Прадмова

Для людзей, якія звыклі думаць, што ўсё, што кажуць сучасныя навукоўцы, правераная і даказаная ісціна, гэтая кніга будзе вялікай нечаканасцю. «Жыццё паходзіць з жыцця» становіць сабою серыю дыялогаў, дзе ў імправізаванай манеры падпадаюць крытычнаму разбору некаторыя з шырока распаўсюджаных тэорый, перадузятасцяў і метадаў сучаснае навукі. У гэтых дыялогах адзін з найвялікшых філосафаў і навукоўцаў нашага часу, Яго Боская Міласць А.Ч. Бхакціведанта Свамі Прабхупада, раскрывае ўтоеныя і ні на чым не заснаваныя дапушчэнні, якія ляжаць у аснове папулярных у наш час уяўленняў пра паходжанне і сэнс жыцця.

Гэтая кніга складзеная з запісаў размоў, якія Шрыла Прабхупада вёў у часы ранішніх прагулак з некаторымі са сваіх вучняў у 1973 годзе ў наваколлі Лос-Анджэлесу. Пытанні, звязаныя з навукай, падчас гэтых прагулак Шрыла Прабхупада абмяркоўваў, звычайна, з адным са сваіх вучняў, доктарам Тудамам Сінгхам. Хімік-арганік з прафесіі, д-р Сінгх у наш час кіруе Інстытутам Бхакціведанты – міжнародным цэнтрам паглыбленых даследаванняў у сферы прыродазнаўчых навук, філасофіі і тэалогіі.

У якім бы кутку зямнога шара ні апынаўся Шрыла Прабхупада, кожны дзень уранку, калі ў паветры разлітыя прахалода і цішыня, захутаўшыся ў цёплы чадар, ён ішоў на працяглую прагулку, падзяляючы гэтыя інтымныя моманты свайго жыцця з невялікай групай вучняў і паслядоўнікаў. Часам у гэтыя ранішнія гадзіны ён моўчкі цешыўся навакольнай прыродай і амаль не размаўляў з імі. Але бывалі дні, калі ён казаў шмат і з захапленнем, на самыя розныя тэмы. У гэтых гутарках ён дэманстраваў, што філасофскі аналіз зусім не абавязкова павінен быць нудным і мудрагелістым, што ён можа быць вострым, як скальпель, дазваляючы пранікаць у глыб кожнае сферы жыцця. Спалучэнне глыбокага розуму, духоўнай праніклівасці і незвычайнага досціпу, уласцівых Шрылу Прабхупаду, рабіла яго аналіз яркім і бязлітасным, раскрываючы тое, што звычайна ўтоена ад вачэй павярхоўнага назіральніка. Падчас размоў са сваімі вучнямі, ён то кідаў ім выклік, то заахвочваў іх, уражваў сваёй эрудыцыяй і вучыў іх, клапатліва вядучы да глыбейшага разумення рэчаіснасці.

Шрыла Прабхупада (1896-1977) вядомы ўва ўсім свеце як пісьменнік, навуковец і духоўны настаўнік, а таксама як пасланец вялікае культуры Індыі, які ўпершыню адкрыў яе для многіх людзей Захаду. У кнізе «Жыццё паходзіць з жыцця» Шрыла Прабхупада выступае ў ролі філосафа і грамадскага крытыка. З філасофскай строгасцю, глыбокім здаровым сэнсам і абяззбройвальнай шчырасцю ён выкрывае не толькі метадалагічную недасканаласць сучаснае навукі і яе глыбока замаскаваную прадузятасць, але і неправераныя (і якія не паддаюцца праверцы) адвольныя дапушчэнні, якія навукоўцы выдаюць даверлівай публіцы за строга даказаныя факты.

Так Шрыла Прабхупада развейвае туман матэрыялістычных і нігілістычных міфаў, які пад маркаю навукі засцілае вочы сучасным людзям.

Навігацыя: