Усё жывое і нежывое, што ёсць у сусвеце, знаходзіцца пад уладай Госпада і належыць Яму. Таму кожны павінен прымаць толькі тое, што неабходна і выдзелена яму як ягоная доля, і не замахвацца на чужое, добра ўсведамляючы, каму ўсё належыць.
Мудрасць Ведаў бясхібная, таму што яна перадаецца праз дасканалую вучнёўскую пераемнасць духоўных настаўнікаў, пачынаючы з Самога Госпада. Першае слова Ведаў прамовіў Сам Госпад, таму крыніца гэтага ведання трансцэндэнтная. Словы, прамоўленыя Госпадам, называюцца апаўрушэяй. Гэта значыць, што яны выходзяць ад асобы, якая не належыць да матэрыяльнага свету. Жывая істота, якая жыве ў матэрыяльным свеце, мае чатыры заганы: 1) яна схільная памыляцца, 2) яна схільная занурацца ў ілюзію, 3) яна схільная падманваць іншых і 4) яна мае недасканалыя пачуцці. Абмежаваны гэтымі чатырма недасканаласцямі, чалавек не здольны перадаць іншым дасканалую інфармацыю пра ўсёпранікальнае веданне. Аднак гэтага нельга сказаць пра Веды. Першапачатна гэтае веданне было ўкладзена ў сэрца Брахмы, першай створанай жывой істоты, і Брахма, у сваю чаргу, перадаў гэтыя веды сваім сынам і вучням, якія працягвалі гэты працэс перадавання да нашых часоў.
Госпад ёсць пурнам, або ўсёдасканалым, таму Ён не падпарадкоўваецца законам матэрыяльнай прыроды, тады як усе жывыя істоты і неадушаўлёныя аб’екты падпарадкоўваюцца законам прыроды і нарэшце волі Госпада. «Ішапанішад» ёсць часткай «Яджур-веды», таму яна змяшчае інфармацыю пра тое, каму належыць усё, што існуе ў сусвеце.
Права ўласнасці Госпада на ўсё ў сусвеце пацвярджаецца ў сёмай частцы «Бхагавад-гіты» (7.4-5), дзе абмяркоўваюцца пара і апара пракрыці. Элементы прыроды – зямля, агонь, вада, паветра, неба, розум, інтэлект і эга – усе належаць да ніжэйшай або матэрыяльнай энергіі Госпада (апара пракрыці), тады як жывая істота, арганічная энергія, ёсць вышэйшай энергіяй Госпада (пара пракрыці). Абедзве пракрыці, або энергіі, выходзяць з Госпада, і таму Ён ёсць Уладаром усяго існага. У сусвеце няма нічога, што не належала б да пара або да апара пракрыці, і таму ўсё ёсць уласнасцю Найвышэйшай Істоты.
Вярхоўная Істота, Абсалютны Бог-Асоба, ёсць дасканалай асобай і валодае поўным і дасканалым інтэлектам, які дазваляе Яму кіраваць усім пры дапамозе Сваіх розных энергій. Найвышэйшую Істоту часта параўноўваюць з агнём, а арганічную і неарганічную матэрыю – з цяплом і святлом агню. Агонь распаўсюджвае энергію ў выглядзе цяпла і святла, і аналагічным парадкам Госпад праяўляе Сваю энергію рознымі спосабамі. Ён заўсёды застаецца Вярхоўным Уладаром, які падтрымлівае і кіруе ўсім. Ён усёведны, валодае ўсімі энергіямі, ёсць зычліўцам кожнага і споўнены ўсіх неспасціжных здабыткаў: улады, багацця, славы, прыгажосці, ведаў і адрачэння.
Чалавек, які правільна выкарыстоўвае інтэлект, заўсёды павінен помніць, што акрамя Госпада, ніхто нічым не валодае, і таму павінен прыняць тое, што адведзена Госпадам, як сваю долю. Карова, напрыклад, дае малако, але сама малако не п’е. Ейнае малако прызначана ў ежу чалавеку. Карова есць траву і сена, але не п’е свайго малака. Такі парадак вызначаны Госпадам, і мы павінны быць здаволеныя тым, што Ён літасціва вылучыў для нас. Мы заўсёды павінны помніць, каму, на самай рэчы, належыць усё, чым мы валодаем.
Напрыклад, наш дом пабудаваны з зямлі, дрэва, каменю, жалеза, цэменту і многіх іншых матэрыяльных рэчаў. Калі мы разважаем з пункту гледжання «Шры Ішапанішад», то мы павінны прызнаць, што самі не можам вырабіць ні аднаго са згаданых будаўнічых матэрыялаў. Мы можам проста сабраць іх разам і праз сваю працу надаць ім розныя формы. Працаўнік не можа прэтэндаваць на тое, каб быць уладальнікам рэчы толькі таму, што ён рупліва працаваў, каб яе вырабіць.
У сучасным грамадстве не сціхаюць сваркі паміж працоўнымі і капіталістамі. Гэтыя сваркі прынялі міжнародны маштаб, і ўвесь свет знаходзіцца ў небяспецы. Людзі варагуюць паміж сабой і гыркаюць адно на аднаго, як каты і сабакі. «Шры Ішапанішад» не можа нічога параіць катам і сабакам, але яна перадае пасланне Госпада чалавеку праз сапраўдных ачар’яў (святых настаўнікаў). Таму чалавецтва павінна пераняць гэтую ведыйскую мудрасць «Шры Ішапанішад» і спыніць сваркі праз матэрыяльную маёмасць. Кожны павінен быць здаволены тым, што прыходзіць з ласкі Госпада. Не можа быць міру ў свеце, калі камуністы, або капіталісты, або хоць якая іншая партыя прэтэндуюць на права ўласнасці на прыродныя рэсурсы, якія цалкам належаць Госпаду. Капіталісты не змогуць утаймаваць камуністаў толькі пры дапамозе палітычнага манеўравання, і камуністы таксама не змогуць атрымаць перамогу над капіталістамі ў змаганні за скрадзены хлеб. Пакуль яны не прызнаюць, што ўсё належыць Вярхоўнай Асобе Бога, усякая ўласнасць, якую яны лічаць сваёй, ёсць скрадзенай, і таму, паводле законаў прыроды, яны будуць пакараныя. Як камуністы, так і капіталісты маюць атамную зброю, і калі яны своечасова не прызнаюць, што ўсё належыць Вярхоўнай Асобе Бога, то можна з упэўненасцю сказаць, што ў выніку гэтыя бомбы зруйнуюць абедзве партыі. Таму, каб выратаваць сябе і ўсталяваць мір на зямлі, абедзве партыі павінны прытрымлівацца настаўленняў «Шры Ішапанішад».
Людзі створаны не дзеля таго, каб сварыцца, як каты і сабакі. Яны павінны развіваць інтэлект, каб усвядоміць значэнне і мэту чалавечага жыцця. Ведыйская літаратура прызначана для чалавецтва, а не для катоў і сабак. Каты і сабакі могуць забіваць іншых жывёлін дзеля ежы, і гэта не будзе грахом для іх. Але калі чалавек забівае жывёлу дзеля задавальнення сваіх некантраляваных смакавых рэцэптараў, ён нясе адказнасць за парушэнне законаў прыроды, і таму будзе пакараны.
Нормы жыцця для людзей не могуць быць ужытыя да жывёлы: тыгр не есць рыс, пшаніцу і не п’е каровінае малако, таму што яму адведзена ягоная частка прадуктаў харчавання ў выглядзе мяса жывёлін. Існуе шмат жывёлін і птушак, якія харчуюцца расліннай ежай або плоццю іншых жывёлін, але ніводнае з іх не парушае законаў прыроды, усталяваных воляй Госпада. Жывёліны, птушкі, рэптыліі строга прытрымліваюцца законаў прыроды, таму няма гаворкі пра грэх, і ведыйскія наказы існуюць не для іх. Толькі чалавечае жыццё прадугледжвае адказнасць за свае ўчынкі.
Аднак было б няправільна лічыць, што, проста стаўшы вегетарыянцам, можна ўнікнуць парушэння законаў прыроды. Расліны таксама жывыя. І хаця гэта закон прыроды, паводле якога адна жывая істота павінна харчавацца іншай, для людзей галоўнае – прызнанне Вярхоўнага Госпада. Таму не варта ганарыцца тым, што вы строгі вегетарыянец. Жывёліны не маюць развітой свядомасці, дзякуючы якой можна спазнаць Госпада, але чалавек надзелены інтэлектам, які дазваляе яму атрымаць веды, выкладзеныя ў ведыйскай літаратуры, і зразумець, якім парадкам дзейнічаюць законы прыроды. Калі чалавек грэбуе настаўленнямі ведыйскай літаратуры, ягонае жыццё становіцца вельмі рызыкоўным. Значыць, мы павінны прызнаць уладу Вярхоўнага Госпада і стаць Ягонымі адданымі. Чалавек павінен прысвяціць усяго сябе служэнню Госпаду і есці толькі рэшткі ежы, прапанаванай Госпаду. Гэта дазволіць яму належным парадкам выконваць свае абавязкі. У «Бхагавад-гіце» (9.26) Госпад проста кажа, што Ён прымае раслінную ежу, якую прапануе Ягоны чысты адданы. Таму чалавек павінен не толькі стаць строгім вегетарыянцам, але і быць адданым Госпада, прапаноўваць Госпаду ўсю сваю ежу і толькі потым ужываць прасад, то бо ласку Бога. Такі адданы можа найлепшым парадкам выконваць абавязак чалавечага жыцця. Тыя, хто не прапаноўвае ежу Госпаду, ядуць толькі грэх і выракаюць сябе на розныя віды пакут, якія ёсць вынікам учыненых грахоў (Бхагавад-гіта 3.13).
Корань граху сядзіць у наўмысным непадпарадкаванні законам прыроды праз нежаданне прызнаць, што ўсё ёсць уласнасцю Госпада. Непадпарадкаванне законам прыроды, то бо непадпарадкаванне загаду Госпада, прынясе чалавеку згубу. З іншага боку, калі чалавек разважае цвяроза і ведае законы прыроды, не паддаючыся ўплыву непатрэбных прыхільнасцяў або агіды, ён абавязкова зверне на сябе ўвагу Госпада і будзе варты вярнуцца назад да Бога, у свой вечны дом.