Частка 1

Крішна – усепрывабны
27 лютага 1972 года

Боб: Хто такі вучоны?

Шріла Прабхупада: Той, хто ведае ўсе рэчы як яны ёсць.

Боб: Ён думае, што ведае гэтыя рэчы як яны ёсць.

Шріла Прабхупада: Што вы сказалі?

Боб: Ён спадзяецца, што ведае гэтыя рэчы такімі як яны ёсць.

Шріла Прабхупада: Не, ён павінен усё ведаць дакладна. Мы звяртаемся да вучонага, таму што ён мае дакладныя веды. Вучоны – гэта той, хто павінен ведаць усе рэчы як яны ёсць. Крішна значыць «усепрывабны».

Боб: Усепрывабны?

Шріла Прабхупада: Так. Калі Бог не вабіць да Сябе, як Ён можа быць Богам? Чалавек здаецца больш значным, калі ён да ўсяго яшчэ і прывабны. Хіба гэта не так?

Боб: Так.

Шріла Прабхупада: Значыцца, Бог павінен быць прывабным, і Ён вабіць да Сябе ўсіх. Таму калі ў Бога і ёсць нейкае імя, або вы пажадаеце Яго як-небудзь назваць, гэта павінна быць імя «Крішна».

Боб: Але чаму толькі Крішна?

Шріла Прабхупада: Таму што Ён усепрывабны. Крішна азначае «ўсепрывабны».

Боб: Так, гэта я ўжо зразумеў.

Шріла Прабхупада: Сапраўды, Госпад не мае ніякіх імёнаў, але мы завем Яго адпаведна Ягоным якасцям. Калі чалавек вельмі прыгожы, мы называем яго «прыгожым». Калі чалавек вельмі разумны, мы завем яго «мудрацом». Такім чынам, імёны даюцца ў адпаведнасці з якасцямі. Госпад з'яўляецца ўсепрывабным, таму імя Крішна належыць толькі Яму. Крішна значыць «усепрывабны». Гэта імя ўключае ў сябе ўсё.

Боб: А што вы скажаце пра імя «ўсемагутны»?

Шріла Прабхупада: Так... Калі б Бог не быў усемагутным, дык як бы Ён мог быць усепрывабным?

Шьямасундара [амерыканскі адданы, сакратар Шрілы Прабхупады]: Гэта імя ўключае ў сябе ўсё.

Шріла Прабхупада: Так, усё. Гэта значыць, што Ён вельмі прыгожы, вельмі мудры, вельмі магутны і вельмі славуты...

Боб: А махляры вабяцца Крішнай?

Шріла Прабхупада: О, безумоўна! Таму што Ён таксама найвялікшы махляр.

Боб: Хіба гэта магчыма?

Шріла Прабхупада: (смяецца): Так, Ён заўсёды цвяліў гопі.

Боб: Цвяліў?

Шріла Прабхупада: Так. Часам, калі Радхарані выходзіла са Сваёй хаты, Крішна нападаў на Яе, і калі Яна падала са словамі: «Крішна, калі ласка, не мучай Мяне так», – Яны разам апыняліся на зямлі, і Крішна карыстаўся магчымасцю пацалаваць Яе (смяецца). Радхарані была вельмі задаволена, хаця ў гэтым выпадку Крішна паводзіў Сябе як вялікі нягоднік. Калі б Крішна не валодаў шальмоўствам, дык як бы яно існавала ў свеце? Наша канцэпцыя Бога заключаецца ў тым, што Ён – крыніца ўсяго. Калі б у Крішны не было шальмоўства, як бы яно з’явілася тут? Такое магчыма толькі таму, што Крішна – крыніца ўсяго. Але Яго махлярства настолькі цудоўнае, што яму нават можна пакланяцца.

Боб: А што да тых, чыё махлярства не такое цудоўнае?

Шріла Прабхупада: Не, махлярства ніколі не можа быць цудоўным, але Крішна – абсалютны. Ён – Бог. Таму Яго дзеянні заўсёды добрыя. Крішна – усеблагі. Бог – заўсёды благі.

Боб: Так.

Шріла Прабхупада: Такім чынам, калі Бог робіцца махлярам, гэта таксама добра. Такі Крішна. Махлярства – гэта дрэнна, але калі за гэта бярэцца Крішна, (а Ён – абсалютнае блага), яно робіцца дабром. Гэта адзінае, што трэба зразумець.

Боб: А ці ёсць людзі, якіх не вабіць Крішна?

Шріла Прабхупада: Не. Усе людзі вабяцца Ім. Каму, скажыце, не падабаецца Крішна? Вы павінны прывесці прыклад: «Вось гэтага чалавека, гэтую жывую істоту зусім не вабіць Крішна». Але адшукайце такую асобу.

Боб: Чалавек можа рабіць штосьці дрэннае, пры гэтым ведаючы, што гэта дрэнна, але ён усё роўна працягвае гэта рабіць, бо жадае атрымаць грошы, уладу ці вядомасць...

Шріла Прабхупада: Так.

Боб: … і тады ён думае, што Бог непрывабны. Бог здаецца яму непрывабным, таму што прымушае яго адчуваць віну за свае ўчынкі.

Шріла Прабхупада: Не, не Бог. Чалавек жадае зрабіцца магутным або багатым, так? Але няма нікога, багацейшага за Крішну. Таму Крішна таксама вабіць яго.

Боб: А калі асоба моліцца Крішне дзеля ўзбагачэння, яна зробіцца багацей?

Шріла Прабхупада: Безумоўна!

Боб: Няўжо можна ўзбагаціцца такім шляхам?

Шріла Прабхупада: Так. Таму што Крішна – усемагутны, і калі вы вельмі жадаеце, Ён зробіць вас багатым.

Боб: А калі чалавек вядзе грэшнае жыццё і адначасова моліцца Крішне, каб зрабіцца багатым, ён атрымае багацце?

Шріла Прабхупада: Так, бо маліцца Крішне – не грэх.

Боб: Гэта зразумела.

Шріла Прабхупада (смеючыся): Так ці інакш, калі чалавек моліцца, вы не можаце сказаць, што ён дрэнны.

Боб: Так.

Шріла Прабхупада: Крішна гаворыць у «Бхагават-гіце»: апі чет судура̄ча̄ро бхаджате ма̄м ананйа-бха̄к. Вы чыталі гэта?

Боб: Так. Я не ведаю санскрыта, але па-англійску магу нагадаць.

Шріла Прабхупада: Хм-м.

Боб: «Нават калі самы грэшны з людзей звернецца да Мяне з малітвай...»

Шріла Прабхупада: Так.

Боб: «... ён абавязкова ўзвысіцца».

Шріла Прабхупада: Верна. Як толькі чалавек пачынае маліцца Крішне – гэта ўжо не грэх. Таму Крішна – усепрывабны. У «Ведах» гаварыцца, што Абсалютная Ісціна, Вярхоўная Асоба Бога, з’яўляецца крыніцай усіх асалод – расо ваі сах̣. Кожны жадае ўзбагаціцца, таму што знаходзіць у гэтым якісьці смак.

Боб: Прабачце, што?

Шріла Прабхупада: Нейкі смак. Дапусцім, чалавек – прапойца. Але чаму ён п’е? Таму што гэта прыносіць яму нейкую асалоду. Такім чынам, калі чалавек жадае ўзбагаціцца, значыць ён бачыць у багацці якісьці жаданы смак.

Боб: Як гэта – «смак»?

Шріла Прабхупада (да Шьямасундары): Як лепш азначыць гэта слова?

Шьямасундара: Прыемнасць.

Боб: А, зразумела.

Шріла Прабхупада: Так, прыемнасць. «Веды» ж гавораць так: расо ваі сах̣. Таму больш дакладны пераклад гэтага слова будзе – раса (У пакой уваходзіць Малаці, жонка Шьямасундары, з падносам ежы). О, што гэта?

Малаці: Печаныя баклажаны.

Шріла Прабхупада: О! Усепрывабныя! Усепрывабныя! (Смяецца).

Шьямасундара: А ў якім сэнсе Крішна – найвялікшы вучоны?

Шріла Прабхупада: Ён ведае ўсё. Вучоны – гэта той, хто мае дасканалыя веды пра свой прадмет. Гэта вучоны. Крішна ж ведае ўсё.

Боб: Мяне запрасілі сюды як настаўніка і вучонага.

Шріла Прабхупада: Ага, навучанне. Але калі вы не маеце дасканалых ведаў, як вы можаце вучыць? Вось у чым наша пытанне.

Боб: Можна вучыць і не маючы дасканалых ведаў.

Шріла Прабхупада: Гэта падман, а не навучанне. Гэта проста ашуканства. Вучоныя гавораць: «Спачатку быў нейкі згустак матэрыі... потым, магчыма, узнікла тварэнне, і далей, напэўна...» Гэта не што іншае як ашуканства. Гэта не навучанне, а надзіманне.

Боб: Дазвольце мне вярнуцца да нашай ранішняй размовы. Яна была вельмі цікавай. Я спытаў вас пра цуды, і вы адказалі, што ў іх вераць толькі неразумнікі. Як, напрыклад, калі вы дзіця і бачыце, што дарослы падымае стол, дык для вас гэта цуд. Або, скажам, калі вы хімік, злучаеце кіслату і аснову, і пры рэакцыі вылучаецца дым, ці адбываецца што-небудзь іншае, недасведчаны чалавек ліча гэта цудам. Але ўсё мае сваю заканамернасць, і калі вы бачыце ў гэтым цуд, значыць, вы проста не ведаеце тэхналогіі працэсу. Таму толькі глупцы могуць верыць у цуды, і – выпраўце, калі я памыляюся...

Шріла Прабхупада: Так, усё верна.

Боб: Вы гаварылі, што Хрыстос прыходзіў у той час, калі людзі былі вельмі недасведчаныя, і цуды былі неабходныя, каб дапамагчы ім. Але я не ўпэўнены ў тым, ці верна я зразумеў вашыя словы.

Шріла Прабхупада: Так, так. Цуды – гэта для невукаў.

Боб: Я спытаў вас пра гэта, таму што ў Індыі вельмі часта можна пачуць пра людзей, якія робяць такія цуды.

Шріла Прабхупада: Крішна – найвялікшы чарадзей.

Боб: Так.

Шріла Прабхупада: Кунці сцвярджае, што...

Боб: Няўжо я зусім не магу вучыць, не маючы дасканалых ведаў? Напрыклад, я магу...

Шріла Прабхупада: Вы можаце вучыць толькі таму, што ведаеце самі.

Боб: Дык я і не прэтэндую на тое, што навучу большаму, чым ведаю сам.

Шріла Прабхупада: Гэта і ёсць ашуканства.

Шьямасундара: Іншымі словамі, немагчыма вучыць ісціне, маючы няпоўныя веды.

Шріла Прабхупада: Так. Ніводная чалавечая істота не можа зрабіць гэтага. Хіба магчыма вучыць дасканалым ведам, маючы недасканалыя пачуцці? Напрыклад, вы бачыце дыск сонца, але гэта не значыць, што вы дасягнулі сонца. Вы можаце адказаць, што яго можна бліжэй разглядзець у тэлескоп, але і тэлескоп зроблены вамі, а вы недасканалы. Як тады ваша тэхніка можа быць дасканалай? Такім чынам, ваша веданне сонца таксама няпоўнае. Дык, адкажыце, як вы збіраецеся вучыць каго-небудзь пра Сонца, калі самі не маеце ведаў? Гэта проста ашуканства.

Боб: А калі, напрыклад, я буду вучыць таму, што па нашых меркаваннях, Сонца знаходзіцца ў адлегласці 93 000 000 міляў ад Зямлі?

Шріла Прабхупада: Як толькі вы гаворыце пра меркаванні – гэта ўжо ненавукова.

Боб: У такім выпадку можна лічыць, што ўся навука ненавуковая.

Шріла Прабхупада: Вось у тым-та і справа!

Боб: Уся навука, калі вы ведаеце, заснавана на меркаваннях.

Шріла Прабхупада: Так. Іх вучэнне недасканалае. Падобна да іх рэкламы пра Месяц. Мабыць, вы лічыце такія веды дасканалымі?

Боб: Не.

Шріла Прабхупада: Якую з гэтага можна зрабіць выснову?

Боб: Дык у чым тады грамадскі абавязак настаўніка? Напрыклад, настаўніка прыродазнаўства. Пра што ён павінен гаварыць аўдыторыі?

Шріла Прабхупада: Аўдыторыі? Ён павінен даваць веды пра Крішну.

Боб: І ён не можа вучыць пра...

Шріла Прабхупада: Не. Гэта ўключае ў сябе ўсё. Яго мэтай павінна быць пазнанне Крішны.

Боб: А хіба нельга вучонаму даследваць навуку пра тое, як злучаць аксід са шчолаччу або якую-небудзь іншую навуку з мэтай пазнання Крішны?

Шріла Прабхупада: Якім чынам?

Боб: Калі займаючыся навукай, вучоны адкрывае заканамернасці ў прыродзе, ён можа лёгка заўважыць, што імі кіруе нейкая сіла...

Шріла Прабхупада: У папярэднія дні я ўжо тлумачыў пра гэта. Аднойчы я ўжо размаўляў з адным хімікам пра тое, як у адпаведнасці з хімічнымі формуламі, пры злучэнні вадароду з кіслародам узнікае вада. Верна я гавару?

Боб: Так.

Шріла Прабхупада: А цяпер паспрабуйце ўявіць аб’ём вады ў Атлантычным ці Ціхім акіянах. Колькі хімічных рэчываў патрабуецца для таго, каб атрымаць столькі вады?

Боб: Колькі?

Шріла Прабхупада: Так, колькі тон?

Боб: Шмат!

Шріла Прабхупада: Хто ж тады даставіў іх сюды?

Боб: Гэта зрабіў Бог.

Шріла Прабхупада: Верна, бо хтосьці ж павінен усё гэтае рабіць.

Боб: Безумоўна, так.

Шріла Прабхупада: Вось што такое навука. Вы можаце вучыць падобным чынам.

Боб: Ці патрэбна тады вучыць, што, калі вы злучыце аксід са шчолаччу, яны нейтралізуюць адзін аднаго?

Шріла Прабхупада: Той жа самы прыклад. Існуе мноства розных рэакцый, але хто іх выконвае? Хто забяспечвае вас аксідам і шчолаччу? (Доўгая паўза).

Боб: Відавочна, што гэта выходзіць усё з той жа крыніцы, што і вада.

Шріла Прабхупада: Верна, таму што вы не вылучыце вады, не маючы кіслароду і вадароду. Паспрабуйце ўявіць, што маюцца вялікія аб’ёмы вады не толькі ў Атлантычным і Ціхім акіянах, але і на мільёнах іншых планет, дзе таксама ёсць мільёны атлантычных і ціхіх акіянаў. Дык хто тады злучае кісларод з вадародам, каб атрымліваць гэтую ваду, хто забяспечвае ўсімі неабходнымі рэчывамі? Вось у чым пытанне. Хтосьці ж зрабіў гэта, а інакш адкуль яно з’явілася?

Боб: А для чаго тады вучыць, як зрабіць ваду пры дапамозе кіслароду і вадароду? Якая патрэба выконваць гэту рэакцыю? Вось вы злучаеце кісларод з вадародам...

Шріла Прабхупада: Гэта другарадна, і зрабіць такое не вельмі цяжка. Напрыклад, як Малаці гатуе пурі [разнастайнасць хлеба]. Яна бярэ муку, гхі [топленае масла] і робіць з гэтага пурі. Калі б не было мукі і масла, хіба магчыма было б зрабіць што-небудзь? У «Бхагават-гіце» ёсць такое сцвярджэнне: «Вада, зямля, агонь, паветра – усё гэта Мае энергіі». А што ёсць ваша цела? Вонкавае цела – ваша энергія. Чулі вы калі-небудзь пра гэта? Ваша цела складаецца з вашай энергіі. Напрыклад, калі я харчуюся...

Боб: Так.

Шріла Прабхупада: ...я ствараю нейкую энергію, якая падтрымлівае маё цела.

Боб: Так, зразумела.

Шріла Прабхупада: Таму ваша цела складаецца з вашай жа энергіі.

Боб: А калі вы спажываеце ежу, з ёй вы атрымліваеце таксама і сонечную энергію.

Шріла Прабхупада: Зараз я дам вам прыклад. Калі я засвойваю ежу, пры гэтым вылучаецца энергія, якая падтрымлівае маё цела. Аднак калі я атрымаю недастатковую колькасць энергіі, цела зробіцца слабым і нездаровым. Такім чынам, яно ўтвараецца з нашай уласнай энергіі. Падобна да гэтага, вялізарнае касмічнае цела – Сусвет – зроблены энергіяй Крішны. Як магчыма адмаўляць гэта? Ваша цела створана вашай энергіяй, таму сусветнае цела таксама павінна быць створана чыйсьці энергіяй. І гэты хтосьці – Крішна (Доўгая паўза).

Боб: Можна я трошкі абмяркую гэта?

Шріла Прабхупада: Тут няма пра што меркаваць. Гэта – факт (Смяецца). Вашы валасы растуць кожны дзень, чаму? Таму што вы маеце нейкую энергію.

Боб: Энергію, якую я атрымліваю праз ежу.

Шріла Прабхупада: Так ці інакш вы ўсё роўна атрымліваеце яе. І пры дапамозе гэтай энергіі вашы валасы растуць. Такім чынам, калі ваша цела ствараецца вашай энергіяй, то велізарнае праяўленне ўтвараецца энергіяй Бога. Гэта факт! Гэта ж не ваша энергія.

Боб: Так. Зараз я зразумеў.

Адданы: Мабыць, і планеты Сусвету з’яўляюцца прадуктам сонечнай энергіі?

Шріла Прабхупада: Так, але хто стварыў Сонца? Яно – энергія Крішны. Сонца дае цяпло, а Крішна гаворыць: бхӯмір а̄по ’нало ва̄йух̣ – «Цяпло – гэта Мая энергія». Такім чынам, Сонца прадстаўляе цеплавую энергію Крішны. Гэта не ваша энергія. Вы не можаце сказаць: «Я стварыў Сонца». Але хтосьці ж павінен быў яго стварыць. І Крішна гаворыць, што ўсё гэта выходзіць з Яго. Мы ж верым Крішне. Таму мы – крішнаіты.

Боб: Крішнаіты?

Шріла Прабхупада: Так. І нашы веды дасканалыя. Калі я гавару, што цяпло – гэта энергія Крішны, вы не можаце нічога адмовіць, таму што гэта не ваша энергія. Ваша цела мае толькі пэўную колькасць цяпла. Падобна да гэтага, цяпло – таксама нечая энергія. Але хто гэтая асоба, што валодае ёю? Гэта – Крішна. Крішна гаворыць: «Так. Гэта Мая энергія». Таму нашы веды дасканалыя. Калі я прымаю погляды найвялікшага вучонага, я сам раблюся найвялікшым вучоным. Па сваіх уласных якасцях я магу быць глупцом, але з-за таго, што я прыняў веды ад вялікага вучонага, я таксама раблюся вялікім вучоным. І ў мяне няма цяжкасцей.

Боб: Прабачце, як вы сказалі?

Шріла Прабхупада: Для мяне няцяжка зрабіцца вялікім вучоным, таму што я прымаю веды ад найвялікшага вучонага (Доўгая паўза). «Зямля, вада, агонь, паветра, эфір, розум, інтэлект і эга – усё гэта Мае восем асобных энергій».

Боб: Як зразумець «асобных»?

Шріла Прабхупада: Падобна да малака каровы. Што такое малако? Гэта асобная энергія каровы (Шьямасундара і Боб, зразумеўшы сэнс, пачынаюць смяяцца). А хіба не? Малако з’яўляецца праявай асобнай энергіі каровы.

Шьямасундара: Гэта як пабочны прадукт?

Шріла Прабхупада: Верна.

Боб: А якая значнасць у адасабленні гэтай энергіі ад Крішны?

Шріла Прабхупада: «Адасабленне» – значыць, што яна выходзіць з цела каровы, але ж гэта не сама карова. Таму яна лічыцца адасобленай.

Боб: Такім чынам, і зямля, і ўсё, што тут ёсць, выходзіць з Крішны, але не з’яўляецца Самім Крішнай?

Шріла Прабхупада: Гэта не Крішна. Або, лепш кажучы, і Крішна і не Крішна адначасова. Вось у чым наша філасофія – філасофія адзінства і адрознення. Напрыклад, нельга сказаць, што гэтыя рэчы адрозніваюцца ад Крішны, бо без Крішны яны не маглі б існаваць. І ў той жа час, вы не можаце сказаць: «Дазвольце мне пакланяцца вадзе. Чаму Крішне?» Пантэісты гавораць, што ўсё існае ёсць Бог, таму ўсё, што мы робім, будзе з’яўляцца пакланеннем Богу. Гэта філасофія майявады: калі Бог зрабіў усё, значыцца ўсё ёсць Бог. Але ў нашай філасофіі Бог з’яўляецца ўсім і няўсім адначасова.

Боб: Дык што на зямлі з’яўляецца Богам? Ці ёсць тут што-небудзь, што прадстаўляе Бога?

Шріла Прабхупада: Так. Усё зроблена энергіяй Бога. Але гэта не значыць, што пакланяючыся ўсяму, вы пакланяецеся Богу.

Боб: Дык што ж тады на зямлі не майя [ілюзія?] Гэта...

Шріла Прабхупада: Майя азначае «энергія».

Боб: Энергія?

Шріла Прабхупада: Так. Майя. Яе іншае значэнне – «ілюзія». Як, напрыклад, глупцы прымаюць энергію за крыніцу энергіі. І гэта – майя. Падобна да сонечнага святла, калі яно ўваходзіць у ваш пакой. Сонечнае святло – гэта энергія Сонца, але калі яно ўваходзіць да вас у пакой, вы не скажаце, што ўвайшло само Сонца. Калі б яно сапраўды завітала да вас, тады і вы, і ваш пакой – усё б знішчылася. У вас не было б нават і імгнення, каб зразумець, што здарылася. Хіба не так?

Боб: Так.

Шріла Прабхупада: Але зноў, вы не можаце сказаць, што сонечнае святло не з’яўляецца Сонцам. Адкуль без Сонца ўзяцца святлу? Такім чынам, вы і можаце сказаць так, і не можаце, таму што гэта і Сонца, і не Сонца адначасова. Вось у чым наша філасофія. Ачінтйа-бхедабхеда – недаступная і загадкавая. Праз матэрыяльныя пачуцці вы ніколі не зразумееце адначасовае спалучэнне дадатнага і адмоўнага, бо гэта загадкавая энергія. Калі ўсё з’яўляецца Крішнай, значыцца, Крішна можа праявіць Сябе праз любую Сваю энергію. Такім чынам, калі мы пакланяемся Крішне праз якую-небудзь форму, зробленую з зямлі, вады ці чаго-небудзь іншага, гэта – Крішна. Хіба вы можаце сказаць, што гэта не Крішна. Калі мы пакланяемся металічнай форме Крішны [Боству ў храме], мы пакланяемся Самому Крішне. І гэта факт, таму што метал – энергія Крішны, якая не адрозніваецца ад Яго Самога. Крішна настолькі магутны, што можа з’явіць Сябе ў любой Сваёй энергіі. Таму пакланенне Боству – не паганства. Гэта сапраўднае пакланенне Богу, з поўным веданнем дадзенага працэсу.

Боб: Такім чынам, калі вы ведаеце працэс, Боствы робяцца Крішнай?

Шріла Прабхупада: Не робяцца. Яны і ёсць Крішна.

Боб: Значыць, Боствы – гэта Крішна, аднак трэба ведаць працэс пакланення?

Шріла Прабхупада: Так. Ёсць такі прыклад з электрычным провадам. Электрычны провад дае электрычнасць. І той, хто ведае тэхніку, можа карыстацца гэтай электрычнасцю, што знаходзіцца ўнутры проваду.

Шьямасундара: А інакш ён будзе звычайным дротам.

Шріла Прабхупада: Звычайным дротам.

Боб: Значыць, калі я пабудую статую Крішны, яна не будзе з’яўляцца Крішнай, пакуль...

Шріла Прабхупада: Гэта Крішна. Вам толькі трэба зразумець, што гэта Крішна. Гэта Крішна.

Боб: Не проста спалучэнне зямлі і бруду?

Шріла Прабхупада: Не. Зямля не можа існаваць асобна без Крішны. Крішна гаворыць: «Мая энергія». Вы ж няздольныя адасобіць энергію ад крыніцы энергіі. Гэта немагчыма для вас, таксама як і адасобіць цяпло ад агню, хаця агонь адрозніваецца ад цяпла, а цяпло – ад агню. Каб адчуць цяпло, вам не трэба дакранацца да агню, аднак агонь, вылучаючы цяпло, не змяняе свайго пачатковага выгляду. Падобна да гэтага, Крішна можа лёгка стварыць нешта пры дапамозе Сваіх энергій, але пры гэтым заставацца ўсё тым жа Крішнай. Філосафы-майявадзі, насупраць, лічаць, што калі Крішна ёсць усё, значыцца, Ён губляе Сваю індывідуальнасць. Гэта чыста матэрыялістычнае меркаванне. Напрыклад, калі я патрошкі вып’ю ўсю гэту шклянку малака, значыць, яго ўжо не будзе тут, яно пойдзе ў мой страўнік. Але Крішна не такі. Ён – усемагутны. Мы пастаянна карыстаемся Яго энергіямі, але Ён заўсёды застаецца такім як ёсць, нязменным. Як чалавек, які можа зачаць вялікае мноства дзяцей, але сам застаецца нязменным. Грубы прыклад. Чалавек не памрэ ад таго, што народзіць сотню дзяцей. Таксама і Бог, Крішна, хаця і мае бясконцую колькасць дзяцей, усё роўна працягвае існаваць.

пӯрн̣асйа пӯрн̣ам а̄да̄йа
пӯрн̣ам ева̄ваш́ішйате

«Ён ёсць поўнае цэлае, і нават пасля таго, як з Яго выходзіць такое мноства закончаных частак, Ён застаецца ў поўнай раўнавазе». Вось у чым заключаецца свядомасць Крішны. Крішна – несканчальны. Ён вельмі магутны, і таму – усепрывабны. І гэта толькі адна з бясконцых праяў энергіі Крішны, якіх Ён мае незлічонае мноства. Такім чынам, калі вы працягваеце падрабязна даследваць Крішну, гэта і ёсць свядомасць Крішны, а не простае разважанне: «Мабыць, так, а, мабыць, не так». Тут усё абсалютна! Як ёсць!

Шьямасундара: І вывучаць гэта можна бясконца.

Шріла Прабхупада: А як гэта можа скончыцца? Крішна мае бясконцыя энергіі.

Навігацыя: