Дзеля таго, каб перайсці непасрэдна да аналізу паняцця бхакці, цэнтральнага і ключавога паняцця ў навуцы бенгальскіх вайшнаваў, трэба звярнуцца найперш да сістэмы каштоўнасцяў, прынятай у індыйскай традыцыйнай культуры. У аснове гэтай сістэмы ляжыць знаёмае ўжо нам паняцце дхармы. У дадзеным выпадку гэтае паняцце азначае рэлігійнасць, пабожнасць, праведнасць. Згодна з традыцыйнымі ўяўленнямі, дхарма забяспечвае чалавеку матэрыяльны росквіт – артху, якая, у сваю чаргу, дае яму магчымасць мець пачуццёвыя асалоды (каму). Прытым, калі дхарма набываецца галоўным парадкам у зямным жыцці, то артхай і камай можна цешыцца і ў наступных жыццях, на іншых планетах матэрыяльнага Сусвету, напрыклад, на сварга-лоцы, у каралеўстве Індры. Аднак, згодна з вучэннем пра карму, ніякі матэрыяльны росквіт ці задавальненне не можа доўжыцца вечна. Рана ці позна ім на змену павінна прыйсці пакута. Таму праведнасць дзеля мінучага зямнога шчасця не можа лічыцца за абсалютную каштоўнасць. Чалавек, які ўсвядоміў гэта, прыходзіць да адмаўлення дхармы, бачачы ў ёй ніжэйшую ступень рэлігійнасці, адпрэчвае артху і каму ды імкнецца да вызвалення (мокшы), да стану свабоды ад любой дзейнасці, як бязбожнай, так і праведнай. У многіх рэлігійных школах Індыі за дасканаласць уважаецца менавіта мокша. Аднак вайшнавізм не прызнае вызвалення вышэйшай каштоўнасцю і лічыць яго за наўпроставае адмаўленне, за негатыўнае паняцце. Найвышэйшая каштоўнасць павінна мець станоўчы канкрэтны змест. Вызваленне павінна быць не толькі «ад», але і «дзеля», таму ў вайшнаваў гэту ярархію завяршае прэма альбо прыці – стан чыстай любові да Бога. Прэма ёсць таксама і пара-дхарма – дасканалая праведнасць, найвышэйшая рэлігійнасць, у адрозненне ад дхармы, што прымітыўна разумеецца толькі як сродак дасягнення матэрыяльнага шчасця.
Можна ў дадзеным выпадку разглядаць дхарму, артху і каму як тэзіс, мокшу як антытэзіс і прэму як сінтэз. Таксама як дхарма, артха і кама прэма пазітыўная і напоўнена зместам, а як мокша, яна адмаўляе ўсякі эгаізм і матэрыяльную зацікаўленасць. Прэма – гэта якасна зусім іншы ўзровень, яна не зводзіцца да часовых каштоўнасцяў матэрыяльнага свету, бо належыць да сферы Трансцэндэнтнага.
Каштоўнасцям адпавядаюць спосабы іхнага здабыцця. Першая ступень (дхарма і інш.) дасягаецца шляхам кармы – строгім выкананнем прадпісанага Ведамі грамадскага абавязку, сямейных абавязкаў, абрадаў і рытуалаў, дабрачыннасцю і г. д. Другой ступені (мокша) адпавядае джняна (сюды ўключаецца таксама і ёга) – аскетызм, розныя медытацыйныя практыкі, вывучэнне філасофіі. І, нарэшце, трэцяй ступені (прэмы) дасягаюць пры дапамозе бхакці. Згодна з папярэднім аналізам каштоўнасцяў можна зразумець, што бхакці ёсць найвышэйшым сінтэзам кармы і джняны, які выводзіць, у адрозненне ад іх, у сферу Трансцэндэнтнага быцця.
Зараз разгледзім больш падрабязна значэнне слова бхакці. У «Санскрыцка-англійскім слоўніку» М. Маніер-Вільямса даецца некалькі дзясяткаў значэнняў дзеяслоўнага кораня бхадж, ад якога ўтвораны назоўнік жаночага роду бхакці. Значэнні, найбольш блізкія да таго, што традыцыйна разумеецца пад гэтым словам у вайшнавізме – «служэнне», «любоў», «шанаванне», а таксама «раздзяленне» (то бок «разлука»). Няцяжка заўважыць, што яны выражаюць дзеянне, стан і нейкую іхную ўмову. Тым самым, бхакці ёсць адначасна і любоў да Бога (стан) і адданае служэнне (дзеянне), якія прадугледжваюць наяўнасць суб’екта і аб’екта любові, то бок, таго, хто любіць і таго, каго любяць (умова). Але дадзены аналіз дае толькі схематычнае разуменне, бо даць дакладнае вызначэнне бхакці, якая адносіцца да катэгорыі неспасціжных (ачынцья) існасцяў, немагчыма.
Бхакці – шлях, які вядзе да крышна-прэмы, найвышэйшай дасканаласці. У «Бхагавата-пуране» (1.2.6) гаворыцца: «Найлепшая дзейнасць для чалавека – тая, што прыводзіць яго да адданага служэння Усявышняму (бхакці). Бесперапынная і бескарыслівая, яна прыносіць поўнае здавальненне душы». У той час як карма можа прывесці толькі да здабыцця часовых матэрыяльных выгод, а джняна – да зразумення безасабовага аспекту Абсалюта, бхакці прыводзіць да Бхагавана – Крышны. Бхакці незалежыць ад кармы і джняны, наадварот, карма і джняна залежаць ад бхакці; без хаця б часцінкі бхакці не можа быць дасканаласці ў карме і джняне, бо гэтыя шляхі абавязкова павінны ўключаць веру (шраддху), а шраддха – адзін з аспектаў бхакці. Аднак шраддха – толькі пачатная ейная ступень. Мэтай жа духоўнага шляху павінна быць здабыццё любові (прэмы), а не матэрыяльных выгод ці нават вызвалення, таму той, хто валодае верай у Абсалют, у Бога, ці ў багоў, але не імкнецца знайсці крышна-прэму, не здольны прыйсці да вышэйшай дасканаласці. Паводле слоў Рупы Госвамі («Бхакці-расамрыта-сіндху» 1.1.11), найвышэйшая (уттама) бхакці павінна быць цалкам сканцэнтравана на Крышну і пазбаўлена дамешкаў кармы і джняны. Разам з тым, чыстая бхакці несумнеўна складаецца з ачышчанай кармы і джняны – кармы ў форме актыўнай практычнай дзейнасці, прысвечанай Крышну і джняны ў форме патаемных ведаў пра Крышну.