Сёмая ранішняя прагулка

Запісана 8 траўня 1973 года

на беразе Ціхага акіяна ў наваколлі Лос-Анджэлесу.

Шрылу Прабхупаду суправаджаюць доктар Сінгх і іншыя вучні.

Ашуканцы і ашуканыя

Шрыла Прабхупада: Такія з’явы прыроды, як сіла прыцягнення ці бязважкасць, – гэта ачынцья-шакці, неспасціжныя энергіі, і сапраўдная навука мае на ўвазе пазнанне ачынцья-шакці. Пачынаць даследаванне ланцуга з’яў з якога-небудзь пэўнага моманту часу не навукова і не можа даць поўных ведаў.

Мы павінны ведаць, адкуль усё бярэ свой пачатак. Дайшоўшы ў сваіх даследаваннях да пэўнае мяжы, мы выявім, што прырода спароджаная ачынцья-шакці. Напрыклад, пры дапамозе свайго розуму, пэндзля і фарбаў мы можам намаляваць кветку. Але спасцігнуць, якім парадкам на зямлі самі сабой растуць і плоданосяць расліны, мы не можам. Мы можам зразумець намаляваную кветку, але не разумеем сапраўдную. У існасці, навукоўцы не могуць растлумачыць з’яву біялагічнага росту. Яны толькі жанглююць словамі: «малекула», «храмасома», – але, насамрэч, не могуць растлумачыць гэтае з’явы.

Галоўная памылка так званых навукоўцаў палягае ў тым, што ў сваіх разважаннях і высновах яны выкарыстоўваюць індукцыйны метад. Напрыклад, калі навуковец захоча пры дапамозе індукцыйнага метаду высветліць, ці смяротны чалавек, то павінен будзе даследаваць кожнага чалавека, спрабуючы даведацца ці няма сярод іх аднаго ці некалькіх несмяротных. Ён кажа: «Я не магу пагадзіцца са сцверджаннем, што ўсе людзі смяротныя. Нельга выключыць існаванне некалькіх несмяротных. Я яшчэ не ўсіх абследаваў. Як жа я магу сцвярджаць, што чалавек смяротны?» Такі працэс называецца індукцыйным. Дэдукцыйны ж метад мае на ўвазе наступнае: ваш бацька, ваш настаўнік ці гуру кажуць вам, што чалавек смяротны, і вы згаджаецеся з гэтым.

Д-р Сінгх: То бо, існуе і ўзыходны, і сыходны працэсы атрымання ведаў 7?

Шрыла Прабхупада: Так. Узыходны працэс ніколі не прывядзе да поспеху, бо заснаваны на інфармацыі, атрыманай намі пры дапамозе пачуццяў, а пачуцці недасканалыя. Таму мы прымаем сыходны працэс.

Бога немагчыма спазнаць пры дапамозе індукцыйнага метаду. Таму Яго называюць адхокшаджа, што азначае «той, каго немагчыма спазнаць наўпрост, пры дапамозе пачуццёвага ўспрымання». Навукоўцы сцвярджаюць, што Бога няма, таму што спрабуюць спазнаць Яго непасрэдна, эмпірычным спосабам. Але Ён – адхокшаджа! Такім парадкам, навукоўцы нічога не ведаюць пра Бога, бо не маюць метаду, патрэбнага для Яго пазнання. Каб зразумець трансцэндэнтную навуку, трэба звярнуцца да сапраўднага духоўнага настаўніка, пакорліва слухаць яго і служыць яму. Госпад Крышна паясняе гэта ў «Бхагавад-гіце» [4.34]: tad viddhi praṇipātena paripraśnena sevayā. Яны ж робяць усё наадварот. Замест таго каб звярнуцца да духоўнага настаўніка, навукоўцы самі спрабуюць стаць на яго месца. Яны пішуць кнігі, у якіх высоўваюць гіпотэзу, быццам жыццё аднойчы паўстала з матэрыі. Але чамусьці ніхто не пытае, адкуль гэты нягоднік узяў, што жыццё паўстала з матэрыі. Ніхто не спрабуе аспрэчыць гэтае сцверджанне. Гэтак навукоўцы, хаця іх веды недасканалыя, спрабуюць граць ролю настаўнікаў.

Д-р Сінгх: Нехта можа запярэчыць, што навукоўцы высоўваюць здагадкі, спадзеючыся на свой розум.

Шрыла Прабхупада: Але хіба можна давяраць розуму навукоўца? Яго пачуцці недасканалыя, ён схільны ўпадаць у ілюзію, ён робіць памылкі і падманвае. Навуковец не валодае дасканалымі ведамі і ўсё ж выдае сябе за настаўніка. Гэта і ёсць зманам. Людзі ж такія неразумныя, што вераць яму.

Аднойчы мой Гуру Махараджа 8 сказаў: «Сучасны свет – гэта грамадства ашуканцаў і ашуканых». На жаль, ашуканыя ўсхваляюць ашуканцаў, тым самым маленькія ашуканцы пакланяюцца вялікім. Дапусцім, сюды прыйдзе статак аслоў і пачне ўсхваляць мяне: «О, Вы Джагад-гуру» 9. Чаго вартая іх хвала? Але калі хваліць джэнтльмен ці адукаваны чалавек, тады яго словы маюць цану. Звычайна ж і тыя, хто хваліць, і тыя, каго хваляць, неразумныя. Як зазначана ў Ведах, saṁstutaḥ puruṣaḥ paśuḥ: «Маленькая жывёліна ўзносіць хвалу вялікай».

Спачуванне

Шрыла Прабхупада: Закон падманвае, медыцына падманвае, урад таксама падманвае. Высокія ўрадавыя службоўцы вінавацяцца ў атрыманні хабараў. Калі губернатар бярэ хабары і паліцыя бярэ хабары, то хіба можа ісці гаворка пра добрае грамадства? Народ абірае таго палітыка, які абяцае яму шчаслівае жыццё. А раз шчасце – гэта мая [ілюзія], ён ніколі не зможа выканаць сваё абяцанне, і грамадства толькі перапоўніцца лгунамі. А так як людзі прагнуць гэтага ілюзорнага шчасця, яны зноў і зноў абіраюць такіх непераборлівых у сродках лідараў.

Вайшнаў 10 спачувае ўсім гэтым неразумным людзям. Вялікі вайшнаў Прахлада Махараджа маліўся Госпаду: «О мой Госпад, сам я не маю ніякіх праблем. Мая свядомасць увесь час паглынута разважаннямі пра Тваю незвычайную трансцэндэнтную дзейнасць, таму мне ўсё ясна. Але мяне вельмі трывожыць лёс гэтых нягоднікаў, якія ганяюцца за ўяўным шчасцем».

Вайшнаў думае толькі пра тое, як зрабіць людзей шчаслівымі. Ён ведае, што яны дарэмна гоняцца за нязбытнымі марамі. На працягу пяцідзесяці-шасцідзесяці гадоў людзі ганяюцца за ўяўным шчасцем, а потым паміраюць, так і не скончыўшы сваіх прац і не ведаючы, што будзе з імі пасля смерці. Фактычна, яны мала чым адрозніваюцца ад жывёлы, таму што жывёла таксама нічога не ведае пра сваё наступнае жыццё. Жывёла не ведае, у чым каштоўнасць жыцця, як не ведае і таго, навошта яна прыйшла ў свет. Пад уплывам маі яна проста есць, спіць, спарваецца, бароніцца і памірае. Толькі і ўсяго. На працягу ўсяго свайго жыцця неразумныя жывёліны, а таксама людзі з жывёльнымі схільнасцямі прыкладаюць велізарныя высілкі толькі дзеля таго, каб дамагчыся гэтых пяці рэчаў: ежы, сну, спаравання, абароны і смерці. Таму абавязак вайшнава – навучаць людзей: казаць ім пра існаванне Бога і пра тое, што мы Яго слугі і можам цешыцца вечным жыццём, поўным асалоды, служачы Яму і развіваючы ў сабе любоў да Яго.

За межамі клеткі

Д-р Сінгх: Але хіба жывая істота, пакуль знаходзіцца ў матэрыяльным свеце, не мае патрэбы ў матэрыі?

Шрыла Прабхупада: Не, жывая істота абсалютна духоўная, і таму не мае патрэбы ў матэрыі. Аднак, таму што яе мысленне хворае, яна думае, што гэта ёй трэба. У матэрыяльным свеце жывая істота знаходзіцца ў абумоўленым стане. У гэтым стане яна скаваная рамкамі матэрыяльнага цела і змушаная адчуваць звязаныя з целам асалоды і пакуты. Жывая істота падобная да алкаголіка, якому сапраўды няма ніякае патрэбы піць, але тым не менш ён думае: «Калі я перастану піць, то памру». Гэта і ёсць маяй, ілюзіяй. Няўжо алкаголік і сапраўды памрэ, калі не вып’е?

Д-р Сінгх: Не. Але калі чалавек адмовіцца ад ежы, ён памрэ.

Шрыла Прабхупада: Гэта таксама не зусім так. Учора ўвечары мы казалі пра Рагхунатху даса Госвамі 11. Пад канец жыцця ён практычна цалкам устрымліваўся ад ежы і сну. Ён піў толькі трохі маслянкі раз на тры-чатыры дні і працаваў дваццаць дзве гадзіны на суткі, пакідаючы на сон усяго дзве гадзіны. А былі дні, калі ён зусім не спаў. Вы спытаеце: «Як жа ён мог жыць?», – але ён пражыў сто гадоў. Ежа, сон, секс і абарона не турбавалі Рагхунатху даса Госвамі, але тым не менш ён працягваў жыць. Як чысты адданы Крышны, ён аддаваў сабе справаздачу ў тым, што душа вечная і незалежная, нягледзячы на тое, што апынулася ў клетцы гэтага цела, у якой напраўду не мае патрэбы. Дапусцім, птушка трапіла ў клетку. Хіба яна жыве толькі таму, што знаходзіцца ў клетцы? Без клеткі яна будзе вольная. Людзі думаюць, што знаходжанне ў клетцы гэтага цела робіць іх шчаслівымі. Гэта глупства. У сапраўднасці нашае зняволенне ў вязніцы цела і ёсць прычынаю таго, што мы адчуваем страх. Але калі мы ачысцім сваё існаванне (нам нават не трэба для гэтага пакідаць сваё цела), то адразу станем абхая, тымі, хто не ведае страху.

brahma-bhūtaḥ prasannātmā

na śocati na kāṅkṣati

samaḥ sarveṣu bhūteṣu

mad-bhaktiṁ labhate parām 12

Мы можам адразу абудзіцца і вярнуцца да нашага спрадвечнага духоўнага існавання, вольнага ад страху, смутку і матэрыяльных жаданняў.

Д-р Сінгх: Але навуковец усё ж захоча атрымаць больш падрабязныя тлумачэнні, якім парадкам жывая істота можа быць незалежнай ад матэрыі.

Шрыла Прабхупада: Пакуль вы абумоўленыя, вы будзеце залежаць ад матэрыі. Напрыклад, чалавек, які прыехаў сюды з Афрыкі, абумоўлены, таму што непрыстасаваны да гэтага халоднага клімату. Таму ён пачуваецца тут не вельмі добра. Але многія тут (паказвае ў бок дзяцей, якія гуляюць на пляжы) холаду не заўважаюць. Здольнасць пераносіць тыя ці іншыя акалічнасці залежыць ад абумоўленасці. У абумоўленым стане чалавек думае катэгорыямі дваістасці: цяпло – холад, боль – асалода. Але, дасягнуўшы вызвалення, вы пазбавіцеся абумоўленых думак. Духоўнае жыццё прадугледжвае вызваленне ад абумоўленасці, то бок дасягненне ўзроўню брахма-бхуты. У гэтым ёсць дасканаласць жыцця. Калі жывая істота знаходзіцца ў абумоўленым стане, яна думае, што нараджаецца, памірае, хварэе і старэе, хоць напраўду яна вечная. Яна ніколі не старэе. Пра гэта сказана ў «Бхагавад-гіце» [2.20]: ajo nityaḥ śāśvato ’yaṁ purāṇo. Са сваёй прыроды жывая істота вечная (ніцьях). Гэта значыць, што яна, хоць і існуе са спрадвечных часоў, заўсёды маладая (śāśvato ’yaṁ purāṇo). Той, хто неабумоўлены, нават не старэе. Напрыклад, Крышна. У «Брахма-самхіце» пра Крышну кажуць, што Ён advaitam acyutam anādim ananta rūpam ādyaṁ purāṇa-puruṣaṁ nava-yauvanaṁ ca. Гэта азначае, што Ён найстарэйшы за ўсіх, першая жывая істота, але пры гэтым Ён вечна юны. Ён заўсёды выглядае дваццацігадовым юнаком, таму што цалкам духоўны.

Навігацыя: