Выклік

У 1977 годзе Шрыла Прабхупада папрасіў Хамсадуту Свамі паехаць у Шры-Ланку, дзе ён адказаў на публічны выклік шырока вядомага тады атэіста доктара Кавура. Шры-ланкійскія газеты асвятлялі гэтую гісторыю, і абмен рэплікамі так узрадаваў ды ажывіў Шрылу Прабхупаду, што ён настаяў на публікацыі яе ў сваёй уласнай кнізе «Жыццё паходзіць з жыцця». Гэта быў вялікі гонар, бо кніжны фонд Бхакціведанты выдаваў выключна кнігі Шрылы Прабхупады, а Хамсадута адзіны вучань, чые словы былі апублікаваныя разам з уласнымі словамі Шрылы Прабхупады на патрабаванне Шрылы Прабхупады. З той пары гэты матэрыял, на жаль, быў прыбраны з новых выданняў кнігі «Жыццё паходзіць з жыцця» (Life Comes from Life).

Д-р Абрахам Т. Кавур – прэзідэнт Шры-Ланкійскага філіяла Асацыяцыі рацыяналістаў, арганізацыі, галоўнай мэтай якой ёсць аспрэчванне існавання Бога і душы. 14 жніўня 1977 г. газета «Сандзі Таймс» (г. Каломба, Шры-Ланка) апублікавала артыкул д-ра Кавура пад назваю «Ці ёсць жыццё пасля смерці?». У сваім артыкуле Кавур сцвярджаў, што жыццё – гэта высокаарганізаваная хімічная структура, і што душа не здольная перажыць смерць цела, бо напраўду душы як такой не існуе. Гэты артыкул выклікаў гарачыя дэбаты як у «Сандзі Таймс», так і ў ліставанні паміж д-рам Кавурам і чальцамі Шры-Ланкійскага аддзялення Міжнароднага таварыства свядомасці Крышны. Ніжэй публікуюцца артыкулы з «Сандзі Таймс» і частка ліставання з д-рам Кавурам.

 

«Сандзі Таймс»,

21 жніўня 1977 г.

Тое, чаго не можа назіраць д-р Кавур

[Артыкул Хамсадуты Свамі і Махаканты даса]

 

Не зважаючы на тое, што д-р Кавур і да яго падобныя вельмі ганарацца сваімі пазнаннямі, трэба адзначыць той факт (для тых чытачоў, якія не спрактыкаваныя ў сафістыцы), што людзі, падобныя да д-ра Кавура, якія выдаюць сябе за вартавых логікі, розуму і навуковага прагрэсу, устаюць на вельмі зыбкую глебу, калі бяруцца судзіць пра пытанні, што выходзяць за межы кампетэнцыі іх абмежаваных пачуццяў. Гэта асабліва тычыцца пытання пра жыццё пасля смерці.

У першым жа радку свайго артыкула д-р Кавур піша: «Я не прытрымліваюся таго погляду, што маё жыццё сканцэнтраванае ў пэўнай частцы майго цела». Гэтае сцвярджэнне, гэтак жа як і наступнае: «Я не веру ў існаванне душы ці духа, які перажывае смерць майго цела», – выдае ўсю хісткасць яго пазіцыі. На працягу ўсяго артыкула д-р Кавур выказвае свае погляды, перакананні і думкі наконт пытання, якое цалкам ляжыць за межамі яго назіральных магчымасцяў, і ўчыняе спробу выдаць свае выдумкі за бязгрэшную навуковую ісціну.

Пры ўсёй нашай павазе да доктара Кавура мы дазволім сабе заўважыць, што метад непасрэднага пачуццёвага ўспрымання, на які ён абапіраецца, робячы свае шматлікія сцвярджэнні, якія датычацца жыцця пасля смерці, вельмі абмежаваны і недасканалы.

Возьмем, прыкладам, вочы. Яны функцыянуюць толькі пры пэўных варунках: калі не будзе святла, я не змагу ўбачыць нават уласную руку. Мы не здольныя разгледзець ні тое, што знаходзіцца бліжэй за ўсё да вока – сваё ўласнае павека – ні тое, што далейшае за ўсё ад яго – вонкавыя межы гэтага сусвету. Напраўду, нашыя вочы недасканалыя. Гэтак жа абмежаваныя пачуцці дотыку, смаку, нюху, і наш розум таксама далёкі ад дасканаласці. Такім парадкам, усякая выснова, заснаваная на недасканалым пачуццёвым успрыманні, абавязкова будзе пазначана тым жа кляймом недасканаласці.

Даследаванні, эксперыменты і гіпотэзы, заснаваныя на недасканалым пачуццёвым успрыманні, губляюць усякі сэнс, калі ўжываюцца да рэчаў, што не падлягаюць эксперыментальнаму вывучэнню ці абстрактнаму зразуменню. Спроба скарыстацца пачуццёвым успрыманнем для зразумення такіх рэчаў была б раўназначная старанням дзіцяці высветліць, хто яго бацька, задаючы гэтае пытанне ўсім мужчынам свету, – сама меней недарэчная задума. Каб высветліць хто яго бацька, чалавек павінен прыняць аўтарытэт маці. Іншага выйсця няма. А як ніхто не можа бачыць свайго бацьку ў момант свайго зачацця, трэба прыняць на веру тое, што кажа маці. Кожны разважны чалавек не можа не пагадзіцца з гэтым.

Пра душу і яе пераўвасабленні д-р Кавур піша: «Я не маю ніякіх важкіх падстаў і довадаў, каб паверыць у гэта». Гэтая заява ў чарговы раз паказвае абмежаванасць і недасканаласць, а значыцца, бескарыснасць непасрэднага пачуццёвага ўспрымання ў сферы, што ляжыць за межамі яго кампетэнцыі. Д-р Кавур паступіў бы значна абачлівей і ў большай адпаведнасці з прафесійнай этыкай, калі б замест таго, каб неразумна заяўляць: «Я не веру, што валодаю душой ці духам, які перажывае смерць майго цела», – ён прызнаў бы сваю няздольнасць развязаць гэтае пытанне даступнымі яму метадамі. Існуе душа, якая пераўвасабляецца, і існуе Вярхоўная Душа – Бог. Аднак мы павінны адзначыць, што душа прынцыпова адрозная ад матэрыі, таму для выяўлення душы і пазнання яе прыроды не могуць быць ужытыя метады матэрыяльнае навукі.

Гэта не азначае, аднак, што дадзенае пытанне адкрытае для вылучэння разнастайных выдумак і ні на чым не заснаваных здагадак, як гэта сталася модна ў нашыя дні. Таксама як існуе матэрыяльная навука, якая мае справу з матэрыяльнымі з’явамі, ёсць і духоўны навуковы метад, які дазваляе таму, хто яго ўжывае, пранікнуць за межы грубай і тонкай матэрыі і непасрэдна пераканацца ў існаванні душы, зразумець, якім парадкам яна пераўвасабляецца, і ў якіх стасунках яна знаходзіцца з Богам, Вярхоўнай Душой.

Сапраўдны навуковец ніколі не стаў бы неабдумана заяўляць: «Я не веру ў існаванне душы ці духа, які перажывае смерць майго цела». Замест гэтага ён з радасцю скарыстаўся б агульнапрынятымі метадамі, ухваленымі шаноўнымі і прызнанымі прадстаўнікамі духоўнае навукі. Такі навуковец, які шчыра імкнецца высветліць праўду ў інтарэсах навукі, паставіў бы над сабой эксперымент, вядома, падначаліўшыся ўмовам, якія дыктуе гэты метад. Толькі старанна праверыўшы пад кіраўніцтвам аўтарытэтнага прафесара духоўнай навукі на самім сабе ўсе наяўныя метады, ён узяў бы на сябе адвагу меркаваць на гэтую тэму. Сапраўдная навуковая метадалогія мае на ўвазе пабудову тэорыі, назіранне і эксперымент, і ўсе гэтыя метады ў роўнай ступені дастасоўныя ў духоўнай навуцы.

Жыццё не паўстала ў выніку злучэння хімічных рэчываў, як запэўніваюць нас некаторыя навукоўцы. Наадварот – жыццё спараджае матэрыю. Жывы мужчына і жывая жанчына ў момант сексуальнага акта робяцца прычынаю з’яўлення жывога дзіцяці. Мёртвы мужчына і мёртвая жанчына не здольныя даць жыццё нашчадкам. Жывое дрэва можа прынесці плод, мёртвае ж дрэва не мае такой здольнасці. Жыццё адрозніваецца ад смерці наяўнасцю душы, якая апісваецца ў «Бхагавад-гіце» як вышэйшая энергія (пара пракрыці). Уласна гэтая вышэйшая энергія праяўляе ўсё, што даступна нашаму ўспрыманню.

Калі жыццё – усяго толькі спалучэнне хімічных злучэнняў, як лічаць некаторыя навукоўцы, дык чаму ж навука не можа ўвесці ў мёртвае цела ажыўляльны хімічны прэпарат і зрабіць чалавека несмяротным? Калі даць навукоўцу хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад матэрыяльнага цела, ці зможа ён, злучыўшы іх, стварыць жыццё?

У адказ на падобныя пытанні навукоўцы-матэрыялісты звычайна адказваюць: «Мы спрабуем, мы зробім гэта ў прышласці». Але гэта не навука. Гэта блеф.

Гэтыя навукоўцы ганарліва заяўляюць: «Душы няма. Бога няма. Усё паўстала выпадкова». Але калі іх просяць абгрунтаваць свае сцвярджэнні, яны могуць прапанаваць толькі чэк, што падлягае аплаце ў прышласці. «Мы спрабуем, мы даможамся гэтага ў прышласці». Як тыповы навукоўца-матэрыяліст, д-р Кавур звяртаецца да такога ж падману, кажучы: «Недалёка той час, калі чалавек зможа ўжыць свае дасягненні ў генетыцы, каб якасна палепшыць свой род».

Я кідаю выклік д-ру Кавуру. Хай ён увядзе ў мёртвае цела адпаведныя хімічныя рэчывы і верне яго да жыцця. Ці хай увядзе адпаведныя хімічныя прэпараты ў свой арганізм, каб папярэдзіць уласную смерць і аднавіць сваё старое і зношанае цела, вярнуўшы яму бліск і хараство юнацтва.

Калі ён палічыць гэтую задачу занадта цяжкаю, то, можа, ён здольны стварыць якую-небудзь найпрасцейшую форму жыцця, скажам, камара ці клапа? А яшчэ лепш, калі ён нанова злучыць усе хімічныя рэчывы ў целе багамола, якому сцяў галаву (як ён расказаў у сваім артыкуле), і верне яго да жыцця. Ці навука д-ра Кавура гэта вуліца з аднабаковым рухам – у бок знішчэння жыцця?

Але, можа быць, навука яшчэ не гатовая за адзін заход стварыць жыццё ў скончанай форме. Калі гэта так, дык хай д-р Кавур проста зробіць пластмасавае яйка, увядзе ў яго белыя і жоўтыя хімічныя рэчывы, змесціць гэтае штучнае яйка ў інкубатар, а потым атрымае хоць адно кураня, якое магло б несці яйкі і выседжваць сваіх куранят.

Але нават гэтая задача можа стацца непасільнай для д-ра Кавура. Тады хай ён паспрабуе вырабіць хоць кроплю малака ці зярнятка рысу пры дапамозе хімічнае рэакцыі. Вось тады яго можна было б прымаць сур’ёзна.

Вядома, усе ведаюць, што гэтыя задачы не пад сілу нават самым магутным так званым навукоўцам. У сваім наступным выступе д-р Кавур, без сумневу, разліе на чытача цэлы струмень мудрагелістых слоў, каб схаваць за імі свой блеф. Але ўсе яго прамовы можна будзе звесці да аднаго: «Мы зробім гэта ў прышласці, мы спрабуем». І якімі б словамі ён гэта ні сказаў, ад гэтага блеф не перастае быць блефам.

 

Хамсадута Свамі,

Махаканта дас,

Міжнароднае таварыства свядомасці Крышны

Д-р Кавур пратэстуе

[Артыкул д-ра Абрахама Кавура]

 

У артыкуле, азагалоўленым «Тое, чаго не можа назіраць д-р Кавур» («Сандзі Таймс» за 21 жніўня), спадары Махаканта дас і Хамсадута Свамі, паслядоўнікі культу «Харэ Крышна», паказалі сваё жахлівае невуцтва ў такіх галінах сучаснае біялогіі, як біяхімія, малекулярная біялогія, нейрабіялогія, еўгеніка, генная інжынерыя, пазаўлоннае апладненне, партэнагенез і гэтак далей.

З іх артыкулу становіцца ясна, што яны прыраўноўваюць жыццё да розуму і няіснага духа ці душы. Здаецца, яны не ведаюць, што розумам надзеленыя толькі тыя жывёліны, якія маюць нервовую сістэму, і што разумовыя здольнасці жывёлін разнастайныя і знаходзяцца ў прамой залежнасці ад ступені развіцця іх нервовае сістэмы, тады як жыццё ёсць ува ўсіх арганізмаў. Нягледзячы на перакананні мільёнаў вернікаў, на працягу тысячагоддзяў не атрымана ніякіх біялагічных доказаў наяўнасці ў арганізмаў душы. Спадары Дас і Свамі сцвярджаюць, што на думку «прафесараў духоўнай навукі» існуе душа, якая перажывае пераўвасабленні, і існуе Найвышэйшая Душа – Бог.

Я б хацеў ведаць, на падставе якіх аб’ектыўных дадзеных гэтыя так званыя прафесары робяць свае фантастычныя заявы. Паводле абодвух аўтараў, жыццё папярэднічае матэрыі. Яны кажуць: «Жыццё ўзнікала не ў выніку злучэння хімічных рэчываў, як запэўніваюць нас некаторыя навукоўцы. Наадварот, жыццё спараджае матэрыю».

Асноўнаю крыніцаю жыцця на планеце Зямля ёсць сонца. Сонечная энергія назапашваецца ў зялёных раслінах, а потым у выніку ланцуга хімічных рэакцый, якія называюцца фотасінтэзам, сонечнае святло ператворыцца ў хімічную энергію. Іншыя арганізмы, адрозныя ад раслін, атрымліваюць энергію, сілкуючыся зялёнымі раслінамі ці жывёлінамі, якія сілкуюцца зялёнымі раслінамі. Гэтая ежа ёсць палівам, якое забяспечвае арганізмы жыццёвай энергіяй. Патрэбная арганізму энергія вылучаецца праз павольнае акісленне ежы падчас дыхання.

Дас і Свамі сцвярджаюць, што ў сілу недасканаласці сваіх сенсорных магчымасцяў навукоўцы – у адрозненне ад «духоўных навукоўцаў» – не здольныя спасцігнуць сапраўдную прыроду рэчаў. Але хіба сенсорныя магчымасці гэтых псеўданавукоўцаў перавышаюць сенсорныя магчымасці сапраўдных навукоўцаў? Або так званыя духоўныя навукоўцы валодаюць нейкай іншай формай успрымання, чым сенсорнае?

Атрымаць веды і адукацыю пры дапамозе медытацыі, якая ёсць толькі формаю самагіпнозу, немажліва.

Дас і Свамі пытаюць, ці могуць навукоўцы зрабіць так, каб з пластмасавага яйка вылупілася кураня.

Я не ведаю, ці вядома ім, што навукоўцы стварылі больш за дзесяць элементаў, такія як ферм, плутон і эйнштэйн, якія Бог не мог стварыць, бо не ведаў тэхналогіі, якая выкарыстоўваецца для іх стварэння. Ці ведаюць гэтыя двое пра поспехі шры-ланкійскага навукоўца д-ра Сайрыла Паннампэрума і індыйскага навукоўца д-ра Бала Гобінда Караны, лаўрэата Нобелеўскае прэміі? Гэтыя навукоўцы здолелі сінтэзаваць амінакіслоты – будаўнічы матэрыял жывой пратаплазмы – з неарганічных рэчываў, узнаўляючы варункі, якія існавалі ў першай атмасферы зямлі. Ці вядома ім, што чалавечая сперма можа апладняць чалавечую яйцаклетку і ў прабірцы, і што чалавечы зародак можа развівацца ў штучнай матцы ці ў матцы спецыяльна нанятай жанчыны?

Сярод жывёлін, якія эвалюцыянавалі на гэтай планеце, чалавек – адзіная, якая паспяхова развілася ўва ўсіх сферах дзейнасці. Гэта было дасягнута дзякуючы ведам і навуцы. Тым часам як усе арганізмы працягваюць жыць, як жылі мільёны гадоў таму назад іх продкі, чалавек прайшоў шлях ад пячорнага жыхара да сучаснага касманаўта, выкарыстоўваючы навуку і тэхніку, не звяртаючыся ні да дапамогі Бога, ні да ведаў, выкладзеных у якіх бы там ні было пісьмах!

Дасягненні медыцыны і сацыяльнага забеспячэння дапамагаюць усё большай колькасці непаўнавартых людзей выжыць і нарадзіць нашчадкаў – прышлых грамадзян, таксама непаўнавартых. Дасягаючы блізкую мэту, мы ставім пад пагрозу больш аддаленую. Урады будучыні не збіраюцца дазваляць непаўнавартым людзям пладзіць непрыстасаваных да жыцця дзяцей на падставе таго, што жыццё, нібыта, паходзіць ад Найвышэйшае Душы.

Менавіта дзякуючы сваёй унікальнай здольнасці творча думаць чалавек атрымаў поспех у змаганні з законамі прыроды. Высокаразвітыя паўшар’і галаўнога мозгу і глыбокія звіліны на яго кары даюць чалавеку магчымасць думаць творча. Навукоўцы, зазвычай, думаюць аб’ектыўна, таму што ў сваіх разважаннях абапіраюцца на эмпірычныя веды. А містыкі і празорцы, так званыя духоўныя навукоўцы Дас і Свамі, абгрунтоўваюць свае разважанні суб’ектыўнымі адчуваннямі. Кнігі па хіміі, фізіцы, матэматыцы, геаграфіі, гісторыі, геалогіі, антрапалогіі, палеанталогіі, інжынерыі, медыцыне, астраноміі і г. д. – плён працы аб’ектыўных мысляроў. З іншага боку, такія кнігі, як «Тысяча і адна ноч», «Падарожжы Гулівера», казкі, «Махабхарата», «Рамаяна», Біблія, Каран, «Падарожжы пілігрыма», Джатакі, а таксама астралогія, хірамантыя, нумаралогія, тэалогія, дэманалогія і г. д., ёсць прадуктамі суб’ектыўнага мыслення. Першыя заснаваныя на фактах, а другія – на выдумцы.

Вось некаторыя з выдатных дасягненняў чалавецтва за апошнія гады: вызваленне атамнай энергіі, палёты ў космас, высадка на Месяцы, перасадка органаў, спадарожнікавая сувязь і г. д. Усё гэта дасягнута дзякуючы навуцы. Звар’яцелыя інтэлектуалы не саромеюцца ўсюды казаць пра свае галюцынацыі і часта робяцца заснавальнікамі і прапаведнікамі самых розных рэлігійных культаў.

 

д-р Абрахам Кавур

«Сандзі Таймс»,

4 верасня 1977 г.

Выклік застаецца актуальным

[Хамсадута Свамі]

 

Перш за ўсё варта адзначыць, што д-р Кавур паступіў менавіта так, як я прадказваў у сваім папярэднім артыкуле – ён абрынуў на чытача струмені слоў і жангляваў імі, абы ўхіліцца ад адказу на галоўнае пытанне: калі жыццё ўзнікла ў выніку выпадковых біяхімічных рэакцый, як сцвярджаюць некаторыя навукоўцы, ці можа навуковец Кавур, маючы пад рукою набор патрэбных хімічных рэчываў, удыхнуць у іх жыццё?

Але замест адказу на гэтае пытанне ён «знаходліва» заявіў: «Навукоўцы стварылі больш за дзесяць элементаў, такія як ферм, плутон і эйнштэйн».

Але гэтым элементам далёка да жывых істот. Д-р Кавур кажа, што д-р Сайрыл Паннампэрума і д-р Бал Гобінд Карана, лаўрэат Нобелеўскае прэміі, сінтэзавалі будаўнічыя блокі жывой пратаплазмы. Калі гэта сапраўды так, чаму д-р Кавур не прыме выкліку і не створыць з гэтых будаўнічых блокаў жывы арганізм? Мой выклік застаецца ў сіле.

Што да гадавання немаўляці ў прабірцы, то гэта магчыма толькі пры наяўнасці спермы і яйцаклеткі жывых мужчыны і жанчыны. Іншымі словамі, так званыя навукоўцы не ў стане стварыць семя жыцця, патрэбнае для таго, каб нарадзіць немаўля ў прабірцы. Тады ў чым жа іх заслуга, нават калі яны выгадуюць дзіцё ў прабірцы? Бог ужо нараджае штодня мільёны немаўлят у натуральнай прабірцы – матчыным чэраве. З іншага боку, навукоўцы забіваюць тысячы немаўлят ува ўлонні маці, робячы аборты, і называюць гэта «навуковым прагрэсам».

Сцвярджэнне д-ра Кавура пра тое, што «навукоўцы ёсць аб’ектыўнымі мыслярамі, таму што ў сваіх разважаннях абапіраюцца на эмпірычныя веды» толькі падмацоўвае галоўную тэзу пра тое, што душа знаходзіцца за межамі мажлівасцяў абмежаванага пачуццёвага ўспрымання. Таму для яе вывучэння патрэбны зусім іншы падыход. Слова «эмпірычны» азначае «заснаваны на назіранні і эксперыменце». Назіранне і эксперымент ажыццяўляюцца пры дапамозе абмежаваных пачуццяў, таму высновы, зробленыя на аснове вынікаў эксперыментаў, таксама павінны быць абмежаванымі і недасканалымі. Такім парадкам, душа і Бог фактычна недаступныя назіранням д-ра Кавура. Чаму ж ён так упарціцца? Каб зразумець гэта, дастаткова проста мець ясны розум, і ўсё.

Д-р Кавур кажа: «Менавіта дзякуючы сваёй унікальнай здольнасці творча мысліць чалавек атрымаў поспех у змаганні з законамі прыроды». Толькі невук можа зрабіць такую недарэчную заяву. Законы прыроды вымушаюць кожнага прайсці праз старасць, хваробы і, урэшце, смерць. Прырода ў абліччы ўсёпажыральнае смерці сцягвае са сцэны жыцця нават самых магутных заваёўнікаў свету. Ці стане д-р Кавур першай жывой істотай у гісторыі, якая не памрэ? Пажывём – пабачым.

У канцы д-р Кавур кажа: «Вось некаторыя з выдатных дасягненняў чалавецтва за апошнія гады: вызваленне атамнай энергіі, палёты ў космас, высадка на Месяцы, перасадка органаў, спадарожнікавая сувязь і г. д.». Усім вядома: першае, што зрабілі навукоўцы, калі адкрылі атамную энергію, – вынайшлі атамную бомбу і без лішніх слоў скінулі яе на Японію, знішчыўшы ў адно імгненне дзясяткі тысяч нявінных ахвяр. Нічога не скажаш, выдатнае дасягненне!

Цаною мільярдаў і мільярдаў долараў, шматгадовых даследаванняў і напружанай працы навукоўцы нібыта пабывалі на Месяцы. Вядома, усё, што яны «прывезлі» адтуль – гэта некалькі расплывістых фатаграфій, жменька камянёў і паведамленне пра тое, што на Месяцы нічога не расце. А зараз яны хочуць яшчэ больш грошай, каб адправіцца на Марс. Што ў гэтым добрага? Гэта поўнае вар’яцтва. На нашай планеце Зямля мільёны людзей не маюць ежы, прытулку і не атрымліваюць элементарнай адукацыі. Навукоўцы заслугоўвалі б большае павагі, калі б замест таго, каб марнаваць мільярды долараў на прывоз камянёў з Месяца, скарысталі заробленыя цяжкаю працаю грошы падаткаплатнікаў для паляпшэння лёсу людзей на Зямлі. Камяні застаюцца камянямі, адкуль бы іх ні прывезлі: з Кітая, з Месяца ці з Марса. Ці, можа, навука здольная з дапамогаю хімічных прэпаратаў ператварыць камяні ў хлеб і сыр?

Цяпер пра галоўнае: д-р Кавур пытае, на падставе якіх аб’ектыўных дадзеных мы робім фантастычныя заявы пра тое, што і жыццё, і матэрыя паходзяць з жыцця, што існуе душа, якая пераўвасабляецца, і Найвышэйшая Душа, Бог. Як кажуць, клін клінам выбіваюць. Таму я магу проста адправіць д-ра Кавура да аўтарытэтных, рацыянальных і цалкам навуковых дадзеных, атрыманых трыма даследнікамі, якія маюць доктарскія ступені і якія ёсць супрацоўнікамі Інстытуту Бхакціведанты. Вывучыўшы дадзеныя імі довады*, сапраўдны рацыяналіст пагодзіцца з іх высновамі пра тое, што жыццё ніколі не ўзнікае з матэрыі, а толькі з жыцця.

 

* Манаграфіі Інстытута Бхакціведанты: 1. «Што такое матэрыя і што такое жыццё?». 2. «Выкарыстоўванне тэорыі інфармацыі для доваду таго, што жыццё не можа ўзнікнуць з матэрыі». 3. «Свядомасць і законы прыроды».

 

Хамсадута Свамі

ІСККОН, Шры-Ланка

Пасля таго, як «Сандзі Таймс» змясціла гэтую палеміку на сваіх старонках, рух Харэ Крышна публічна кінуў выклік д-ру Кавуру, прапанаваўшы даказаць сваё сцверджанне пра тое, што жыццё ўзнікае ў выніку выпадковых біяхімічных рэакцый. Міжнароднае таварыства свядомасці Крышны прапанавала д-ру Кавуру пяцьсот тысяч рупій (шэсцьдзясят тысяч долараў) за стварэнне з хімічных злучэнняў хоць якой формы жыцця – мышы, ката, камара ці іншай істоты, якую можна ўбачыць. «Сандзі Таймс» змясціла наступную нататку:

 

«Першасвятар рацыяналістаў Шры-Ланкі, д-р Абрахам Кавур, які цягам дзесяцігоддзяў кідаў людзям выклік, патрабуючы довадаў існавання Бога, душы і яе перараджэнняў, перажывае цяпер цяжкія дні.

 

ІСККОН (Міжнароднае таварыства свядомасці Крышны) кідае выклік д-ру Кавуру, прапануючы яму аргументаваць сваё сцверджанне пра тое, што жыццё ўзнікла з матэрыі.

 

«Мы, удзельнікі Руху свядомасці Крышны, адкрыта кідаем яму выклік і прапануем вырабіць хоць якую форму жыцця, хаця б камара, змяшаўшы між сабой усялякія рэактывы. Калі ён не зможа падмацаваць сваю тэорыю довадамі, ён мусіць замоўкнуць назаўжды», – заяўляюць сябры ІСККОН.

 

Яны будуць чакаць д-ра Кавура ў Холе Місіі Рамакрышны 20 верасня а палове сёмай вечара. Уваход бясплатны».

 

Пакуль газеты абмяркоўвалі гэтую падзею, Хамсадута Свамі і д-р Кавур ізноў скрыжавалі шпагі, распачаўшы адзін з адным прыватнае ліставанне. Частка гэтага ліставання публікуецца ніжэй.

Хамсадута Свамі – д-ру Кавуру

6 верасня 1977 г., Шры-Ланка

 

Дарагі д-р Кавур!

Падумаўшы, я вырашыў напісаць вам яшчэ некалькі слоў наконт існавання Бога, душы і яе перараджэння. Я мяркую, гэтыя меркаванні будуць вам цікавымі.

Самая вялікая хвароба, што авалодала розумамі навукоўцаў, – гэта тое, што яны не вераць у рэальнасць якой-небудзь з’явы, пакуль яна не даказаная навуковымі эксперыментамі. Калі навуковец сцвярджае што-небудзь ды падмацоўвае сваё сцвярджэнне навуковым эксперыментам, ні ў каго не застаецца сумневаў у яго слушнасці, і ўсе пытанні адпадаюць. Калі мы кажам такім навукоўцам пра душу, зазвычай, яны задаюць адно і тое ж пытанне: «Як можна выявіць наяўнасць душы?» І таму што ім увесь час даводзіцца мець справу з прыладамі, іх цікавіць ці можна выявіць душу пры дапамозе навуковых эксперыментаў. Аднак навукоўцы павінны пагадзіцца, што нават у іх уласнай сферы, навуцы, многія факты немагчыма даказаць эксперыментальна. Душа існуе – гэта факт, але каб зразумець гэта, мы павінны атрымаць веды з кампетэнтных крыніц – ад Шры Крышны (Бога) ці Яго прадстаўніка ў ланцугу вучнёўскай пераемнасці, то бок ад духоўнага настаўніка.

У навуковых колах кожнаму вядома, што матэматыкі аперуюць уяўнай адзінкай і, якая ёсць квадратным коранем з мінус адзінкі √-1=і. Гэтага ліку няма ў натуральным шэрагу лікаў (1, 2, 3 і г. д.). Аднак такія важныя падзелы матэматыкі, як, напрыклад, тэорыя аналітычных функцый, заснаваныя на ўяўнай адзінцы. Без дапамогі гэтага падзелу матэматыкі немагчыма абгрунтаваць розныя складаныя тэорыі і развязаць складаныя матэматычныя праблемы. Такім парадкам, ніхто не можа сумнявацца ў існаванні гэтага ліку, аднак гэта немагчыма пацвердзіць эксперыментальна. Іншы аналагічны прыклад: у статыстычнай механіцы навукоўцы для абгрунтавання сваіх тэорый таксама выкарыстоўваюць розныя абстрактныя мадэлі, напрыклад, ансамблі. Усё гэта выходзіць за межы эксперыментальнае навукі. Калі навукоўцы згодныя прыняць гэтыя ўяўныя і абстрактныя мадэлі, то чаму ім цяжка прыняць дасканалыя веды, што паходзяць ад Госпада Крышны, найвышэйшага аўтарытэта ў навуцы?

Яшчэ адной навуковай тэорыяй, што не паддаецца эксперыментальнай праверцы, ёсць прынцып нявызначанасці Гейзенберга. Гэты прынцып абвяшчае, што немагчыма адначасна вызначыць становішча і колькасць руху якога-небудзь аб’екта. На мове матэматыкі гэтае сцверджанне гучыць так: здабытак хібнасцяў у вымярэннях становішча аб’екта і яго моманту (здабытак масы аб’екта на яго хуткасць) не можа быць менш за нязменную Планка. Ніводным з існых эксперыментальных метадаў немагчыма даказаць гэты прынцып. Аднак навукоўцы ўсяго свету прымаюць гэтае сцверджанне як факт, аддаючы сабе справаздачу ў тым, што яго эксперыментальны довад немажлівы. Аналагічна гэтаму, ніякімі навуковымі эксперыментамі немагчыма даказаць Трэці закон тэрмадынамікі. Гэты закон у фармулёўцы Планка кажа, што энтрапія ідэальнага крышталя пры абсалютным нулі роўная нулю. Напраўду немагчыма непасрэдна памераць абсалютную велічыню энтрапіі. Тым самым довад гэтага закона выходзіць за межы мажлівасцяў эксперыментальнае навукі.

Варта таксама адзначыць, што так званыя навуковыя тэорыі ўвесь час змяняюцца. Напрыклад, напачатку дзевятнаццатага стагоддзя (1808 г.) Джон Дальтан, развіваючы сваю атамістычную тэорыю, сцвярджаў, што атамы непадзельныя. Аднак да канца дзевятнаццатага – пачатку дваццатага стагоддзя было даказана, што атамістычная тэорыя Дальтана больш не можа лічыцца слушнай. Назіранні паказалі, што атамы ў сваю чаргу складаюцца з такіх элементарных часцінак, як электроны, пратоны і нейтроны. Было таксама выяўлена, што некаторыя атамы здольныя выпускаць альфа- і бета-часцінкі, ператвараючыся такім парадкам у новыя атамы, і г. д. Фактычна так званыя атамныя бомбы – вынік гэтых адкрыццяў. Іншы прыклад: на працягу васямнаццатага-дзевятнаццатага стагоддзяў законы ньютанаўскай механікі мелі велізарны ўплыў на розумы навукоўцаў, бо яны дастасоўваліся да макраскапічных матэрыяльных аб’ектаў. Але напачатку дваццатага стагоддзя з адкрыццём элементарных часцінак сталася ясна, што механіка Ньютана непрыдатная апісаць рух гэтых часцінак. Тады для тлумачэння гэтых з’яў была распрацаваная квантавая механіка. Гэтыя тэорыі поўныя здагадак і ўвесь час змяняюцца. Няцяжка здагадацца, што прышлыя навуковыя тэорыі чакае той жа лёс, што і тэорыі мінулага і сучаснасці: яны таксама будуць змяняцца.

Гэта лішні раз даказвае, што розумы высокапаважаных навукоўцаў недасканалыя, у выніку чаго тэорыі, высунутыя імі, асуджаныя на недасканаласць. Насамрэч дасканалыя веды не могуць змяняцца, але дзеля таго, каб іх атрымаць, належыць звярнуцца да дасканалае крыніцы. Гэтай крыніцай ёсць Крышна і ведыйская літаратура. Вядома, чалавеку з навуковым складам розуму, як у вас, які прывык усё правяраць з дапамогаю навуковых прылад і так званых логікі, розуму, дэдукцыі, гіпотэз і тэорый, гэтае сцверджанне можа здацца непраўдападобным, але тым не менш гэта факт. Гэта можа зразумець кожны, хто валодае больш-менш навуковым складам розуму, каб паставіць эксперымент на сабе, пад кіраўніцтвам дасведчанае душы і кіруючыся прынцыпамі, рэкамендаванымі Ведамі.

Гэты працэс сапраўды вельмі практычны. Духоўны настаўнік падае метад духоўнае дысцыпліны, і вучань практыкуе яго, кіруючыся дадзенымі яму наказамі. Калі вучань на сваім досведзе пераконваецца, што гэта прыносіць прадказаныя вынікі, ён робіць выснову, што духоўны настаўнік мае рацыю. Калі духоўны настаўнік сапраўдны, то вынік будзе станоўчым. Такі падыход можна параўнаць з тым, як сумленны навуковец паведамляе пра атрыманыя ім вынікі, абавязкова пры гэтым прыводзячы методыку эксперыменту. Той, хто хоча праверыць яго вынікі, можа сам паставіць такі ж эксперымент. Калі ж аднаго і таго выніку дасягаюць некалькі даследнікаў, яго прымаюць за навуковы факт.

На заканчэнне я б хацеў адзначыць, што калі чалавек верыць у тое, што жыццё ўзнікае з матэрыі, а не з духа, то яго значна менш турбуюць пытанні маральнасці. Калі жыццё – гэта ўсяго толькі складанае спалучэнне выпадковых хімічных рэакцый, і не існуе ні вярхоўнае свядомасці, ні творцы, ні вярхоўнага ўладара, то які сэнс пільнавацца маральных абмежаванняў? Гэтая філасофія не новая. Эпікур у старажытнай Грэцыі сцвярджаў, што ўсё існае – толькі камбінацыя атамаў і пустэчы. Сёння эпікурэйцам называюць таго, хто ў асноўным імкнецца цешыцца смачнай ежай і віном. Сама сабой напрошваецца выснова: філасофія, якая сцвярджае, што выпадковыя біяхімічныя рэакцыі ёсць крыніцаю жыцця, вядзе да неабмежаваных пачуццёвых асалод, але гэта ні ў якой меры не навукова. Яркім прыкладам таго, наколькі дэмаралізавальная і заганная гэтая філасофія, ёсць паўсюдна пашыраная практыка абортаў. І раз людзей пераканалі ў тым, што эмбрыён фактычна ёсць не жывой істотай, а ўсяго толькі згусткам безжыццёвых хімічных злучэнняў, яны бязлітасна забіваюць сваіх ненароджаных дзяцей у чэраве.

Мне было б вельмі цікава даведацца, што Вы думаеце з гэтае нагоды, і калі Вы ўсё яшчэ маеце нейкія сумневы, я гатоў працягваць дыскусію.

Спадзяюся, гэты ліст застане Вас у добрым здароўі.

 

З павагай,

Хамсадута Свамі

Д-р Кавур – Хамсадуту Свамі

10 верасня 1977 г., Шры-Ланка

 

Шаноўны м-р Хамсадута Свамі!

З Вашага ліста становіцца ясна, што мне, чыя філасофія абапіраецца на даступныя навуковыя довады, і Вам, чыя вера заснаваная на сумнеўных пісьмах, якія называюцца Ведамі, бессэнсоўна спрабаваць пераканаць адзін аднаго.

Калі Вы настойваеце на тым, каб я абгрунтаваў сваю думку пра паходжанне жыцця з інертных рэчываў у выніку хімічнай эвалюцыі, якая праходзіла ў прыгодных для гэтага варунках, прадэманстраваўшы гэта публічна, я таксама маю права папрасіць Вас абгрунтаваць Ваш пункт погляду пра тое, што «ўсё існае ёсць стварэннем Бога, і што працэс стварэння не спыняецца ні на імгненне», прадэманстраваўшы гэта публічна. Пакуль Вы з вашым «Богам» не прадэманструеце гэтага, не чакайце гэтага і ад мяне.

Што да маіх поглядаў, то я ўпэўнены, што сусвет – гэта ўсяго толькі матэрыя і энергія ў часе і прасторы. Пытанне пра творцу не мае сэнсу, бо матэрыя, энергія, прастора і час не маюць ні пачатку, ні канца. Разнастайныя формы зямных арганізмаў, як вымерлыя, так і тыя, што існуюць цяпер, ёсць прадуктамі працяглай біялагічнай эвалюцыі макрамалекул бялку, што ўтварыліся на зямлі ў выніку хімічнай эвалюцыі, якая праходзіла пры пэўных спрыяльных умовах.

Ці можаце Вы мне сказаць, хто стварыў Вашага «Бога», і дзе ён быў да стварэння сусвету?

 

Ваш у пошуку праўды

д-р Абрахам Т. Кавур

Хамсадута Свамі – д-ру Кавуру

15 верасня 1977 г., Шры-Ланка

 

Дарагі д-р Кавур!

Я атрымаў Ваш ліст ад 10 верасня 1977 г. і ўважліва прачытаў яго.

Вы кажаце, што нам няма сэнсу спрабаваць пераканаць адзін аднаго ў сваіх поглядах. Калі гэта так, то які сэнс у Вашай навуцы, рацыяналізме і пошуку праўды? Апошнія словы вашага ліста – «Ваш у пошуку праўды» – паказваюць на тое, што Вы яшчэ не знайшлі праўды... У гэтым Вашая загана: яшчэ не знайшоўшы праўды, Вы паводзіце сябе і кажаце так, быццам яна вам вядомая.

Першы афарызм «Веданта-сутры» кажа: athāto brahma jijñāsā – «Атрымаўшы чалавечую форму жыцця, трэба запытваць пра Абсалютную Праўду, Бога». Вы не ведаеце, хто такі Бог, але не зважаючы на гэта пішаце: «Пытанне пра Творцу не паўстае... Разнастайныя формы зямных арганізмаў, як вымерлыя, так і тыя, што існуюць цяпер, ёсць прадуктамі працяглай біялагічнай эвалюцыі макрамалекул бялку, што ўтварыліся на зямлі ў выніку хімічнай эвалюцыі, якая праходзіла пры пэўных спрыяльных умовах». Прасцей кажучы, Вы хочаце сказаць, што жыццё ёсць прадуктам выпадковых біяхімічных рэакцый. Калі гэта факт, і, сцвярджаючы гэта, Вы хочаце ўмацаваць сваю рэпутацыю рацыяналіста, навукоўца і шукальніка праўды, то чаму Вам ніяк не ўдаецца змяшаць некалькі хімічных рэчываў і ажывіць іх, як я неаднаразова Вам прапаноўваў?

Вы сцвярджаеце, што Вашая філасофія заснаваная на «існых навуковых довадах». Але якія навуковыя дадзеныя даказваюць тое, што жыццё пачалося з хімічных рэчываў? Змяшайце гэтыя рэчывы і дакажыце гэта! Вы кажаце: «Што да маіх поглядаў, то я ўпэўнены, што сусвет – гэта ўсяго толькі матэрыя і энергія ў часе і ў прасторы». Але адкуль бярэцца гэтая матэрыя і энергія? Не прыводзячы ніякіх довадаў, Вы сцвярджаеце: «Пытанне пра Творцу не ўзнікае, таму што матэрыя, энергія, час і прастора не маюць ні пачатку, ні канца». Але следам за гэтым самі задаяце мне пытанне: «Хто стварыў вашага Бога, і дзе Ён быў да стварэння сусвету?» Вашыя сцвярджэнні непаслядоўныя. Спачатку Вы кажаце, што «матэрыя, энергія, час і прастора не маюць ні пачатку, ні канца», а потым пытаеце мяне: «Хто стварыў вашага Бога, і дзе Ён быў да стварэння сусвету?» Гэта відавочная супярэчнасць. Яна паказвае, што Вас яшчэ чакае доўгая дарога ў пошуках праўды.

Вынікам усіх пошукаў праўды павінна быць разуменне таго, што вяршыняю ўсяго ведання ёсць мудрасць Ведаў. Слова веданта і азначае «вянец ведання».

Замест таго, каб даказаць свае фантастычныя сцвярджэнні, Вы спрабуеце засціць тэму нашага абмеркавання, кідаючы нам зваротны выклік і заклікаючы Бога стварыць жыццё. Гэта тактыка жабрака, які, паўстаўшы перад судом, каб давесці крыніцы сваіх даходаў, патрабуе ад урада спачатку паказаць крыніцы яго даходаў. Такое патрабаванне наўрад ці будуць прымаць сур’ёзна.

Паводле рымскага, грэцкага, брытанскага, амерыканскага і міжнароднага права, прыводзіць довады павінен ісцец – той, хто абвінавачвае, а не абвінавачваная старана. Вы вінаваціце Веды ў тым, што веды, выкладзеныя ў іх, сумнеўныя, Бога ў тым, што Ён плён уяўлення, а тых, хто ідзе за Богам і Ведамі – у разумовай непаўнавартасці, глупстве, хлусні, дагматызме і фанатызме. Але Вы абавязаныя давесці ўсё гэта. Не прыводзячы ніякіх довадаў, без усялякіх падстаў Вы заяўляеце: «Пытанне пра Творцу не паўстае... усё ёсць вынікам выпадковых біяхімічных рэакцый». Па-вашаму, я павінен слепа пагаджацца з гэтым? Вы абавязаныя прывесці довады. Змяшайце хімічныя рэчывы і стварыце жыццё. Вось гэта будзе навуковым довадам. Але ніводзін навуковец не можа стварыць з хімічных рэчываў нават нікчэмнага камара. Тым самым выходзіць, што не мы, а Вы разумова непаўнавартыя, дурныя, хлуслівыя, дагматычныя і фанатычныя.

Навукоўцам падабаецца дыскрэдытаваць Веды, кажучы, што яны напісаныя забабоннымі абарыгенамі. Але што гэта былі за абарыгены, якія пісалі такой дасканалай паводле граматычнага, кампазіцыйнага, паэтычнага і метрычнага ладу мовай, што навукоўцам патрабуецца дванаццаць гадоў, каб авалодаць толькі яе граматыкай? Што гэта былі за абарыгены, якія тысячагоддзі таму ўстанавілі адзінкі часу, пачынаючы ад адной тысячнай секунды і сканчаючы працягласцю існавання сусвету? Што гэта былі за абарыгены, якія тысячы гадоў назад змаглі апісаць усе планеты, толькі нядаўна адкрытыя сучаснымі навукоўцамі? Дзе знайсці сёння такога навукоўца, які б так дасканала апісаў працэс зачацця ў матчыным улонні, як гэта зрабілі так званыя абарыгены ў ведыйскім грамадстве тысячы гадоў назад? Як удалося гэтым нецывілізаваным абарыгенам сістэматызаваць і пералічыць у Ведах разнастайныя віды жывых істот, якіх агулам налічваецца 8 400 000? Якім парадкам Веды, якія, па-вашаму, ёсць сумнеўнымі пісьмамі нецывілізаваных абарыгенаў, могуць змяшчаць сістэматызаваную інфармацыю пра такія рэчы, як музыка, медыцына, мастацтва, палітыка, архітэктура, вайсковая навука і псіхалогія? Як маглі нецывілізаваныя абарыгены валодаць уменнем чытання і пісьма, не кажучы ўжо пра тое, каб апісваць структуру атама і атамную энергію? Як яны маглі апісаць арбіты, па якіх круцяцца планеты, іх памеры, зацьменні, памеры сусвету, і як яны маглі даць апісанне душы і Звышдушы, Бога?

Калі Крышна – тубыльскі Бог індусаў, тады чаму такі навуковец, як Апенгеймер, аддаваў Яму належнае, вывучаючы расказаную Ім «Бхагавад-гіту»? Чаму Эйнштэйн, Шапенгаўэр, Кант, Гегель, Эмерсан, Тора, Швейцэр і дзясяткі іншых навукоўцаў, больш буйнейшых і знакамітых, чым Вы, чыталі ведыйскую літаратуру, асабліва «Бхагавад-гіту», калі гэтыя кнігі поўныя забабонаў і вар’яцкіх ідэй адсталых абарыгенаў? Хто для Вас ёсць аўтарытэтам? Вы лічыце сябе вышэй за Бога? Няўжо Вы думаеце, што гэтыя высокаадукаваныя і шанаваныя ўсімі людзі былі невукамі і махлярамі, якім больш няма чаго было рабіць, як марнаваць свой каштоўны час на чытанне пісьмаў нецывілізаваных абарыгенаў? Ці, можа, усё ж Веды – гэта кнігі ведаў, якія на пачатку стварэння былі расказаныя Самім Богам і перадаваліся з пакалення ў пакаленне традыцыйным ведыйскім спосабам – праз ланцуг вучнёўскае пераемнасці, пра якую Вам, на жаль, нічога не вядома?

Як навукоўцу, Вам варта было б знайсці час, каб сумленна вывучыць Веды і годна ацаніць іх, адкінуўшы ўсе свае перадузятасці, якія ёсць вынікам недасканалых здагадак і эксперыментаў.

Як бы людзі ні выказваліся, за ці супраць існавання Бога, галоўнай тэмай ёсць Бог. Вы кажаце: «Я спадзяюся, Вы разумееце, што ў навуцы не прынята даказваць тое, чаго не існуе...» Але мы бачым, што так званы навуковец штосілы імкнецца даказаць, што Бога не існуе. Калі Бога не існуе, навошта марнаваць свой час каб гэта даказаць? Паводле логікі, немагчыма спасцігнуць тое, чаго не існуе. І калі няісная з’ява неспасціжная, то які сэнс нават абмяркоўваць яе, прымаючы ці адпрэчваючы?

Многія так званыя навукоўцы пакутуюць асаблівым відам вар’яцтва. Яно палягае ў тым, што яны ніяк не могуць адысці ад тэмы Бога, якога, на іх думку, не існуе. Мы бачым, што мэта іх навуковых пошукаў зводзіцца да таго, каб апраўдаць свой бунт супраць улады Бога і аўтарытэту пісьмаў, спрабуючы знайсці альтэрнатыўную прычыну ўзнікнення жыцця і стварэння свету. Але як бы гэтым навукоўцам ні хацелася верыць, што жыццё ўзнікла з інертных хімічных злучэнняў, ніхто ніколі не назіраў нічога падобнага. Такім парадкам, навука, заснаваная на падобных перакананнях, можа быць навукаю толькі нягоднікаў і дурняў.

Мой выклік застаецца ў сіле: Вы ці ўсякі іншы навуковец, які сцвярджае, што жыццё ўзнікла з хімічных злучэнняў, павінны змяшаць іх і стварыць жыццё. Чаму Вы не можаце гэтага зрабіць? Вы кажаце: «Гэта так, а тое – гэтак». Дык чаму Вы не можаце стварыць жыццё? Усе патрэбныя для гэтага кампаненты – сонечнае святло, зямля, вада, паветра, агонь, а таксама іншыя складнікі, з якіх Бог стварае жыццё, – ёсць у вашым распараджэнні. Калі Вы вышэйшы за Бога, чаму Вы не можаце стварыць хоць штосьці? Які сэнс у Вашых размовах, калі Вы не можаце стварыць жыццё? Не ў Вашых сілах таксама спыніць старасць, хваробы і смерць. Вашыя разважанні – пустая балбатня. Вы нічога не можаце, але не зважаючы на гэта працягваеце сцвярджаць, што жыццё ўзнікла з хімічных рэчываў. Вы проста навуковец-пустабрэх, а я – навуковец-практык. Вазьміце хоць якія рэчывы і пазбаўце сябе ад старасці, хваробы і смерці. Я прасіў Вас стварыць яйка. Дзе яно? Курыца і тая лепшы навуковец, чым Вы, таму што яна нясе яйкі і праз месяц нараджае куранят. Вы не можаце дужацца нават з курыцай. Куры ствараюць жыццё, а Вы не здольныя ні на што, апроч пустаслоўя.

 

Ваш у служэнні Крышну,

Хамсадута Свамі

Д-р Кавур, запрошаны на публічную сустрэчу з просьбай прадэманстраваць сваю здольнасць ствараць жыццё, адхіліў гэтае запрашэнне, сказаўшы, што не абавязаны дэманстраваць стварэнне жыцця, пакуль Сам Бог не з’явіцца асабіста і не прадэманструе тое ж самае. Газета «Сандзі Таймс» апублікавала нататку пра гэта пад загалоўкам «Зганьбаваны Кавур перакладае з сябе адказнасць». Пасля гэтага Хамсадута Свамі паслаў д-ру Кавуру свой апошні ліст.

Хамсадута Свамі – д-ру Кавуру

21 верасня 1977 г., Шры-Ланка

 

Дарагі д-р Кавур!

Вы хацелі паставіць сябе вышэй за Бога, але, як справядліва адзначыла газета, адданыя Бога нанеслі Вам паразу. Я ўпэўнены, цяпер і чытачы ведаюць, што становіць сабою тэорыя ўзнікнення жыцця з хімічных рэчываў.

Мажліва, Вам цікава будзе даведацца, што Вы ёсць першым так званым навукоўцам у свеце, якому быў кінуты афіцыйны выклік ад імя ІСККОН, і Вы – першы ў свеце навуковец, публічна выкрыты прэсай. Выпадак з Вамі – паваротны момант у гісторыі. У большасці духоўных грамад духоўнае жыццё даўным-даўно заціхла, таму ў наш час практычна ніхто не здольны дасканала падаць тэістычны пункт гледжання. Аднак Міжнароднае таварыства свядомасці Крышны пашырае юга-дхарму, сапраўдную навукова абгрунтаваную рэлігію нашага часу: яго чальцы бездакорна кіруюцца самі і навучаюць іншых прынцыпам ведыйскае рэлігіі. Вядома, кожны рэлігійны рух прэтэндуе на праўдзівасць, але мы павінны ўмець адрозніваць праўдзівае ад падманнага. Вашая загана ў тым, што, неаднаразова сутыкнуўшыся з падманам, які маскуецца пад духоўнасць, Вы зрабілі заўчасную выснову пра тое, што ўсе рэлігіі хлуслівыя... Вам хочацца заклеймаваць Бога і рэлігію, агулам называючы ўсё гэта падманам, але каб зразумець, што такое падман, трэба ведаць праўду, а менавіта яе Вы якраз і не ведаеце.

Я не кажу, што ўсе навукоўцы махляры, але настойваю на тым, што Вы, як і кожны іншы, хто будзе сцвярджаць, што жыццё ўзнікла з інертнае матэрыі, без сумневу, або невук, або махляр. Фактычна Вы ёсць і тым, і другім, бо ўпарта чапляецеся за неразумнае сцвярджэнне, што жыццё ўзнікла з хімічных злучэнняў. У чым адрозненне Вашае тэорыі ад тэорыі алхімікаў, якія спрабавалі (хоць і беспаспяхова) стварыць золата з рэактываў? Сучасныя навукоўцы насміхаюцца з алхімікаў і ў той жа час збіраюцца стварыць з хімічных злучэнняў жыццё. Хіба гэта не вяршыня дурасці? Я ўсё яшчэ гатовы прыняць факт узнікнення жыцця з хімічных злучэнняў, калі Вы прыведзяце довады, стварыўшы жыццё з хімічных рэагентаў.

Зараз Вашае жыццё падыходзіць да канца, і ў момант смерці, калі пасланцы смерці прыйдуць за Вашай душой, Вы, можа, успомніце гэта і ўсё зразумееце. Але будзе запозна, таму што Вас, бездапаможнага, прымусяць нарадзіцца зноў, каб ізноў весці змаганне за існаванне, ваюючы з нараджэннем, старасцю ды хваробамі. Але той, хто паўтарае Харэ Крышна, можа ўнікнуць гэтага адчайнага змагання. Хацелася б спадзявацца, што Вы прымеце гэтую параду.

 

Хамсадута Свамі

Пасляслоўе

Д-р Абрахам Т. Кавур памёр 18 верасня 1978 г. на Шры-Ланцы. Не зважаючы на тое, што ён лячыўся ад рака, прычынаю смерці, як было выяўлена, сталася сардэчная недастатковасць.

Навігацыя: