Другая ранішняя прагулка

Запісана 19 красавіка 1973 года

ў парку Чэвіят-Хілз, Лос-Анджэлес.

Шрылу Прабхупаду суправаджаюць д-р Сінгх, Карандхара дас адхікары, Брахмананда Свамі і іншыя вучні.

Дарвінізм вымірае

Шрыла Прабхупада: Матэрыяльны свет становіць сабою спалучэнне трох якасцяў – саттвы, раджаса і тамаса (даброці, жарсці і невуцтва), – якія праяўляюцца ўсюды. Гэтыя якасці ў розных суадносінах ёсць ува ўсіх формах жыцця. Напрыклад, адны дрэвы прыносяць добрыя плады, тады як іншыя падыходзяць толькі на дровы. Гэта вынік таго, што яны злучаныя з рознымі якасцямі прыроды. Жывёле таксама ўласцівыя гэтыя тры якасці. Карова знаходзіцца пад уплывам гуны даброці, леў – жарсці, а малпа – невуцтва. Паводле Дарвіна выходзіць, што яго бацькам была малпа. (Смех.) Яго тэорыя абсурдная.

Д-р Сінгх: Дарвін казаў, што некаторыя жывыя істоты выміраюць у змаганні за існаванне. Здольныя выжыць застаюцца, а няздольныя выміраюць. Такім парадкам, ён сцвярджае, што выжыванне і выміранне ідуць поруч.

Шрыла Прабхупада: Ніхто не вымірае. Малпы не змерлі. Непасрэдныя продкі Дарвіна, малпы, усё яшчэ існуюць.

Карандхара: Дарвін пастуляваў існаванне натуральнага адбору. Але адбор мае на ўвазе выбар. Хто ж абірае?

Шрыла Прабхупада: Абіраць павінна асоба. Хто дазваляе аднаму выжыць, а іншаму загінуць? Павінна існаваць нейкая асоба, якая валодае розумам і ўладай аддаваць такія распараджэнні. Гэта нашае першае сцверджанне. Хто гэтая асоба, паясняецца ў «Бхагавад-гіце». Крышна кажа: mayādhyakṣeṇa prakṛtiḥ – «Прырода дзее пад Маім кантролем» [Б.-г., 9.10].

Д-р Сінгх: Апроч таго, Дарвін кажа, што розныя жывыя істоты не былі створаныя адначасна, яны паступова эвалюцыянавалі.

Шрыла Прабхупада: Тады як жа ён вытлумачыць, якім парадкам пачаўся эвалюцыйны працэс?

Карандхара: Сучасныя прыхільнікі дарвінізму сцвярджаюць, што першы жывы арганізм з’явіўся ў выніку ўзаемадзеяння хімічных рэчываў.

Шрыла Прабхупада: А я кажу ім: «Калі жыццё паўстала з хімічных рэчываў і вашая навука дасягнула такога высокага ўзроўню развіцця, то чаму ж вы не можаце стварыць жыццё біяхімічным спосабам у сваіх лабараторыях?»

У прышласці...

Карандхара: Яны кажуць, што створаць жыццё ў прышласці.

Шрыла Прабхупада: У якой прышласці? Калі ім задаюць гэтае прынцыповае пытанне, яны адказваюць: «Мы зробім гэта ў прышласці». Чаму ў прышласці? Гэта нонсэнс. «Не верце заўтрашняму дню, чаго б ён вам ні абяцаў». Калі яны дасягнулі такога прагрэсу, то ўжо зараз павінны прадэманстраваць, як жыццё можа быць створанае з хімічных рэчываў. У адваротным выпадку, які сэнс у іх прагрэсе? Яны кажуць глупства.

Карандхара: Яны сцвярджаюць, што стаяць на самым парозе стварэння жыцця.

Шрыла Прабхупада: Гэта тое ж самае, што сказаць: «У прышласці», але іншымі словамі. Навукоўцы павінны прызнаць, што дагэтуль не разумеюць, як паўстала жыццё. Яны сцвярджаюць, што хутка дакажуць хімічнае паходжанне жыцця, але гэта ўсё адно, што разлічвацца чэкам, які аплацяць толькі ў прышласці. Дапусцім, я даю вам чэк на дзесяць тысяч долараў і кажу вам, што вы зможаце атрымаць паводле яго грошы ў прышласці, а цяпер у мяне на рахунку нічога няма. Дык чаго варты такі чэк? Навукоўцы ўзнімаюць да нябёсаў сваю навуку, але калі справа даходзіць да таго, каб прадэманстраваць нешта на практыцы, то яны запэўніваюць, што зробяць гэта ў прышласці. Дапусцім, я сцвярджаю, што я мільянер, але калі вы просіце ў мяне трохі грошай, я адказваю: «Добра. Я выпішу вам чэк на вялікую суму, згодна з якім вы зможаце атрымаць грошы толькі ў прышласці. Гэта вас здаволіць?» Калі вы ў цвярозым розуме, то запярэчыце: «Дайце мне зараз хаця б пяць долараў наяўнымі, каб я меў у руках штосьці рэальнае». Гэтак і навукоўцы: у сваіх лабараторыях яны не могуць пры дапамозе біяхіміі стварыць нават травінку, але тым не менш заяўляюць, што жыццё пачалося з хімічных рэчываў. Які абсурд! Няўжо ніхто не ставіць гэта пад сумнеў?

Карандхара: Нават калі пагадзіцца са словамі навукоўцаў, што жыццё паўстала ў выніку ўзаемадзеяння хімічных рэчываў, відавочна, што хімічныя рэакцыі таксама падначальваюцца пэўным законам.

Шрыла Прабхупада: Так, кажучы пра закон, трэба ўлічваць, што нехта павінен быў яго прыняць. Нягледзячы на ўвесь так званы прагрэс, навукоўцы ў сваіх лабараторыях не могуць стварыць нават травінку. Якія ж яны тады навукоўцы?

Д-р Сінгх: Яны кажуць, што ў выніку ўсё паўстала з матэрыі. Жывая матэрыя паўстала з нежывой.

Шрыла Прабхупада: Тады з чаго ўзнікае гэтая жывая матэрыя цяпер? Ці навукоўцы сцвярджаюць, што жыццё паўстала з матэрыі ў мінулым і не ўзнікае ў сучаснасці? Адкуль цяпер з’яўляецца мурашка – з бруду?

Адсутнае звяно

Д-р Сінгх: Ёсць некалькі тэорый, якія тлумачаць, як жыццё паўстала з матэрыі, або як жывая матэрыя паўстала з нежывой.

Шрыла Прабхупада (адводзячы д-ру Сінгху ролю навукоўца-матэрыяліста): Добра, спадар навуковец, чаму жыццё не ўзнікае з матэрыі цяпер?

Насамрэч, гэтыя навукоўцы – махляры. Яны, нібы дзеці, паўтараюць, што жыццё паўстала з матэрыі, хоць цалкам не здольныя давесці гэта. Наш рух свядомасці Крышны павінен выкрыць усіх гэтых ашуканцаў. Яны ўсяго толькі бляфуюць. Чаму яны не створаць жыццё проста зараз? Яны кажуць, што ў мінулым жыццё паўстала з матэрыі і сцвярджаюць, што гэта зноў адбудзецца ў прышласці. Яны нават кажуць, што створаць жыццё з матэрыі. Што гэта за тэорыя? Яны ўжо заявілі, што жыццё паўстала з матэрыі. Гэта мае дачыненне да мінулага – «паўстала». Тады чаму ў сучаснасці яны кажуць пра будучыню? Хіба гэта не супярэчнасць? Яны чакаюць, што мінулае здзейсніцца ў прышласці. Гэта дзіцячае глупства.

Карандхара: Яны сцвярджаюць, што жыццё паўстала з матэрыі ў мінулым, і такім жа спосабам яны створаць яго ў прышласці.

Шрыла Прабхупада: Што за бязглуздзіца? Калі яны не здольныя даказаць, што жыццё ўзнікае з матэрыі цяпер, адкуль ім вядома, што жыццё паўстала гэтым спосабам у мінулым?

Д-р Сінгх: Яны мяркуюць...

Шрыла Прабхупада: Дапускаць можа кожны, але гэта не навука. Здагадкі можа рабіць хто хочаш: вы, я. Але патрэбныя довады. Мы можам давесці, што жыццё ўзнікае з жыцця. Дапусцім, у бацькі нараджаецца дзіця. Бацька жывы, і дзіця жывое. Але дзе довад, што бацькам дзіцяці можа стаць мёртвы камень? Дзе іх довад? Мы лёгка можам даказаць, што жыццё пачынаецца з жыцця. А крыніца жыцця – Крышна. Гэта таксама можна даказаць. Але дзе довад таго, што дзіця можа нарадзіцца з каменя? Яны фактычна не могуць даказаць, што жыццё ўзнікае з матэрыі. Яны адкладаюць гэта на будучыню. (Смех.)

Карандхара: Навукоўцы кажуць, што сёння могуць напісаць формулы кіслот, амінакіслот, якія ў нечым падобныя да аднаклеткавых жывых арганізмаў. Яны сцвярджаюць, што раз гэтыя кіслоты вельмі напамінаюць жывых істот, то ім нестае толькі нейкага аднаго звяна, каб стварыць жыццё.

Шрыла Прабхупада: Нонсэнс! Адсутнае звяно. Я гатоў кінуць ім выклік! (Смех.) Ім бракуе гэтага выкліку. Патрэбнае звяно – гэта выклік, кінуты ім у твар.

Нобелеўская прэмія – аслу

Д-р Сінгх: Некаторыя навукоўцы спадзяюцца, што ў прышласці змогуць гадаваць дзяцей у прабірках.

Шрыла Прабхупада: У прабірках?

Д-р Сінгх: Так, яны маюць намер злучаць мужчынскія і жаночыя клеткі ў біялагічных лабараторыях.

Шрыла Прабхупада: Калі яны пачынаюць з жывых істот, тады нашто ім прабіркі? Гэта не больш, чым месца для злучэння, такое ж, як матчынае чэрава. У чым тут заслуга навукоўцаў, калі гэта і так адбываецца ў прабірцы, створанай прыродай?

Карандхара: Прырода ўжо робіць гэта, але калі які-небудзь навуковец зробіць тое ж самае, яму дадуць Нобелеўскую прэмію.

Шрыла Прабхупада: Так, пра гэта заяўлена ў «Шрымад-Бхагаватам»: śva-vid-varāhoṣṭra-kharaiḥ saṁstutaḥ puruṣaḥ paśuḥ 4. У гэтым вершы тлумачыцца, што тыя, хто ўсхваляе людзей, падобных да жывёлы, самі не лепшыя за сабак, свіней, вярблюдаў і аслоў. Шва значыць «сабака», від-вараха – «свіння, якая харчуецца экскрэментамі», уштра – гэта вярблюд, а кхара – асёл. Калі Нобелеўскую прэмію даюць навукоўцу, які ёсць махляром, то людзі, якія засядаюць у камітэце і даюць яму гэтую прэмію, не лепш за сабак, свіней, вярблюдаў і аслоў. Мы не ўважаем іх за чалавечыя істоты. Адна жывёліна ўшаноўвае іншую. Чаму тут зайздросціць? Калі людзі ў нобелеўскім камітэце самі не лепшыя за жывёлін, то кожны, хто атрымлівае Нобелеўскую прэмію ў навуцы, ёсць першым з дурняў, таму што меў пахвалу не людзей, а жывёлін.

Д-р Сінгх: Для некаторых навукоўцаў Нобелеўская прэмія – найвышэйшая мэта жыцця.

Шрыла Прабхупада: Яны махляры. Яны нясуць бязглуздзіцу, аднак праз умельства гуляць словамі яны ўводзяць у зман іншых.

Брахмананда: Нобель – гэта той, хто вынайшаў дынаміт.

Шрыла Прабхупада: Ён прынёс вялікае няшчасце, а сваім капіталам фінансуе новыя няшчасці.

Брахмананда: У «Гіце» сказана, што дэманічныя людзі робяць учынкі, мэта якіх – зруйнаваць свет.

Шрыла Прабхупада: Так. Ugra-karmāṇaḥ kṣayāya jagato ‘hitaḥ [Б.-г., 16.9]. Яны робяць учынкі, якія нясуць няшчасці і прывядуць свет да згубы.

Адрозненне паміж жывым і нежывым

(Шрыла Прабхупада паказвае сваім кіем на дрэва.)

Шрыла Прабхупада: Раней на гэтым дрэве расло лісце і парасткі. Цяпер яны не растуць. Як гэта тлумачаць навукоўцы?

Карандхара: Яны сказалі б, што змянілася хімічная структура дрэва.

Шрыла Прабхупада: Каб даказаць гэтую тэорыю, яны павінны здолець увесці патрэбныя хімічныя рэчывы, каб галіны і лісце зноў сталі расці. Навуковы метад складаецца з назірання, вылучэння гіпотэзы і потым практычнае дэманстрацыі. Тады ён бездакорны. Але, насамрэч, навукоўцы не могуць прадэманстраваць у сваіх лабараторыях, што жыццё ўзнікае з матэрыі. Яны абмяжоўваюцца тым, што назіраюць, а потым нясуць бязглуздзіцу. Яны падобныя да дзяцей. У дзяцінстве, гледзячы на скрыню грамафона, я думаў, што ўсярэдзіне сядзіць чалавечак і спявае. Або электрычны вентылятар. Я думаў, што ў ім павінен знаходзіцца нейкі дух. (Смех.)

Д-р Сінгх: Адно з пытанняў, што звычайна ўзнікаюць пры вывучэнні біялогіі: «У чым розніца паміж жывым арганізмам і нежывым?» У падручніках напісана, што галоўнае адрозненне паміж імі ў тым, што жывая істота можа рухацца і нараджаць патомства, а для мёртвае матэрыі немажліва ні тое, ні другое. Але ў гэтых кнігах нічога не напісана пра прыроду душы ці свядомасці жывой істоты.

Шрыла Прабхупада: Але свядомасць – галоўная пазнака прысутнасці жыцця. Жывая істота можа рухацца і нараджаць патомства, толькі маючы свядомасць. Чалавек мяркуе пра жаніцьбу і дзяцей, таму што мае свядомасць. Аднак матэрыя сама сабою не мае такой здольнасці, бо ў ёй адсутнічае свядомасць. Што ж ёсць першаснай прычынай свядомасці? Гэта апісана ў Ведах: tad aikṣata bahu syām [Чхандог’я-ўпанішад, 6.2.3]. Бог сказаў: «Я зраблюся многім». Гэта азначае, што Бог – першая жывая істота, якая мае свядомасць і распаўсюджвае Сябе ў мноства іншых жывых істот. Не маючы свядомасці, немажліва ствараць пабочныя прадукты.

Індывідуальная жыццёвая сіла

Шрыла Прабхупада: Садоўнікі паліваюць зялёныя дрэвы; чаму б ім не паліць гэтае мёртвае дрэва, каб яно зазелянела?

Д-р Сінгх: З досведу яны ведаюць, што яно не будзе расці.

Шрыла Прабхупада: Тады якога элемента нестае? Навукоўцы кажуць, што прычына жыцця – хімічныя рэчывы, але ўсе хімічныя рэчывы, якія былі ў жывым дрэве, захаваліся ў ім дагэтуль. І яны падтрымліваюць жыццё мноства жывых істот – мікробаў, казюрак. Так што яны не могуць сказаць, што ў целе гэтага дрэва няма жыццёвай энергіі. Яна ёсць.

Д-р Сінгх: Але што можна сказаць пра жыццёвую энергію самога дрэва?

Шрыла Прабхупада: Гэта іншая рэч. Жыццёвая сіла індывідуальная, і тая жывая істота, якая была гэтым дрэвам, сышла. Толькі так можна гэта растлумачыць – усе хімічныя рэчывы для падтрымання жыцця захаваліся, а дрэва ўсё ж мёртвае.

Вось іншы прыклад. Дапусцім, я жыў у нейкай кватэры, а потым з’ехаў. Я з’ехаў, але там засталося мноства іншых жывых істот – мурашкі, павукі і г. д. Таму было б няправільна сцвярджаць, што кватэра больш непрыдатная для жыцця толькі таму, што я з яе з’ехаў. Іншыя жывыя істоты па-ранейшаму жывуць там. Сышоў толькі я – індывідуальная жывая істота. Хімічныя рэчывы ў дрэве можна прыраўняць да кватэры: яны ёсць для індывідуальнай сілы – душы – тым асяроддзем, якое дае ёй мажлівасць дзейнічаць. Душа індывідуальная. Я – індывідуальнасць, таму магу з’ехаць са сваёй кватэры. Мікробы таксама індывідуальнасці, якія валодаюць індывідуальнай свядомасцю. Рухаючыся ў пэўным кірунку, яны рана ці позна сутыкаюцца з нейкай перашкодай і думаюць: «Трэба пайсці іншай дарогай». Яны валодаюць якасцямі асобы.

Карандхара: Мёртвае цела не праяўляе якасцяў асобы.

Шрыла Прабхупада: Так. Гэта значыць, што індывідуальная душа пакінула гэтае цела. Душа сышла, таму дрэва перастала расці.

Д-р Сінгх: Шрыла Прабхупада, у жывым целе незлічонае мноства драбнюткіх жывых істот, але індывідуальнае «я», якое ёсць гаспадаром цела, таксама знаходзіцца ў ім. Правільна я кажу?

Шрыла Прабхупада: Так. У маім целе мільёны жывых істот. У кішэчніку жыве шмат чарвякоў. Калі яны стануць моцнымі, то будуць з’ядаць усё, што я буду есці, і ежа не будзе прыносіць мне ніякае карысці. Таму тыя, хто пакутуе на глістоў, шмат ядуць, але не растуць. Яны худнеюць і заўсёды адчуваюць голад, таму што гэтыя маленькія жывыя істоты з’ядаюць іх ежу. Такім парадкам, у маім целе тысячы і мільёны жывых істот, усе яны асобы, і я асоба, але гэтае цела належыць мне, гэтак жа, як мне можа належаць сад, у якім жывуць мільёны жывых істот.

Вучань: Дык што, калі я ем крышна-прасад [ежу, прапанаваную Крышну], жывыя істоты ў маім целе таксама ядуць прасад?

Шрыла Прабхупада: Так. Вы вельмі велікадушныя. (Смяецца.) Вы ясце крышна-прасад дзеля іншых.

Карандхара: То бок займаецеся дабрачыннасцю.

Шрыла Прабхупада: Так, але ў вас так шмат усяго, чым яны могуць сілкавацца, што не трэба прыкладаць дадатковых высілкаў, каб накарміць іх.

Мінімум слоў, максімум развязання

Шрыла Прабхупада: Індывідуальная душа ніколі не знікае. Яна не памірае і не нараджаецца. Яна проста змяняе целы, як чалавек змяняе адзенне. Гэта дасканалыя веды.

Д-р Сінгх: Але чаму навукоўцы не прызнаюць гэтага?

Шрыла Прабхупада: Яны непрыстойныя людзі. Яны махляры. Іх нават нельга назваць выхаванымі людзьмі. Бываюць сітуацыі, калі выхаваны чалавек збянтэжыцца ці адчуе сорам. Але ў гэтых людзей няма сораму. Яны не здольныя адказаць на наш выклік, аднак бессаромна заяўляюць, што яны – навукоўцы і змогуць стварыць жыццё. Іх нават нельга назваць выхаванымі людзьмі. Прынамсі я так лічу. Выхаваны чалавек пасаромеўся б казаць глупства.

Д-р Сінгх: Яны не думаюць, перш як сказаць што-небудзь.

Шрыла Прабхупада: Гэта значыць, што яны нават не заслугоўваюць каб называцца людзьмі. Чалавек, перш як сказаць што-небудзь, двойчы падумае.

Брахмананда: Больш за тое, яны ўводзяць у зман многіх прастадушных людзей.

Шрыла Прабхупада: Так. Гэта проста абуральна. Калі яны так хочуць, то хай паводзяцца як нягоднікі ў сябе дома, але навошта збіваць з панталыку іншых?

Д-р Сінгх: Яны ашукваюць сябе, але ім гэтага мала – яны таксама хочуць ашукаць іншых.

Шрыла Прабхупада: Так. Гэта іх асноўны занятак. Andhā yathāndhair upanīyamānāḥ. Адзін сляпы вядзе іншага сляпога. Дзякуючы Крышну нам зусім не цяжка зразумець, што ў целе ёсць жыццё. Ён кажа:

dehino ‘smin yathā dehe
kaumāraṁ yauvanaṁ jarā
tathā dehāntara-prāptir
dhīras tatra na muhyati

[«Як знаходзячыся ў адным целе, душа пераходзіць ад дзяцінства да старасці, так у момант смерці яна пераходзіць у іншае цела. Душу, што ўсвядоміла сябе, гэтая змена цел не можа збіць з панталыку» (Б.-г., 2.13).] Гэтымі двума радкамі Крышна развязвае ўсе праблемы біялогіі. Вось што такое веды. Мінімум слоў, максімум развязання. Тамы кніг, у якіх выкладаецца бязглуздзіца, не маюць ніякае каштоўнасці. Навукоўцы-матэрыялісты падобныя да жаб, якія квакаюць: «Ква-ква-ква!» Жабы думаюць: «Ах, як хораша мы гаворым!», – але ў выніку іх знаходзіць змяя, якая кажа: «Ага, тут сядзіць цудоўная жаба!» Хап! І ўсё. Калі настае смерць, усяму прыходзіць канец. Навукоўцы-матэрыялісты квакаюць: «Ква-ква-ква», – але калі прыходзіць смерць, іх навуковай дзейнасці наступае канец, і яны робяцца сабакамі, катамі ці кім-колечы яшчэ.

Навігацыя: