Тыя, хто пакланяецца паўбагам, патрапяць у самыя змрочныя абшары невуцтва, але яшчэ ў большай ступені гэта тычыцца тых, хто пакланяецца безасабоваму Абсалюту.
Санскрыцкае слова асамбхуці ўжываецца ў дачыненні да тых, хто не мае незалежнага існавання. А самбхуці – да Абсалютнай Асобы Бога, які абсалютна незалежны. У «Бхагавад-гіце» (10.2) Абсалютная Асоба Бога, Шры Крышна, кажа:
«Ні процьмы паўбагоў, ні вялікія мудрацы не ведаюць Маіх багаццяў, бо Я – першасная прычына ўсіх паўбагоў і мудрацоў». Такім парадкам, Крышна ёсць крыніцаю тых сіл, якімі надзеленыя паўбагі, вялікія мудрацы і містыкі. І хоць сілы, якімі яны валодаюць, велізарныя, але і яны абмежаваныя, таму ім вельмі цяжка зразумець, як Сам Крышна пры дапамозе Сваёй унутранай энергіі з’яўляецца ў вобразе чалавека.
Усе філосафы і вялікія рышы, містыкі, спрабуюць адрозніць Абсалютнае ад адноснай рэальнасці пры дапамозе сваіх мізэрных разумовых здольнасцяў. Аднак такое можа прывесці іх толькі да негатыўнае канцэпцыі Абсалюта. Гэты метад не дае магчымасці спасцігнуць які-колечы пазітыўны аспект Абсалюта. Вызначэнне Абсалюта праз адмаўленне недасканалае. Такія вызначэнні падахвочваюць чалавека фармаваць сваю ўласную канцэпцыю, і ён можа пачаць уяўляць, што Абсалют павінен быць без формы і якасцяў. Негатыўныя якасці, якія прыпісваюцца Абсалюту, ёсць толькі інверсіяй адносных, матэрыяльных якасцяў, і таму яны таксама адносныя. Такія ўяўленні пра Абсалютнае ў лепшым выпадку могуць прывесці чалавека да ўсведамлення безасабовага ззяння Бога, якое называецца Брахманам, але з іхнай дапамогай немажліва дасягнуць узроўню ўсведамлення Бхагавана, Асобы Бога.
Спекулятыўныя мысляры не ведаюць, што Абсалютнай Асобай Бога ёсць Крышна, і што безасабовы Брахман – гэта асляпляльнае ззянне Ягонага трансцэндэнтнага цела, а Параматма, Звышдуша, – Ягоная ўсёпранікальная поўная праява. Не ведаюць яны і таго, што Крышна мае вечную форму, споўненую вечнай асалоды і ведання. Залежныя паўбагі і вялікія мудрацы памылкова ўважаюць Яго за магутнага паўбога, а ззянне Брахмана – за Абсалютную Праўду. Толькі адданыя Крышны, якія цалкам прысвяцілі сябе служэнню Яму, ведаюць, што Ён – Абсалютная Асоба, і што ўсё існае паходзіць з Яго. Такія адданыя ўвесь час з любоўю служаць Крышну, крыніцы ўсяго існага.
У «Бхагавад-гіце» (7.20) сказана, што толькі неразумныя, збітыя з панталыку людзі, рухомыя моцным жаданнем пачуццёвых асалод, пакланяюцца паўбагам, каб вырашыць свае часовыя праблемы. Жывая істота заблыталася ў лабірынце матэрыяльнага існавання, і, каб знайсці вечную свабоду ў духоўным свеце, споўненым вечнай асалоды, жыцця і ведання, яна павінна скінуць з сябе кайданы матэрыяльнага нявольніцтва. Таму «Шры Ішапанішад» не раіць нам імкнуцца да часовага збавення ад тых ці іншых матэрыяльных праблем, пакланяючыся залежным паўбагам, якія здольныя надарыць нас толькі недаўгавечнымі выгодамі. Замест гэтага трэба пакланяцца Абсалютнай Асобе Бога, Крышну, які прываблівае ўсіх і можа назаўжды вызваліць нас ад матэрыяльнага нявольніцтва, забраўшы нас дамоў, назад да Бога.
У «Бхагавад-гіце» (7.23) заяўлена, што тыя, хто пакланяецца паўбагам, змогуць трапіць на планеты гэтых паўбагоў: тыя, хто пакланяюцца Месяцу, трапляюць на Месяц, хто пакланяецца Сонцу – на Сонца і г. д. Сучасныя навукоўцы спрабуюць дасягнуць Месяца з дапамогаю ракет, але на самай рэчы падобныя спробы рабіліся і раней. Людзі з іхнай развітой свядомасцю з сваёй прыроды схільныя да касмічных падарожжаў і таму імкнуцца дасягнуць іншых планет з дапамогаю касмічных караблёў ці містычных сіл, або пакланяючыся паўбагам, якія кіруюць той ці іншай планетай. У ведыйскіх пісьмах сказана, што чалавек можа дасягнуць іншых планет пры дапамозе кожнага з гэтых трох спосабаў, але самы пашыраны з іх – пакланенне паўбогу, які кіруе той ці іншай планетай. Так можна дасягнуць Месяца, Сонца і нават Брахмалокі, найвышэйшае планеты сусвету. Аднак усе планеты матэрыяльнага сусвету ёсць толькі часовым прыстаннем. Вечныя толькі Вайкунтхалокі, якія знаходзяцца ў духоўным свеце, і дзе кіруе Сам Бог-Асоба. У «Бхагавад-гіце» (8.16) Госпад Крышна пацвярджае гэта ў наступных словах:
«Усе планеты матэрыяльнага свету, ад найвышэйшай і да найніжэйшай, – гэта месца пакут, дзе кожны змушаны зноў і зноў нараджацца і паміраць. Але той, хто дасягнуў Маёй сядзібы, о сын Куньці, ужо ніколі не нарадзіцца тут».
«Шры Ішапанішад» паказвае, што той, хто пакланяецца паўбагам і трапляе на іхныя матэрыяльныя планеты, па-ранейшаму застаецца ў найцямнейшым рэгіёне сусвету. Сусвет пакрыты гіганцкімі абалонкамі з матэрыяльных элементаў і нагадвае какосавы арэх, напалову запоўнены вільгаццю. Гэтае пакрыццё герметычнае, таму, каб рассеяць непраглядную цемру, якая пануе ў сусвеце, патрэбныя Сонца і Месяц. Звонку сусвет атачае бязмежная прастора брахмадж’ёці, у якім плаваюць незлічоныя Вайкунтхалокі. Найвышэйшая і найвялікшая планета брахмадж’ёці – Крышналока, ці Галока Врындавана, на якой жыве Сам Шры Крышна, Вярхоўная Асоба Бога. Госпад Шры Крышна ніколі не пакідае Крышналокі. Ён заўсёды знаходзіцца там са Сваімі вечнымі спадарожнікамі, але ў той жа час Ён існуе паўсюль, ува ўсёй матэрыяльнай і духоўнай касмічнай праяве. Гэта ўжо тлумачылася ў мантры чацвёртай. Госпад, як сонца, бытуе ўсюды, і ўсё ж Ён знаходзіцца ў адным месцы, як і сонца, якое не адхіляецца ад сваёй арбіты.
Праблемы жыцця нельга вырашыць, проста адправіўшыся на планету Месяц або на іншую планету, якая знаходзіцца вышэй або ніжэй за яе. Таму «Шры Ішапанішад» раіць нам не турбавацца ні пра які пункт прызначэння ў гэтым цёмным матэрыяльным сусвеце, а паспрабаваць вырвацца за ягоныя межы ды дасягнуць зіхатлівага валадарства Бога. Існуе шмат людзей, якія выдаюць сябе за вернікаў і здзяйсняюць рэлігійныя абрады толькі дзеля славы ці рэпутацыі. Такія псеўдарэлігійныя людзі не жадаюць пакідаць гэты сусвет, каб дасягнуць духоўнага неба. Пад маркаю пакланення Госпаду яны хочуць аднаго – захаваць свой статус-кво ў матэрыяльным свеце. Прапаведуючы культ атэізму, атэісты і імперсаналісты вядуць такіх неразумных псеўдавернікаў у найцямнейшыя рэгіёны сусвету. Атэісты адкрыта адмаўляюць існаванне Вярхоўнай Асобы Бога, а імперсаналісты падтрымліваюць атэістаў, падкрэсліваючы безасабовы аспект Вярхоўнага Госпада. Дагэтуль мы не знайшлі ў «Шры Ішапанішад» ніводнае мантры, якая адмаўляла б існаванне Вярхоўнай Асобы Бога. У адной з мантраў было сказана, што Ён можа перасоўвацца хутчэй за ўсіх. Тыя, хто падарожнічае на іншыя планеты, без сумневу, ёсць асобамі, і калі Госпад можа перасоўвацца хутчэй за іх, то як жа Ён можа быць безасабовым? Безасабовая канцэпцыя Вярхоўнага Госпада – гэта ўсяго толькі іншая форма невуцтва, прычына якога крыецца ў недасканалым разуменні Абсалютнае Праўды.
Недасведчаныя рэлігійныя лідары і вынаходнікі так званых увасабленняў Бога, якія адкрыта парушаюць наказы ведыйскіх пісьмаў, мусяць будуць спусціцца ў самыя цёмныя рэгіёны сусвету, таму што яны ўводзяць у аблуду сваіх паслядоўнікаў. Звычайна імперсаналісты выдаюць сябе за ўвасабленні Бога, і неразумныя людзі, якія не маюць паняцця пра ведыйскую мудрасць, вераць ім. І калі гэтыя шарлатаны валодаюць нейкімі ведамі, то ў іхных руках яны больш небяспечныя, чым невуцтва. Імперсаналісты нават не здзяйсняюць абрадаў пакланення паўбагам, рэкамендаваных у пісьмах. Пісьмы рэкамендуюць пры пэўных акалічнасцях пакланяцца паўбагам, але ў той жа час у іх тлумачыцца, што ў большасці выпадкаў у гэтым няма патрэбы. У «Бхагавад-гіце» (7.23) ясна заяўлена, што плёны пакланення паўбагам недаўгавечныя. Увесь свет не вечны, а значыцца, усё, чаго мы дасягнулі ў цемры матэрыяльнага свету, таксама тленнае. Праблема ў тым, як знайсці сапраўднае, вечнае жыццё.
Госпад сцвярджае, што той, хто дасягае Яго пры дапамозе адданага служэння (адзінага шляху, што вядзе да Асобы Бога), раз і назаўжды пазбаўляецца кайданоў нарадзінаў і смерці. Інакш кажучы, вызваленне з ціскоў матэрыі цалкам залежыць ад ведання і адрачэння, якія прыходзяць да таго, хто служыць Богу. А псеўдавернікі не маюць ні ведання, ні адрачэння ад матэрыяльнае дзейнасці. Большасць з іх хоча жыць у залатых кайданах матэрыяльнага нявольніцтва, прыкрываючыся альтруістычнай і філантрапічнай дзейнасцю, загрымаванай пад рэлігію. Дэманструючы фальшывыя рэлігійныя пачуцці, яны напаказ займаюцца адданым служэннем і ў той жа час робяць розныя грэшныя ўчынкі, а наіўныя людзі прымаюць іх за духоўных настаўнікаў і змагароў веры. Такія парушальнікі рэлігійных прынцыпаў не прызнаюць аўтарытэту ачар’яў, святых настаўнікаў, якія належаць да ланцуга вучнёўскай пераемнасці. Яны грэбуюць наказамі Ведаў: ācāryopāsana («Кожны павінен пакланяцца ачар’і»), і словамі «Бхагавад-гіты» (4.2): evaṁ paramparā-prāptam («Гэтая найвышэйшая навука пра Бога перадавалася праз ланцуг вучнёўскае пераемнасці»). Замест таго каб знайсці сапраўднага духоўнага настаўніка, яны ўводзяць людзей у зман ды абвяшчаюць сябе ачар’ямі, хоць самі нават не выконваюць прынцыпаў ачар’яў.
Гэтыя нягоднікі – самыя небяспечныя элементы ў чалавечым грамадстве. І таму што няма рэлігійнага ўраду, ім не пагражае пакаранне паводле законаў дзяржавы. Аднак у іх не атрымаецца пазбегнуць суду Усявышняга, які абвяшчае ў «Бхагавад-гіце», што зайздрослівыя дэманы, якія ўбіраюцца ў адзенні рэлігійных прапаведнікаў, будуць зрынутыя ў найцямнейшыя рэгіёны пекла (Бхагавад-гіта 16.19-20). І «Шры Ішапанішад» пацвярджае што, скончыўшы сваю дзейнасць у ролі духоўных настаўнікаў, якой яны займаюцца толькі дзеля пачуццёвых асалод, гэтыя «духоўныя лідары» трапляюць на самыя агідныя планеты сусвету.