МАНТРА АДЗІНАЦЦАТАЯ

विद्यां चाविद्यां च यस्तद्वेदोभयँ सह।
अविद्यया मृत्युं तीर्त्वा विद्ययाऽमृतमश्नुते॥११॥
vidyāṁ cāvidyāṁ ca yas
tad vedobhayaḿ saha
avidyayā mṛtyuṁ tīrtvā
vidyayāmṛtam aśnute

Паслоўны пераклад

vidyām — запраўднае веданьне; ca — і; avidyām — недасьведчанасьць; ca — і; yaḥ — асоба, якая; tat — то; veda — ведае; ubhayam — тое і другое; saha — адначасова; avidyayā — культывуючы невуцтва; mṛtyum — сьмерць, што паўтараецца; tīrtvā — перасягае; vidyayā — культывуючы веданьне; amṛtam — неўміручасьцю; aśnute — цешыцца.

Пераклад

Толькі той, хто здольны адначасова спазнаць і сьцяжыну невуцтва, і сьцяжыну трансцэндэнтнага веданьня, можа вырвацца з-пад уплыву няспынных нараджэньняў і сьмерцяў і нацешыцца ўсімі выгодамі неўміручасьці.

Камэнтар

З моманту стварэньня матэрыяльнага сьвету кожны імкнецца атрымаць неўміручасьць, але няўмольныя законы прыроды яшчэ нікому не дазволілі ўнікнуць сьмерці. Ніхто ня хоча паміраць, ніхто ня хоча старэць і хварэць. Аднак законы прыроды ўсіх выракаюць на старасьць, хваробы і сьмерць. Прагрэс матэрыяльнае навукі не разьвязаў гэтых праблемаў. Пры дапамозе матэрыяльнай навукі можна вынайсьці атамную бомбу і тым самым наблізіць сьмерць, але навука ня мае сілаў стварыць нічога, што дапаможа чалавеку вырвацца з лапаў старасьці, хваробаў і сьмерці.

З Пуранаў нам вядомая гісторыя Хіраньякашыпу. Гэты кароль дасягнуў вельмі высокага роўню матэрыяльнага разьвіцьця. Пры дапамозе сваіх матэрыяльных дасягненьняў, сілаю свайго невуцтва ён хацеў адолець няўмольную сьмерць. Ён заняўся такім суровым відам мэдытацыі, што жыхары ўсіх плянэтных сыстэмаў былі ўстрывожаныя ягонай містычнай сілай. Ён прымусіў створцу сусьвету, паўбога Брахму, спусьціцца да яго. І потым ён папрасіў у Брахмы дабраславеньня несьмяротнасьці – амара. Але Брахма адказаў, што гэта не ў ягоных сілах, бо нават ён, створца матэрыяльнага сьвету і валадар усіх плянэтаў, ня ёсьць амарам. Як заяўлена ў «Бхагавад-гіце» (8.17), працягласьць жыцьця Брахмы вельмі вялікая, але гэта яшчэ ня значыць, што ён несьмяротны.

Хіранья азначае «золата», а кашыпу – «мяккая пасьцеля». Гэтага падступнага чалавека цікавілі дзьве рэчы: грошы і жанчыны, і ён хацеў вечна цешыцца імі, дамогшыся неўміручасьці. Ён папрасіў у Брахмы мноства розных дабраславеньняў, спадзеючыся ўскосным спосабам выканаць сваё жаданьне стацца несьмяротным. А як Брахма сказаў, што ня можа надарыць яго неўміручасьцю, Хіраньякашыпу папрасіў Брахму паабяцаць, што яго ня зможа забіць ні чалавек, ні жывёліна, ні паўбог, ні якая-кольвек іншая жывая істота, што тычыцца да 8 400 000 відаў жыцьця. Ён таксама папрасіў зрабіць так, каб яго не маглі забіць ні на зямлі, ні ў паветры, ні ў вадзе і ніякаю зброяй. Хіраньякашыпу наіўна меркаваў, што, атрымаўшы гэтыя дабраславеньні, ён зможа ўнікнуць сьмерці. Але ўрэшце, нягледзячы на тое, што Брахма выканаў усе ягоныя просьбы, ён усё ж быў забіты Вярхоўным Госпадам у вобразе паўчалавека-паўльва, Нрысімхі. Каб забіць яго, не спатрэбілася ніякае зброі – Госпад разадраў яго сваімі кіпцюрамі. Ён быў забіты не на зямлі, не ў вадзе і не ў паветры, а на каленях гэтай дзіўнай жывой істоты, якой ён ня мог нават уявіць.

З гэтага прыкладу відаць, што нават Хіраньякашыпу, самаму магутнаму з матэрыялістаў, ніякія пляны не дапамаглі атрымаць неўміручасьць. Чаго ж тады могуць дамагчыся нікчэмныя хіраньякашыпу нашых дзён, чые пляны бурацца кожнае імгненьне?

«Шры Ішапанішад» настаўляе нас спыніць аднабаковыя спробы выйграць змаганьне за існаваньне. Кожны зацята змагаецца за існаваньне, але законы матэрыяльнае прыроды такія няўмольныя, што ніхто ня можа абысьці іх. Каб атрымаць вечнае жыцьцё, чалавек павінен рыхтаваць сябе вярнуцца да Бога.

Працэс вяртаньня да Бога – асобная галіна ведаў, якую належыць вывучаць паводле такіх богаадкрытых ведыйскіх пісьмаў, як Упанішады, «Веданта-сутра», «Бхагавад-гіта» і «Шрымад-Бхагаватам». Таму, каб стаць шчасьлівым у гэтым жыцьці і, пакінуўшы матэрыяльнае цела, знайсьці вечнае, споўненае асалоды жыцьцё, чалавек павінен зьвярнуцца да гэтых сьвятых пісьмаў ды атрымаць зь іх трансцэндэнтныя веды. Абумоўленая жывая істота забылася пра свае вечныя стасункі з Богам і памылкова мяркуе, што апроч гэтага тленнага сьвету, у якім яна нарадзілася, нічога не існуе. Госпад міласьціва даў пералічаныя вышэй пісьмы людзям Індыі і іншыя сьвятыя пісьмы народам іншых краінаў, каб напомніць няпамятліваму чалавеку пра тое, што ягоны сапраўдны дом ня тут, не ў матэрыяльным сьвеце. Жывая істота мае духоўную прыроду, таму яна можа знайсьці шчасьце, толькі вярнуўшыся ў свой духоўны дом.

Каб вярнуць жывыя істоты да Бога, Вярхоўны Госпад пасылае з Свайго валадарства адданых слугаў ці прыходзіць з гэтай місіяй Сам. Усе жывыя істоты – умілаваныя дзеці Бога, Ягоныя неад’емныя часьцінкі, таму, бачачы пакуты, якія мы ўвесь час адчуваем у матэрыяльным сьвеце, Госпад засмучаецца больш, чым мы самі. Гэтыя пакуты патрэбныя, каб ускосна напомніць нам пра нашую несумяшчальнасьць зь мёртвай матэрыяй. І разумныя жывыя істоты звычайна зьвяртаюць увагу на гэтыя напамінкі і прысьвячаюць сябе вывучэньню відзьі, трансцэндэнтных ведаў. Чалавечае жыцьцё ёсьць самай спрыяльнай магчымасьцю для паглыбленьня духоўных ведаў, таму таго, хто не скарыстаецца гэтаю магчымасьцю, называюць нарадхамам, ніжэйшым зь людзей.

Шлях авідзьі, то бо шлях дасканаленьня матэрыяльных ведаў дзеля пачуцьцёвых асалодаў, – гэта шлях паўторных нараджэньняў і сьмерцяў. Жывая істота духоўная, таму яна не нараджаецца і не памірае. Нарадзіны і сьмерць маюць дачыненьне толькі да вонкавай абалонкі духоўнай істоты – ейнага цела. Сьмерць параўноўваюць з распрананьнем, а нарадзіны – з адзяваньнем вопраткі. Неразумныя людзі, цалкам паглынутыя разьвіцьцём авідзьі (невуцтва), прымаюць гэта як належнае. Зачараваныя хараством ілюзорнай энэргіі, яны зноў і зноў адчуваюць тыя ж пакуты, так і не зрабіўшы ніякіх высноваў з урокаў, пададзеных ім законамі прыроды.

Вось чаму чалавеку трэба імкнуцца спасьцігнуць відзью, трансцэндэнтныя веды. У балючым матэрыяльным стане варта, наколькі гэта мажліва, абмежаваць пачуцьцёвыя асалоды. Неабмежаваныя пачуцьцёвыя асалоды ў матэрыяльных варунках вядуць да невуцтва і сьмерці. Жывыя істоты надзеленыя духоўнымі пачуцьцямі. Кожная жывая істота ў сваёй спрадвечнай духоўнай форме валодае ўсімі пачуцьцямі, якія ў абумоўленым стане пакрытыя матэрыяльным целам і розумам і дзеюць як матэрыяльныя пачуцьці. Дзейнасьць матэрыяльных пачуцьцяў ёсьць скажоным адлюстраваньнем дзейнасьці спрадвечных, духоўных пачуцьцяў. У сваім хворым стане духоўная душа пад матэрыяльным покрывам займаецца матэрыяльнай дзейнасьцю. Сапраўдныя пачуцьцёвыя асалоды даступныя душы толькі тады, калі яна вылечыцца ад хваробы матэрыялізму. Толькі ў сваёй чыстай духоўнай форме, не апаганенай матэрыяй, жывая істота можа адчуваць сапраўдныя пачуцьцёвыя асалоды. Хворы мае спачатку вылечыцца ад сваёй хваробы, і толькі пасьля гэтага ён зможа зноў цешыцца жыцьцём. Таму мэтаю чалавечага жыцьця павінны быць не перакручаныя пачуцьцёвыя асалоды, а вызваленьне ад матэрыяльнае хваробы. Абвастрэньне матэрыяльнае хваробы ня ёсьць пазнакаю ведаў, гэта пазнака авідзьі (невуцтва). Каб акрыяць, чалавек мае не павялічваць тэмпэратуру цела ад 40 да 42 градусаў, а панізіць яе да нормы – 36,6 градусаў. Гэта павінна стацца мэтаю чалавечага жыцьця. У сучасным матэрыялістычным грамадзтве назіраецца тэндэнцыя да ўзмацненьня матэрыяльнае ліхаманкі, і жар ужо дасягнуў 42 градусаў у форме атамнай энэргіі. І ўсё гэта суправаджаецца галашэньнямі недалёкіх палітыкаў пра тое, што ў кожны момант сьвет можа ўзьляцець у паветра. Такі вынік разьвіцьця матэрыяльнае навукі ды занядбаньня самае важнае сфэры жыцьця – культуры духоўнага веданьня. «Шры Ішапанішад» папярэджвае, каб мы не ішлі гэтаю небясьпечнаю дарогаю, што вядзе да сьмерці. Наадварот, мы павінны дасканаліць духоўныя веды, каб вырвацца з абдымкаў сьмерці.

Гэта не азначае, што трэба зусім перастаць клапаціцца пра цела. Гаворка ідзе не пра тое, каб спыніць усякую дзейнасьць. Гэта было б раўназначна таму, каб у спробах зьбіць жар імкнуцца давесьці тэмпэратуру цела да нуля. Слушней будзе сказаць, што мы мусім імкнуцца «атрымаць максымальную карысьць зь нявыгаднае дамовы». Для паглыбленьня духоўных ведаў патрэбная дапамога гэтага цела і розуму, таму, каб дасягнуць свае мэты, мы павінны клапаціцца пра цела і розум. Трэба падтрымоўваць нармальную тэмпэратуру на ўзроўні 36,6 градусаў, і для дасягненьня гэтага вялікія мудрацы і сьвятыя Індыі распрацавалі праграму збалянсаванага разьвіцьця духоўных і матэрыяльных ведаў. Яны ніколі не надужываюць свайго чалавечага інтэлекту дзеля задавальненьня хворых пачуцьцяў.

Дзейнасьць чалавека, апаганеная імкненьнем да пачуцьцёвых асалодаў, рэглямэнтуецца ў Ведах сыстэмаю прынцыпаў, мэта якой – здабыцьцё вызваленьня. Гэтая сыстэма складаецца з рэлігіі, разьвіцьця эканомікі, задавальненьня пачуцьцяў і вызваленьня. Але ў наш час людзі страцілі цікаўнасьць да рэлігіі і вызваленьня. У іх засталася толькі адна мэта ў жыцьці – задавальненьне пачуцьцяў, і для яе дасягненьня яны будуюць пляны эканамічнага разьвіцьця. Зьбітыя з панталыку людзі мяркуюць, што рэлігію ў грамадзтве трэба падтрымоўваць, таму што яна спрыяе разьвіцьцю эканомікі, а эканоміка патрэбная для задавальненьня пачуцьцяў. І каб забясьпечыць чалавеку пачуцьцёвыя асалоды нават пасьля сьмерці, у раі, існуе цэлая сыстэма рэлігійных рытуалаў. Аднак дасягненьне раю ня ёсьць запраўднаю мэтаю рэлігіі. На самай рэчы шлях рэлігіі мае весьці да самарэалізацыі. Разьвіцьцё эканомікі канечне толькі для таго, каб чалавек мог захоўваць цела ў нармальным, здаровым стане. Чалавек павінен весьці здаровае жыцьцё і мець цьвярозы розум, толькі каб спасьцігнуць відзью, запраўднае веданьне, якое ёсьць мэтаю чалавечага жыцьця. Гэтае жыцьцё дадзенае нам не затым, каб працаваць як асёл, ці культываваць авідзью і задавальняць свае пачуцьці.

Шлях відзьі дасканала апісаны ў «Шрымад-Бхагаватам». Гэты твор падахвочвае чалавека прысьвяціць сваё жыцьцё зразуменьню Абсалютнае Праўды. Абсалютную Праўду разумеюць паступова, спачатку як Брахмана, потым як Параматму і, нарэшце, як Бхагавана (Асобу Бога). Спасьцігнуць Абсалютную Праўду можа толькі чалавек шырокіх поглядаў, які валодае ведамі і вызваліўся ад матэрыяльных прыхільнасьцяў, кіруючыся васямнаццацьцю прынцыпамі «Бхагавад-гіты», апісанымі ў камэнтары да мантры дзясятай. Галоўнаю мэтаю выкананьня гэтых васямнаццаці прынцыпаў ёсьць дасягненьне трансцэндэнтнага адданага служэньня Асобе Бога. Таму ўсім людзям, незалежна ад іхных поглядаў, рэкамэндуецца вучыцца мастацтву адданага служэньня Госпаду.

Шлях, што гарантавана прыводзіць да мэты відзьі, апісвае Шрыла Рупа Госвамі ў сваёй кнізе «Бхакці-расамрыта-сіндху», якая перакладзеная намі на ангельскую мову пад назваю «Нэктар адданасьці». У «Шрымад-Бхагаватам» (1.2.14) шлях відзьі каротка апісаны ў наступных словах:

tasmād ekena manasā
bhagavān sātvatāṁ patiḥ
śrotavyaḥ kīrtitavyaś ca
dhyeyaḥ pūjyaś ca nityadā

«Таму трэба з поўнай сканцэнтраванасьцю ўвесь час слухаць апавяданьні пра Вярхоўнага Госпада, славіць, помніць Яго і пакланяцца Яму – абаронцу адданых».

Калі рэлігійнасьць, разьвіцьцё эканомікі і задавальненьне пачуцьцяў не скіраваныя на дасягненьне адданага служэньня Госпаду, то ўсе яны – толькі розныя формы невуцтва, як будзе сказана ў наступных мантрах «Шры Ішапанішад».

Навігацыя: