Мудрацы паясьнілі, што культываваньне ведаў прыносіць адзін вынік, а культываваньне невуцтва – іншы.
У «Бхагавад-гіце» (13.8-12) спосаб культываваньня ведаў апісаны наступным парадкам:
1. Належыць стаць бездакорным чалавекам і навучыцца паважаць іншых.
2. Ня варта выстаўляць сябе вернікам толькі дзеля імя і славы.
3. Ня варта прыносіць турботы іншым сваімі дзеяньнямі, думкамі ці словамі.
4. Трэба навучыцца быць цярплівым і не паддавацца ні на чые правакацыі.
5. Належыць навучыцца ўнікаць дзьвюхдушнасьці ў стасунках зь іншымі.
6. Трэба знайсьці сапраўднага духоўнага настаўніка, які зможа паступова прывесьці да духоўнага ўсьведамленьня, безадмоўна выконваць усе наказы такога духоўнага настаўніка, служыць яму і задаваць дарэчныя пытаньні.
7. Каб дасягнуць роўню самарэалізацыі, трэба кіравацца рэгулявальнымі прынцыпамі, якія зьмяшчаюцца ў богаадкрытых пісьмах.
8. Трэба няўхільна прытрымоўвацца ўказаў богаадкрытых пісьмаў.
9. Трэба цалкам унікаць усяго, што можа перашкодзіць працэсу самарэалізацыі.
10. Ня варта прымаць больш за тое, чым належыць для падтрыманьня цела.
11. Ня варта атаясамляць сябе зь фізычным целам і ўважаць за сваю ўласнасьць тых, хто зьвязаны з гэтым целам.
12. Заўсёды трэба помніць пра тое, што, пакуль мы будзем мець матэрыяльнае цела, мы будзем асуджаныя на мукі нарадзінаў, старасьці, хваробаў і сьмерці. Кожныя нашыя спробы пазбавіцца гэтых пакутаў матэрыяльнага цела ні да чога не прывядуць. Найлепшае – гэта знайсьці спосаб зноў атрымаць сваё духоўнае «я».
13. Ня трэба прывязвацца ні да чога, апроч таго, што канечне для духоўнага прагрэсу.
14. Ня трэба прывязвацца да жонкі, дзяцей і жытла мацней, чым рэкамэндуецца ў богаадкрытых пісьмах.
15. Ня варта цешыцца ці засмучацца праз тое, што ўяўляецца нам пажаданым ці непажаданым, ведаючы, што крыніцаю гэтых эмоцыяў ёсьць розум.
16. Належыць стаць чыстым адданым Вярхоўнай Асобы Бога, Шры Крышны, і пільна служыць Яму.
17. Трэба разьвіваць у сабе імкненьне да самотнага жыцьця ў ціхім і спакойным месцы, атмасфэра якога спрыяе духоўнай практыцы, і абмінаць людныя месцы, дзе зьбіраюцца матэрыялісты.
18. Належыць стаць навукоўцам ці філёзафам і вывучаць духоўную навуку, усьвядоміўшы, што матэрыяльным ведам прыходзіць канец зь сьмерцю цела, і што духоўныя веды ёсьць вечнымі і нязьменнымі.
Гэтыя васямнаццаць пунктаў складаюць сыстэму паступовага ўзыходжаньня, прытрымоўваючыся якой можна разьвіць у сабе сапраўдныя веды. Усе іншыя мэтады маюць дачыненьне да катэгорыі невуцтва. Шрыла Бхакцівінода Тхакур, вялікі ачар’я, казаў, што ўсе формы матэрыяльных ведаў ёсьць толькі вонкавымі аспэктамі ілюзорнай энэргіі, і той, хто дасканаліць такія веды, робіцца не разумнейшым за асла. Тое ж самае сьцьвярджаецца ў гэтай мантры «Шры Ішапанішад». Прагрэс матэрыялістычнай навукі зводзіць чалавека да роўню асла. Часам некаторыя палітыкі-матэрыялісты, выдаючы сябе за духоўных людзей, ганяць сучасную цывілізацыю, абвяшчаючы яе сатанінскай, але, на жаль, яны ня хочуць устаць на праўдзівую сьцежку спазнаньня, якая апісаная ў «Бхагавад-гіце», і таму яны ня маюць сілаў зьмяніць дэманічнае аблічча сьвету.
У сучасным грамадзтве нават маладзён уважае сябе за незалежнага і не выказвае ніякае павагі старэйшым. Праз заганную сыстэму адукацыі ў нашых унівэрсытэтах моладзь усяго сьвету прычыняе старэйшым толькі галаўны боль. Таму «Шры Ішапанішад» падкрэсьлівае розьніцу паміж культываваньнем невуцтва і культываваньнем ведаў. Сучасныя ўнівэрсытэты ёсьць, так бы мовіць, гадавальнікамі невуцтва, а навукоўцы ў іх займаюцца разрабленьнем сьмяротных відаў зброі, здольных сьцерці зь сьвету цэлыя краіны. Цяперашнім студэнтам унівэрсытэтаў нічога ня кажуць пра рэгулявальныя прынцыпы брахмачар’і (жыцьцё вучня, які захоўвае цнатлівасьць), а самі яны ня маюць веры ў настаўленьні сьвятых пісьмаў. У наш час рэлігійным прынцыпам вучаць толькі дзеля кар’еры і славы, а не дзеля практычнае дзейнасьці. Тым самым варожасьць пракралася ня толькі ў грамадзкае жыцьцё і палітыку, але і ў сфэру рэлігіі.
Культываваньне невуцтва прывяло да ўзьнікненьня ў розных частках сьвету нацыяналізму і шавінізму. Людзі ня хочуць думаць пра тое, што нашая маленькая плянэта – усяго толькі згустак матэрыі, што плавае ў неаглядным космасе разам з многімі іншымі. У параўнаньні зь неабсяжнасьцю касьмічнае прасторы гэтыя згусткі матэрыі нагадваюць парушынкі, што плаваюць у паветры. Але Бог такі добры, што зрабіў гэтыя згусткі самадастатковымі і надзяліў іх усім патрэбным, каб яны маглі лунаць у прасторы. Пілёты касьмічных караблёў вельмі ганарацца сваімі дасягненьнямі, але не зьвяртаюць увагу на вярхоўнага пілёта гіганцкіх касьмічных караблёў, якія называюцца плянэтамі.
Існуе незьлічоная колькасьць сонцаў і плянэтных сыстэмаў. Мы, бясконца малыя часьцінкі Вярхоўнага Госпада, спрабуем панаваць над гэтымі незьлічонымі плянэтамі. Таму мы зноў і зноў нараджаемся і паміраем, а ўсе нашыя пляны, зазвычай, зьнішчаюць старасьць і хваробы. Працягласьць жыцьця чалавека мае складаць каля ста гадоў, але яна паступова скарачаецца на дваццаць-трыццаць гадоў. Празь невуцтва, якое запанавала ў грамадзтве, абдураныя людзі стварылі на гэтых плянэтах свае краіны, каб за свой кароткі век мець як мага больш пачуцьцёвых асалодаў. Неразумныя людзі спрабуюць так правесьці межы паміж сваімі краінамі, каб усе былі здаволенымі, але гэта практычна немажліва. І праз гэта кожная дзяржава зрабілася жаралом турботаў для іншых. Больш за пяцьдзясят адсоткаў дзяржаўных рэсурсаў ідзе на абаронныя мэты, то бо марнуецца. Пра разьвіцьцё праўдзівых ведаў ніхто ў рэчаіснасьці не клапоціцца. І ўсё ж людзі без усялякіх падставаў ганарацца тым, што яны прасунутыя як у матэрыяльных, так і ў духоўных ведах.
«Шры Ішапанішад» папярэджвае нас пра заганнасьць такой сыстэмы адукацыі, а «Бхагавад-гіта» вучыць таму, як паглыбляць сапраўднае веданьне. Гэтая мантра паказвае, што веды, відзью, трэба атрымаць ад дхіры. Слова дхіра азначае «ўлагоджаны», той, каго не турбуе матэрыяльная ілюзія. Але чалавек ня можа захоўваць спакой, пакуль ён не дасягнуў роўню дасканалага духоўнага ўсьведамленьня, роўню, калі ён нічога ня прагне і ні на што не наракае. Дхіра разумее, што матэрыяльныя цела і розум, якія ён атрымаў больш-менш выпадкова, у выніку сутыку з матэрыяй, чужыя яму. Таму дхіра проста імкнецца атрымаць максымальную карысьць зь нявыгаднае дамовы.
Для духоўнай жывой істоты матэрыяльнае цела і розум ёсьць нявыгаднаю дамоваю. Прызначэньне жывой істоты – займацца разнастайнай дзейнасьцю ў жывым, духоўным сьвеце, а гэты матэрыяльны сьвет мёртвы. Пакуль жывыя духоўныя іскры маніпулююць зьнежывелымі згусткамі матэрыі, гэты мёртвы сьвет здаецца жывым. На самай рэчы толькі жывыя душы – неад’емныя часьцінкі найвышэйшай жывой істоты – прыводзяць гэты сьвет у рух. Тых, хто даведаўся пра гэта ад высокіх аўтарытэтаў і рэалізуе гэтае веданьне, кіруючыся рэгулявальнымі прынцыпамі, называюць дхірамі.
Каб выконваць рэгулявальныя прынцыпы, трэба знайсьці праўдзівага духоўнага настаўніка. Трансцэндэнтныя веды і наказы, якія тычацца рэгулявальных прынцыпаў, вучань атрымоўвае ад духоўнага настаўніка. Такія веды немажліва атрымаць, ідучы небясьпечнаю дарогаю невуцкай адукацыі. Стацца дхірам можа толькі той, хто пакорліва слухае праўдзівага духоўнага настаўніка. Напрыклад, Арджуна стаўся дхірам, пакорліва слухаючы Вярхоўнага Госпада. Дасканалы вучань павінен быць падобны да Арджуны, а духоўны настаўнік – практычна роўны Самому Госпаду. Такі працэс атрыманьня відзьі (ведаў) ад дхіры (улагоджанага).
Адхіра, той, хто ня мае падрыхтоўкі дхіры, ня мае права даваць настаўленьні ды кіраваць іншымі. Сучасныя палітыкі, якія абвяшчаюць сябе дхірамі, узапраўду адхіры, і яны нікому ня могуць даць дасканалых ведаў. Іх цікавіць толькі памер узнагароды, якую яны могуць атрымаць за сваю працу. Хіба змогуць яны скіраваць людзей на слушную сьцежку самарэалізацыі? І таму, каб атрымаць актуальную адукацыю, трэба пакорліва слухаць дхіру.