2. Помста Хіраньякашыпу

Убачыўшы Госпада Брахму ў небе прама перад сабой, Хіраньякашыпу тут жа ўпаў на зямлю перад вялікім паўбогам. Потым, прыпаўшы да ягоных стопаў, са слязамі на вачах, трасучыся ўсім целам, Хіраньякашыпу, склаўшы далоні, пачаў перарывістым голасам узносіць пакорлівыя малітвы.

– Я выказваю сваю павагу табе, о першая жывая істота. Ты валадар усіх жывых істотаў, рухомых і нерухомых, кіраўнік усіх матэрыяльных элементаў. Таму ты можаш выканаць жаданні ўсіх жывых істотаў. Прашу цябе, літасціва даруй мне дабраславенне вечнага жыцця.

 

– Дарагі Хіраньякашыпу, – адказаў Госпад Брахма, – я не магу даць табе тое, чым не валодаю сам: я таксама змушаны буду памерці. У гэтым целе немагчыма знаходзіцца вечна. Мы вымушаны змяняць целы, пакуль не дасягнем дасканаласці.

– Тады, – перабіў яго Хіраньякашыпу, – хай я ня буду забіты ні днём, ні ноччу; ні ў сценах, ні па-за сценамі; ні на зямлі, ні ў паветры; ні чалавекам, ні жывёлай і ўвогуле ні жывым, ні нежывым. Даруй мне аднаасобную ўладу над усімі планетамі і зоркамі, а таксама славу, што адпавядае гэтаму становішчу. Апроч таго, дай мне ўсе містычныя сілы, якія належаць мне пасля здзяйснення гэтай працяглай аскезы.

 

Госпад Брахма быў задаволены працяглай аскезай Хіраньякашыпу, але патрабаванні дэмана таксама вельмі ўстрывожылі яго. Тым ня менш абяцанне было дадзена, і Брахма стрымаў сваё слова.

– Хіраньякашыпу, – сказаў Госпад Брахма, – даброты, якіх ты патрабуеш, недаступныя большасці людзей, але тваё жаданне будзе выканана.

З гэтымі словамі Брахма выдаліўся.

 

У вушах Хіраньякашыпу яшчэ гучаў голас Брахмы, калі ён успомніў смерць свайго брата і адчуў, як жудасная нянавісць да Госпада Вішну перапаўняе яго.

 

Калі Хіраньякашыпу адправіўся ў даліну ўзгорка Мандара здзяйсняць свае жудасныя вычыны, паўбагі на чале з Індрам, сваім галоўнакамандуючым, скарысталіся ягонай адсутнасцю і распачалі шырокую атаку на дэманаў. Гэта была вайна, якая перасягала ўсе тыя войны, якія даводзілася ім весці раней, і яны вельмі хутка атрымалі перамогу, прымусіўшы дэманаў уцякаць. Забыўшыся на сваіх жонак, дзяцей, хаты і маёмасць, дэманы беглі, ратуючы жыццё, у розныя бакі. Пераможцы разрабавалі палац Хіраньякашыпу і разграмілі ўсё ўсярэдзіне. Пасля гэтага Індра асабіста арыштаваў каралеву, жонку Хіраньякашыпу. Калі яе, заплаканую і занепакоеную, нібы ахвяру ў кіпцюрах сцярвятніка, вялі ў палон, на яе звярнуў увагу вялікі мудрэц, Нарада Муні.

– Гэта жанчына нявінная, – сказаў ён. – Вы не павінны так бязлітасна яе цягнуць. Яна чыстая. Зараз жа вызваліце яе.

– Гэта жанчына, – запярэчыў Індра, – жонка Хіраньякашыпу, якая носіць ягонае дзіцё. Яна будзе сядзець у зняволенні, пакуль ейнае дзіцё не народзіцца і ня будзе забіта. Тады мы яе вызвалім.

– Гэтае ненароджанае яшчэ дзіцё бездакорнае, – заявіў Нарада Муні. – Насамрэч гэта вялікі адданы, магутны слуга Вярхоўнай Боскай Асобы. Вы ня здолееце забіць яго, нават і спрабаваць ня варта, таму што ён бязгрэшны.

Індру была добра вядома рэпутацыя Нарады Муні як святога і празарліўца, таму ён зараз жа вызваліў каралеву. Выказваючы павагу дзіцяці, паўбагі абышлі вакол жонкі Хіраньякашыпу і рушылі ў свае нябесныя палацы.

 

Нарада звярнуўся да спалоханай жанчыны і запэўніў яе ў тым, што дасць ёй сваё заступніцтва, кажучы:

– Ты можаш заставацца ў маім ашраме да вяртання мужа.

Там яна і заставалася, не адчуваючы страху, пакуль ейны муж, кароль дэманаў, здзяйсняў свае суворыя аскезы.

Каралева імкнулася засцерагчы свайго сына, таму служыла мудрацу Нараду з вялікай адданасцю. У адказ Нарада вучыў яе таямніцам трансцэндэнтных ведаў, і таямніцы гэтыя былі такія магутныя, што гукі ягоных словаў увайшлі ў сэрца дзіцяці, якое знаходзілася ў ейным ўлонні. Слухаючы размовы Нарады, дзіцё заставалася ва ўлонні маці шмат гадоў, і з кожным годам ягоная адданасць Госпаду Вішну расла, нібы дрэва, якое, калі за ім слушна даглядаць, прыносіць кветкі і плады.

 

Хіраньякашыпу заваяваў усе планеты гэтага сусвету разам з планетамі чалавечых істотаў, змеяў, святых і прывідаў. З заваяваннем кожнай новай планеты ягоная моц і ўплыў узрасталі. Урэшце ён перамог нават Індру, галоўнакамандуючага паўбагоў, і запанаваў у раскошным палацы Індры, аточаным знакамітым садам Нандана. Гэты палац, пабудаваны самім Вішвакармам, архітэктарам паўбагоў, мог прыняць нават багіню ўдачы. Ступені палаца былі зроблены з каралаў, а падлогі ўнутраных памяшканняў выкладзены каштоўнымі камянямі. Сцены былі з разбянога шкла, а калоны з каменя вайдур’я. Аблямаваныя перлінамі полагі, звешваліся тут і там над кушэткамі, якія былі абіты рубінамі. Калі жанчыны, якія жылі ў палацы, усміхаліся, іхныя ўсмешкі ззялі, асвятляючы прыгожыя твары. Калі ж яны хадзілі, іхныя нажныя званочкі мэладычна пазвоньвалі. Хоць жанчынам было дазволена вольна хадзіць паўсюль, дзе ім заманецца, мужчыны былі прымушаны кланяцца Хіраньякашыпу, які часта сувора лаяў іх бяз дай прычыны.

 

Хіраньякашыпу заўсёды напіваўся напоямі з благім пахам, ад якіх ягоныя мядзяна-чырвоныя вочы пачыналі круціцца. Нягледзячы на гэта, ад страху перад ягонай невымернай сілай, усе, апроч трох галоўных багоў – Госпада Брахмы, Госпада Шывы і Госпада Вішну, – асабіста служылі яму. Ён быў агідны, але паўбагі ўласнаруч падносілі яму падарункі. Жалезнай рукой кіраваў Хіраньякашыпу з трона Індры, дамагаючыся неверагодна высокіх прыбыткаў і не падзяляючыся імі ні з кім. Пэўны час здавалася нават, што дыктатура дэмана ўзмацніла сусветную эканоміку, таму што Зямля давала зерне, нават калі яе не аралі. Сусветныя акіяны – акіяны салёнай вады, трысняговага соку, віна, ачышчанага масла, малака, ёгурту і прэснай вады – са сваімі даннікамі, рэкамі, прыносілі Хіраньякашыпу мноства каштоўных камянёў і самацветаў. Даліны паміж гор ператварыліся ў чароўныя аквітныя палі, дзе раслі дрэвы, якія ў любую пару года давалі кветкі і плады.

 

Хіраньякашыпу ажыццявіў найвышэйшую мару кожнага матэрыяліста: татальны кантроль над усім і райскія асалоды, што не паддаюцца апісанню. Сам ён, аднак, ня быў здаволены, таму што ўласныя некантраляваныя пачуцці заставаліся ягонымі лютымі ворагамі і прымушалі яго ўвесь час служыць ім. Тым ня менш, Хіраньякашыпу вельмі ганарыўся сваім несправядліва здабытым багаццем і высмейваў Пісанні, апраўдваючы такім чынам уласную бяздзейнасць.

 

Дні і ночы напралёт грамадзяне розных планетарных супольнасцяў у вялікай роспачы і страху маліліся Вярхоўнай Асобе Бога, Вішну. Нарэшце яны пачулі гук, які выходзіў адтуль, куды не пранікала чалавечае вока. Гэты абсалютны гук загрымеў нібы гром з хмары, натхняючы ўсіх і знішчаючы смутак.

img

– Ня бойцеся, – сказаў Госпад Вішну. – Я жадаю вам усякага дабра. Станце Маімі адданымі, маліцеся Мне, слухайце і гаварыце пра Мяне, таму што такое адданае служэнне спрыяльнае для ўсіх. Мне вядома ўсё, што робіць Хіраньякашыпу, і вельмі хутка Я спыню ягоную дзейнасць. Калі ласка, набярыцеся цярплівасці і пачакайце. Ён і яму падобныя зайздросцяць Богу і Ягоным адданым. Яны не шануюць духоўнае вучэнне Ведаў і пераследуюць кароваў, брахманаў і вайшнаваў. Згуба такіх людзей і іхнай бязбожнай цывілізацыі няўхільная. Вельмі хутка гэты Хіраньякашыпу паспрабуе забіць уласнага сына, вялікага адданага Прахладу, міралюбнага і сціплага. У той момант Я і знішчу Хіраньякашыпу, нягледзячы на багаславенне Брахмы.

 

Падбадзёраныя такой прамовай, добрыя грамадзяне разышліся па дамах, цвёрда верачы ў тое, што дэман Хіраньякашыпу вырачаны.

Навігацыя: