Гэты від духоўнай практыкі паводле свайго значэння займае другое месца пасля нама-бхаджаны. Бхакці, адданае служэнне Богу, павінна ажыццяўляцца ў веданні. Той, хто хоча палюбіць Бога, павінен дакладна разумець: 1) сваё становішча ў матэрыяльным свеце; 2) мэту, якую ён жадае дасягнуць; 3) спосаб дасягнення мэты (гэтыя тры віды ведаў называюцца, адпаведна, самбандха-г’яна, праёджана-г’яна і абхідхея-г’яна). Для гэтага трэба рэгулярна чытаць і вывучаць тэксты. Лічыцца, што святы тэкст – гэта шабда-аватара («увасабленне ў гуку») Бога. Таму чытанне ці слуханне тэксту ёсць не толькі спосабам успрымання інфармацыі, але і беспасярэдняй камунікацыяй з Богам.
У грамадах і храмах вайшнаваў прынята штодня чытаць і вывучаць галоўныя святыя тэксты – «Бхагавата-пурану» і «Бхагавад-гіту». Для гэтага ў кожным храме ўсталёўваецца спецыяльнае сядзенне – в’ясасана, то бок «трон В’ясы». Ужо сама гэта назва паказвае на сур’ёзнасць дадзенага працэсу. Лектар, які, седзячы на в’ясасане, чытае і паясняе святыя тэксты, павінен рабіць гэта ў строгай адпаведнасці з вайшнаўскай традыцыяй і сіддхантай. Чытанню папярэднічае спеў маха-мантры і адмысловыя малітвы, пасля чаго лектар чытае на санскрыце фрагмент тэксту, а ўся аўдыторыя паўтарае яго ўслед за ім. Потым лектар паясняе кожнае слова тэксту і чытае каментар (у храмах руху свядомасці Крышны чытаюць каментары Прабхупады), і толькі пасля гэтага ідзе сама лекцыя, пад канец якой лектар адказвае на пытанні прысутных. Нягледзячы на строгасць усёй працэдуры, лекцыі ў вайшнаўскіх храмах праходзяць вельмі жыва. Вайшнавы асабліва шануюць казаннікаў, якія прамаўляюць жыва і вобразна, валодаюць пачуццём гумару, здольных захапіць аўдыторыю яркім прыкладам, узятым наўпроста з жыцця ці пераказам якога-колечы сюжэта з Пуранаў ці жыццяпісаў вайшнаўскіх святых.
Такая штодзённая практыка дапамагае глыбока пранікаць у сэнс тэксту і запамінаць яго. Супольнае чытанне і абмяркоўванне развівае ў чалавеку здольнасць увязваць змест старажытнага тэксту са штодзённым жыццём. Апроч наведвання лекцый вайшнавам рэкамендуецца вывучаць тэксты індывідуальна. У таварыстве свядомасці Крышны таксама шырока распаўсюджаны розныя адукацыйныя курсы паглыбленнага сістэматычнага вывучэння філасофіі, гісторыі і культуры вайшнаваў.