Размова Шрымаці Радхарані з чмялём,
якога яна лічыла пасланцам Крышны

Размова Шрымаці Радхарані з чмялём апісана ў «Шрымад-Бхагаватам» у Частцы 47 «Песня чмялю» або ў кнізе Шрылы Прабхупады «Крышна, Вярхоўная Асоба Бога» ў Частцы 47 «Гопі атрымліваюць пасланне Крышны». Кніга «Крышна, Вярхоўная Асоба Бога» з’яўляецца каментаром Шрылы Прабхупады да 10-й песні «Шрымад-Бхагаватам» і ейным кароткім выкладам. У першых выданнях (1986 г.) на рускай мове яна называлася «Крыніца вечнай асалоды».

 

...Калі гопі зразумелі, што Ўддхава прынёс вестку ад Крышны, яны вельмі ўзрадаваліся і паклікалі яго ў зацішнае месца, каб сесці і паразмаўляць. Яны хацелі шчырай размовы, каб не бянтэжыцца перад кімсьці. (...) Адна з гопі, а менавіта Шрымаці Радхарані, якая мела вельмі блізкія стасункі з Крышнам, была настолькі паглынутая думкамі пра Крышну, што па-сапраўднаму пачала размаўляць з чмялем, які лётаў там і спрабаваў дакрануцца да Ейных лотасавых стопаў. Пакуль іншыя гопі размаўлялі з пасланцам Крышны, Уддхавам, Шрымаці Радхарані прыняла гэтага чмяля таксама за такога пасланніка і звярнулася да яго з наступнымі словамі.

Размова Шрымаці Радхарані з чмялём

Радхарані: «Чмель, ты прывык піць мёд з кветак, і таму палічыў за лепшае быць пасланнікам Крышны, які вельмі падобны з табой норавам. Я бачу на тваіх вусіках чырвоную кункуму: яна засталася на гірляндзе Крышны, калі Ён прыціскаў да грудзей нейкую іншую дзяўчыну, Маю суперніцу. Ты, відаць, ганарышся тым, што дакранаўся да гэтай гірлянды, і што твае вусікі ад гэтага пачырванелі. Ты прыляцеў сюды з паведамленнем для Мяне. Ты вельмі хочаш дакрануцца да Маіх ног. Але Мой дарагі чмель, дазволь Мне папярэдзіць цябе – не чапай Мяне! Я не хачу ніякіх паведамленняў ад твайго ненадзейнага гаспадара. Ты ненадзейны слуга ненадзейнага гаспадара.

 

Твой гаспадар Крышна вельмі падобны з табой норавам. Ты сядаеш на кветку, і, узяўшы крыху мёду, адразу ж ляціш, сядаеш на іншую кветку і смакуеш. Ты такі ж, як твой гаспадар Крышна. Ён даў нам магчымасць адчуць дотык Ягоных вуснаў, а потым сышоў назусім. Я ведаю, што Крышну нястомна служыць багіня росквіту Лакшмі, якая сядзіць на кветцы лотаса. Але я не разумею, чаму яна так захапілася Крышнам. Яна прывязаная да Яго, хаця ведае Ягоны сапраўдны характар. Мабыць, яе заваражылі спакуслівыя прамовы Крышны, і яна ўжо ня можа разглядзець Ягоны сапраўдны нораў. Што тычыцца нас, мы больш разумныя, чым тая багіня ўдачы. Мы больш не збіраемся быць ашуканымі ні Крышнам, ні Ягоным пасланцам.

 

Неразумны чмель, апяваючы славу Крышны, ты спрабуеш задаволіць Мяне і атрымаць узнагароду, але гэта пустая задума. Мы пазбаўлены ўсяго, што мелі. Мы далёка ад нашых дамоў і сем’яў. Мы добра ведаем пра Крышну. Мы ведаем нават больш, чым ты. Таму, што б ты ні казаў пра Яго, для нас усё гэта старыя казкі. Крышна зараз жыве ў горадзе, дзе больш вядомы як сябар Арджуны. У Яго шмат новых сябровак, якія, несумненна, вельмі шчаслівыя з Ім. Ды і як ім ня быць шчаслівымі, калі Крышна змог наталіць пякучую жарсць, якая перапаўняла іхныя грудзі. Калі ты паляціш да іх і станеш славіць Крышну, магчыма, яны і зробяць ласку і ўзнагародзяць цябе. Я бачу, ты імкнешся залагодзіць Мяне сваімі дагодлівымі паводзінамі і таму схіляешся галавой да Маіх ног. Але Я ведаю, які жарт ты хочаш згуляць са Мной. Мне вядома, што ты хітрун, дасланы яшчэ больш вялікім хітруном – Крышнам. Таму, прашу, пакінь Мяне.

 

Мне вядома, што ты вельмі майстэрскі ўмееш мірыць пасварыўшыхся, тым ня менш табе трэба ведаць, што Я не магу спадзявацца ні на цябе, ні на твайго гаспадара Крышну. Мы пакінулі нашы сем’і, мужоў, дзяцей і сваякоў толькі дзеля Крышны, Ён жа ніколькі не адчуваў Сябе ўзаемна абавязаным. Ён пакінуў нас на волю лёсу. Як ты думаеш, ці можам мы зноў паверыць Яму? Мы ведаем, што Крышна ня можа доўга заставацца бяз зносінаў з маладымі жанчынамі. Такая Ягоная прырода. Яму цяжка ў Матхуры, таму што ён больш ня ў вёсцы сярод нявінных пастушак. Ён цяпер у арыстакратычным асяроддзі і, напэўна, адчувае цяжкасці ў сяброўстве з маладымі дзяўчатамі. Магчыма, ты прыляцеў сюды, каб зноў угаворваць нас ці забраць нас з сабой. Але чаму Крышна спадзяецца, што мы туды паедзем? Ён вельмі кваліфікаваны, каб прывабіць усіх іншых дзяўчат, ня толькі ў Врындаване ці Матхуры, але і ва ўсім сусвеце. Ягоная чароўная ўсмешка так вабіць, а рухі Ягоных броваў такія прыгожыя, што Ён можа паклікаць любую жанчыну з райскіх, сярэдніх або пякельных планетаў. Маха-Лакшмі, найвялікшая з усіх багіняў росквіту, таксама прагне служыць Яму. У параўнанні з усімі гэтымі жанчынамі сусвету, што мы? Мы проста нікчэмныя.

 

Крышна паўсюль кажа пра Сваю вялікадушнасць, і Яго ўсхваляюць вялікія святыя. Ягоныя якасці могуць быць дасканала выкарыстаны, калі б Ён толькі праявіў да нас міласэрнасць, таму што мы прыгнечаны і занядбаны Ім. Бедны пасланец, ты ўсяго толькі неразумны слуга. Ты мала што ведаеш пра Крышну, якім Ён быў няўдзячным і жорсткім ня толькі ў гэтым жыцці, але і ў папярэдніх жыццях. Мы чулі гэта ад нашай бабулі Паўрнамасі. Яна распавядала нам, што раней, да гэтага нараджэння, Крышна нарадзіўся ў сям’і кшатрыяў і быў вядомы як Рамачандра. У тым нараджэнні, замест таго, каб забіць Валі, ворага Ягонага сябра, паводле кодэксу кшатрыя, Ён забіў яго, як паляўнічы. Паляўнічы хаваецца ў засадзе і забівае жывёлу, не сутыкаючыся з ёй. Такім чынам, Госпад Рамачандра, як кшатрый, павінен быў біцца з Валі твар у твар, але падбухтораны сваім сябрам, Ён забіў яго з-за дрэва. Такім чынам Ён адхіліўся ад рэлігійных прынцыпаў кшатрыяў. Акрамя таго, Ён так прывабіўся хараством, што ператварыў Шурпанакху, сястру Раваны, у пачварную жанчыну, адрэзаўшы ёй нос і вушы. Шурпанакха прапанавала Яму інтымную сувязь, і як кшатрый Ён павінен быў яе задаволіць. Але Сітадэві так заняволіла Яго, што, ня ў сілах яе забыцца, Ён знявечыў Шурпанакху. Яшчэ да таго, як нарадзіцца кшатрыем, Ён нарадзіўся хлопчыкам-брахманам, вядомым як Ваманадэва, і прасіў міласціны ў Балі Махараджа. Махараджа Балі быў настолькі велікадушны, што аддаў Яму ўсё, што меў. Але няўдзячны Крышна ў вобразе Ваманадэвы, схапіў яго, нібы крумкача, і скінуў у падземнае каралеўства Патала. Мы ведаем усё пра Крышну і пра тое, які Ён няўдзячны. Але вось у чым цяжкасць: нягледзячы на тое, што Ён такі жорсткі і бессардэчны, нам вельмі цяжка адмовіцца гаварыць пра Яго. Ня толькі мы ня можам адмовіцца, але і вялікія мудрацы і святыя людзі таксама няспынна вядуць пра Яго размовы. Мы, гопі Врындавана, не жадаем больш сябраваць з гэтым цемнатварым юнаком, але мы ня ведаем, як мы зможам адмовіцца ад успамінаў і размоваў пра Ягоныя дзеі».

 

Паколькі Крышна з’яўляецца абсалютным, Ягоныя так званыя нядобразычлівыя дзеянні прыносяць такую ж асалоду, як і Ягоныя добрыя дзеянні. Святыя людзі і вялікія адданыя, такія як гопі, ні пры якіх абставінах ня могуць адмовіцца ад Крышны. Таму Госпад Чайтанья маліўся: «Крышна, Ты вольны і незалежны ва ўсіх адносінах. Ты можаш або абняць мяне, або растаптаць мяне сваімі нагамі – што заўгодна. Ты можаш разбіць маё сэрца, не дазваляючы мне бачыць Цябе на працягу ўсяго жыцця, але Ты адзіны аб’ект маёй любові».

 

«Па-мойму, – працягвала Шрымаці Радхарані, – ня варта слухаць пра Крышну, таму што, як толькі кропля нектара пра Ягонаю трансцэндэнтную дзейнасць трапляе чалавеку ў вуха, ён адразу ж падымаецца над дваістасцю: прыязні і непрыязнасці. Цалкам вызваліўшыся ад цягі матэрыяльных прыхільнасцяў, чалавек адмаўляецца ад сувязі з гэтым матэрыяльным светам: сям’і, дома, жонкі, дзяцей і ўсяго, што ў матэрыяльным сэнсе дорага кожнаму чалавеку. Пазбавіўшыся ўсіх матэрыяльных набыткаў, чалавек робіцца сам і робіць сваіх блізкіх няшчаснымі. Затым ён блукае ў пошуках Крышны, альбо ў вобразе чалавека, альбо ў іншых формах жыцця, нават птушкі. Вельмі цяжка зразумець Крышну, Ягонае імя, Ягоныя якасці, Ягоную форму, Ягоныя забавы, Ягоную атрыбутыку і Ягонае атачэнне.

 

Калі ласка, не кажы больш пра Крышну. Лепш пра іншае. Мы ўжо асуджаныя, як плямістыя алені ў лесе, якія зачараваныя салодкімі гукамі музыкі паляўнічага. Такім жа чынам мы былі зачараваныя салодкімі словамі Крышны, і зноў і зноў мы думаем пра промні, якія зыходзяць ад пазногцяў на пальцах Ягоных ног. Мы ўсё мацней прагнем сустрэцца з Ім. Таму Я прашу цябе: больш ні слова пра Крышну».

 

Пакуль Радхарані размаўляла з чмялём, той усё лётаў вакол Яе, а потым раптам знік з Ейных вачэй. Яна была ў поўнай жалобе з-за разлукі з Крышнам і ад такой размовы з чмялём адчувала трансцэндэнтны экстаз. Але як толькі чмель знік, Яна ледзь не звар’яцела, падумаўшы, што чмель-пасланнік можа вярнуцца да Крышны, каб паведаміць Яму пра тое, як Яна дакарала Яго. «Напэўна, Крышну будзе вельмі шкада гэта пачуць», – падумала яна. І Яе зноўку ахапіў экстаз, але ўжо іншага тыпу.

 

Тым часам чмель, лётаючы туды-сюды, зноў наблізіўся да Яе. Яна падумала: «Крышна па-ранейшаму добры да Мяне. Нягледзячы на тое, што пасланец прынёс Яму вестку, якая магла Нас пасварыць, Ён настолькі добры, што зноў паслаў чмяля за Мной». На гэты раз Шрымаці Радхарані была вельмі асцярожная, каб не сказаць нічога супраць Крышны.

 

«Мой дарагі сябар, вітаю цябе», – сказала Яна, – «Крышна такі добры, што Ён зноў прыслаў цябе. Крышна такі добразычлівы і ласкавы да Мяне, што, на шчасце, Ён адправіў цябе назад, хоць Я нагаварыла Яму шмат непрыемнага. Мой дарагі сябар, ты можаш прасіць у Мяне ўсё, што заўгодна. Я дам табе ўсё, бо ты такі добры да Мяне. Ты прыйшоў, каб забраць Мяне да Крышны, таму што Ён ня можа прыехаць сюды. Ён акружаны новымі сяброўкамі ў Матхуры. Але ты малюсенькая істота. Як ты можаш аднесці Мяне туды? Як ты зможаш дапамагчы Мне сустрэцца з Крышнам, калі Ён адпачывае там разам з багіняй росквіту і прытуляе яе да Сваіх грудзей? Няважна. Давай забудзем пра ўсе гэтыя рэчы, пра тое, каб Мне адправіцца да Яго ці паслаць цябе Сваім веснікам. Лепш расскажы, калі ласка, як Крышну жывецца ў Матхуры. Скажы, ці памятае Ён яшчэ Свайго прыёмнага бацьку Нанду Махараджу, Сваю ласкавую маці Яшоду, Сваіх сяброў-пастушкоў і Сваіх бедных сябровак, нас, гопі. Я ўпэўнена, што Ён павінен часам спяваць пра нас. Мы служылі Яму, як простыя служанкі, без аплаты. Ці ёсць верагоднасць таго, што Крышна зноў вернецца і абдыме нас? Ягоныя рукі заўсёды пахнуць водарам агуру. Калі ласка, запытай пра ўсё гэта ў Крышны».

 

Уддхава знаходзіўся побач, і ён чуў, як Радхарані гаварыла такім чынам, нібы Яна амаль звар’яцела з-за Крышны. Ён быў надзвычай здзіўлены тым, як гопі прызвычаіліся пастаянна думаць пра Крышну ў гэтым найвышэйшым любоўным экстазе, маха-бхаве.

Крыніцы:
harekrsna.de
krishnatube.ru
Навігацыя: