Той, хто сыстэматычна бачыць усё ў зьвязку зь Вярхоўным Госпадам, хто бачыць усе істоты як Ягоныя неад’емныя часьцінкі і Вярхоўнага Госпада ўва ўсім, ніколі ні да кога і ні да чога не адчувае нянавісьці.
Гэтая мантра апісвае маха-бхагавату, вялікую асобу, якая бачыць усё ў зьвязку зь Вярхоўнай Асобай Бога. Існуе тры стадыі ўсьведамленьня бытнасьці Вярхоўнага Госпада. Каніштха-адхікары – гэта чалавек, які знаходзіцца на ніжэйшай стадыі ўсьведамленьня Госпада. Ён прыходзіць у месца пакланеньня, такое як храм, царква/касьцёл або мячэць, у залежнасьці ад тыпу рэлігіі, якую ён вызнае, і служыць там згодна з настаўленьнямі сьвятых пісьмаў. Такія адданыя лічаць, што Госпад знаходзіцца толькі ў месцах пакланеньня і нідзе больш. Яны ня здольныя вызначыць, якое становішча мае той ці іншы чалавек у адданым служэньні, таксама як і ня могуць сказаць, хто ўсьвядоміў Вярхоўнага Госпада, а хто не. Такія каніштха-адхікары (нэафіты) прытрымоўваюцца шаблённых наказаў і часам сварацца паміж сабой, лічачы адзін тып пакланеньня Богу лепшы за іншы. Такіх каніштха-адхікары, якія знаходзяцца на ніжэйшай стадыі адданага служэньня, называюць матэрыялістычнымі адданымі, таму што яны яшчэ толькі спрабуюць вызваліцца ад ланцугоў матэрыяльных прыхільнасьцяў, каб дасягнуць духоўнага роўню.
Тых, хто дасягнуў другой стадыі адданага служэньня, называюць мадх’яма-адхікары. Гэтыя адданыя бачаць розьніцу паміж чатырма тыпамі жывых істотаў:
1. Вярхоўным Госпадам.
2. Адданымі Госпада.
3. Нявіннымі людзьмі, якія нічога ня ведаюць пра Бога.
4. Атэістамі, якія ня вераць у Госпада ды ненавідзяць тых, хто занятыя служэньнем Яму.
Мадх’яма-адхікары па-рознаму ставіцца да гэтых чатырох тыпаў жывых істотаў. Ён пакланяецца Госпаду, уважаючы Яго за аб’ект любові, і сябруе з тымі, хто занятыя адданым служэньнем. Ён спрабуе абудзіць любоў да Бога, якая дрэмле ў сэрцах нявінных людзей, але ён унікае атэістаў, якія высьмейваюць само Імя Госпада.
Вышэй за мадх’яма-адхікары стаіць уттама-адхікары, які бачыць усё ў зьвязку зь Вярхоўным Госпадам. Ён ня робіць ніякага асаблівага адрозьненьня паміж атэістам і вернікам, але бачыць у кожным зь іх неад’емную часьцінку Бога. Ён ведае, што няма ніякае розьніцы паміж высокаадукаваным брахманам і дваровым сабакам, так як і першы, і другі ёсьць неад’емнымі часьцінкамі Госпада, але знаходзяцца ў розных целах, атрыманых у выніку іхнай якасна рознай матэрыяльнай дзейнасьці. Часьцінка Госпада ў форме брахмана не надужывала сваёй незалежнасьці, дадзенай ёй Госпадам, а часьцінка Госпада, якая знаходзіцца ў целе сабакі, памылкова выкарыстоўвала сваю незалежнасьць і таму пакараная законамі прыроды, апынуўшыся ў целе сабакі. Не зьвяртаючы ўвагу на розьніцу ў дзеяньнях брахмана і сабакі, уттама-адхікары намагаецца рабіць дабро абодвум. Такога адукаванага адданага Госпада ня ўводзяць у зман матэрыяльныя целы, яго вабіць духоўная іскра ўнутры цела.
Тыя, хто імітуюць уттама-адхікары, абвяшчаючы ідэі ўсеагульнага адзінства і братэрства, але ў сваіх паступках кіруюцца целавымі дачыненьнямі, ёсьць ілжывымі філянтропамі. Таму канцэпцыю ўсеагульнага братэрства канечне вывучаць ад уттама-адхікары, а не ад неразумных людзей, якія ня бачаць ні індывідуальную душу, ні Звышдушу – поўную экспансію Вярхоўнага Госпада, якая ўваходзіць ува ўсё існае.
У гэтай шостай мантры «Шры Ішапанішад» ясна згадваецца, што трэба «назіраць» або сыстэматычна бачыць. Гэта азначае, што варта ісьці за папярэднімі ачар’ямі, дасканалымі настаўнікамі. У зьвязку з гэтым выкарыстоўваецца санскрыцкае слова – анупаш’яці. Ану – азначае «прытрымоўвацца», а паш’яці – «назіраць». Такім парадкам, анупаш’яці значыць, што нельга ўспрымаць сьвет такім, якім ён успрымаецца наўпрост, а трэба прытрымоўвацца папярэдніх ачар’яў. Матэрыяльныя недасканаласьці не даюць успрымаць грубым вокам праўдзівую карціну сьвету. Не выслухаўшы высокіх аўтарытэтаў, немажліва атрымаць запраўднае бачаньне. Найвышэйшая аўтарытэтная крыніца – ведыйская мудрасьць, якая была расказаная Самім Госпадам. Ведыйская праўда перадаецца праз ланцуг вучнёўскае пераемнасьці ад Госпада, які расказаў яе Брахму, Брахма – Нараду, Нарада – В’ясу, а В’яса – сваім многалічным вучням. Раней не было патрэбнасьці запісваць Веды, таму што людзі ў тыя старажытныя часы былі больш разумнымі і мелі больш дасканалую памяць. Ім дастаткова было аднойчы пачуць запраўднага духоўнага настаўніка, каб потым дасканала выконваць ягоныя загады.
У цяперашні час існуе мноства камэнтароў да сьвятых пісьмаў, але большасьць камэнтатараў не належыць да ланцуга вучнёўскай пераемнасьці, што ідзе ад Шрылы В’ясадэвы, першага складальніка ведыйскага канону. Апошні, самы дасканалы і ўзвышаны твор Шрылы В’ясадэвы – гэта «Шрымад-Бхагватам», натуральны камэнтар да «Веданта-сутры». Акрамя таго, ёсьць яшчэ і «Бхагават-гіта», расказаная Самім Госпадам і таксама запісаная В’ясадэвам. Гэта найважнейшыя сьвятыя пісьмы, і ўсякі камэнтар, які не адпавядае прынцыпам «Бхагават-гіты» ці «Шрымад-Бхагаватам», ёсьць неаўтарытэтным. Усе сьвятыя пісьмы – Упанішады, «Веданта-сутра», Веды, «Бхагават-гіта» і «Шрымад-Бхагаватам» – цалкам адпавядаюць адно аднаму. Таму ніхто ня мае рабіць якія-кольвек высновы наконт Ведаў, не атрымаўшы настаўленьняў ад прадстаўнікоў вучнёўскае пераемнасьці В’ясадэвы, якія вераць у Асобу Бога і Ягоныя разнастайныя энэргіі, як гэта тлумачыцца ў «Шры Ішапанішад».
Згодна з «Бхагавад-гітай» (18.54), толькі той, хто дасягнуў стадыі вызваленьня (брахма-бхуты), можа стаць уттама-адхікары і ў кожнай жывой істоце бачыць свайго брата. Такога бачаньня ня можа быць у палітыкаў, якія заўсёды шукаюць нейкае матэрыяльнае выгады. Той, хто імітуе пазнакі ўттама-адхікары, займаецца служэньнем матэрыяльным целам іншых людзей (дзеля славы ці ў разьліку на якую-колечы ўзнагароду), але ён ня здольны служыць духоўнай душы. Такія імітатары нічога ня ведаюць пра духоўны сьвет. Але ўттама-адхікары бачыць душу жывой істоты і служыць ёй як духу, што аўтаматычна прадугледжвае служэньне і матэрыяльнаму аспэкту.