Пятнаццатая ранішняя прагулка

Запісана 7 снежня 1973 года

на беразе Ціхага акіяна ў наваколлі Лос-Анджэлесу.

Шрылу Прабхупаду суправаджаюць доктар Сінгх, доктар Вольф-Ратткей і яшчэ адзін вучань.

Вочы, якімі можна ўбачыць Бога

Вучань: Апошнія сто пяцьдзясят гадоў адной з асноўных праблем для заходніх тэолагаў была сувязь паміж інтэлектам і вераю. Яны імкнуліся спасцігнуць веру пры дапамозе інтэлекту, але не маглі вызначыць, як звязаныя здольнасць разважаць і вера. У некаторых з іх ёсць вера ў Бога, але інтэлект кажа ім, што Бога няма. Напрыклад, яны сказалі б, што калі мы прапаноўваем прасад, толькі вера прымушае нас думаць, што Бог яго прымае, таму што мы не можам Яго бачыць.

Шрыла Прабхупада: Гэта яны не могуць бачыць Яго, а я магу. Я бачу Бога, таму прапаную Яму прасад. Калі яны не здольныя бачыць Яго, то павінны прыйсці да мяне, каб я расплюшчыў ім вочы. Яны сляпыя праз сваю катаракту, таму я павінен зрабіць ім аперацыю, і яны празераць. Такі наш падыход.

Вучань: Навукоўцы кажуць, што, каб прызнаць аб’ектыўнае існаванне чагосьці, яны павінны ўспрымаць гэта сваімі пачуццямі – такі агульнапрызнаны крытэрый.

Шрыла Прабхупада: Вядома, яны могуць успрымаць наваколле пры дапамозе сваіх пачуццяў, але вельмі недасканалым спосабам. Сваімі пачуццямі яны ўспрымаюць пясок, але ці могуць навукоўцы ўбачыць, хто яго стварыў? Вось пясок, вось мора: іх можна наўпрост убачыць. Але як можна наўпрост успрыняць крыніцу, што спарадзіла і пясок, і мора?

Вучань: Навукоўцы кажуць, што калі б пясок і мора стварыў Бог, то мы маглі б Яго бачыць, таксама, як бачым і пясок, і мора.

Шрыла Прабхупада: Так, яны могуць Яго ўбачыць, але для гэтага ім патрэбныя вочы. Яны сляпыя. Таму яны спачатку павінны прайсці ў мяне лячэнне. Шастры кажуць, што належыць прайсці лячэнне ў гуру, каб зразумець Бога. Як сляпыя могуць убачыць Бога?

Вучань: Але здольнасць бачыць Бога – звышнатуральная. Навукоўцы ж бяруць пад увагу толькі звычайны зрок.

Шрыла Прабхупада: Усё звышнатуральна. Напрыклад, вы можаце лічыць, што ў ясным небе нічога няма, што яно пустое, але вашыя вочы недасканалыя. У небе незлічонае мноства планет, якія вы не бачыце з прычыны абмежаванасці свайго зроку. І раз вы не ў стане ўспрымаць іх, то павінны пагадзіцца з тым, што кажу я: «Так, на небе мільёны зорак». Хіба таму што вы не можаце бачыць зоркі, касмічная прастора пустая? Не. Толькі недасканаласць вашых пачуццяў прымушае вас думаць так.

Вучань: Навукоўцы гатовыя прызнаць, што не ведаюць усяго, але кажуць, што не могуць паверыць у існаванне таго, чаго не могуць убачыць.

Шрыла Прабхупада: Калі яны не ведаюць чаго-небудзь, ім трэба прыняць веды ад таго, хто ведае праўду.

Вучань: Яны запярэчаць на гэта: «Ну а калі тое, што нам кажуць, няправільнае?»

Шрыла Прабхупада: Гэта ўжо іх бяда. Сваімі недасканалымі пачуццямі яны не могуць успрымаць Бога, таму яны павінны слухаць таго, хто ведае Бога. Такі працэс пазнання. Калі яны не звяртаюцца да дасведчанага чалавека – калі яны прыходзяць да ашуканца – гэта іх бяда. Гэта не змяняе метад. Калі вашыя пачуцці непрыгодныя, вы павінны звярнуцца да аўтарытэта, каб даведацца праўду.

Расчараванне атэістаў

Д-р Сінгх: Праблема ў тым, што ў грамадстве атэістаў немажліва даказаць існаванне Бога.

Шрыла Прабхупада: Атэісты – нягоднікі. Нам трэба вучыць іншых – тых, у каго яшчэ ёсць розум. Усё існае кімсьці створана: нехта ж стварыў і пясок, і ваду, і неба. Свядомасць Крышны мае на ўвазе пошук гэтага «некага».

Д-р Сінгх: Навукоўцы скажуць: «Пакажыце нам Яго, каб мы маглі Яго ўбачыць».

Шрыла Прабхупада: А я адкажу ім: «Я пакажу вам Яго, але перш за ўсё вы павінны прайсці навучанне». Вы павінны падрыхтаваць свае вочы, каб Яго ўбачыць. Калі вы сляпыя і не хочаце ісці да лекара, то як вы вылечыцеся ад сваёй слепаты і пачняце бачыць? Вы павінны прайсці лячэнне. Гэта адзіны спосаб пазбыцца хваробы.

Вучань: Каб зрабіць гэты крок, патрэбная вера.

Шрыла Прабхупада: Так, але не сляпая вера, вера павінна быць практычнаю. Каб навучыцца чамусьці, трэба пайсці да адмыслоўца. Такая вера не сляпая, яна практычная. Самі сабою вы нічому не навучыцеся.

Вучань: Ці так, што калі чалавек гранічна шчыры, ён абавязкова сустрэне праўдзівага гуру?

Шрыла Прабхупада: Так. Guru-kṛṣṇa-prasāde pāya bhakti-latā-bīja. Крышна ўнутры вас, і як толькі Ён бачыць, што вы шчыры, Ён скіроўвае вас да таго, хто вам патрэбны.

Вучань: А калі вы не да канца шчыры, то атрымаеце ў настаўнікі ашуканца?

Шрыла Прабхупада: Так. Калі вы хочаце быць ашуканым, Крышна пашле вас да ашуканца. Крышна валодае неперасягненым інтэлектам. Калі вы ашуканец, Ён абвядзе вас вакол пальца так, што вы і не заўважыце. Але калі вы напраўду шчыры, Ён паклапоціцца пра тое, каб вы былі пад добрым кіраўніцтвам. У «Бхагавад-гіце» [15.15] Крышна кажа: sarvasya cāhaṁ hṛdi sanniviṣṭo mattaḥ smṛtir jñānam apohanaṁ ca – «Я знаходжуся ў сэрцы кожнага, і ад Мяне паходзяць памяць, веданне і забыццё». Крышна кажа адначасова пра памяць і забыццё. Калі вы ашуканец, Крышна ўзнагародзіць вас такім інтэлектам, які дасць вам мажлівасць забыцца пра Яго назаўжды.

Вучань: У існасці, нашая філасофія мае ў грамадстве не меншую падтрымку, чым іх, аднак праз тое, што сёння ўва ўладзе знаходзяцца атэісты, яны робяць мацнейшы ўплыў на грамадства.

Шрыла Прабхупада: Хто робіць мацнейшы ўплыў?

Вучань: Атэісты.

Шрыла Прабхупада: Атэісты? Адзін штуршок маі, і іх панаванню ў адну секунду прыйдзе канец. Такая прырода маі. Атэісты звязаныя па руках і нагах, але праз маю, ілюзію, думаюць, што вольныя.

moghāśā mogha-karmāṇo
mogha jñānā vicetasaḥ
rākṣasīm āsurīṁ caiva
prakṛtiṁ mohinīṁ śritāḥ

«Людзей, якія заблыталіся, прывабліваюць дэманічныя і атэістычныя ідэі. Гэтыя погляды збіваюць іх з панталыку, і ўсе іх надзеі на вызваленне, іх дзейнасць, якая вядзецца дзеля матэрыяльных даброт, і іх пошукі ведаў цярпяць крах» [Б.-г., 9.12]. Яны зусім збітыя з панталыку, таму ўсе іх надзеі цярпяць крах. Пра гэта заяўлена ў дадзеным вершы «Бхагавад-гіты», і гэта адбываецца ў рэчаіснасці. Столькі іх грандыёзных планаў, у прыватнасці гэты праект палёту на Месяц, праваліліся, але тым не менш яны заяўляюць, што могуць скарыць прыроду.

Д-р Сінгх: Яны не хочуць адумацца.

Шрыла Прабхупада: Таму яны нягоднікі.

Навукоўцы, якія адважна рушаць у пекла

Шрыла Прабхупада: Разумны чалавек скарыстаецца добрай парадай, але нягоднік ніколі гэтага не зробіць. Ёсць аповед пра вялікага паэта на імя Калідас, які быў да таго ж вялікім паршыўцам. Аднойчы Калідас сядзеў на галінцы дрэва і пілаваў яе. Чалавек, які ішоў міма, спытаў яго: «Навошта ты пілуеш гэты сук? Ты ж звалішся». Калідас адказаў: «Не, не, не звалюся». Ён працягваў пілаваць сук і зваліўся. Потым ён дагнаў таго чалавека і спытаў: «Як ты даведаўся, што я магу зваліцца?» Таму выснова такая – ён быў нягоднікам, бо не слухаў добрых парад. З прычыны свайго так званага навуковага прагрэсу навукоўцы ідуць у пекла. Але яны не чуюць, калі ім гэта кажуць, і таму яны нягоднікі. Нягоднікі ўвесь час складаюць планы, бачаць, як яны цярпяць крах, і зноў складаюць чарговы план. Гэты план таксама бурыцца, і яны складаюць наступны. Але калі мы спрабуем вытлумачыць ім, што ўсе іх матэрыялістычныя планы пацярпяць няўдачу, яны адмаўляюцца слухаць. Паршыўцы. Нягоднік увесь час перажоўвае жаванае. Дома, на дварэ, у начным клубе, у тэатры – дзе б ён ні знаходзіўся, яго адзіная асалода – секс у яго розных праявах.

Вучань: Шрыла Прабхупада, можна нават сказаць, што гэта асаблівы гераізм.

Шрыла Прабхупада: Так, сказаць можна што хочаш, але гэты гераізм – іх бессаромнасць. Яны гераічна ідуць у пекла, вось і ўсё. Неяк адзін чалавек пераследаваў іншага. Пераследнік спытаў: «Чаму ты ўцякаеш? Ты што, мяне баішся?» Той адказаў: «Я цябе не баюся. Але чаму б мне не бегчы? Дзеля чаго я павінен спыняцца?»

Закаранелы матэрыяліст гэтак жа адважна ідзе ў пекла. «Чаму я павінен перастаць грашыць? – кажа ён. – Я адважна сустрэну ўсякія наступствы».

Д-р Сінгх: Яны звар’яцелыя.

Шрыла Прабхупада: Так, звар’яцелыя. Веды кажуць, што як толькі чалавек становіцца апантаным духамі ці вар’яцее, ён пачынае несці розную лухту. Таксама і той, хто знаходзіцца пад уплывам матэрыяльнай энергіі, вар’ят. Таму ён нясе толькі бязглуздзіцу, вось і ўсё. Не зважаючы на тое, што навукоўцы не разбіраюцца ў навуцы, яны майстры ашукваць іншых і гуляць словамі.

Містычнае тэлебачанне

Д-р Сінгх: Цяпер яны маюць тое, чаго раней не мелі: тэлефоны, тэлебачанне, самалёты, ракеты і шмат іншых вынаходстваў.

Шрыла Прабхупада: Але бываюць і больш лепшыя тэлефоны, пра якія яны не ведаюць. У «Бхагавад-гіце» Санджая прадэманстраваў гэта, калі, седзячы каля свайго гаспадара Дхрытараштры, расказваў яму пра падзеі, што адбываліся вельмі далёка ад іх, на полі бітвы Курукшэтра. Зрок Санджаі напраўду нашмат перасягаў тэлефонную сувязь. Гэта было містычнае тэлебачанне, тэлебачанне ў сэрцы, таму што ён сядзеў у пакоі далёка ад поля бітвы, але тым не менш бачыў усё, што адбывалася там. У «Бхагавад-гіце» Дхрытараштра пытаўся ў Санджаі: «Як там мае сыны і пляменнікі? Што яны робяць?» І Санджая апісваў, як Дур’ёдхана падышоў да Дроначар’і, што казаў Дроначар’я, што адказваў Дур’ёдхана, і гэтак далей. Хоць гэтыя падзеі адбываліся вельмі далёка, каб іх можна было ўбачыць звычайным вокам, Санджая, надзелены містычнай здольнасцю, мог бачыць і апісваць іх. Вось сапраўдная навука.

Д-р Сінгх: Некаторыя навукоўцы кажуць, што мы ўдасканалілі прыроду, стварыўшы такія рэчы, як пластмаса і лекі.

Шрыла Прабхупада: У ведыйскія часы людзі елі са срэбнага і залатога посуду, а ў наш час навукоўцы палепшылі жыццё, стварыўшы талеркі з пластмасы. (Смех.)

Д-р Сінгх: Пластмаса сталася вялікай праблемай, таму што яны не ведаюць, як ад яе пазбавіцца. Як яе знішчыць, яны не ведаюць, а яна ўсё памнажаецца.

Довад ёсць

Д-р Вольф-Ратткей: Матэрыялісты былі б больш шчырымі, калі б казалі: «Мы не хочам расставацца са сваімі мроямі. Мы хочам працягваць цешыцца сваімі пачуццямі з дапамогаю ўсёй нашай тэхнікі». Але яны не прызнаюць, што ўсе іх спробы цешыцца сканчаюцца няўдачай.

Шрыла Прабхупада: Гэта сведчыць пра іх глупства. Урэшце ім давядзецца прызнаць гэта.

Д-р Вольф-Ратткей: Але яны кажуць: «Паспрабуйце яшчэ раз».

Шрыла Прабхупада: Як яны могуць спрабаваць? Дапусцім, вы не можаце бачыць, таму што пакутуеце на катаракту. Але вы зноў, зноў і зноў намагаецеся бачыць. Хіба так можна пазбавіцца катаракты? Не. Так вы ніколі не акрыяеце. Трэба пайсці да хірурга. Ён зробіць вам аперацыю, і ваш зрок адновіцца. Вы не празерыце, зноў і зноў спрабуючы штосьці ўбачыць.

Д-р Вольф-Ратткей: Гэта якраз тое, чаго яны не хочуць прызнаць – што ўсе іх намаганні спасцігнуць праўду пры дапамозе матэрыялістычнае навукі аказаліся марнымі.

Шрыла Прабхупада: Яны неразумныя. Яны не прыслухаюцца да добрае парады. Калі вы дасце нягодніку добрую параду, ён раззлуецца – як змяя. Дапусцім, вы прынеслі ў хату змяю і кажаце ёй: «Мая дарагая, калі ласка, жыві са мною. Кожны дзень я буду карміць цябе смачнай ежай – малаком і бананамі». Змяя будзе вельмі задаволеная, але ў выніку ў яе толькі дадасца яду, і аднойчы вы ўскрыкнеце: «А!» (Паказвае ўкушанага змяёй.)

Д-р Вольф-Ратткей: Але навукоўцы ні за што не расстануцца з надзеямі.

Шрыла Прабхупада: Іх планы бурацца кожнае імгненне, але яны ўсё адно спадзяюцца.

Вучань: Шрыла Прабхупада, адзін бібліятэкар хацеў, каб я даказаў, што «Бхагавад-гіце» пяць тысяч гадоў. Ён хацеў убачыць арыгінал, напісаны пяць тысяч гадоў таму.

Шрыла Прабхупада: Довад прама перад вамі. Вам проста трэба расплюшчыць вочы. Але калі вы не хочаце іх расплюшчваць... Дапусцім, я ўвайду ў цёмны пакой і скажу чалавеку, які там знаходзіцца: «Узышло сонца. Ідзі на двор!» Ён можа адказаць: «Чым ты дакажаш, што там светла? Спачатку дакажы мне гэта, тады я выйду». Я магу папрасіць яго: «Калі ласка, толькі выйдзі, і ты сам усё ўбачыш». Але калі ён не выйдзе паглядзець, то гэтак і застанецца ў недасведчанасці, чакаючы довадаў. Сэнс не ў тым, колькі кнізе гадоў, пяць тысяч ці дзесяць, а ў тым, што за веды яна змяшчае. Так што, калі вы проста прачытаеце «Бхагавад-гіту», вы ўсё ўбачыце. Прыйшлі і ўбачылі. Вось довад.

Навігацыя: