Ведыйская культура, як вынікае з самой назвы, будуецца на прынцыпах Ведаў, найстаражытных святых пісьмах свету. Асноўнай каштоўнасцю ведыйскае культуры ёсць шчасце, якое можа адчуваць чалавек. Крытэр поспеху ў гэтай культуры – колькасць шчасця, якое можа атрымаць чалавек за пэўны прамежак часу. У звязку з гэтым шчасце падзяляецца на тры катэгорыі:
1. Шчасце ад сутыку органаў пачуццяў з аб’ектамі пачуццяў (напрыклад, вочы глядзяць на прыгожыя формы, і чалавек адчувае пэўнага роду асалоду).
2. Шчасце ад усведамлення Брахману, несмяротнае прыроды быцця, асновы сусвету, недыферэнцыяванага стану духу, ззяння, што эмануе з Вышэйшае Прычыны ўсіх прычын.
3. Шчасце ад служэння Шры Крышну (Богу).
Абмежаванасць першага віду шчасця не мае патрэбы ў довадах. Імкненне атрымаць задавальненне ад матэрыі параўноўваецца ў Ведах са спробамі атрымаць рыс, малоцячы рысавае шалупінне. Тым не менш, раз ужо такі від шчасця вельмі прывабны для большасці людзей, у Ведах утрымліваецца мноства наказаў наконт таго, як правільна жыць у гэтым свеце, каб, урэшце, мець найбольшую колькасць асалод. Матэрыяльнае шчасце Веды дзеляць на два віды: шчасце, даступнае ў гэтым жыцці, і шчасце, даступнае пасля смерці. Кіруючыся ведыйскімі настаўленнямі, можна спазнаць і тое, і другое. Дзеля здабыцця шчасця ў гэтым жыцці Веды прапануюць мадэль сацыяльнае структуры, якая атрымала назву варнашрама-дхарма. Варна ў перакладзе з санскрыту значыць «прафесійная схільнасць». Зазвычай гэта слова перакладаюць як «каста», аднак гэта няправільнае тлумачэнне. У «Бхагавад-гіце» (4.13), асноўным творы ведыйскага канона, ёсць такія словы: «Згодна з трыма гунамі матэрыяльнае прыроды і звязанаю з імі дзейнасцю, Я (Крышна, Бог) падзяліў чалавечае грамадства на чатыры саслоўі. Але ведай жа, што, хоць Я і ёсць стваральнікам гэтае сістэмы, Сам Я, вечны і нязменны, недатычны да якой-кольвек дзейнасці». У гэтым вершы ясна паказваецца, што чалавек належыць да таго ці іншага саслоўя не паводле нараджэння ў пэўнай сям’і, а паводле прыродных схільнасцяў, якія, у сваю чаргу, залежаць ад гун матэрыяльнае прыроды, якія ўплываюць на чалавека. Матэрыяльнае шчасце мажліва толькі ў тым выпадку, калі чалавек займаецца сваёй справай і не спрабуе ісці супраць сваёй прыроды. Такі спосаб дзеянняў уважаўся ў ведыйскай культуры за вышэйшую дабрачыннасць, што таксама пацвярджаецца ў «Бхагавад-гіце» (18.45): «Займаючыся дзейнасцю, якая адпавядае ягонай прыродзе, кожны чалавек можа дасягнуць дасканаласці».
Так захоўваўся мір у грамадстве, бо чалавек здавольваўся сваім становішчам і не імкнуўся заняць чужое месца ці пасаду. Такое стаўленне мажліва толькі пры адной умове – пры поўнай адсутнасці зайздрасці. У тагачасным грамадстве, якое было пабудаванае на ведыйскай культуры, якраз зайздрасць уважалася за ворага нумар адзін. Зайздрасць разглядалася як спалучэнне асноўных заган: пажадлівасці, гневу, прагнасці, ілюзіі і ўтрапёнасці. Веды даюць пэўны сродак пазбавіцца зайздрасці – прысвячаць усю сваю дзейнасць Богу. Бога ў Ведах называюць Хрышыкешам, што значыць «валадар пачуццяў». Зайздрасць, а таксама ейныя складнікі, крадуць у чалавека адчуванне шчасця, таму ў ведыйскай цывілізацыі было прынята так ці інакш пакланяцца Богу, слухаць пра Яго, прысвячаць Яму сваю працу, свае таленты, творы мастацтваў і г. д. Яшчэ да 50-х гадоў ХХ стагоддзя ўсе тэатральныя пастаноўкі ў Індыі былі так ці іначай звязаныя з ліламі (гульнямі) Крышны і Ягоных увасабленняў. Выхаваны ў ведыйскай культуры, чалавек меў добры грунт для таго, каб у будучыні сур’ёзна прыступіць да адданага служэння Богу і стаць сапраўдным вайшнавам, «слугой Бога» (у наш час на захадзе вайшнаваў называюць крышнаітамі, аднак гэта назва ўмоўная; вайшнаў паходзіць ад слова Вішну – «усявышні», то бок вайшнаў – гэта адданы слуга Бога). Пры гэтым было няважна, у якой сям’і нарадзіўся чалавек, і якую работу ён робіць. Пераход ад выканання прафесійнае дзейнасці дзеля асалоды ейнымі плёнамі і выкананне той жа дзейнасці дзеля Крышны быў паступовым, але даволі адчувальным. Пры гэтым змяняўся не вонкавы аспект дзейнасці, а настрой чалавека, ягоныя думкі і імкненні. У аснове дзейнасці ніжэйшага парадку заўсёды ляжаць мары пра асалоду сваіх пачуццяў, тады як у дзейнасці дзеля Крышны (Бога) ляжыць уяўленне пра сябе, як пра неадлучную часцінку Усявышняга, прызначэнне якой служыць Поўнаму Цэламу.
Больш за тое, ніводзін з відаў матэрыяльнага шчасця, даступны чалавеку пасля смерці, немажлівы без пакланення Богу. Каштоўнасць чалавечага жыцця напраўду велізарная. Сярод 8 400 000 відаў жыцця чалавечае жыццё дае жывой істоце (душы) надзвычайныя магчымасці. Па-першае, толькі чалавек можа змяніць свой лёс (карму). Жывёла не мае такой магчымасці. Жывёліны паводзяцца толькі натуральнымі, прыроднымі памкненнямі, тады як чалавеку дадзены выбар, інакш кажучы, толькі чалавек надзелены патрэбным розумам, каб адрозніваць добрае ад дрэннага. Па-другое, толькі ў чалавечым абліччы можна пазбавіцца заган, такіх, як гнеў, пажаднасць ды інш. Калі душа зжывае вышэйназваныя заганы, ёй адкрываецца шлях на нябёсы. Усе планеты, якія мы бачым на начным небасхіле, заселеныя. Многія з гэтых планет называюцца райскімі, таму што працягласць ды якасць жыцця на іх немажліва параўнаць ні з якімі асалодамі на нашай зямной планеце.
І, нарэшце, толькі чалавечая форма жыцця дае жывой істоце магчымасць адчуць шчасце найвышэйшага парадку – шчасце служэння Богу. У Тантра-шастры Шыва кажа сваёй жонцы Саці: «Дарагая жонка, той, хто аддаўся лотасавым стопам Говінды (Крышны) і тым самым развіў у сабе чыстую свядомасць Крышны, можа з лёгкасцю знайсці ўсё, да чаго так імкнуцца імперсаналісты (тыя, хто пакланяецца безасабоваму аспекту Абсалюта, Брахману). І больш за тое, ён можа нацешыцца шчасцем, даступным самым узнёслым вайшнавам».
Працягласць матэрыяльных асалод нікчэмна малая ў параўнанні з духоўнай асалодай. Шчасце ад чыстага адданага служэння Богу – найвышэйшая форма шчасця, таму што такое шчасце бясконцае. Шчасце ж, якое прыносяць зямныя даброты ці спазнанне Брахману, уважаецца за шчасце ніжэйшага тыпу, бо яно мае пачатак і канец. У «Хары-бхакці-судхадаі» прыводзіцца малітва Прахлады Махараджы, услаўленага адданага Госпада: «О мой Госпад, я зноў і зноў малю Цябе ля Тваіх лотасавых стоп умацаваць мяне ў маім адданым служэнні. Я малю толькі пра тое, каб мая свядомасць Крышны сталася глыбей і ўстойлівей, бо шчасце свядомасці Крышны і адданага служэння само сабой можа прынесці чалавеку ўсе вынікі рэлігійнасці, эканамічнага дабрабыту, задавальнення пачуццяў і нават вызвалення ад матэрыяльнага існавання».
Гаворыцца, што радасці, якія могуць даць чалавеку рэлігійнасць, эканамічны дабрабыт, пачуццёвыя асалоды і вызваленне, ідуць услед за адданым служэннем Госпаду, падобна да таго, як пажы і фрэйліны пачціва крочаць услед за каралеваю.
Такім парадкам, ведыйская культура і ведыйская канцэпцыя сацыяльнага ладу дазваляла чалавеку спазнаць шчасце рознага віду. Асновай кожнага шчасця была дабрачыннасць, без якой быў немажлівы прагрэс чалавечага грамадства. Адзіны вораг чалавечага грамадства – гэта загана. Загана не мае нацыянальнасці ці рэлігійнае прыналежнасці. Веды не прызнаюць падзелу людзей паводле расавай ці рэлігійнай прыкметы. Усякія градацыі, памянёныя ў Ведах, тычацца толькі ўзроўню свядомасці чалавека, а не ягонага паходжання ці сямейных традыцый. Вось чаму на сённяшні дзень ведыйская культура заваёўвае ўсё больш і больш паслядоўнікаў. Чалавек інстынктыўна імкнецца да праўды. Праўда вызначаецца Ведамі як сва-рат, што значыць «якая самапраяўляецца». Праўда прамяністая, і чалавеку не трэба даводзіць, праўда гэта ці не, падобна да таго, як не трэба даводзіць галоднаму чалавеку, якога частуюць багатай ежай, насычаецца ён ці не. Прамяністая праўда Ведаў нясе дабро ўсім людзям нашае шматпакутнае планеты, і калі чалавек жадае выгоды для сябе і сваіх блізкіх, ён павінен звярнуцца да Ведаў у пошуках сапраўднага кіраўніцтва да жыцця. Сэнс жыцця – быць шчаслівым. Гэта закладзена ў прыродзе душы, якая валодае якасцямі Вышэйшае Душы, Бога. Бога называюць сат-чыт-ананда, што значыць «споўнены вечнасці, ведання і асалоды». Гэтак і жывая істота, душа, быццам кропля акіяна, валодае тымі ж якасцямі; душа вечная, ззяе ў веданні і адчувае асалоду. Чыстае адданае служэнне Крышну – не што іншае, як паўнавартаснае праяўленне гэтай асалоды. Злучаючыся пры дапамозе энергіі шчасця Госпада з Самім Госпадам, душа адчувае непараўнальную асалоду. Не ачысціўшы сваёй прыроды, немажліва ўвайсці ў каралеўства непараўнальнай асалоды. Бхакцівінода Тхакур, выбітны навуковец і паэт ХIХ стагоддзя, кажа ў сваёй кнізе «Шры Чайтанья-шыкшамрыта», што маральнасць, праўдзівасць, чысціня, зычлівасць, сумленнасць і любоў уласцівыя душы ад прыроды. Інакш кажучы, калі чалавек парушае запаветы маралі, маніць, злуецца ды выказвае непавагу да іншых – ён не можа заяўляць, што служыць Госпаду. У свеце ёсць гэтулькі людзей, якія заяўляюць, што служаць Богу і любяць Яго, аднак, калі яны пры гэтым разбэшчаныя, хлуслівыя, нячыстыя, незычлівыя і злыя – іхнае служэнне Богу – усяго толькі фарс. У ведыйскай культуры ніхто не мог заяўляць, што служыць Богу, не развіўшы спачатку вышэйзгаданых якасцяў сапраўднае дабрачыннасці. Інакш кажучы, жыццё ведыйскага грамадства было скіраванае на ачышчэнне нашае спрадвечнае прыроды, прыроды душы, часцінкі Вышэйшае Душы, Крышны, усёпрывабнага Госпада.