дапусцім, Я ўзяў цалкам увесь гэты сусвет з усімі жывымі істотамі. Гэта ўсяго толькі адзін з незлічоных сусветаў. Ён як гарчычнае зерне ў вялікім мяшку, напоўненым гарчычнымі зярнятамі. Калі выняць адно зерне з мяшка, што зменіцца?» Так што спыніць працэс размнажэння фактычна немагчыма. Жывых істот незлічонае мноства, і таму ён будзе працягвацца.
Д-р Сінгх: Вы сказалі, што матэрыяльны свет нешта накшталт папраўчае калоніі, дзе жывыя істоты вучацца, як выблытацца з матэрыяльных сетак ды вырвацца з цыкла паўторных нараджэнняў і смерці.
Шрыла Прабхупада: Так. І адзіны спосаб выратавання – гэта свядомасць Крышны.
«У гэты век варожасці і крывадушнасці вызваліцца з матэрыяльнага палону можна, толькі паўтараючы святыя імёны Госпада. Няма іншага шляху. Няма іншага шляху. Няма іншага шляху» [Брыхан-нарадыя-пурана, 3.8.126].