4. Адраджэнне руху Шры Чайтаньі

Заняпад руху ў XVIII-XIX стст.

Прыкладна з сярэдзіны XVIII ст. рух пачынае згасаць. Збольшага гэта адбываецца праз раскольніцкія тэндэнцыі, якія пачынаюць праяўляць паслядоўнікі некаторых містычных культаў, якія дзякуючы пропаведзі сацыяльнай роўнасці далучыліся да руху, але не адмовіліся цалкам ад сваіх магічных і аргіястычных практык. Узнікае мноства розных кірункаў, у якіх пачатнае вучэнне Шры Чайтаньі паўстае ў моцна змененым выглядзе. Удзельнікі гэтых наватворных груп адмаўляюцца ад строгіх маральных нормаў, прынятых у руху Чайтаньі. Такія групы – неда, баўла, дарбеша, гаўранга-нагары ды інш. атрымалі агульную назву сахаджыя. З іншага боку, пад уплывам брахманскай артадоксіі, якая адпачатку была незадаволена вольным стаўленнем паслядоўнікаў Шры Чайтаньі да каставых забарон, але разам з тым дзякуючы шматлікасці і папулярнасці руху была няздольная адкрыта перашкодзіць гэтаму, у асяроддзі вайшнаваў таксама пачынаюць утварацца адмысловыя касты. Так з’яўляюцца джаці-госаі – «спадчынныя» вайшнавы, якія вядуць свой род ад якога-небудзь буйнога духоўнага аўтарытэта мінулага, і якія валодаюць храмамі і перадаюць у спадчыну права служэння ў іх. Такая «каставасць» цалкам супярэчыць універсалісцкаму характару пачатнага руху. У выніку ўсіх гэтых хістанняў да сярэдзіны XIX ст. застаецца зусім няшмат тых, хто па-ранейшаму захоўвае адданасць традыцыі Шры Чайтаньі і працягвае кіравацца Ягонымі запаветамі. Такія адданыя паслядоўнікі амаль не займаюцца прапаведніцкай дзейнасцю і зазвычай вядуць самотны лад жыцця.

Бхакцівінода Тхакур. Новы ўздым пад канец XIX – пачатку XX ст.

img

Адраджэнне руху Шры Чайтаньі пачынаецца ў другой палове XIX ст. Яго звязваюць з імем выбітнага мысляра, паэта і казанніка Бхакцівіноды Тхакура (1838-1914).

 

Бхакцівінода Тхакур, які паходзіў з багатай бенгальскай сям’і, спалучаў у сабе традыцыйную адукаванасць і выхаванне з выдатнымі ведамі еўрапейскай культуры. Разам з санскрытам і роднай бенгалі ён вольна валодаў іншымі індыйскімі мовамі – хіндзі, орыя і ўрду, а таксама персідскай і англійскай. Пасля сканчэння Калькуцкага ўніверсітэта Бхакцівінода служыць на розных пасадах у англійскай каланіяльнай адміністрацыі. Ужо ў сярэднім узросце, пад уплывам свайго дзеда, ён пачынае адчуваць цікавасць да вучэння Шры Чайтаньі. Адкрыўшы для сябе гэтую сферу духоўнага жыцця, Бхакцівінода робіцца вайшнавам і пачынае грунтоўна вывучаць традыцыйную святую літаратуру. Бачачы, у якім заняпадзе знаходзіцца рух вайшнаваў, ён ставіць сабе мэту адрадзіць яго, каб выканаць місію Шры Чайтаньі. Дзеля гэтага Бхакцівінода пачынае актыўную прапаведніцкую дзейнасць. Ён упершыню выдае друкарскім спосабам шматлікія старажытныя і сярэднявечныя тэксты. Пачынаюць выходзіць вайшнаўскія часопісы. Дзякуючы актыўнай дзейнасці Бхакцівіноды аднаўляюцца казанні ў гарадах і вёсках Бенгаліі і Арысы. Разам з аднадумцамі ён арганізуе «Вішва-вайшнава-раджа-сабху» – «Супольнасць усіх вайшнаваў». Бхакцівінода Тхакур піша кнігі па вайшнаўскай філасофіі не толькі на санскрыце і бенгалі, але і па-англійску, што спрыяе ўзросту папулярнасці вайшнавізму. Гэта прыцягвае ўвагу адукаваных колаў Індыі і нават англічан. Хата Бхакцівіноды ў Навадвіпе і храм, які ён заснаваў непадалёк, у месцы нарадзінаў Шры Чайтаньі, робяцца месцам паломніцтва. У сталым веку Бхакцівінода Тхакур адыходзіць ад спраў, жыве самотна і аскетычна.

Бхакцісіддханта Сарасваці. «Гаўдыя Матх»

img

Пасля смерці Бхакцівіноды Тхакура ягоную справу працягвае сын – Бхакцісіддханта Сарасваці (1874-1936). Як і ягоны бацька, Бхакцісіддханта быў вельмі адукаваным чалавекам свайго часу. Ужо ў маладосці яму абяцаюць вялікую навуковую кар’еру, але Бхакцісіддханта прымае рашэнне цалкам прысвяціць сябе духоўнай дзейнасці. Атрымаўшы дыкшу ад Гаўракішоры Даса Бабаджы, вучня Бхакцівіноды, ён заўзята рыхтуе сябе да жыцця казанніка. Бхакцісіддханта Сарасваці дапамагае бацьку ў выдавецкай справе, а пасля ягонай смерці робіцца саньясі і цалкам прымае на сябе ягоную місію. Ён разгортвае пропаведзь яшчэ шырэй. Цяпер яно вядзецца не толькі ў Бенгаліі і Арысе, але і ўва ўсіх іншых індыйскіх штатах. У буйных гарадах і традыцыйных рэлігійных цэнтрах Індыі Бхакцісіддханта і ягоныя вучні засноўваюць храмы і ашрамы. Як і бацька, ён піша кнігі па вайшнавізму і займаецца выдавецкай дзейнасцю.

 

Бхакцісіддханта Сарасваці ўпершыню пасылае сваіх вучняў-саньясі прапаведаваць у Еўропу – у Англію і Нямеччыну. У дваццатыя гады мінулага (ХХ) стагоддзя Бхакцісіддханта Сарасваці стварае агульнаіндыйскі рэлігійны рух «Гаўдыя Матх», які, праўда, праіснаваў як адзіная арганізацыя нядоўга – у трыццатыя гады пасля смерці Бхакцісіддханты «Гаўдыя Матх» распаўся на асобныя невялікія «матхі», місіі, якія ў Індыі і некаторых іншых краінах існуюць і дасёння. Няўдача, якая напаткала «Гаўдыя Матх», прыводзіць да чарговага зніжэння прапаведніцкай актыўнасці паслядоўнікаў Шры Чайтаньі. Аднак у шасцідзясятых гадах у развіцці руху настае новы этап. Гэтым разам ён выходзіць ужо на сусветную арэну.

Бхакціведанта Свамі Прабхупада. Таварыства свядомасці Крышны

img

Бхакціведанта Свамі Прабхупада (Шрыла Прабхупада) нарадзіўся ў Калькуце ў 1896 г. Ягоныя бацькі былі вайшнавамі. Напачатку дваццатых гадоў Шрыла Прабхупада далучаецца да прыхільнікаў Гандзі, але неўзабаве, сустрэўшы Бхакцісіддханту Сарасваці, свайго будучага гуру, пакідае палітычную дзейнасць. Незадоўга да смерці Бхакцісіддханты Шрыла Прабхупада атрымлівае ад яго наказ – перакладаць на англійскую мову вайшнаўскую літаратуру і прапаведаваць вучэнне Шры Чайтаньі на Захадзе. Аднак выканаць гэты наказ у Шрылы Прабхупады атрымліваецца не адразу. Шмат гадоў ён рыхтуецца да сваёй будучай місіі, старанна вывучаючы вайшнаўскую духоўную літаратуру і толькі ў 1965 г., ужо ў сталым веку, адпраўляецца ў ЗША. У 1966 г. ён рэгіструе ў Нью-Ёрку першую сусветную вайшнаўскую арганізацыю – Міжнароднае таварыства свядомасці Крышны (International Society for Krishna Consciousness).

 

Першымі паслядоўнікамі Шрылы Прабхупады і першымі ўдзельнікамі заснаванага ім таварыства робяцца хіпі, маладыя людзі, якія расчараваліся ў каштоўнасцях капіталістычнага грамадства. Хіпі скептычна ставяцца да заходняй культуры, іх прыцягвае экзотыка Усходу. Шмат хто з іх сумяшчае звычайнае ў іхным асяроддзі ўжыванне наркотыкаў з заняткамі ёгай і медытацыяй. Аднак іхныя ўяўленні пра індыйскую духоўнасць вельмі скажоныя, а пра Шры Чайтанью яны зусім нічога не ведаюць. Шрыла Прабхупада бачыць, што гэтыя маладыя людзі зусім няздольныя шанаваць чый-колечы аўтарытэт і выслухоўваць якія-кольвек павучанні. Таму ён абірае іншы шлях да іхных сэрцаў, традыцыйны, зрэшты, для прапаведнікаў бхакці. Кіруючыся прыкладам Шры Чайтаньі, Шрыла Прабхупада збірае вакол сябе сваіх новых сяброў, якім проста падабаецца музыкаваць, і спявае разам з імі маха-мантру (Харэ Крышна Харэ Крышна Крышна Крышна Харэ Харэ / Харэ Рама Харэ Рама Рама Рама Харэ Харэ). Неўзабаве некаторыя з іх адмаўляюцца ад благіх звычак і вырашаюць сур’ёзна змяніць сваё жыццё, стаўшы на шлях бхакці.

 

Паступова, разам з рэгулярнымі спевамі імёнаў Бога, Шрыла Прабхупада ўводзіць сярод сваіх вучняў і іншыя элементы вайшнаўскай духоўнай культуры. Яны чытаюць разам з ім «Бхагавата-пурану» і «Гіту», а ён паясняе ім сэнс прачытанага, паказваючы, якую повязь маюць гэтыя старажытныя тэксты з жыццём сучаснага чалавека. Паступова колькасць паслядоўнікаў Шрылы Прабхупады расце, адкрываюцца першыя вайшнаўскія храмы на Захадзе – спачатку ў Нью-Ёрку, потым у Сан-Францыска ды іншых гарадах ЗША, а потым і за межамі Амерыкі – у Еўропе, Аўстраліі, Афрыцы. У 1971 годзе Шрыла Прабхупада наведвае Савецкі Саюз. Хоць пра адкрытае казанне не можа быць і гаворкі, пасля візіту Шрылы Прабхупады з’яўляецца першы расійскі вайшнаў – Анатоль Піняеў (Ананта Шанці), які, рызыкуючы сваёй свабодай, пачынае прапаведаваць вучэнне Шры Чайтаньі ў Маскве ды іншых гарадах СССР. Так таварыства свядомасці Крышны з’явілася і ў Беларусі.

 

Свае апошнія гады Шрыла Прабхупада праводзіць у рэгулярных прапаведніцкіх падарожжах, пры гэтым ён адначасна кіруе створаным ім таварыствам і працуе над каментарамі да «Бхагавата-пураны» і «Шры Чайтанья-чарытамрыты». У 1977 г. ён сыходзіць з гэтага свету, пакінуўшы пасля сябе ўжо не проста релігійнае таварыства, а шырокі рух, які мае храмы, ашрамы, навучальныя ўстановы, выдавецтвы і сельскагаспадарчыя грамады практычна ўва ўсіх краінах свету.

Падрыхтаваў Садху-бхушана дас, снежань 2022

Паводле www.krishna.by
Навігацыя: