Лекцыя Яго Боскай Міласьці А.Ч. Бхакціведанты Свамі Прабхупады, прачытаная 6 кастрычніка 1969 году ў Канвэй-Холе (Лёндан, Ангельшчына).
Пані і панове, тэмаю сёньняшняе лекцыі ёсьць навука Ведаў. Што такое Веды? Санскрыцкі дзеяслоўны корань слова веда можна перакладаць па-рознаму, але ўрэшце ўсе разнастайныя значэньні гэтага слова ёсьць вытворнымі ад слова «веданьне». Кожнае веданьне, якое вы атрымоўваеце, ёсьць ведай, таму што навука Ведаў – гэта першаснае веданьне. Пакуль мы знаходзімся ў стане абумоўленасьці, нашыя веды маюць шмат хібаў. Розьніца паміж абумоўленай і вызваленай душой палягае ў тым, што абумоўленай душы ўласьцівыя чатыры заганы. Першая ейная загана ў тым, што яна асуджаная рабіць памылкі. Напрыклад, у нашай краіне Махатму Гандзі ўважаюць за вялікага чалавека, але і ён дапушчаў шмат памылак. Нават у апошні дзень ягонага жыцьця сакратар папярэджваў яго: «Махатма Гандзі, не хадзеце на гэтую сустрэчу ў Новым Дэлі. Я чуў ад сяброў, што там небясьпечна». Але ён не паслухаўся. Ён настаяў на тым, каб пайсьці туды, і быў забіты. Нават такія вялікія людзі, як Махатма Гандзі, прэзыдэнт Кэнэдзі і да іх падобныя, робяць памылкі. Чалавеку ўласьціва памыляцца. У гэтым адна з заганаў абумоўленае душы.
Другая загана – схільнасьць занурацца ў ілюзію. Ілюзія – гэта вера ў рэальнасьць таго, чаго не існуе – маі. Мая даслоўна азначае «тое, чаго няма». Кожны прымае сваё цела за сябе. Калі я спытаю вас, хто вы, вы адкажаце: «Я містэр Джон, я багаты чалавек, я – тое, я – сёе». Усё гэта розныя формы атаясамліваньня сябе зь целам. Але вы ня ёсьць целам. Гэта ілюзія.
Трэцяя загана – схільнасьць да падману. Кожны схільны ашукваць іншых. Чалавек можа быць найпершым дурнем, але выдаваць сябе за разумнага. Мы ўжо казалі, што чалавек на кожным кроку памыляецца, але гэта не перашкаджае яму разважаць: «Я думаю, што гэта так, а тое – гэтак». Пры гэтым ён нават ня ведае прыроды свайго «я». Ён піша кнігі зь філязофіі, хаця сам далёкі ад дасканаласьці. У гэтым ягоная хвароба. Гэта й ёсьць падманам.
І нарэшце, нашыя пачуцьці недасканалыя. Мы вельмі ганарымся сваім зрокам. Часта людзі з выклікам пытаюцца ў нас: «Ці можаце вы паказаць мне Бога?» Але ці маеце вы вочы, каб убачыць Бога? Вы ня зможаце Яго ўбачыць, пакуль вы ня будзеце мець вачэй, патрэбных для гэтага. Калі зараз у пакоі раптам стане цёмна, вы ня зможаце ўбачыць нават уласную руку. Дык чаго вартая вашая здольнасьць бачыць? Такім парадкам, нельга разьлічваць на тое, каб атрымаць запраўднае веданьне (веды) пры дапамозе нашых недасканалых пачуцьцяў. Маючы гэтыя заганы, уласьцівыя абумоўленым жывым істотам, мы нікому ня можам даць дасканалых ведаў. Ды і самі мы недасканалыя. Таму мы прымаем Веды такімі, якія яны ёсьць.
Веды часам называюць сьвятымі пісьмамі індуізму, але слова «індуізм» замежнага паходжаньня. Мы не індусы. Існасьць нашае культуры адлюстроўвае слова варнашрама. Гэтым словам называюць тых, хто кіруецца Ведамі і прымае падзел чалавечага грамадзтва на чатыры варны і ашрамы, гэта значыць на чатыры станы і чатыры ступені духоўнага жыцьця. Гэтую сыстэму называюць варнашрамай. У «Бхагавад-гіце» [4.13] заяўлена: «Гэты падзел існуе ўсюды, таму што ён створаны Богам». Грамадзтва дзеліцца на брахманаў, кшатрыяў, вайш’яў і шудраў. Брахманамі называюць разумных людзей, тых, хто ведае, што такое Брахман. Кшатрыі – гэта стан кіраўнікоў, то бо другі стан разумных людзей. Затым ідуць вайш’і – гандлёвы стан. Гэтыя групы людзей можна выявіць у кожным грамадзтве. Такі ведыйскі прынцып, і мы прымаем яго. Ведыйскія прынцыпы прымаюць, не патрабуючы довадаў, бо ў Ведах ня можа быць памылак. У гэтым палягае сэнс слова «прымаць». Напрыклад, у Індыі каровін гной лічыцца чыстым, хоць ён і ёсьць спаражненьнямі жывёліны. У вадным месцы вы знойдзеце ведыйскі наказ, што, крануўшыся спаражненьняў, належыць адразу зрабіць амавеньне. Але ў іншым месцы сьведчыцца, што каровін гной чысты. Калі вымазаць каровіным гноем нячыстае месца, то яно стане чыстым. Кіруючыся абывацельскім цьвярозым розумам, мы можам сказаць: «Гэта супярэчнасьць». І напраўду, з пункту гледжаньня здаровага сэнсу гэта супярэчнасьць, але тым ня менш тут няма памылкі. Гэта факт. У Калькуце адзін знакаміты навуковец-мэдык дасьледаваў каровін гной і выявіў, што ён валодае ўсімі антысэптычнымі ўласьцівасьцямі.
У Індыі, калі адзін чалавек кажа іншаму: «Ты павінен зрабіць тое і тое», той можа спытаць: «Чаму ты так думаеш? Чаму я павінен бесьпярэчна выконваць твае ўказы? Хіба пра гэта сказана ў Ведах?» Ведыйскія наказы нельга тлумачыць па-свойму. Але ў выніку, калі вы старанна дасьледуеце кожны з гэтых наказаў, то выявіце, што яны беспамылковыя.
Веды ня ёсьць стварэньнем чалавечага розуму. Веды прыйшлі з духоўнага сьвету, ад Госпада Крышны. Іншая назва Ведаў – шруці. Словам шруці называюць веданьне, якое атрымоўваюць у працэсе слуханьня. Гэта не эмпірычнае веданьне. Шруці параўноўваюць з маці. Ад маці мы даведваемся пра вельмі многае. Напрыклад, калі вы хочаце даведацца, хто ваш бацька, хто можа адказаць вам? Толькі вашая маці. Калі маці кажа вам: «Вось твой бацька», вам застаецца толькі пагадзіцца з гэтым. Высьветліць асобу бацькі экспэрымэнтальным спосабам немажліва. Адпаведна, калі вы жадаеце спазнаць нешта, што знаходзіцца за межамі сфэры вашага досьведу, вашага эмпірычнага веданьня, за межамі сфэры дзеяньня вашых пачуцьцяў, то павінны прыняць Веды. У гэтым выпадку ня можа быць і гаворкі пра экспэрымэнтаваньне. Усе экспэрымэнты ўжо даўно зробленыя. Праўда ўжо ўстаноўленая. Нам застаецца толькі прыняць яе, як мы прымаем на веру словы маці. Іншае дарогі няма.
Веды прымаюць за маці, а Брахму называюць дзедам, продкам, бо ён быў першым, хто атрымаў Веды. Брахма быў першай жывой істотай у сусьвеце. Ён атрымаў Веды і перадаў іх свайму сыну Нараду і іншым вучням і сынам, а яны перадалі іх сваім вучням. Так ведыйская навука перадаецца праз ланцуг вучнёўскае пераемнасьці. «Бхагавад-гіта» таксама пацьвярджае, што веды перадаюцца гэтым спосабам. Зрабіўшы экспэрымэнты, вы ў выніку прыйдзеце да тае ж высновы, але, каб зьберагчы час, лепш проста прыняць навуку Ведаў. Калі вы хочаце даведацца, хто ваш бацька, і прызнаеце сваю маці аўтарытэтам у гэтым пытаньні, то мусіце прыняць на веру ўсё, што яна вам скажа. Існуе тры віды довадаў: працьякша, анумана і шабда. Працьякша азначае «эмпірычны довад». Эмпірычныя довады заўсёды маюць слабыя стораны, бо нашыя пачуцьці недасканалыя. Напрыклад, мы кожны дзень бачым сонца, і яно здаецца нам маленькім дыскам, тады як напраўду яно значна большае за іншыя плянэты. Дык чаго ж вартыя нашыя назіраньні? Каб скласьці правільныя ўяўленьні пра сонца, мы павінны чытаць кнігі. Значыцца, беспасярэдні досьвед недасканалы. Наступным відам доваду ёсьць анумана, індуктыўнае веданьне, або гіпотэза: «Выкажам здагадку, што гэта так…». Прыкладам такога доваду выступае тэорыя Дарвіна, якая цалкам заснаваная на здагадках. Але гэта нельга назваць навукай. Гэта ўсяго толькі меркаваньне, і яно таксама недасканалае. Дасканалымі могуць быць толькі веды, атрыманыя з аўтарытэтнае крыніцы. Калі радыёстанцыя дашле вам праграму перадач, вы ня станеце аспрэчваць яе. У гэтым выпадку вам ня трэба праводзіць экспэрымэнты, таму што праграма атрыманая з надзейнае крыніцы.
Веды называюць шабда-праманай, або па-іншаму шруці. Шруці азначае, што веды павінны быць атрыманыя ў працэсе слуханьня. Веды вучаць, што калі мы хочам зразумець трансцэндэнтную навуку, то павінны слухаць чалавека, абазнанага ў гэтым пытаньні. Крыніца трансцэндэнтных ведаў знаходзіцца за межамі матэрыяльнага сусьвету. Веданьне, даступнае ў гэтым сусьвеце, – гэта матэрыяльнае веданьне, а веданьне пра тое, што знаходзіцца за ягонымі межамі, – трансцэндэнтнае веданьне. Нам не пад сілу дасягнуць межаў нават матэрыяльнага сусьвету, ня кажучы ўжо пра тое, каб патрапіць у духоўны сьвет. Такім парадкам, здабыць поўныя веды немажліва.
І тым ня менш духоўны сьвет існуе. За межамі праяўленай і непраяўленай матэрыі раскінулася духоўнае неба, у якім лунаюць вечныя плянэты, населеныя вечнымі істотамі. Але як вы можаце гэта праверыць? Пра гэта гаворыцца ў ведыйскіх пісьмах, але як вы паставіце экспэрымэнты? Гэта немажліва. Таму мы павінны проста прыняць інфармацыю, выкладзеную ў Ведах. Гэта называецца ведыйскім веданьнем. У нашым Руху сьвядомасьці Крышны мы атрымоўваем веды ад найвышэйшага аўтарытэта, Крышны. Аўтарытэт Крышны прызнаюць людзі ўсіх катэгорыяў. Перадусім я маю на ўвазе дзьве катэгорыі трансцэндэнталістаў. Адна катэгорыя трансцэндэнталістаў – гэта імпэрсаналісты, маявадзі. Звычайна іх называюць ведантыстамі школы Шанкарачар’і. Да трансцэндэнталістаў іншае катэгорыі належаць вайшнавы, такія, як Рамануджачар’я, Мадхвачар’я, Вішнусвамі. Шанкара-сампрадая, гэтак жа як і вайшнава-сампрадая, прызнае Крышну Вярхоўнай Асобай Бога. Шанкарачар’я ўважаецца імпэрсаналістам, бо ён прапаведаваў імпэрсаналізм, безасабовага Брахмана, але фактычна ён быў утоеным пэрсаналістам. У сваім камэнтары да «Бхагавад-гіты» ён піша: «Нараяна, Вярхоўная Асоба Бога, знаходзіцца за межамі касьмічнае праявы». І потым зноў пацьвярджае гэта: «Вярхоўная Асоба Бога, Нараяна, – гэта Крышна. Ён прыйшоў у вобразе сына Дэвакі і Васудэвы». Ён адмыслова згадвае імя Ягонага бацькі і маці. Такім парадкам, усе трансцэндэнталісты прызнаюць Крышну Вярхоўнай Асобай Бога. Гэта бясспрэчная праўда. У Руху сьвядомасьці Крышны мы абапіраемся на веды, узятыя з «Бхагавад-гіты», якую расказаў Сам Крышна. Мы апублікавалі «Бхагавад-гіту як яна ёсьць», таму што прымаем усё, што сказаў Крышна, не даючы Ягоным словам уласных тлумачэньняў. Гэта – Веды. Веды праўдзівыя, таму мы прымаем іх. Мы прымаем усё, што кажа Крышна. У гэтым іста сьвядомасьці Крышны. Тым самым мы эканомім шмат часу. Прыняўшы запраўднага аўтарытэта, вы ашчадзіце шмат часу. У матэрыяльным сьвеце існуюць два мэтады спазнаньня: індуктыўны і дэдуктыўны. Прыкладам дэдуктыўнага веданьня ёсьць нашае ўяўленьне пра тое, што чалавек сьмяротны. Ваш бацька кажа, што чалавек сьмяротны, вашая сястра кажа, што чалавек сьмяротны, усе кажуць, што чалавек сьмяротны, але самі вы не праводзіце экспэрымэнтаў. Вы не бераце пад сумненьне тое, што чалавек сьмяротны, вы проста прымаеце гэтую праўду на веру. Калі ж вы захочаце правесьці дасьледаваньне, каб высьветліць, ці сьмяротны чалавек, вам трэба будзе вывучыць усіх людзей, і пры гэтым нельга будзе адкінуць імавернасьць таго, што недзе жыве несьмяротны чалавек, але ён вам яшчэ не сустрэўся. Тым самым вашае дасьледаваньне ніколі б ня скончылася. Гэты працэс на санскрыце мае назву ароха, узыходны працэс. Спробы здабыць веды, абапіраючыся толькі на свае сілы і недасканалыя пачуцьці, загадзя асуджаныя на няўдачу. Так немагчыма прыйсьці да правільных высноваў. Гэта немажліва.
У «Брахма-самхіце» заяўлена: «Проста пракацецеся на самалёце, які імчыць з хуткасьцю думкі». Нашыя матэрыяльныя самалёты могуць рухацца з хуткасьцю дзьве тысячы міляў на гадзіну, але якая хуткасьць думкі? Вы седзіце дома, раптам вы падумалі пра Індыю, якая знаходзіцца, скажам, за дзесяць тысячаў міляў ад вас, і адразу апынуліся там. Вашыя думкі імгненна перанесьлі вас туды. Такая хуткасьць думкі. Таму ў «Брахма-самхіце» сказана: «Павандраваўшы з хуткасьцю думкі мільёны гадоў, вы пераканаецеся ў тым, што духоўнае неба бязьмежнае». Да яго немагчыма нават наблізіцца. Вось чаму ў Ведах сьцьвярджаецца, што чалавек мае, а дакладней абавязаны, зьвярнуцца да запраўднага духоўнага настаўніка, гуру. Якія ж якасьці духоўнага настаўніка? Ён той, хто засвоіў існасьць Ведаў з аўтарытэтнае крыніцы і зацьвердзіўся ў Брахмане. Такія дзьве якасьці, якімі ён павінен валодаць, інакш яго нельга назваць запраўдным настаўнікам.
Рух сьвядомасьці Крышны цалкам заснаваны на ведыйскіх прынцыпах. У «Бхагавад-гіце» Крышна кажа, што запраўдная мэта вывучэньня Ведаў – спазнаць Яго. У «Брахма-самхіце» таксама заяўлена: «Крышна, Говінда, мае незьлічоную колькасьць формаў, але ўсе яны ёсьць адным». Яны не падобныя да нашых недасканалых формаў. Ягоная форма дасканалая. Мая форма мае пачатак, але Ягоная форма ня мае пачатку. Яна ананта. І Ягоная форма – а Ён мае безьліч формаў – ня мае канца. Маё цела знаходзіцца тут, а не ў маёй кватэры. Вы седзіце ў гэтай залі, а не ў сваёй кватэры. Аднак Крышна можа адначасова знаходзіцца ўсюды. Ён можа знаходзіцца на Галоцы Врындаване, але ў той жа самы час Ён усюдыісны. Ён – першасная асоба, найстарэйшая жывая істота, але на якую б выяву Крышны вы ні паглядзелі, вы ўбачыце юнака пятнаццаці-дваццаці гадоў. Вы нідзе ня знойдзеце старога. Вы бачылі ў «Бхагавад-гіце» выяву Крышны ў ролі калясьнічага. У той час Ён меў ня менш за сто гадоў. Нягледзячы на тое, што Ён меў ужо праўнукаў, Ён выглядаў як юнак. Крышна, Бог, ніколі не старэе. Такая Ягоная вярхоўная магутнасьць. І калі вы захочаце спасьцігнуць Крышну, вывучаючы ведыйскую літаратуру, дык зойдзеце ў тупік. Тэарэтычна гэта магчыма, але спалучана зь вельмі вялікімі цяжкасьцямі. Аднак вы зможаце лёгка даведацца пра Яго ад Ягонага адданага. Адданы Крышны можа даць Яго вам з словамі: «Вось Ён, вазьмеце Яго». Такая магутнасьць адданых Крышны.
Выточна была толькі адна Веда, і чытаць яе не было патрэбы. Людзі былі такімі разумнымі ды мелі такую добрую памяць, што маглі зразумець яе, толькі аднойчы пачуўшы з вуснаў духоўнага настаўніка. Ім дастаткова было аднойчы пачуць нешта, каб адразу зразумець сэнс сказанага. Але пяць тысячаў гадоў таму В’ясадэва, клапоцячыся пра людзей гэтага веку, Калі-югі, запісаў Веды. Ён ведаў, што з часам жыцьцё людзей скароціцца, іхная памяць аслабее, а розум прытупіцца. «Таму я павінен вучыць ведыйскай мудрасьці, запісаўшы яе», – падумаў ён. Ён падзяліў Веду на чатыры часткі: «Рыг», «Саму», «Атхарву» і «Яджур» – і даручыў гэтыя часткі сваім вучням. Потым ён падумаў пра людзей, якія не валодаюць вялікім розумам: стры, шудраў і двіджа-бандху. Ён зьмеркаваў паклапаціцца пра жанчынаў, шудраў (рабочых) і двіджа-бандху (тых, што, нягледзячы на высокае паходжаньне, ня маюць адпаведных якасьцяў). Чалавека, які нарадзіўся ў сям’і брахмана, але які ня мае якасьцяў брахмана, называюць двіджа-бандху. Для іх ён стварыў «Махабхарату», назваўшы так гісторыю Індыі, і васямнаццаць Пуранаў. Усё гэта: Пураны, «Махабхарата», чатыры Веды і Ўпанішады – складае ведыйскую літаратуру. Упанішады ёсьць часткаю Ведаў. Потым В’ясадэва абагульніў Веды для навукоўцаў і філёзафаў у «Веданта-сутры». Гэта апошняе слова Ведаў (Веда-анта: канец Ведаў).
В’ясадэва асабіста напісаў «Веданта-сутру», прытрымоўваючыся настаўленьняў Нарады, свайго Гуру Махараджы (духоўнага настаўніка), але тым ня менш ён не адчуваў здавальненьня. Гэта доўгая гісторыя. Яна апісаная ў «Шрымад-Бхагаватам». В’ясадэва заставаўся нездаволеным нават пасьля таго, як скампіляваў Пураны, Упанішады і напісаў «Веданта-сутру». Тады ягоны духоўны настаўнік Нарада даў яму наказ: «Паясьні «Веданта-сутру». «Веданта» азначае «найвышэйшыя веды», а гэта Сам Крышна. Крышна кажа, што мэта ўсіх Ведаў – спазнаць Яго: веданта-кр̣ыд веда-від эва чахам. Крышна кажа: «Я – складальнік «Веданты» і знаўца Ведаў». Значыцца, канчатковая мэта Ведаў – Крышна. Гэта растлумачана ўва ўсіх камэнтарох вайшнаваў да філязофіі «Веданты». Мы, гаўдыя-вайшнавы, маем уласны камэнтар да філязофіі «Веданты» – «Говінда-бхаш’я» Баладэвы Відзьябхушаны. І Мадхвачар’я, і Рамануджачар’я напісалі камэнтары да «Веданты». Камэнтар Шанкарачар’і далёка не адзіны. Камэнтароў да «Веданты» шмат, але камэнтар вайшнаваў ня быў першым, таму людзі памылкова лічаць, што камэнтар Шанкарачар’і – адзіны. Акрамя таго, В’ясадэва сам напісаў дасканалы камэнтар да «Веданты» – «Шрымад-Бхагаватам». «Шрымад-Бхагаватам» пачынаецца з тых жа словаў, што і «Веданта-сутра»: джанмадй асйа йатах. Гэтыя словы падрабязна растлумачаныя ў «Шрымад-Бхагаватам». У «Веданта-сутры» зьмяшчаецца толькі намінка на тое, што такое Брахман, Абсалютная Праўда: «Абсалютная Праўда – гэта Тое, з чаго ўсё вынікае». Гэта афарызм, а ягонае дакладнае тлумачэньне прыводзіцца ў «Шрымад-Бхагаватам». Калі ўсё паходзіць з Абсалютнае Праўды, то якая прырода Абсалютнае Праўды? Гэта тлумачыцца ў «Шрымад-Бхагаватам». Абсалютная Праўда павінна валодаць сьвядомасьцю. Яна самапраяўляецца (сва-рат). Мы разьвіваем сваю сьвядомасьць і паглыбляем веды, атрымоўваючы іх ад іншых, але пра Яе сказана, што Яна самапраяўляецца. «Веданта-сутра» ў сьціснутай форме абагульняе ведыйскую мудрасьць, і сам аўтар тлумачыць яе ў «Шрымад-Бхагаватам».
На заканчэньне мы просім усіх, хто напраўду імкнецца зразумець ведыйскую мудрасьць, паспрабаваць зразумець ейны сэнс, вывучаючы «Шрымад-Бхагаватам» і «Бхагавад-гіту».