3. Этыкет вайшнава і пазнакі поспеху на духоўным шляху

img

У святых пісьмах гаворыцца, што чалавек, які атрымаў свядомасць Крышны (г. зн. які цалкам прысвяціў сябе трансцэндэнтнаму любоўнаму служэнню Госпаду), развівае ў сабе ўсе добрыя якасці паўбагоў. Вось некаторыя, самыя яркія з гэтых якасцяў:

1. Вайшнаў заўсёды добры да ўсіх і ніколі не шукае сварак.

2. Вайшнава цікавіць існасць жыцця, духоўная паводле прыроды.

3. Ён да ўсіх ставіцца аднолькава, і ніхто не можа знайсці ў ім заган (маюцца на ўвазе заганы характару, а не целавыя хваробы і г. д).

4. Розум вайшнава заўсёды чысты, свежы і вольны ад дакучлівых ідэй.

5. Вайшнаў нясе дабро ўсім жывым істотам, ён заўсёды спакойны і заўсёды спадзяецца на Крышну (Бога).

6. У вайшнава няма ніякіх матэрыяльных жаданняў.

7. Вайшнаў вылучаецца сціпласцю.

8. Вайшнаў заўсёды цвёрды ў сваіх намерах.

9. Вайшнаў атрымлівае перамогу над шасцю ворагамі: пажаднасцю, гневам, прагнасцю, ганарыстасцю, утрапёнасцю і зайздрасцю.

10. Вайшнаў ніколі не пераядае.

11. Вайшнаў заўсёды разважлівы (г. зн. ён валодае ўстойлівай псіхікай).

12. Вайшнаў заўсёды паважлівы да іншых і пры гэтым не патрабуе павагі да сябе.

13. Вайшнаў сур’ёзны (гэта не значыць, што ён не жартуе ці не смяецца; гэта азначае, што кожны свой крок ці слова ён старанна ўзважвае і абдумвае).

14. Вайшнаў літасцівы (ня толькі да людзей, але і да жывёлы; вайшнаў ніколі не стане забіваць ці есці жывёліну).

15. Вайшнаў паэтычны (чалавек, які спазнаў боскую любоў, развівае ў сабе здольнасць да высокай паэзіі; Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце», што талент у чалавеку – праяўленне Боскага).

16. Вайшнаў майстар ува ўсім (такая рыса вечнай душы; душа ў сваім спрадвечным стане валодае мноствам мастацтваў, такіх як музыка, жывапіс, танец і г. д.; у матэрыяльным свеце гэтыя мастацтвы толькі збольшага выяўляюць сваю разнастайнасць).

17. Вайшнаў маўклівы (маўклівасць – пазнака глыбокіх разважанняў; вайшнаў усім спачувае, таму ягоныя разважанні маюць дачыненне да ўсіх жывых істот; пад маўчаннем таксама маюць на ўвазе адмову ад марнай балбатні і абмеркавання плётак).

 

У кнізе «Вучэнне Шры Чайтаньі» ёсць такія радкі: «…калі чалавек атрымлівае мажлівасць служыць вялікай душы – махатме – шлях да вызвалення яму адкрыты. Аднак тыя, хто прывязаны да матэрыялістаў, ідуць дарогаю цемры. Сапраўдныя святыя адрозніваюцца такімі якасцямі, як спакой, зычлівасць да ўсіх істот і непадуладнасць гневу. Проста маючы стасункі з такім святым, можна ўстаць на шлях свядомасці Крышны (на шлях вайшнава). Напраўду, каб развіць у сабе любоў да Бога, варта мець стасункі са святымі адданымі. Кожнаму, хто сутыкнецца са святым чалавекам, адкрываецца шлях дасканалення ў духоўным жыцці. Ідучы дарогай такога адданага, чалавек несумнеўна разаўе ў сабе свядомасць Крышны».

 

Для тых, хто жадае дасягнуць такога ўзроўню, існуе шэсць відаў рэкамендацый:

 

1. Чалавек павінен прымаць усё, што спрыяе выкананню адданага служэння. Адданае служэнне пачынаецца з паўтарэння святога імя Госпада, а спрыяльным фактарам ёсць, перш за ўсё, чысціня. Чысціня бывае двух відаў: вонкавая і ўнутраная. Вонкавая чысціня – гэта чысціня цела і чысціня жылля. Дзеля падтрымання цела ў чысціні трэба рабіць амавенне адразу пасля сну, а таксама пасля апаражнення кішачніка, пасля галення, пасля стрыжкі валасоў і пазногцяў, а таксама пасля наведвання могілак ці крэматорыя. Чысціня жылля дасягаецца штодзённым прыбіраннем, падтрыманнем парадку, а таксама правільным выкарыстаннем прасторы ў адпаведнасці з ведыйскімі рэкамендацыямі. Унутраная чысціня – гэта чысціня намераў. Яна дасягаецца пры дапамозе паклонаў духоўнаму настаўніку і Боствам, а таксама раннім падыманнем. Уставаць трэба да ўзыходу сонца; звычайна вайшнавы ўстаюць а 4 ці 5 гадзіне раніцы і спяваюць малітвы духоўнаму настаўніку, а потым дзве-тры гадзіны паўтараюць імёны Госпада на пацерках. Найлепшым сродкам дзеля захавання чысціні розуму ёсць сталае паўтарэнне святога імя Крышны ў форме маха-мантры: Харэ Крышна Харэ Крышна Крышна Крышна Харэ Харэ / Харэ Рама Харэ Рама Рама Рама Харэ Харэ. Такім парадкам, святое імя Крышны ёсць адначасна і сродкам, і мэтай духоўнай практыкі.

 

2. Наступная рэкамендацыя – адхіляць усё, што неспрыяльна выкананню адданага служэння. У «Шрымад-Бхагаватам» утрымліваецца інфармацыя пра чатыры вечныя прынцыпы рэлігіі: аскетызм, чысціню, міласэрнасць і праўдзівасць. Адпаведна, чатыры віды грэшнай дзейнасці знішчаюць гэтыя прынцыпы. Гэта: 1) ужыванне ачмуральных рэчываў (сюды ўваходзяць наркотыкі, тытунь, алкаголь і нават кава і гарбата, а таксама ўсе прадукты, якія іх змяшчаюць); 2) недазволеныя кантакты з процілеглым полам (у ведыйскай культуры плоцевыя дачыненні дазволены толькі ў шлюбе і толькі дзеля зачацця дзяцей); 3) забіццё і ўжыванне ў ежу жывёлы (усякае мяса, рыба і яйкі не ўжываюцца вайшнавамі); і 4) азартныя гульні (асабліва ў нашу эпоху, мы бачым, як азартныя гульні робяцца крыніцай варожасці паміж людзьмі; вайшнавы не ходзяць у гулецкія дамы і не гуляюць у латарэі). Надмерная прага да грошай, жанчын і стану ў грамадстве шкодзіць духоўнаму развіццю чалавека. Ад такой прагі варта вызваліцца пры дапамозе кантактаў з узнёслымі вайшнавамі.

 

3. Толькі Крышна здольны абараніць нас ад усіх нягод. Такі настрой думак развівае ў сабе чалавек, які імкнецца да рэальнага ўсведамлення Бога. У Індыі ёсць прыказка: «Калі Крышна захоча кагосці загубіць – хто выратуе яго? І калі Крышна захоча кагосці выратаваць – хто зможа загубіць яго?» Чалавек павінен быць цалкам упэўнены ў тым, што толькі Крышна можа абараніць яго. Усё жыццё вайшнава працята такой упэўненасцю. Так развіваецца сапраўдная бясстрашнасць, адна з якасцяў, якая дазваляе душы ўвайсці ў духоўную рэальнасць.

 

4. Вайшнаў павінен бачыць у Крышну таго, хто дае яму ўсе сродкі да існавання. Нярэдка чалавек, выхаваны ў ведыйскай культуры, прывязваўся да пакланення паўбагам, магутным істотам, валадарам матэрыяльных элементаў і стыхій. Вядома, шмат хто на Захадзе ўспрымае гэта як міф, а багасловы вінавацяць такіх людзей у паганстве. Тым не менш, ведыйскія пісьмы ясна сцвярджаюць, што за кожнай з’явай прыроды стаіць асоба. У ведыйскай культуры была развіта традыцыя багаславенняў. Гэта традыцыя зусім невядомая людзям Захаду. Тут, на Захадзе, мы прывыклі лічыць, што ў жыцці можна дамагчыся ўсё саматугам. Аднак, духоўная і матэрыяльная галеча, што пашырылася ў сучасным «прагрэсіўным» свеце, цалкам дэвальвуе такі пункт погляду. Краіны свету бяднеюць, знішчаюцца прыродныя багацці, разбураецца азонавы слой і растаюць ледавікі. Стыхійныя бедствы адбіраюць мільёны жыццяў, а войны паглынаюць краіну за краінай. Веды сцвярджаюць, што ўсё гэта – вынік няўзгодненых дзеянняў паміж чалавечым грамадствам і вяршыцелямі лёсаў сусвету. Але таму, хто ступіў на шлях вайшнава, няма патрэбы пакланяцца паўбагам. Крышна кажа ў «Бхагавад-гіце», што Ён – крыніца ўсіх багаславенняў, якімі могуць узнагародзіць паўбагі. Таму, калі чалавек жадае мірна і ў дастатку жыць на зямлі, ён мае шукаць багаславенняў вылучна Крышны (Бога). Такое стаўленне дапаможа яму таксама дасягнуць духоўнага прасвятлення. Гэта тлумачыцца абсалютнай прыродай Крышны. Вядомы выпадкі, калі чалавек дамагаўся ў Крышны матэрыяльных багаславенняў, але потым, толькі ўбачыўшы цудоўны вобраз Крышны, забываў пра ўсе свае трывогі і жадаў толькі аднаго – аддана служыць Яму. Такая абсалютная выгода, якую можна атрымаць ад пакланення Крышну і спадзявання на Яго.

 

5. Наступны, вельмі высокі ўзровень духоўнага развіцця, – гэта ўзровень, на якім вайшнаў усведамляе, што адны ягоныя жаданні нічога не вырашаюць; пакуль Крышна не выканае іх, яны не змогуць выканацца самі сабой. На гэтым этапе кожнае дзеянне вайшнава робіцца выкананнем волі Госпада. Тут варта заўважыць, што часта людзі блытаюць свае вар’яцкія ідэі з задумамі Госпада. Каб сапраўды спасцігнуць задумы Госпада, трэба, па-першае, спраўдзіцца са святымі пісьмамі, а па-другое, спытацца ў свайго духоўнага настаўніка, ці напраўду Госпад хоча ад мяне гэтага. Толькі на вельмі высокім узроўні духоўнага развіцця чалавек можа чуць указы Звышдушы. Галоўным парадкам, гэтыя ўказы прыходзяць да нас праз розум. Здольнасць цвяроза думаць – адна з умоваў для ўспрымання ўказаў Госпада. Розум – правадыр волі Госпада, і калі розум ачышчаны, мы можам зразумець, што хоча Госпад, і злучыць свае жаданні з Ягонымі жаданнямі.

 

6. Апошняй паводле спісу, але не паводле значэння, запамогай на шляху да Бога ёсць пэўны настрой думак, калі вайшнаў уважае сябе за нікчэмную душу, не здольную ні на што. У такім стане вайшнаў спадзяецца толькі на Крышну, молячы Яго пра выратаванне. Гэта вельмі высокі ўзровень; імітаваць яго – значыць марнаваць час. Звычайна, калі мы бачым у сваім сэрцы заганы, нам няцяжка ўважаць сябе за грэшнікаў. Аднак, выпадае нам толькі трохі прасунуцца духоўным шляхам, як мы пачынаем уяўляць сябе за вялікіх праведнікаў. Гэта – праява ганарыстасці, а не сапраўднай адданасці. Сапраўдная пакорлівасць – гэта неаддзельны атрыбут любові да Бога, найвышэйшага дасягнення чалавечага жыцця.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, лістапад 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: