5. Паняцце любові ў ведыйскай культуры

img

Любоў ёсць адной з цэнтральных тэм Ведаў. Вядома, што глыбокае пранікненне той ці іншай з’явы прыроды ў культуру пакідае адбітак у лексіцы мовы. Так, напрыклад, у арабскай мове звыш 130 назваў для паняцця «вярблюд», бо гэтая жывёліна грала важную ролю ў жыцці тых народаў. У жыхароў крайняе поўначы каля 20 слоў, якія пазначаюць снег – ёсць словы, што паказваюць на «мокры снег», «новы снег» і г. д. У Ведах сучасныя даследнікі знайшлі больш за 60 пазначэнняў для такое сусветнае з’явы як «любоў».

 

У беларускай мове, як вядома, існуе розніца паміж каханнем і любоўю. «Каханне» гэта нешта падобнае да таго самага «Эраса» Зігмунда Фрэйда, што можа быць толькі паміж жанчынай і мужчынам. Таму нельга сказаць, што вы кахаеце нейкі, напрыклад, фільм – нават калі вы яго моцна-моцна любіце, кахаць яго аніяк не ўдасцца)).

 

Веды адрозніваюць некалькі ўзроўняў кахання. Самы першы, прымітыўны, называецца трышна. Трышна перакладаецца як «смага». Напрыклад, калі чалавеку хочацца піць, ён не пытаецца ў вады ў шклянцы, ці кахае яна яго, ці хоча злучыцца з ім і г. д. Чалавек проста бярэ і п’е ваду. Такое ж стаўленне аднаго чалавека да іншага называецца ў Ведах трышна, «эгаістычнае каханне». Гэта нават не каханне, а несуцішнае жаданне валодаць іншым (целам, прыгажосцю, здольнасцямі і г. д.). У крыміналістыцы такое «каханне» называецца згвалтаваннем. Гэта ніжэйшы від кахання, калі казаць пра каханне ў паняццях цягі адной жывой істоты да іншай.

 

Узаемная трышна, калі ў іншага аб’екта таксама ўзнікае аналагічнае пачуццё, называецца майтхунья, ці плоцевая цяга. Гэта вельмі небяспечная камбінацыя, бо дзеці, народжаныя ад такога кахання, часцяком развіваюць у сабе дэманічныя задаткі ды робяцца абузай грамадству. Нараджэнне дзяцей – гэта вялікае таемства. Ніхто не прыходзіць у гэты свет чыстым аркушам. Кожны нясе на сабе адбітак сваіх мінулых дзеянняў. Але яшчэ большую ролю ў фармаванні характару патомнага дзіцяці грае стан свядомасці бацькоў у момант зачацця. Майтхунья, юрлівае імкненне нацешыцца адно адным, закладае ў зародку пэўныя самскары, «уражанні», падобныя да ўражанняў ад толькі што прагледжанага фільма. Вядома, як кінастужкі ўплываюць на свядомасць, гэтак жа ўплываюць на свядомасць патомнага дзіцяці гукі і думкі бацькоў у момант зачацця.

 

Наступны від кахання – мат-сарам, «матылькі ў жываце». Гэтае каханне вядома ўсім – яго называюць «юнацкім каханнем», «першым каханнем» ці «рамантычным каханнем». У пэўным сэнсе, калі такое каханне мае ўстойлівы характар, пра яго кажуць, што гэта платанічнае каханне.

 

Далей, больш высокі ўзровень – гэта моцная прыхільнасць да кантактаў з процілеглым полам. Такое каханне носіць назву камы, пажадлівае прыхільнасці. Сіла гэтага кахання вялікая. Пры дапамозе камы ўсе красуні свету кіруюць сваімі мужамі. Вялікія імперыі будаваліся толькі з узмаху рукі прыгожае жанчыны. І з ейнага ж узмаху яны бурыліся. Кама абвяшчаецца Крышнам у «Бхагавад-гіце» самай страшнай хваробай жывой істоты. Кама ёсць ні чым іншым, як нашым спрадвечным імкненнем любіць Бога і служыць Яму, якое перайначылася пад уплывам матэрыяльнай прыроды. Крышна раіць нам перамагчы каму пры дапамозе вялікай зброі, трансцэндэнтнага ведання, якое ўтрымлівае веды пра трансцэндэнтныя сядзібы Госпада і Ягоных спадарожнікаў у духоўным свеце.

 

Наступны ўзровень – гэта бескарыслівая любоў. Яна падзяляецца на дзве катэгорыі: любоў сябра да свайго сябра і любоў маці да дзіця. Бескарыслівасць у абодвух выпадках азначае ахвярнасць, а розніца палягае толькі ў тым, што сябар часам чакае такой жа ахвярнасці ад свайго сябра, тады як маці зусім нічога не чакае ад дзіцяці наўзамен на сваю любоў і служэнне. Такая любоў – найвышэйшае праяўленне любові, што даступная жывым істотам у матэрыяльным свеце.

 

Далей Веды кажуць пра духоўную любоў. Духоўная любоў ад пачатку і да канца бескарыслівая. Ейнае адрозненне ад матэрыяльнай палягае ў тым, што аб’ектам духоўнае любові ёсць Бог, які выступае ў якасці дасканалага сябра, гаспадара, дзіця або ўмілаванага. Матэрыяльны свет становіць сабой адлюстраванне свету духоўнага. Усе дачыненні, якія мы бачым тут, вечна праяўленыя ў духоўнай рэальнасці. Любоў складае аснову духоўнага свету і духоўных стасункаў. Душа вытканая з любові, і таксама вытканыя з любові ейныя адзенні, атачэнне, звычкі і голас. Каб спасцігнуць духоўную любоў, якую на санскрыце называюць прэмай, трэба спачатку зразумець прынцып вечнае рэальнасці, дзе няма ні каліва матэрыі. Тое, што ў матэрыяльным свеце адлюстроўваецца ў самым нізе, у свеце духоўным ёсць вяршыняю любові. Гэта – адна з патаемных ведыйскіх таямніц, і разумець яе трэба праз стасункі з праўдзівым духоўным настаўнікам.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, лістапад 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: